Вы тут

Стужка Пятра Тадароўскага атрымала «Золата Лістапада»


Па традыцыі ў кінатэатры «Масква» прайшла цырымонія закрыцця XXVIII Мінскага міжнароднага фестываля «Лістапад». Ганаровымі гасцямі мерапрыемства, якое адбылося 11 кастрычніка, сталі ўдзельнікі форуму, культурныя дзеячы і аматары кінамастацтва. Акрамя імёнаў пераможцаў фестываля ў розных намінацыях, раскрылася галоўная інтрыга ўсяго «Лістападнага» тыдня — абвясцілі ўладальніка гран-пры.


Падчас цырымоніі намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка адзначыў, што конкурс дэманстраваў сапраўдныя каштоўнасці кінематаграфіі:

— Тыдзень «Лістапада» дэманстраваў Беларусі і краінам, якія прыехалі і прадставілі свае работы ў сферы кінамастацтва, сапраўдныя каштоўнасці кінематаграфіі. Асаблівыя словы ўдзячнасці хачу выказаць нашым сябрам, якія прыехалі з суседніх краін, найперш з Расіі. Яны бралі ўдзел ва ўсіх конкурсных намінацыях. Дзякуй аўдыторыі гледачоў за тое, што яны шчыра, з усёй увагай ацэньвалі ўсе кінатворы, якія дэманстраваліся на фестывалі. Я са шкадаваннем кажу: «Да пабачэння, кінафестываль-XXVIII, і мы чакаем усіх на XXIX-м міжнародным „Лістападзе“ ў наступным годзе», — падсумаваў Ігар Петрышэнка.

 

Адразу некалькі ганаровых узнагарод атрымаў фільм «Здаровы чалавек» расійскага рэжысёра Пятра Тадароўскага. Стужцы прысудзілі спецыяльны прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За гуманізм і духоўнасць у кіно». Прадстаўнік фільма Ганна Леонцьева, атрымліваючы на сцэне ўзнагароду, падзякавала Прэзідэнту краіны за ацэнку творчай работы. Аўтар сцэнарыя і рэжысёр фільма Пётр Тадароўскі-малодшы даслаў відэазварот, у якім падзякаваў за такую высокую ўзнагароду. Фільм «Здаровы чалавек» удзельнічаў у асноўным конкурсе ігравога кіно «Лістапада». Прэм’ера фільма падчас кінафестывалю адбылася 5 лістапада. Галоўныя ролі ў карціне выканалі Мікіта Яфрэмаў, Ірына Старшэнбаўм, Яўген Ткачук.

Менавіта стужка Пятра Тадароўскага перамагла ў конкурсе — «Здаровы чалавек» атрымаў гран-пры «Золата Лістапада»:

— Самае галоўнае, што фільм знайшоў водгук у гледачоў. Падчас яго паказу на кінафестывалі ў Мінску нехта плакаў, нехта смяяўся, а значыць, карціна не пакінула людзей абыякавымі, — адзначыла прадстаўнік фільма. Узгагародамі і дыпломамі была адзначана вялікая колькасць стужак, прадэманстраваных падчас конкурснага тыдня. Так, прыз за лепшую жаночую ролю атрымала Святлана Чуйкіна, якая выканала галоўную ролю ў фільме «Плакаць нельга». Прызам за лепшую мужчынскую ролю ўдастоілі Алега Чугунова за работу ў карціне «Здаровы чалавек».

Прыз глядацкіх сімпатый за лепшы ігравы фільм атрымала кітайская стужка «Сястра» рэжысёра Жасінь Інь.

Гран-пры за лепшы дакументальны фільм удастоілі работу «Агонь» расійскага рэжысёра Ганны Янкоўскай.

Лепшым фільмам конкурса анімацыйных фільмаў стала стужка Адама Сійяра, Габрыэль Сельнэ і Хлоі Фар «Бывай, Жэром!», Францыя. А лепшым анімацыйным фільмам для дзяцей стала работа рэжысёра Уры Лотана «Чорная горка», Ізраіль-Велікабрытанія.

Прызам за лепшы фільм конкурса імя кінарэжысёра Віктара Турава ўзнагародзілі фільм Арсенія Кайдацкага і Юліі Сергінай «Уральскае дэрбі». Таксама падчас цырымоніі закрыцця было ўручана некалькі спецыяльных прызоў. Так, айчынная стужка «Класікі і шахматы» Наталлі Касцючэнкі атрымала спецыяльны прыз Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта за ўвасабленне духоўнасці ў мастацтве.

Спецыяльны прыз СНД «Кіно без межаў» за развіццё культурнага супрацоўніцтва і ўмацаванне сяброўства паміж народамі ўручаны творчаму калектыву ігравога кыргызскага фільма «Шамбала», рэжысёр Артыкпай Суюндукаў.

Прызам прадстаўніцтва Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «МІР» у Беларусі «Мова кіно — мова дружбы» ўзнагароджаны фільм Акрама Шахназарава «101-рэйс», Узбекістан.

Спецыяльны прыз журы за лепшы фільм фестываля прысудзілі сербскай стужцы «Прэбілаўцы — там нават у камянёў ёсць шнары», рэжысёр Саня Драгічэвіч Бабіч.

Фінальным акордам цырымоніі закрыцця XXVIII «Лістапада» стала выступленне ансамбля «Песняры»: выканаўцы падарылі гасцям песню «Золата „Лістапада“», якая была напісана спецыяльна для фестываля.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.