Вы тут

Людзі і творы на V Трыенале дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва «ДЭКАРТ-22»


Гэта мастацтва вырасла з творчасці, даступнай кожнаму. У беларускіх сем’ях яно жыло вякамі, проста з’яўлялася настолькі звыклым, што не ўсе задумваліся: гэта каштоўнасць, якую трэба захоўваць і на ўзроўні рэчаў, і на ўзроўні навыкаў, і на ўзроўні традыцыі, якая павінна мець працяг. Нездарма на адкрыцці V Трыенале дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва «ДЭКАРТ-22» у Палацы мастацтва гаворка так ці інакш заходзіла пра мінулае, у якім ці не кожны беларус мае сваіх мастакоў. І нездарма цэнтральным аб’ектам на другім паверсе палаца з’яўляецца твор Марыі Тарлецкай «Жыццё былых людзей», які не проста нагадвае нам пра сувязь з продкамі, а з’яўляецца жывым яе ўвасабленнем і нават голасам папярэднікаў. Дзве часткі гэтай інсталяцыі кантактуюць паміж сабой і — о цуд! — яны размаўляюць. А нас тым часам хочуць пераканаць: дэкаратыўна-прыкладное мастацтва можа мець нечаканае гучанне.


Пастаяць, паслухаць голас сімвалічнай даўніны рэальна падчас агляду экспазіцыі. І ўвесь час ён будзе суправаджаць наведвальнікаў: тут нібыта прыпынак у часе. Затрымацца ў ім неабходна, каб зразумець, што далей. А далей рушыць не атрымліваецца без аглядкі назад, хочаш ты гэтага ці не хочаш. Такое мастацтва...

— Для нас усіх дэкаратыўна-ўжытковае мастацтва — як бабулькіна рамяство, — адзначыла намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Кожны з нас можа ўспомніць у сваёй сям’і людзей, якія ткалі, пралі, рабілі нешта з керамікі, былі кавалямі. Напрыклад, мой дзед быў кавалём, а бабуля вельмі прыгожа ткала і вышывала.

Напэўна, таму нас так вабіць дэкаратыўнае мастацтва, заўважыў вядомы мастак-графік Андрэй Басалыга:

— Відаць, яно сядзіць глыбока-глыбока, здольнасць да яго перадаецца на генным узроўні праз пакаленні, бо спрадвеку займаецца ім наш народ. Я ўзгадаў сваіх бабуль, якія займаліся ткацтвам — выраблялі ручнікі, посцілкі. Першае, што я ўбачыў — гэта колеры посцілак сваёй бабулі... Дзед мой быў бондарам — гэта рамяство, якое выхоўвае мастакоў. А сённяшняя выстава багатая не толькі на матэрыялы традыцыйныя і нетрадыцыйныя.

Творы сатканыя, сплеценыя, злепленыя ці адлітыя... З нітак, тканіны, гліны, шкла, металу, дрэва... Створаныя з вялікай павагай да традыцыі, заяўляюць пра яе падтрымку і працяг. Спроба рабіць сваё, крыху інакш, развіваючы традыцыю прысутнічае — можна ўбачыць нечаканыя формы і эксперыменты — яны таксама сыходзяць з традыцыі, але нясуць рысы наватарства, у прыватнасці, так вырастае сучаснае аб’ектнае мастацтва.

Відаць, традыцыі ў нас надта моцныя, іх адразу заўважаеш і адзначаеш у самых розных кірунках і творах — а іх вельмі-вельмі шмат. Вялікая экспазіцыя. Але ж трыенале — выстаўка, якая адбываецца раз на тры гады, таму і ёсць спакуса прадставіць мастакоў і іх творы па максімуме. 

Праект «ДЭКАРТ-22» складаецца з некалькіх частак: ткацтва, кераміка, творы са шкла, арт-аб’екты, нават асобныя аўтарскія выстаўкі. Напрыклад, частка галоўнай экспазіцыі прысвечана славутаму мастаку-керамісту Валерыю Калтыгіну, аўтару пленэра «Арт-жыжаль» — ён сёлета адзначае юбілей.

І ёсць працяг, які ўвасабляюць творцы новага пакалення. Гэта іншая кераміка, якую аб’яднаў праект «Пласт». Вольга Сямашка і Ганна Амбросава выступілі яго куратарамі: вырашылі абмежаваць мастакоў плоскасцю. Такім чынам кераміка можа стаць карцінай, можа быць гарызантальнай ці вертыкальнай, можа мець розныя формы, фактуры, колеры…

Асобная прастора вылучана пад мастацкае шкло. Творы, створаныя падчас сімпозіуму на шклозаводзе «Нёман», што падкрэслівае злучанасць мастакоў з прамыслоўцамі. Бо сутнасць дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва яшчэ і ў тым, што яно нараджаецца з будзённых, знаёмых кожнаму рэчаў і можа аздабляць наша жыццё праз аўтарскую фантазію. Пра гэта магла б распавесці Таццяна Малышава, якая больш за 40 гадоў працавала на «Нёмане». Яе кампазіцыі розных гадоў — гэта даніна павагі майстрысе-юбілярцы.

І немагчыма тут без тэкстылю — шмат, самы розны. Акрамя мастацкага тэкстылю, які можа быць у выглядзе знаёмых нам габеленаў ці пано, ёсць яшчэ цікавая з’ява, што прадстаўлена ў зале 2: гэта маленькія формы тэкстылю, у якіх мастакі могуць эксперыментаваць.

— Мы стараліся зрабіць так, каб гледачы маглі ўбачыць тэкстыль з розных бакоў: класічнае ткацтва, габелены, і эксперыменты, таму што зараз такі час, калі адбываецца сінтэз розных кірункаў, матэрыялаў, змешваюцца розныя тэхнікі, і гэта добра, — тлумачыць куратар праекта, старшыня секцыі «Тэкстыль» Беларускага саюза мастакоў Вольга Рэднікіна. — Насамрэч не важна, з якім матэрыялам ты працуеш, галоўнае, як ты выяўляеш сваю ідэю. Што тычыцца мінітэкстылю, то гэты праект упершыню мы рабілі на мінулым трыенале, а сёлета вырашылі адысці ад традыцыйнага разумення тэкстылю як ніткі ці тканіны, а папрасілі мастакоў выявіць тэкстыль у любых матэрыялах. І настолькі нечаканыя вынікі! Можна ўбачыць, як сябе паводзіць шкло як аснова для тэкстылю, метал, пластык, папера…

Сёлета арганізатары меркавалі правесці Трыенале ў фармаце мастацкага фестывалю. Не толькі ў Палацы мастацтва можна знаёміцца з творцамі і творамі. У галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі арганізаваная выстаўка памяці трох выдатных тэкстыльшчыкаў, якія пайшлі з жыцця за апошнія тры гады: Алы Непачаловіч, Ларысы Густавай і Уладзіміра Лісавенкі. У галерэі Леаніда Шчамялёва — персанальная выстаўка Маргарыты Шчамялёвай. Наогул сёлета задзейнічаны ўсе пляцоўкі Музея горада Мінска, таму цягам лістапада ў гледачоў ёсць шмат магчымасцяў далучыцца да дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва Беларусі.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.