Вы тут

Крайск. Старонкі памяці


Сёння ў Крайску, які месціцца ў адным з прыгожых куточкаў Лагойшчыны, і жыхароў не так шмат, недзе болей за 300 чалавек... Вёска ці, кажучы сучаснай тапанімічна-адміністрацыйнай мовай, аграгарадок быццам праменьчыкі вылучае дарогі ў накірунку Даўгінава, Ізбішча, Мацькаўцоў, іншых вядомых і меней вядомых паселішчаў. Праз Крайск цячэ невялікая рачулка Крайшчанка, прыток Віліі. 


Першыя пісьмовыя згадкі пра Крайск адносяцца да 1523 года — у звязку з уласнасцю дзяцей Юрыя Зяновіча, маршалка дворнага пры двары вялікага князя Сігізмунда I Старога. Сам Зяновіч валодаў Смаргонню, Паставамі, Глыбокім, Вішнева... Уладарылі Крайскам і Ядвіга Насілоўская, яе сын Ян Осцік, які прадаў маёнтак Волчакам. У XVIII стагоддзі маёнтак, землі вакол Крайска былі падзелены паміж рознымі гаспадарамі. У выніку другога падзела Рэчы Паспалітай (1793) Крайск знаходзіцца ў складзе Расійскай імперыі. Да 1838 года царква ў мястэчку была грэка-каталіцкая, называлася «Крайская». З 1835 года метрычныя кнігі вяліся ўжо на рускай мове. У 1838 годзе святаром быў Станіслаў Комар. У 1866 годзе царква згарэла... На яе месцы ў 1872 годзе пабудавалі новую праваслаўную Свята-Мікалаеўскую царкву. У 1897 годзе была пабудавана яшчэ адна праваслаўная царква, на могілках, якой далі імя Святога Аляксея... 

З 1919 года Крайск — у складзе БССР, са жніўня 1924-га — цэнтр сельсавета. У Вялікую Айчынную вайну фашысты спалілі 63 двары, загінула 112 жыхароў. 48 вяскоўцаў вывезлі ў Германію. 15 жыхароў Крайска загінулі на фронце, 11 чалавек загінулі ў партызанах. 
Мае сваю памяць Крайск і як мясцінка, з якой судакранаецца прыгожае пісьменства... Гэтыя драбнічкі і пазначым з разлікам на тое, што нехта пойдзе далей і дэталізуе літаратурна-краязнаўчы пошук. 

У Крайску ў 1846 годзе нарадзіўся рускі царкоўны гісторык, публіцыст, пісьменнік Рыгор Якаўлевіч КІПРЫЯНОВІЧ. Закончыў ураджэнец Лагойшчыны Літоўскую духоўную семінарыю (1867 год). Паступіў у Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію. У 1873 годзе абараніў магістарскую дысертацыю «Жыццё Іосіфа Сямашкі, мітрапаліта літоўскага і віленскага, і ўз’яднанне заходне-рускіх уніятаў з парваслаўнай царквою ў 1839 годзе». Манаграфія двойчы перавыдавалася пры жыцці аўтара. І, як сведчаць спецыялісты, не згубіла сваёй актуальнасці да сённяшняга часу. Кіпрыяновіч выкладаў лацінскую мову ў Літоўскай духоўнай семінарыі, чытаў лекцыі ў Віленскай мужчынскай гімназіі. І актыўна займаўся навуковымі вышукамі. Ураджэнец Крайска — аўтар шэрагу манаграфій, а таксама нарысаў «Іясафат Кунцэвіч» і «Да гісторыі жаночай адукацыі ў Заходняй Расіі». Займаў Рыгор Якаўлевіч і пасаду дырэктара камерцыйнага вучылішча ў Дзвінску, дзе і памёр у 1915 годзе. 

У 1918 — 1919 гг. прыватныя ўрокі ў мястэчках Крайск і Пасадзец даваў крытык, літаратуразнавец Уладзіслаў ДЗЯРЖЫНСКІ (1897 — 1974), які нарадзіўся ў Сакольскім павеце Гродзенскай губерніі. У 1925 годзе Уладзіслаў скончыў этнолага-лінгвістычнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вучобу сумяшчаў з выкладчыцкай працай на рабфаку БДУ ў 1922 — 1924 гг. з 1922 года выступае ў друку з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і літаратуразнаўчымі артыкуламі, рэцэнзіямі. З 1925 года — супрацоўнік часопіса «Полымя». Працаваў і ў Інбелкульце. Адначасова выкладаў у Камуністычным універсітэце Беларусі. У чэрвені 1930 года арыштаваны ДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Высланы ў Казань (Татарстан) тэрмінам на 5 гадоў. Так і застаўся жыць у горадзе на Волзе. Працаваў выкладчыкам у розных ВНУ Казані. Ад літаратуразнаўчай працы пасля арышту і высылкі адыйшоў. 10 чэрвеня 1988 (пасмяротна) Уладзіслаў Дзяржынскі быў рэабілітаваны. 

Амаль зусім забытае імя — паэт, празаік Альфонс ПЕТРАШКЕВІЧ (1894 — 1918). Пісаў на беларускай, польскай, рускай мовах. Ёсць сведчанне, што пісьменнік скончыў у Крайску народную школу. З 1911 года Альфонс Петрашкевіч друкаваўся са сваімі публікацыямі на старонках газеты «Наша ніва». Выступаў з творамі і ў іншых беларускіх перыядычных выданнях — «Беларус», «Маладая Беларусь», «Лучынка», «Вольная Беларусь», «Рунь», «Варта»... Следам за Максімам Багдановічам у паэзіі А. Петрашкевіч спрабаваў свае сілы ў такіх жанрах, як трыялет, раманс, элегія. 

У вёсцы Задроздзе Плешчаніцкага (цяпер Лагойскага) раёна ў 1932 годзе ў сялянскай сям’і нарадзіўся празаік Іван ПТАШНІКАЎ. У 1948 годзе ён скончыў Крайскую сямігодку. У 1951 годзе — Плешчаніцкую беларускую СШ. Працаваў у рэдакцыі плешчаніцкай раённай газеты «Ленінец». Затым — настаўнікам Лонваўскай пачатковай школы. У 1957 годзе скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у Белдзяржвыдаце, часопісе «Маладосць». З 1962 года — рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя». Друкавацца Іван Пташнікаў пачаў у 1952 годзе. Першая публікацыя — верш «На родным полі» у газеце «Звзда». У 1957 годзе «Полымя» друкуе яго аповесць «Чачык». Пісьменнік з’яўяляецца аўтарам такіх адметных, цесна звязаных па тэматычных абсягах з Лагойшчынай, мовай лагойскіх вёсак і вёсачак, твораў, як раманы і аповесці «Чакай у далёкіх Грынях», «Лонва», «Мсціжы», «Алімпіяда», «Найдорф», «Тартак»... 

І гэта яшчэ не ўсе згадкі, не ўсе нітачкі, што яднаюць Крайск з прыгожым пісьменствам... Беларускі і расійскі празаік Алесь КАЖАДУБ (нарадзіўся ў Ганцавічах, на Берасцейшчыне, 27 верасня 1952 года) пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта некаторы час настаўнічаў на Лагойчыне, у вёсцы Крайск. Мастацкія творы Алеся Кажадуба з’явіліся ў друку ў сярэдзіне 1970-х: першае апавяданне надрукаваў у «Маладосці» у 1976 годзе. Але ўжо ў Крайску, у час настаўніцтва ў школе, закладваліся асновы будучых творчых здзяйсненняў пісьменніка. Вёска засталася ў памяці літаратара на ўсе наступныя гады... Сведчыць пра тое і раман Алеся Кажадуба «Чорны бусел».

Чытаем на яго старонках: «... У Лагойск я прыехаў на аўтобусе.

„Усяго шэсцьдзесят кіламетраў, — падумаў я. — Можна хоць кожны дзень ездзіць у сталіцу“.
У раённым аддзеле народнай адукацыі мяне адразу прыняў загадчык аддзела. Ён быў у шэрым гарнітуры з гальштукам, на галаве вялікія залысіны.

— Філолаг? — разгарнуў ён папку з маімі дакументамі. — Гэта добра. Фізруком працаваць пойдзеш?

— Пайду, — сказаў я.

Чамусьці я быў упэўнены, што ў працы школьнага фізрука няма ніякіх складанасцей.

— Там табе і палову стаўкі рускай мовы і літаратуры дадуць, — паглядзеў на мяне з-пад акуляраў загадчык. — А фізкультура ў чацвёртых-шастых класах. Справішся?

Я паціснуў плячыма.

— Вёска Крайск усяго за дваццаць кіламетраў ад Плешчаніц, — пачаў корпацца ў паперах загадчык. — Затое школа новая. Добры калектыў. Значыць, едзем?

— Едзем, — кіўнуў я.

З Лагойска да Плешчаніц я даехаў на адным аўтобусе, з Плешчаніц да Крайска на другім, і толькі тады мне зрабіўся зразумелы сапраўдны сэнс назвы вёскі, у якой мне трэба было працаваць. Да таго ж, якія ні мізэрныя былі мае веды ў матэматыцы, я здолеў скласці шэсцьдзесят, дваццаць і яшчэ раз дваццаць. Атрымлівалася роўна сто кіламетраў...»

І яшчэ — з рамана «Чорны бусел»: «...Хутка высветлілася, што наш Крайск не толькі край свету ў гэтых мясцінах, але і натуральнае памежжа. Да трыццаць дзевятага года тут праходзіла мяжа паміж Заходняй і Усходняй Беларуссю...»

Алесь Кажадуб — аўтар многіх кніг: «Гарадок» (1980), «Размова» (1985), «Лесавік» (1987), «Дарога на Замчышча» (1990), «Дарога на Маскву» (2011), «Русь і Літва» (2011), «Эліксір жыцця» (2013) і іншых. Пісьменнік адзначаны прэстыжнымі літаратурнымі прэміямі. З 1990 года Алесь Кажадуб жыве ў Маскве.

... На Лагойшчыне, у Лагойску працуе нямала грамадскіх краязнаўчых музеяў. Адзін з іх, у першай гарадской школе, так і называецца — «Літаратурная Лагойшчына». Літаратурна-краязнаўчая памяць Лагойскай старонкі падаецца бясконцым падарожжам. І Крайск у ім займае далёка не апошні адрас…

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Прэв’ю: tourism.logoysk-edu.gov.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.