Вы тут

«Я з вамі не развітваўся ніколі...» Анатолю Ярмоленку — 75!


Артыст, у якога шмат заслужаных узнагарод і ганаровых званняў; творца, у якога мноства адданых прыхільнікаў; спявак, чый голас — каштоўны сімвал Беларусі...

Анатоль Ярмоленка святкуе свой новы (юбілейны!) дзень нараджэння, — зручная нагода павіншаваць гаспадара нашай эстрады з яго вялікім святам і паразважаць пра ўнікальнасць яго спеўнага дару.

А яшчэ — спрыяльная прычына згадаць і самы пачатак яго дарогі...


Фота БелТА.

У жыцці і ў творчасці майстар трымаўся і трымаецца думкі: ёсць — дарога, а развітання — няма!

«Я з вамі не развітваўся ніколі...» — гэта не проста песня, якую ён спяваў, гэта яго лёс.

Так, ёсць свая дарога, па якой трэба ісці далей, і ёсць неадольныя ўспаміны, прага вярнуць у душу дзяцінства...

Дзяцінства Анатоля Ярмоленкі прайшло ў Казаціне Вінніцкай вобласці паблізу чыгункі.

У вялікі свет і ўдзень, і ўночы праз маленькі чыгуначны гарадок ляцелі цягнікі, і яны пакідалі ў чулай душы хлопчыка свой будзённы рытм.

Будзённы!

Аднак жа хацелася іншага рытму — святочнага; сэрца жадала, каб гучалі прыгожыя мелодыі, і, дзякаваць богу, святочны рытм і прыгожыя мелодыі ў сям'і гучалі.

Анатолева мама Надзея Анікіеўна цудоўна іграла на гітары і на фартэпіяна, а таксама добра спявала.

Слаўная клапатлівая жанчына!

Для яе выхаванне дзяцей, работа і хараство ўласнага дому былі найбольшай радасцю і шчасцем.

А яшчэ ўтульны дом дзяцінства аздабляла радыё — рэдкасць у пасляваенныя гады, і можна было штодня слухаць песні ў выкананні зорак савецкай эстрады.

Анатоль Ярмоленка з унукам.

Старэйшы Анатолеў брат Святаслаў — разумны, працавіты і надзвычай таленавіты юнак — зрабіў магнітафон, і з'явілася магчымасць запісваць галасы любімых выканаўцаў.

Анатоль з вялікай увагаю і немалой цікавасцю праслухоўваў тыя запісы — яго, можна сказаць, чараваў ці не кожны гук, ці не кожная нота, ці не кожнае слова ў тых меладычных творах.

Так (спачатку дома!), а тады ўжо і ў школе спасцігаўся вабны свет вакальнага эстраднага мастацтва.

У школе жаданне спяваць узмацнілася, і наогул там адчуў сябе артыстам, калі першы раз у ліку ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці выйшаў на сцэну.

Школьныя гады праходзілі хутка, неўзабаве адкрылася новая сцэна — Анатоль прыйшоў у духавы аркестр Дома чыгуначнікаў і там, дапытлівы і да ўсяго цікаўны, даволі хутка авалодаў такімі музычнымі інструментамі, як альт і барытон, а тады ўжо стаў і спраўным бубначом — засвоіў ударныя прылады.

Дарэчы, любімы брат Святаслаў выдатна іграў на саксафоне.

З маленства ад маці і брата Анатоль пераняў неабходнае — трэба штодня вучыцца, менавіта штодня трэба набліжаць сябе да майстэрства, да будучай прафесіі.

Галоўнае ж правіла ў той сямейнай (хатняй!) мудрасці было такім — трэба вучыцца быць добрым!

Пазней хатняя навука дапамагла артысту зразумець: мастацтва, не сагрэтае душою, мастацтвам называцца не можа!

Служба ў Савецкай Арміі ўмацавала веру юнака ў сваю сцэнічную адметнасць.

Анатоль Ярмоленка служыў у Баку, яго спеўны талент заўважылі, і малады салдат быў залічаны ў склад Ансамбля песні і танца, што значыла — гэты армейскі калектыў пабагацеў на непаўторны голас.

І ўжо тады аматары спеваў пачалі разбірацца, каб вызначыць: а што гэта за голас?

Лірычны тэнар?!

Так, лірычны тэнар — далікатны, мілагучны, пяшчотны, а галоўнае — удумлівы!

Сапраўды, служба ў арміі ўмацавала веру ў сваю адметнасць.

Раней гэтай веры надавала сілу матчына спрыянне і братава падтрымка; у арміі нечакана ж дапамаглі і жорсткія словы... Мусліма Магамаева.

У Баку артысты сустрэліся, і Магамаеў адчаканіў: «Спявак спеваку не сябар!»

Дарэчы, пра тую памятную сустрэчу вельмі цікава расказаў у таленавітай аповесці «Корабль друзей» музыкант Валерый Падукоў.

Анатоль Ярмоленка ўспрыняў пачутае ад Магамаева як добры знак: гэта праўда, спявак спеваку не сябар, а раз так, то ў сябры трэба клікаць уласны характар, уласны лёс, цвёрдасць духу і цяжкую працу!

А яшчэ ў сябры трэба клікаць сапраўдных сяброў, трэба іх шукаць...

Пасля службы ён задумаўся пра сваё таварыства.

Маючы здольнасці кіраўніка, арганізатара і дыпламата, заснаваў у Гомелі эстрадную групу «Сувенір», а тады, прайшоўшы праз аб'яднанне «Песні над Сожам», у 1972 годзе стварыў і вакальна-інструментальны ансамбль «Сябры».

Адзначу — для нашай культуры гэта гістарычная падзея: нарадзіўся мастацкі гурт, у назве якога выразна адлюстраваны яскравы нацыянальны вобраз, бо слова «сябры» тоеснае слову «беларусы».

Анатоль Ярмоленка паверыў у зорку «Сяброў» і ў тыя шчаслівыя гады мог бы сказаць: «Я здабыў плён і я задаволены, бо той, хто здабывае плён, заўсёды задаволены!»

У тыя гады Анатоль сустрэў Раісу, сваю каханую, у іх нарадзіліся хлопчык і дзяўчынка, — сонца ў тыя гады свяціла не толькі на небе, а ў думках і пачуццях, і ён, стваральнік «Сяброў», знаходзіўся ў прасторы святла, імя якому — радасць.

І, магчыма, тады ўпершыню ўсвядоміў, што ён далёкі ад артыстычнай вольніцы, так званай багемы, і вельмі блізкі да родных, да сям'і, бо сям'я і ёсць галоўнае, дзеля чаго варта жыць.

Гэтая выхаваўчая навука з цягам часу перайшла ад яго сыну Святаславу і дачцэ Вользе (Алесі), а пазней і ўнуку Анатолю Ярмоленку-малодшаму...

Не адзін год назіраючы за ім, цяпер ужо Анатолем Ярмоленкам-старэйшым, я не мог не заўважыць, што ён і на сцэне, і ў жыцці засцерагае сябе ад танных эстрадных эфектаў, ды, мусіць жа, дзякуючы гэтаму і на сцэне, і ў жыцці ён па-сапраўднаму творча малады.

Яго паводзіны самавітыя, а крэда зразумелае, як малітва: «Эстрада, папулярная музыка не проста від сцэнічнага мастацтва — гэта выхаванне душы...»

Ён не шукаў і не шукае лёгкай славы, славы на дзень, бо змалку навучаны: лёгкая слава — пустая забава.

Маючы прыродны голас, яркую ступень адоранасці, волю да жывога поспеху, здольнасць глыбока думаць, — сваю шырокую папулярнасць прыдбаў цярплівай працаю.

Ён умее слухаць іншых; умее дапамагчы, паспрыяць, падтрымаць — настроіць на бадзёры лад.

Прадстаўнік высокай эстрады, ён адпавядае ці не галоўнаму яе патрабаванню: звычайнае ператвараць у рамантычнае!

І заўсёды клапоціцца пра нацыянальную культуру.

Аднойчы пры мне маладая жанчына звярнулася да яго:

— Мой сын хоча стаць спеваком. Што вы яму параіце?

І атрымала параду:

— Хай пяе па-беларуску!

Тут хачу асабліва падкрэсліць — Анатоль Ярмоленка пашырыў гучанне нашай мовы на шматмільённую аўдыторыю, даў ёй вялізны абсяг песеннага існавання, прычым далёка за межамі Беларусі.

У 1984—1985 гадах я сустракаўся з чытачамі на Байкале і на прадпрыемстве «Дальрыба», чытаў вершы па-беларуску і быў прыемна ўражаны прызнаннем іркуцкіх студэнтаў і ўладзівастоцкіх рабочых: «А мы чулі ўжо беларускую мову! Мы слухалі выступленне Анатоля Ярмоленкі! Ён спяваў па-беларуску!»

На любой сцэне свету (скажам так, і ў Сібіры, і ў Амерыцы!) Анатоль Ярмоленка — прадстаўнік Беларусі, яе прыгожы змястоўны голас.

Ён пяе і тым самым гаворыць людзям: трэба ўмець перажыць нядобры час, а каб радавацца жыццю, трэба шукаць светлыя пачуцці.

Вобразы, якія стварае, менавіта светлыя, нават калі яны і зажураныя, таму ягоная філасофія супакойвае нервы.

Відавочны і той факт, што на публіку ён можа ўздзейнічаць і адной сваёй прысутнасцю, бо майстар — нават і ў тыя імгненні, калі маўчыць, калі проста трымае мікрафон, слухачам здаецца: ён пяе...

Анатоль Ярмоленка выхаваны на мастацтве, якое адпавядае ідэалам красы, і ў душы (не напаказ!) няўхільна спавядае прынцыпы, паводле якіх эстэтыка не ўзвышаецца над этыкай, — таму папулярнасцю не выхваляецца, вядомасць па-над розумам не ўзнімае, паважае сваіх прыхільнікаў, жыве для іх творча і з імі ніколі не развітваецца.

У адным са сваіх вершаў я паспрабаваў ад імя Анатоля адлюстраваць гэту важную думку:

Я з вамі

не развітваўся ніколі —

Не Богам быў і не чараўніком,

А быў я проста

вашым Анатолем,

А быў я проста

вашым спеваком.

 

Як і раней,

для вас душой спяваю —

Душа тады душа, калі пяе,

Калі душу каханую шукае

І не шкадуе радасці свае.

 

Мне, як і вам,

адно і тое сніцца,

І бачацца і зблізку, і здалёк

У небе — усё тая ж Мілавіца,

У жыце — усё той жа васілёк.

Чужое згіне,

роднае ўваскрэсне

І супакоіць тым душу маю,

Што Беларусь —

адзіная мне песня,

І гэту песню я для вас пяю.

 

Я з вамі не развітваўся ніколі,

Не Богам быў і не чараўніком,

І застаюся вашым Анатолем,

І застаюся вашым спеваком!

Леанід ДРАНЬКО-МАЙСЮК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».