Вы тут

Як англійская каралева і Како Шанель паўплывалі на моду брэсцкіх нявестаў


Выставу вясельных убораў мінулага стагоддзя зладзіў Брэсцкі абласны краязнаўчы музей. Тут можна ўбачыць сукенкі і мужчынскія касцюмы, туфлі, іншыя шлюбныя аксесуары мінулага стагоддзя, народныя строі, а таксама вянчальныя кароны і мноства здымкаў вясельных убораў нашага краю. Што цікава, экспанаты ўзятыя з фондаў музея, а таксама з прыватных калекцый гараджан і Музея Беларускага Палесся ў Пінску.


Вянцы бывалі папяровымі

Аснову экспазіцыі ўтварылі вясельныя сукенкі другой паловы ХХ стагоддзя. Прадстаўлены здымкі і альбомы, запрашэнні, паштоўкі, пасведчанні аб заключэнні шлюбу розных гадоў. Цікавасць наведвальнікаў выклікаў не зусім звычайны для нашага часу дакумент 1930-х гадоў, які можна назваць перадшлюбным даследаваннем жаніха. Мужчына, што намерваўся ўзяць шлюб, павінен быў адказаць на пытанні разгорнутай анкеты: якога ён году нараджэння, ці быў жанаты раней, адкуль родам і гэтак далей, уключаючы маёмаснае становішча.

Вянцы другой паловы ХІХ стагоддзя, несумненна, знаёмыя сучаснаму чалавеку па фільмах і кнігах, а вось папяровыя вянцы пачатку 1930-х гадоў з Пінскага павета выглядаюць даволі нечакана. Гэта сапраўды ўнікальныя экспанаты вернісажу. Наведвальнікі аднадушна памыліліся ў вызначэнні мужчынскай і жаночай вянчальных карон. Усе падумалі, што большы вянец трымалі над жаніхом. Аказалася — наадварот. Экскурсавод растлумачыла, што галава нявесты была пакрытая вэлюмам, нярэдка пышна ўпрыгожаным, таму ёй патрабаваўся большы аб'ём вянца. Даводзілася здзіўляцца таму, якая ўсё ж багатая і разнастайная вясельная культура нашага краю!

— У кожнага народа ёсць свае базісныя каштоўнасці, на якіх будуецца грамадства, — сказаў на адкрыцці выставы дырэктар абласнога краязнаўчага музея Аляксей Міцюкоў. — Але ёсць каштоўнасці агульначалавечыя. У іх ліку — шлюб, сям'я, выхаванне дзяцей. Гэтыя каштоўнасці праходзяць праз усю гісторыю і культуру нашага народа. Вясельныя рытуалы прыйшлі да нас са старажытнасці. Кожнае пакаленне іх развівае, удасканальвае, перадае сваім дзецям і ўнукам. Пра гэта наша выстава. Выстава светлая, добрая, жыццясцвярджальная.

Каралевы або мадэльеры?

Куратар выставы, намеснік дырэктара музея па навуковай рабоце Вольга Новікава расказала, як на моду, у тым ліку вясельную, уплываюць эканамічныя, палітычныя, культурныя працэсы, і мода такім чынам становіцца адлюстраваннем гістарычных падзей.

Відавочна, што не ўсе наведвальнікі выставы ведалі пра гісторыю белага шлюбнага ўбору. Звычай выходзіць замуж у белым паявіўся адносна нядаўна, якіх-небудзь 150 гадоў таму. А раней сукенка нявесты была каляровай. Нашы прапрабабулі выходзілі замуж у вышыванках. Дамы з багатага роду маглі надзець сукенкі любых колераў — чырвонага, срэбнага, залатога — абы выглядала раскошна і падкрэслівала прыгажосць. Сапраўдны пераварот у вясельнай модзе здзейсніла англійская каралева Вікторыя, калі ў 1840 годзе пайшла пад вянец у крэмавай атласнай сукенцы са шлейфам даўжынёй больш за 5 метраў. Усе венцаносныя асобы ўспрынялі гэта як сігнал да дзеяння і пачалі шыць светлыя і нават белыя ўборы. Каралева, дарэчы, з'яўлялася ў гэтай сукенцы яшчэ не раз, чым, несумненна, падавала прыклад. Бо такі ўбор каштаваў вельмі дорага. А ў масавую моду белыя сукенкі ўвяла Како Шанель, яна ж спрасціла мадэлі, каб зрабіць іх больш даступнымі.

І практычна, і модна

На мяжы вякоў і ў пачатку ХХ стагоддзя шлюбныя ўборы былі доўгімі. А вось 1920-я гады — час перамен і ломкі стэрэатыпаў — тады ў моду ўваходзіць кароткая сукенка, праўда, з доўгім вэлюмам. І не толькі ў ЗША і Еўропе. На выставе ёсць здымак, на якім красуецца модніца з Брэста над Бугам менавіта ў такім вясельным строі.

У 1950-я гады фарміруецца новы віток вясельнай культуры. У гэты час модніцы млеюць ад стылю Крысціяна Дыёра — пышная спадніца, тонкая талія. У такія азяваюцца і нявесты з Брэстчыны. На выставе — сукенка з вёскі Агдэмер Драгічынскага раёна. Адкуль у вясковай дзяўчыны такая раскоша? Аказалася, строй ёй прыслалі сваякі з Канады. Гэта фабрычная элегантная сукенка да падлогі, у ёй пасля гаспадыні хадзілі да шлюбу многія дзяўчаты з Агдэмера.

Побач — кароткая вясёлая сукеначка 1970-х гадоў. Нехта з наведвальнікаў слушна заўважыў, што ўбор нечым нагадвае сукенку Зіначкі з фільма «Іван Васілевіч мяняе прафесію». Магло быць і так, тады модніцы нярэдка зарысоўвалі мадэлі з часопісаў, а то і тэлеэкрана. Гэтая мода прыйшла ў многім дзякуючы вобразу легендарнай Одры Хепбёрн. Сукенкі ў нас часта шылі з гіпюру, які не так проста было купіць, а на кароткую мадэль трэба менш тканіны — і практычна, і модна.

Але авангарднае міні пратрымалася нядоўга. Летам 1981 года пайшла пад вянец прынцэса Дзіяна. Яе сукенка зрабіла сапраўдны фурор у свеце моды: аб'ёмная, з шырокімі рукавамі, мноствам фальбон і россыпам жамчужын у складках. Тэндэнцыя хутка пайшла ў народ. І яе можна прасачыць па фотаздымках той пары. Адным словам, у асаблівы дзень усе нявесты хацелі быць прыгожымі — і былі такімі.

З традыцыямі цяперашняй вясельнай моды наведвальнікаў пазнаёміла гаспадыня брэсцкага вясельнага салона Edelweіs Мая Кантаўскенэ. Мадэлі салона прадэманстравалі простыя на першы погляд і разам з тым стыльныя ўборы, якія адлюстроўваюць светаўспрыманне сучаснага чалавека.

Аздобіла і ажывіла адкрыццё выставы выступленне фальклорнай групы музея «Бездзежскі фартушок». Навуковыя супрацоўнікі і ўдзельнікі самадзейнага калектыву паказалі цікавы абрад з іх мясцовасці — фрагмент апранання нявесты. Маладую садзілі на хлебную дзяжу і надзявалі на галаву вясельны вянок — паву. Пава — даволі складаная канструкцыя, яе ўтвараюць рознакаляровыя кветкі, іх рабілі сваімі рукамі. Апраналі ж нявесту абавязкова пад абрадавыя песні.

Народныя строі, якія надзявалі пад вянец, таксама прысутнічаюць на выставе. Ёсць тут і знакаміты касцюм лелікаўскай свацці з Кобрынскага раёна, які занесены ў спіс нематэрыяльнай спадчыны Беларусі. Выстава будзе адкрытая да сярэдзіны снежня.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.