Вы тут

Дастойны адказ сучасным выклікам і пагрозам


«Гісторыя Беларусі у многім ваенная. Асаблівае месца ў ёй займаюць падзеі Вялікай Айчыннай вайны, якая тым ці іншым чынам закранула літаральна кожную сям'ю. Невыпадкова памяць аб гэтай трагічнай старонцы нашай гісторыі з'яўляецца фактарам кансалідацыі беларускага грамадства. Гэта гістарычная падзея прысутнічае ў калектыўнай памяці беларускага народа, з'яўляецца падмуркам для нацыянальнай самасвядомасці». Такую думку выказала старшы навуковы супрацоўнік цэнтра гісторыі навукі і архіўнай справы Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Марына Краснова падчас прэзентацыі абноўленага вучэбна-метадычнага комплексу «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)» для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.


Амаль два дзесяцігоддзі таму — з 2004/2005 навучальнага года — па даручэнні Прэзідэнта ва ўсіх тыпах навучальных устаноў пачаў выкладацца факультатыў па вывучэнні гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Тады ж калектывам беларускіх вучоных, выкладчыкаў ВНУ і педагогамі школ быў падрыхтаваны адпаведны навучальны дапаможнік (ён двойчы перавыдаваўся), хрэстаматыя, дапаможнік для настаўніка, даведнік, рабочы сшытак і атлас.

У гэтых выданнях — вынік шматгадовай працы аўтарскага калектыву пад кіраўніцтвам акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара гістарычных навук, прафесара Аляксандра Кавалені.

Не даць перапісаць гісторыю

— Сімвалічна, што кампаненты вучэбна-метадычнага комплексу былі абноўлены ў 2022 годзе, які аб'яўлены ў Беларусі Годам гістарычнай памяці і праходзіць пад знакам захавання праўды пра ўсе перыяды існавання беларускага народа, — адзначыў на прэзентацыі начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Тамільчык. — Дзякуючы рабоце аўтараў і рэцэнзентаў нашы навучэнцы і педагогі атрымалі вучэбна-метадычны комплекс, які не мае аналагаў на постсавецкай прасторы. Ён быў высока ацэнены прафесійнай гістарычнай супольнасцю дзяржаў — удзельніц СНД як узор аб'ектыўнага прадстаўлення гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і сродак эфектыўнага выхавання ў падрастаючага пакалення пачуцця патрыятызму і гонару за свой народ.

«Вялікая Айчынная вайна і праз многія дзесяцігоддзі працягвае жыць у сэрцах беларускіх людзей як сімвал трагедыі і гераізму савецкага народа, воінскай славы, адзінства і ўзаемадапамогі. Сёння вельмі важна данесці да падрастаючага пакалення гэту гістарычную праўду, аб'ектыўна паказаць ролю нашых дзядоў і прадзедаў у разгроме фашысцкага нашэсця, — падкрэсліў Эдуард Тамільчык. — Значнасць захавання гістарычнай памяці знайшла сваё адлюстраванне ў абноўленай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Мы ўпершыню на постсавецкай прасторы замацавалі ў Асноўным Законе краіны важнасць захавання гістарычнай праўды і памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, масавым гераізме нашага народа. Размах фашысцкага тэрору быў такі, што мы да гэтага часу не ведаем дакладнай колькасці страт.

Сучасныя падзеі з усёй відавочнасцю паказваюць, што толькі разам, захоўваючы памяць аб гераічных і трагічных днях Вялікай Айчыннай вайны, асэнсоўваючы важнасць яе ўрокаў, можна даць дастойны адказ сучасным выклікам і пагрозам. Важную ролю ў аб'ектыўным паказе гістарычнай праўды для падрастаючага пакалення будзе адыгрываць абноўлены вучэбна-метадычны комплекс. У ім — аб'ектыўная ацэнка падзей, а значыць, годны адказ усім спробам забыцца пра зверствы, якія фашысты здзяйснялі на нашай зямлі, перапісаць гісторыю вайны і забыцца пра вялікі подзвіг савецкага салдата, які крывёй заплаціў за нашу з вамі свабоду і незалежнасць. Упэўнены, што абноўлены вучэбна-метадычны комплекс стане важным сродкам захавання праўдзівай гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, перадачы будучым пакаленням разумення таго, што адзінства і сапраўдная любоў да Радзімы — надзейная абарона ад любой пагрозы. Задача ўстаноў адукацыі — эфектыўна выкарыстоўваць усе кампаненты гэтага комплексу для фарміравання гістарычнай памяці ў маладога пакалення».

Адчуць «жывы нерв» вайны

— Вучэбна-метадычны дапаможнік выдадзены на дзвюх мовах: рускай і беларускай. У яго было ўнесена шмат змен. Напрыклад, ён быў дапоўнены ацэнкамі падзей вайны, якія давалі іх сучаснікі: прэм'ер-мінстр Вялікабрытаніі Уінстан Чэрчыль, прэзідэнт Чэхаславакіі Эдвард Бенеш, брытанскі журналіст Аляксандр Верт, камандуючы 2-й танкавай арміі вермахта Гудэрыян. Гэта вельмі добры момант для фарміравання крытычнага мыслення і ўмення працаваць з інфармацыяй, — падкрэсліла Марына Краснова, адзін з аўтараў вучэбна-метадычнага комплексу. — У нас з'явілася рубрыка «Вайна на экране»: тут можна знайсці найбольш значныя і праўдзівыя кінастужкі, знятыя ў Беларусі і ў іншых краінах, якія найбольш дакладна паказваюць, што адбывалася ў гады вайны. Мы вылучылі рубрыку «Ураджэнцы Беларусі», каб школьнікі разумелі, у якіх падзеях бралі ўдзел ураджэнцы нашай зямлі, каб яны бачылі, што беларусы былі літаральна ўсюды: удзельнічалі ў бітвах на франтах, былі партызанамі і падпольшчыкамі. У вучэбным дапаможніку прыведзена вельмі вялікая колькасць прыкладаў гераізму нашых землякоў. На жаль, сучасныя дзеці не ведаюць імёнаў герояў, не ведаюць, у гонар каго названы вуліцы нашых гарадоў і як вайна адбілася на іх сям'і і на населеным пункце, дзе яны жывуць.

Таксама ў вучэбны дапаможнік мы ўключылі выявы твораў жывапісу. Да ілюстрацый пастаўлены пытанні, каб настаўніку было лягчэй арганізаваць работу ў класе. Дастаткова шмат уведзена новых дакументаў, дыяграм, ілюстрацый, картасхем. Упершыню ў вучэбнай літаратуры (і савецкага, і постсавецкага перыядаў) мы ўключылі картасхему падзелу Чэхаславакіі, які адбыўся пасля Мюнхенскай канферэнцыі, для таго, каб школьнікі бачылі, што адбылося з краінай і, самае галоўнае, хто прыняў удзел у раздзеле гэтай дзяржавы.

У абноўленым дапаможніку знайшлося месца і заданням па краязнаўстве. «Важную ролю ў патрыятычным выхаванні адыгрывае пошукавая, краязнаўчая работа. І яе правільная арганізацыя дазволіць даведацца навучэнцам пра герояў вайны, пра матывы іх подзвігаў. Істотную ролю ў актывізацыі пошукава-даследчай дзейнасці адыгрывае ўведзеная ў вучэбны дапаможнік рубрыка «Складаем летапіс вайны». На жаль, ветэранаў становіцца ўсё менш, таму заданні рубрыкі былі некалькі зменены, яна становіцца больш даследчай, пошукавай, мы стымулюем школьнікаў схадзіць у мясцовыя архівы, у музеі, знайсці тых, хто яшчэ можа падзяліцца нейкімі ўспамінамі пра вайну, — дадала старшы навуковы супрацоўнік. — Акрамя дапаможніка, мы падрыхтавалі абноўлены варыянт хрэстаматыі. У 2008 годзе быў выдадзены першы варыянт, а новы абноўлены практычна напалову. У хрэстаматыю мы ўключаем не толькі тэкставыя дакументы, але і статыстычныя звесткі, не толькі афіцыйныя дакументы, але і дакументы асабістага характару: урыўкі з успамінаў, з дзённікаў, лісты ўдзельнікаў вайны. Гэта таксама дапамагае адчуць «жывы нерв» вайны».

На думку кіраўніка аўтарскага калектыву, сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, акадэміка Аляксандра Кавалені, вучэбнаму дапаможніку складана паспець за інфармацыяй, якая пастаянна абнаўляецца, тым не менш да гэтага трэба імкнуцца:

— Напрыклад, раней лічылася, што ў Беларусі акупантамі і іх прыхваснямі было спалена 9200 населеных пунктаў, а па новых звестках — іх звыш 10 тысяч. Сёння факты генацыду беларускага народа ў гады вайны даследуе Генеральная пракуратура. І гэта інфармацыя таксама павінна глыбока асвятляцца...

Захаваць кожны факт і кожную дэталь

Школьныя педагогі падзяліліся сваім вопытам выкарыстання вучэбна-метадычнага комплексу «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)».

— Не ўсе настаўнікі валодаюць методыкай работы з мастацкім вобразам, камусьці лепш удаецца працаваць з дакументамі ці статыстычнымі звесткамі, а вучэбна-метадычны комплекс дазваляе кожнаму педагогу раскрыць свой педагагічны і выхаваўчы патэнцыял, — разважае настаўнік гісторыі і грамадазнаўства барысаўскай гімназіі № 1
Вольга Маеўская
. — Кожны знойдзе ў ім тое, што блізка. Гэта магутны сродак для навучання дзяцей, якія могуць быць логікамі, візуаламі і гэтак далей. Мы працуем з пакаленнем Z. Гэта дзеці з лінгвістычным, мастацкім, музычным інтэлектам... І эмоцыі адыгрываюць магутную ролю на такіх уроках. Да таго ж гэты курс дае магчымасць адказаць на пытанне, а хто такі сапраўдны мужчына і сапраўдная жанчына. У сучасным свеце, на жаль, такіх прыкладаў мы сустракаем недастаткова.

Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства мінскай гімназіі № 31 Людміла Гурыновіч, адзін з аўтараў дапаможніка для настаўнікаў абноўленага вучэбна-метадычнага комплексу, адзначыла, што педагогі могуць працаваць і з аўдыяматэрыяламі, і з ілюстрацыямі, і з гістарычнай фатаграфіяй. У дапаможніку ёсць QR-коды, якія накіроўваюць да патрэбных рэсурсаў. Можна праслухаць прамову аб пачатку Вялікай Айчыннай вайны і супаставіць яе з фатаграфіямі, зробленымі 22 чэрвеня 1941 года. Адбываецца паглыбленне дзяцей у той трагічны дзень, што выклікае моцныя эмоцыі. Можна даць заданне знайсці ў сучасным горадзе месца на фатаграфіі ваенных часоў. Цяперашнім дзецям цяжка ўявіць, як у акупаванай Беларусі друкаваліся газеты, на якіх матэрыялах і ў якіх умовах. Гэты раздзел курса іх вельмі цікавіць.

На думку педагога, трэба рабіць акцэнты на персаналізацыю гісторыі: падлеткаў цікавяць лёсы канкрэтных людзей. Настаўніца рэалізавала са сваімі вучнямі праект «Прадзядуля». Яны разам праз банк даных «Мемарыял» шукалі звесткі пра сваякоў, якія ваявалі на розных франтах. «Гэта быў вельмі эмацыянальны праект, — адзначыла яна. — А яшчэ дзяцей вельмі ўразіла інфармацыя пра тое, за колькі дзён фашысцкая Германія заваявала краіны Еўропы...»

Дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Гінчук расказала ўдзельнікам прэзентацыі аб тым, што на Рэспубліканскім савеце па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі была зацверджана Канцэпцыя школьнай гістарычнай адукацыі. Яна датычыцца не толькі школьных прадметаў — гісторыі Беларусі або інтэграванага курса гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі, а закранае таксама пытанні міжпрадметных сувязяў. Закладзены ўзаемасувязі з беларускай літаратурай, грамадазнаўствам, геаграфіяй, шэрагам іншых дысцыплін. Яшчэ адзін найважнейшы аспект у плане навізны канцэпцыі — пытанне пазаўрочнай дзейнасці. Можна задзейнічаць мноства форм работы — экскурсіі, краязнаўчую дзейнасць, пошукава-даследчую работу, лекторыі, выязныя мерапрыемствы на месцы баявой славы і іншыя аб'екты, якія маюць важнае значэнне для фарміравання гістарычнай памяці...

Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза паведаміў, што да выдання рыхтуецца ўжо трэцяя кніга народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны. Акцыя «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх» ініцыявана НАН Беларусі ў 2020 годзе. Дзякуючы ёй у тых, каго закранула вайна і ў каго захаваліся матэрыялы, дакументы і фатаграфіі сваіх продкаў, якія змагаліся ў шэрагах Чырвонай Арміі, якія ўдзельнічалі ў партызанскім руху, падпольным супраціве, з'явілася магчымасць дасылаць успаміны ў Інстытут гісторыі. У цэнтры ваеннай гісторыі гэтыя матэрыялы сістэматызуюцца, аналізуюцца, апрацоўваюцца і рыхтуюцца да публікацыі. Ужо выдадзены дзве кнігі «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх». Сабраны матэрыялы і для трэцяй кнігі.

На сайце Інстытута гісторыі можна ўбачыць тыя артыкулы, якія апублікаваны ў першай і другой кнізе. Акрамя таго, вядзецца праца па стварэнні спецыяльнага навукова-інфармацыйнага партала пад умоўнай назвай «Летапіс. Памяць беларускага народа». Над гэтым працуюць вучоныя Інстытута гісторыі сумесна з супрацоўнікамі Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі. Сайт будзе агульнадаступны з магчымасцю пошуку. Гэта дазволіць размясціць усю інфармацыю, якая паступае ў Інстытут гісторыі.

У сучасных геапалітычных умовах, калі не спыняюцца спробы фальсіфікацыі і скажэння гісторыі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, застаецца ўсё менш і менш непасрэдных сведкаў і ўдзельнікаў ваенных падзей, жыццёва важна захаваць для нашчадкаў кожны факт і кожную дэталь — усё, што стала ўвасабленнем духоўнай сілы беларускага народа ў цяжкія ваенныя гады.

Вадзім Лакіза звярнуўся да педагогаў з просьбай актывізаваць работу па зборы ўспамінаў і фатаграфій удзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны, зазірнуць у сямейныя архівы. Матэрыялы трэба накіроўваць у Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзе будзе ажыццяўляцца збор інфармацыі, навуковая апрацоўка атрыманых звестак, падрыхтоўка на іх аснове адпаведных выданняў, а таксама стварэнне электроннай базы даных.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».