Вы тут

Васьмімільярднаму жыхару Зямлі


Кажуць, гэтымі днямі на планеце павінен паявіцца васьмімільярдны яе жыхар. А можа, ён ужо нарадзіўся? Як толькі прамільгнула тая інфармацыя, мяне адразу зацікавіла, як такое можна наогул падлічыць. Вядома, ёсць тэхналогіі, ёсць разумныя машыны, праводзяцца матэматычныя разлікі з адпаведнымі ўраўненнямі. Але ж межы хібаў надта вялікія. А як іначай: войны, прыродныя і тэхнагенныя катаклізмы, хваробы, эпідэміі — усё ўплывае. Таму падлікі ў падобных маштабах, несумненна, вельмі прыблізныя.


Фота: pixabay.com

Памятаю, як мы ў Брэсце сустракалі 300-тысячную жыхарку. Ёю стала Вікторыя Станчас, чацвёртае дзіця ў рабочай сям'і, якая на той час жыла ў інтэрнаце. Забягаючы наперад, скажу, што гарадскія ўлады тады выдзелілі сям'і трохпакаёвую кватэру.

У той год у гарвыканкаме была створана спецыяльная камісія, якая адсочвала сітуацыю па тыднях, днях, а потым па гадзінах. Юбілейнае дзіця павінна было паявіцца недзе ў лістападзе, але ў згаданым месяцы нечакана вырасла смяротнасць, і радасная падзея адсунулася да канца снежня. Віка паявілася на свет за тры дні да Новага года. Памятаю, як мы на прэс-канферэнцыі літаральна «даставалі» тагачаснага мэра: а чаму менавіта гэтае дзіця, у той дзень жа нарадзілася некалькі немаўлят. Сям'я найбольш падышла? Але ён цвёрда трымаўся, і нам нічога не заставалася, як пагадзіцца: павінна ж быць нейкая і вышэйшая справядлівасць, кватэра юбіляру была абяцаная даўно, а гэтай сям'і яна найбольш, як выглядала, патрэбная.

Прайшло 18 гадоў, Вікторыя вырасла ў прыгожую, сціплую, разумную дзяўчыну. Брэст прырастае насельніцтвам штогод, а нам ужо, можа, час брацца за формулы ды падлічваць, калі гораду чакаць 400-тысячнага жыхара, які зойме сваё пачэснае месца ў дзявятым дзясятку мільярдаў жыхароў планеты.

А таму, васьмі мільярднаму, дзе б ён ні нарадзіўся, трэба пажадаць найперш міру, гэта значыць, каб жыў ён і штодня бачыў сонца і неба над галавой, а не дым ад пажарышча, не абломкі ад бомбавага выбуху. Адным словам, не так, як мая нядаўняя гераіня, што вярнулася ў родны горад Славянск, а замест дома — варонка. Таму хочацца, каб ніводзін дом ніводнай сям'і не стаў былым з-за нечай злой волі, як тое робіцца цяпер па ўсім свеце, бо сёння, у гэты вось дзень, калі я пішу, або калі вы чытаеце, у розных канцах планеты палае некалькі дзясяткаў ваенных канфліктаў, у якіх гінуць і дзеці, і іх маці.

Яшчэ важна, каб у яго была мама, свая, родная, якая любіць, шкадуе, заўсёды сустрэне — у любым узросце, з любой дарогі, накорміць і прыгалубіць... Літаральна днямі давялося быць на форуме прадстаўнікоў замяшчальных сем'яў, якіх у нас нямала. Дык вось, спецыялісты казалі, што большасць дзяцей, нават з тых, каго забралі ў прытулак ад маці — п'яніц і распусніц, усё роўна чакае маму. Чакаюць і спадзяюцца, што яна выправіцца, адумаецца, забярэ свайго хлопчыка альбо дзяўчынку. На шчасце, такое таксама здараецца. Самае вялікае шчасце для малога, калі па яго прыдуць разам — мама і тата. Бацька таксама вельмі патрэбны маленькаму жыхару планеты — разумны, удумлівы, шчыры, той, які навучыць працаваць, клапаціцца пра сям'ю, любіць радзіму.

Пажадаць, думаю, трэба таму немаўлятку з Афрыкі, Еўразіі ці Амерыканскага кантынента любіць месца, дзе нарадзілася, памятаць свае карані, клапаціцца пра родны кут, садзіць дрэвы і вырошчваць кветкі, але ніколі не быць бежанцам, не ўцякаць з роднага дому з адным заплечнікам.

На любое свята, асабліва на Дзень нараджэння, найперш жадаюць здароўя, хай яно будзе ў яго ад нараджэння, ды хай квітнее ў яго краіне медыцына. Галоўнае, каб была яна даступная, каб урачы вучыліся па найноўшых праграмах і з радасцю дапамагалі сваім суграмадзянам, не шукалі лепшай долі і лепшых заробкаў недзе ў замежжы. А ён, здаровы, дагледжаны, вучыўся ў школе, а потым, калі захоча, атрымаў добрую адукацыю і стаў вядомым праграмістам, артыстам, медыкам, настаўнікам. Вельмі добра, калі ён або яна стане рабочым, напрыклад будаўніком, і ўзвядзе новыя дамы, школы, палацы культуры. Культура, бы паветра, патрэбная сучаснаму чалавеку гэтаксама, як уменне бачыць прыгожае, цаніць яго, дзяліцца ім з іншымі людзьмі. Няхай прачытае самыя лепшыя кнігі, убачыць самыя таленавітыя фільмы, няхай яго будуць акружаць толькі добрыя людзі і вырасце ён Чалавекам, гэты васьмімільярдны жыхар Зямлі, які з'явіцца сёння ці заўтра, альбо ўжо з'явіўся ўчора.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?