Вы тут

Міру — так! «...Каб у сэрцах жылі Радасць, згода, спакой і адзінства»


Міру — так! «...Каб у сэрцах жылі Радасць, згода, спакой і адзінства»

Навошта чалавек прыходзіць у гэты свет? У чым яго сапраўднае прызначэнне? Што робіць чалавека Чалавекам? Паэт Алесь Казека ўпэўнены: менавіта любоў — да жыцця, да Радзімы, да Бога.

Паводле дзвюх яго паэм «Марыйка» і «Медуніца» сіламі педагогаў А. І. Клімянковай, Т. М. Тучковай, А. А. Залатухіна, С. Л. Бухель, а таксама навучэнцаў нашага каледжа мастацтваў створаны літаратурна-пластычны спектакль «Песня роднай зямлі».


У аснову згаданых твораў Алеся Казекі (і найперш паэмы «Марыйка») ляглі ўспаміны ягонай маці Марыі Іосіфаўны. Факт біяграфіі: 15 чэрвеня 1942 года яна, тады падлетак і круглая сірата, са сваёй зямлянкі ў спаленай вёсцы за 10 кіламетраў ішла ў іншую — да старэйшай замужняй сястры ў надзеі знайсці прытулак, але...

У сумна вядомыя Боркі Кіраўскага раёна (цяпер там мемарыяльны комплекс памяці спаленых вёсак Магілёўшчыны) немцы яе не пусцілі. І тым самым, як аказалася, уратавалі жыццё, бо гэтую вёску і шэсць суседніх паселішчаў фашысты спалілі разам з іх жыхарамі. Усяго загінула больш за дзве тысячы чалавек, у тым ліку апошняя радня Марыйкі: родны брат Шурка, сястра Вольга і двое яе малых.

...Не дзіва, што паэтычны твор, прысвечаны гэтай трагедыі, усхваляваў і захапіў будучых акцёраў, удзельнікаў нашага тэатра-студыі «Адлюстраванне». Праз інсцэніроўку, з дапамогай усіх прыёмаў тэатралізацыі (музыкі, харэаграфіі, святла, касцюмаў, відэаматэрыялу) студыйцам захацелася данесці да шырокага кола гледачоў змест паэмы, яго асноўную думку:

Мы, нашчадкі святла

і вясны,

Перад продкамі схілім

калені.

Скажам «Не!» —

ашуканству вайны

Дзеля жыццяў усіх

пакаленняў.

Скажам «Так» —

каб сады расцвілі,

Каб іскрылася шчасцем

дзяцінства,

Скажам «Так» —

каб у сэрцах жылі

Радасць, згода, спакой

і адзінства.

Праца над літаратурнай музычна-пластычнай кампазіцыяй «Марыйка» ішла, можна сказаць, дзень і ноч, прычым досыць паспяхова. У Бялынічах, на свяце беларускага пісьменства,6 верасня 2020 года адбылася прэм'ера спектакля, а трохі пазней, праз месяц, выступленне будучых акцёраў атрымала найвышэйшую адзнаку пры падвядзенні вынікаў міжнароднага літаратурнага конкурсу «Нашай Перамозе — 75».

Пасля гэтага паэт Алесь Мікалаевіч Казека прапанаваў пашырыць праект за кошт паэмы «Медуніца». У ёй праз выявы прыроды аўтар раскрывае сэнс жыцця, створанага па законах Сусвету, сцвярджае, што нічога нельга змяніць сілай, што адносіны трэба будаваць менавіта праз любоў.

Твор філасофскі і досыць складаны. Для таго каб ён быў даступным для ўспрымання і разумення шырокім колам, у тым ліку і людзей маладых, прыйшлося шукаць адмысловую трактоўку ўвасаблення. І трэба сказаць, што студыйцам гэта ўдалося! Прапусціўшы праз сэрца пранікнёныя радкі пранізлівых гісторый, і акцёры, і гледачы спектакля змаглі дакрануцца да таго найважнейшага, з чаго ўласна і складаецца наша гістарычная памяць.

...Са спектаклем «Песня роднай зямлі» навучэнцы нашага каледжа да канца года аб'едуць усе раёны Магілёўшчыны. Да таго ж яны ўжо тройчы выступалі на сцэнах абласнога драматычнага тэатра, ва ўніверсітэце імя А. Куляшова, двойчы — на Дзень Перамогі. І ўсюды спектакль успрымаецца з разуменнем трагічных ваенных падзей і складанасцяў жыцця, а слёзы на вачах гледачоў — сведчанне датычнасці да нашай агульнай гісторыі...

Застаецца толькі дадаць, што праект (ініцыятар — Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі) ажыццявіўся дзякуючы падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама, упраўлення культуры аблвыканкама, пры фінансавай дапамозе Беларускага фонду міру.

Алена ЯРАШУК, выкладчыца Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў


Бяда хоць мучыць, ды жыць вучыць

...У сталым узросце чалавеку часта не спіцца: успамінаецца перажытае, перад вачыма праплываюць твары, лёсы асобных людзей. Найчасцей, вядома ж, родных і блізкіх альбо нечым адметных, здольных здзіўляць, быць прыкладам для іншых.

Сярод іх, такіх вось рэдкіх асоб, — не толькі знакамітыя пісьменнікі, артысты, мастакі, таленавітыя вучоныя, але і звычайныя вяскоўцы.

Зрэшты, слова «звычайныя» часам зусім не пра іх.

...Упершыню парог нашай Капланецкай сярэдняй школы гэтая настаўніца пераступіла даўно і настолькі маладой (ва ўсякім разе на выгляд), што дырэктар Уладзімір Іванавіч Анцыпаў ледзь не прыняў яе за новую старшакласніцу. А тут раптам малады спецыяліст, настаўніца ды яшчэ і працоўнага навучання! «Я ж мужчыну прасіў... З вопытам работы, з рукамі», — не стрымаў эмоцый Уладзімір Іванавіч.

Тамара не змагла, не пасмела тады сказаць, што яна таксама не без рук. А вось даказаць гэта ў яе атрымалася. І нават хутка. Маладую настаўніцу амаль не спужаў пусты, няўтульны пакой з драўлянымі лаўкамі, дзе павінна была працаваць. Яна любіла і ўмела ўсюды наводзіць прыгажосць і парадак, не баялася ніякай работы. У выніку наша Капланецкая школа ўжо ў канцы жніўня з традыцыйнай раённай нарады настаўнікаў, паралельна якой праходзіла выстаўка кветак, прывезла першае месца па фларыстыцы.

А праз некалькі тыдняў непазнавальна змяніўся і пакой майстэрні! Там з'явіліся не толькі прыхаваныя да часу прылады працы, але і малюнкі, плакаты, карціны, кветкі...

Многае Тамара Рыгораўна рабіла сама. І дзяцей вучыла выпальваць на дошчачках фігуркі розных звяркоў, выпілоўваць іх лобзікам, рабіць адмысловыя днушкі, шпакоўні і табурэткі, займацца фларыстыкай (у кветках патанала школа)... Вучні любілі яе прадмет больш, чым фізкультуру.

Але настаўніцы хацелася большага. У многіх калег была, напрыклад, вышэйшая адукацыя, а ў яе — толькі тэхнікум. І каму тут будзеш расказваць, што менавіта ён, індустрыяльна-педагагічны, забяспечваў тады інтэрнатам, харчаваннем і спецвопраткай, матэрыяльна падтрымліваў, можна сказаць, ратаваў.

На першы погляд здавалася, што Тамара не з такіх. Ну сапраўды, якія матэрыяльныя цяжкасці могуць быць у дачкі старшыні калгаса і ўнучкі «амерыканца»?

А ўсё было проста: той старшыня не абцяжарваў сябе любімага клопатам пра сям'ю і хутка некуды з'ехаў, а заможны дзядуля, які (хадзілі чуткі) з заробкаў у Штатах прывёз чамадан грошай ды золата, не патраціўшы ні манеты, схаваў іх так, што ніхто не знайшоў да сёння...

Іншымі словамі, Тамары, каб пражыць, каб адзецца і абуцца, зарабіць хоць якую капейку, прыйшлося змалку вучыцца шыць, вязаць, вышываць, ткаць, маляваць, трохі пазней — малярыць, распрацоўваць інтэр'еры кабінетаў, кіраваць машынай (а калі спатрэбіцца, то рамантаваць...) і — ужо будучы замужам, з двума дзеткамі, — атрымаць такі вышэйшую адукацыю, стаць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, зрабіць свой кабінет па гэтым прадмеце найлепшым у раёне!

...Расказ пра Тамару Рыгораўну Несцяровіч будзе няпоўны, калі не сказаць пра яшчэ адно яе захапленне — вывучэнне роднага краю, яго спадчыны і, у прыватнасці, багатага народнага фальклору, які заўсёды «ўплятаўся» ў праграму выступленняў вядомага ў раёне ансамбля «Калінка» пры мясцовым сельскім клубе.

...Многае, на жаль, даўно ў мінулым. Няма цяпер ні гуртка мастацкай самадзейнасці, ні клуба, ні бібліятэкі, з вёскі з'язджала і з'язджае моладзь. Але, на шчасце, у мясцовай школе па-ранейшаму звіняць дзіцячыя галасы, па-ранейшаму працуе калектыў настаўнікаў, сярод якіх і на ўсе рукі майстар Тамара Рыгораўна Несцяровіч.

Ніна БУРКО

Бярэзінскі раён


Чужы сын... А быццам свой!

Праўду кажуць: і хітры ліс у пастку трапляе, і ў цесце можна палец вывіхнуць! Вось і я — сталы і не дурны чалавек як быццам, а па дарозе ў Глыбокае правароніла, прапусціла патрэбны прыпынак — выйшла не там, дзе трэба.

Стаю, вакол сябе азіраюся і думаю: што ж рабіць далей?

На шчасце, зусім непадалёк убачыла дамы незнаёмай вёскі і ў першым жа прасторным двары — машыну і чалавека ў рабочай вопратцы. Падышла, без ніякіх асаблівых надзей расказала пра сваю непрыемнасць (на вуліцы тым часам ужо змяркалася). Мужчына выслухаў, моўчкі падышоў да калодзежа, памыў рукі, камусьці патэлефанаваў па мабільным, адчыніў дзверцу машыны, сказаў: «Сядайце».

Я, ну вядома ж, адразу, ад слова, што называецца! Мы паехалі!

...Па дарозе я даведалася, што майму выратавальніку 58 гадоў (майму сыну — столькі ж), што працуе ён на чыгунцы, што завуць яго Уладзімір Скробут, што ў яго тры дачкі і тры вельмі добрыя зяці (рэдка ды ўсё ж бывае!), чатыры ўнучкі і адзін унук, што ўсе гэтыя блізкія людзі жывуць на сваёй радзіме, хоць і ў розных месцах...

За размовай, неўпрыкмет, мы, як потым даведалася, праехалі 27 кіламетраў.

У Глыбокім я папрасіла кіроўцу высадзіць мяне на першым жа прыпынку грамадскага транспарту: далей, маўляў, сама... Аднак ён давёз мяне да патрэбнага месца і пра плату нават не заікнуўся...

Я даўно жыву на зямлі і ведаю, што пра людзей трэба меркаваць не па тым, як яны выглядаюць і што часам кажуць, а па тым, што і як яны робяць. На станцыі, куды выпадкова трапіла, мне сустрэўся па-сапраўднаму добры чалавек!

На жаль, я не спытала ў яго, ці жывыя бацькі? Калі так, то шчыры дзякуй ім за выхаванне сына. Дзеля знаёмства з ім, паверце, зусім не шкада праехаць патрэбны прыпынак.

Зоя НАВАЕНКА

Глыбоцкі раён


Праверка якасці

У той дзень бабуля прыйшла дадому шчаслівая: купіла сабе новыя прыгожыя боцікі.

Дзядуля паглядзеў на іх, пакруціў у руках, убачыў цану і стаў бурчаць, што зашмат грошай аддала, што не ў яе ўзросце ўжо насіць абутак з абцасамі, што ногі на іх павыкручвае, што мазалі панацірае, што боты і наогул праз дзень разваляцца...

Бабуля, слухаючы гэта, ледзь не заплакала! Не дзіва, што ўнук, Мікітка, паспяшаўся на выручку. Праз пару гадзін ён прыбег з вуліцы і аб'явіў:

— Дзядуля, ты дарэмна лаяў новыя бабуліны боцікі! Я ў іх з хлопцамі ў футбол пагуляў, сем галоў забіў, уяўляеш?! І во — паглядзі: абодва цэлыя! Ніводнай дзірачкі! І ніводнага мазаля.

Вольга ФЯДЗЯШЫНА

г. Слуцк

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?