Вы тут

Ініцыятыва ў дзеянні. «ДеТочка» для дзетачак і не толькі


Законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання», прыняты ў мінулым месяцы дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ў першым чытанні, адкрые дадатковыя магчымасці для развіцця мясцовага самакіравання і кіравання на месцах. У гэтым перакананыя дэпутаты і грамадскія актывісты Гомельшчыны.


У рэгіёне неабыякавыя да сваіх населеных пунктаў людзі працягваюць ажыццяўляць сацыяльна значныя праекты грамадскіх ініцыятыў. На рэгіянальным узроўні ўпершыню абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў правяла конкурсны адбор грамадзянскіх ініцыятыў для далейшай фінансавай падтрымкі. Пераможцамі сталі 18 праектаў, прадстаўленыя жыхарамі 14 раёнаў Гомельшчыны. Цалкам рэалізавалі 11 праектаў.

Адну з апошніх агульных ідэй ажыццявілі жыхары мікрараёна актыўнай жыллёвай забудовы «Маладзёжны» ў Мазыры. Доўгачаканую мару маладых бацькоў і іх дзяцей — новую гульнявую зону «ДеТочка парк» — удалося ператварыць у жыццё менавіта дзякуючы перамозе ў абласным конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў. Упершыню ўзяла ўдзел у абласным конкурсе і склала праект ініцыятыўная група Мазырскай сярэдняй школы № 11. Падтрымалі ідэю таксама раённыя грамадскія арганізацый і самі жыхары мікрараёна «Маладзёжны», на тэрыторыі якога размешчана школа.

— Гульнявых пляцовак на тэрыторыі мікрараёна горада не так шмат, таму гэты праект задумваўся не толькі як школьная гульнявая пляцоўка, а і месца сямейнага адпачынку для ўсіх жыхароў прылеглых да нашай школы дамоў, — растлумачыла кіраўнік ініцыятыўнай групы, дырэктар Мазырскай сярэдняй школы № 11 Яўгенія Варановіч.

Па яе словах, дадатковы стымул актыўна ўзяцца за агульны праект дало тое, што дарослыя і дзеці разам добраўпарадкоўвалі тэрыторыю пад будучы гульнявы комплекс, высаджвалі на тэрыторыі пляцоўкі дрэвы. Гэтым самым была выканана галоўная ўмова конкурсу — удзел у сафінансаванні расходаў на рэалізацыю праекта.

Адкрытая гульнявая пляцоўка дае магчымасць арганізаваць занятасць дзяцей і падлеткаў з удзелам бацькоў, бабуль і дзядуль, педагогаў школы. Тут будуць праводзіцца сацыяльныя і экалагічныя акцыі, спартыўныя святы і іншыя мерапрыемствы не толькі са школьнікамі, і але і з выхаванцамі дзіцячых садкоў мікрараёна, перакананыя актывісты ініцыятыўнай групы.

— Наша дзіцячая пляцоўка і надалей будзе развівацца, папаўняцца новымі гульнявымі зонамі, абсталяваннем. У будучыні плануем праводзіць тут спартыўныя мерапрыемствы, квэсты, майстар-класы, гульнявыя праграмы з аніматарамі, — дадала Яўгенія Варановіч.

Дырэктар школы перадала словы падзякі ўсім, хто дапамог адкрыць такую неабходную зону адпачынку для дзяцей і бацькоў.

— Упэўненая, што разуменне дачынення тваёй сям'і да добрай агульнай справы стане для нашых юных наведвальнікаў стымулам беражліва ставіцца да гульнявога абсталявання і шанаваць чужую працу.

Вучні школы разам з педагогамі і бацькамі ўжо пачалі праводзіць новыя ідэі добраўпарадкавання тэрыторыі вакол гульнявой прасторы ў жыццё. Кожны клас выказаў жаданне даглядаць свае зялёныя насаджэнні, якія былі закладзеныя побач з зонай адпачынку.

— Грамадзянская ініцыятыва па добраўпарадкаванні адкрытай гульнявой пляцоўкі ў Мазыры рэалізаваная пры фінансавай падтрымцы Банка развіцця Рэспублікі Беларусь, — адзначыла старшыня Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька. — Сёння на Гомельшчыне цалкам рэалізавана 11 праектаў грамадзянскіх ініцыятыў, накіраваных на паляпшэнне якасці жыццядзейнасці жыхароў населеных пунктаў вобласці, паспяхова асвоена больш за 90 тысяч беларускіх рублёў. Агульная сума сафінансавання праектаў грамадзянамі і грамадскімі арганізацыямі, паводле папярэдніх ацэнак, склала каля 60 тысяч рублёў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Мазырскай сярэдняй школы № 11

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.