Вы тут

Дэпутаты Магілёва і Брэста абмяняліся вопытам захавання гістарычнай памяці


Такая форма стасункаў у дэпутатаў становіцца ўсё больш папулярнай. Старшыня Магілёўскага гарсавета Максім Гурын тлумачыць, што кантакты з калегамі з іншых абласцей дапамагаюць не толькі даведацца пра іх работу, але і яшчэ бліжэй пазнаёміцца са слаўным мінулым роднай Бацькаўшчыны. Падарожжа адбылося ў рамках дэпутацкага праекта «Дарогамі гістарычнай памяці». У ім прынялі ўдзел і прадстаўнікі Маладзёжнага парламента.


Магілёў і Брэст шмат чым падобныя ў сваёй ваеннай гісторыі. У Магілёве пра мужнасць і самаадданасць абаронцаў нагадвае легендарнае Буйніцкае поле, у Брэсце — крэпасць, якая першая прыняла на сябе ўдар ворага. Падарожжа рабілася з ухілам менавіта на такія знакавыя месцы. Тут асабліва востра адчуваецца гістарычная праўда.

— Мы спецыяльна запрасілі юных прадстаўнікоў улады з сабой. Хацелася, каб яны насыціліся гэтым духам, прасякнуліся гісторыяй, — кажа Максім Гурын. — Нават транспарт выбіралі з такім разлікам, каб рухацца няспешна і атрымаць як мага больш уражанняў: падарожнічалі не на аўтобусе, а па чыгунцы. І адразу з цягніка адправіліся ў Брэсцкую крэпасць.

Дэпутат Магілёўскага гарсавета, завуч школы № 34 Галіна Бяляева прызнаецца, што пасля экскурсіі па Брэсцкай крэпасці яшчэ доўга знаходзілася пад уражаннем ад убачанага і пачутага.

— Я наогул упершыню наведала Брэст, хаця даўно марыла пабываць ў крэпасці, асабліва на тым месцы, дзе абаронцы, рызыкуючы жыццём, набіралі ваду для дзяцей і жанчын, якія аказаліся заблакіраванымі разам з імі. Я ўбачыла яго, а яшчэ шмат іншых, не менш трагічных. У крэпасці жыхары ратаваліся сем'ямі. Нам паказалі, дзе загінуў адзін з абаронцаў, прыкрыўшы сабой ад разрываў снарадаў 10-гадовага сына. Загінулі таксама яго жонка і яшчэ адзін сын. А гэты хлопчык выжыў. Адзіны з сям'і. Медыкі ледзь выхадзілі падлетка, дасталі з яго цела 13 асколкаў. Калі ён вырас, стаў урачом, працаваў у Брэсце. І часта бываў у крэпасці, на тым месцы, дзе вайна адняла яго бацьку і ўсю яго сям'ю. Такія жывыя гісторыі кранаюць сэрца заўсёды, нягледзячы на тое, колькі часу прайшло.

Настаўніца ўспомніла, што яе вельмі абурыла, калі год таму яна ўбачыла ў спісе самых непрыгожых помнікаў, якія праанансаваў амерыканскі тэлеканал CNN, Брэсцкую крэпасць.

— Як такое наогул можна было казаць?! Гэта вельмі цынічна, абразліва, зняважліва да народа, які перажыў такую страшную трагедыю, — кажа яна. — Тыя, хто складаў гэты спіс, суб'ектыўна падышлі да тэмы, нават не ўнікаючы ў яе. Тут такая вялікая канцэнтрацыя болю і чалавечага гора, што адчуваеш проста фізічна. Зразумела, тым, хто хоча перапісаць гісторыю, гэта нявыгадна. Нават экскурсаводы казалі, што ім і зараз перыядычна даводзіцца трымаць барону. Бо знаходзяцца псеўдагісторыкі, якія нават відавочныя факты спрабуюць сказіць.

Старшыня Маладзёжнага парламента пры Магілёўскім гарсавеце Дар'я Францікава паездку ў Брэст назвала адным з самых цікавых падарожжаў у яе жыцці.

— Калі мы, праехаўшы ноч, раніцай адразу з цягніка паўсонныя пайшлі ў Брэсцкую крэпасць, думалі, што робім подзвіг. Але хутка зразумелі, што наш «подзвіг» — нішто ў параўнанні з тым, які здзейснілі гераічныя абаронцы. Тыя гісторыі хутка прагналі сон, нельга было без хвалявання слухаць, што перажылі людзі.

Трохдзённая паездка дала магчымасць пабываць у самых розных месцах Брэста, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі. Як, напрыклад, жыхар Брэста Аляксей Цікуноў, які стварыў унікальны музей сапраўднай уніформы, рыштунку і грашовых знакаў перыяду Першай і Другой сусветных войн.

— Музей знешне непрыкметны, размешчаны ў нейкім павільёне на рынку, але, калі заходзіш унутр, адчуваеш адначасова і захапленне, і здзіўленне, і ўзрушэнне, — кажа Дар'я. — Неверагодна цікавы аб'ект, дзе кожная дробязь — гузік, чаравік, манетка — мае сэнс.

Яшчэ з адным незвычайным музеем пад адкрытым небам — алеяй з помнікаў савецкім воінам, якія знеслі ў Польшчы,— магіляўчане пазнаёміліся ў аграгарадку Мухавец. Брэсцкі дэпутат і прадпрымальнік Наталля Ільніцкая спецыяльна адшуквае «экспанаты» для гэтай алеі ў ваяводствах суседняй недружалюбнай краіны і прывозіць у Брэст. На некаторых помніках ёсць падзякі і польскім вызваленцам, але гэта не выратавала іх, бо побач былі пазначаны яшчэ і савецкія.

— Вось яна, заходняя дэмакратыя, — вайна з помнікамі, загінулымі салдатамі, якія не могуць адказаць, — кажа Галіна Бяляева. — Як жа цяжка нашым суседзям быць удзячнымі народу, які страціў у той вайне больш за ўсіх.

Брэсцкія дэпутаты паказалі сваім гасцям шмат іншых цікавых куточкаў роднага горада, якія сведчаць пра больш чым 1000-гадовую яго гісторыю. А яшчэ — ну як жа без гэтага — Белавежскую пушчу з дрэвамі-волатамі, якія бачылі падзеі 400- і нават 600-гадовай даўніны.

— Вельмі хацелася б яшчэ раз падзякаваць нашым калегам і асабіста старшыні Брэсцкага гарсаваета Мікалаю Красоўскаму за сардэчны прыём, — кажа Максім Гурын. — Мы абмяняліся прывітальнымі адрасамі і сімвалічнымі падарункамі. А заадно падзяліліся вопытам захавання памяці пра падзеі ваенных гадоў. Прывезлі ў падарунак нашым сябрам дзве кнігі з сямейнымі гісторыямі, дзе жыхары Магілёўшчыны расказваюць, як іх продкі перажылі вайну. Гэтыя кнігі — праект Магілёўскага гарсавета ад пачатку да канца. І мы ўжо працуем над трэцяй кнігай.

Для прадстаўнікоў Маладзёжнага парламента падарожжа стала добрым урокам патрыятызму ад старэйшых калег. «У нас была магчымасць не толькі ўбачыць шмат чаго цікавага і пазнавальнага, але яшчэ і абмеркаваць гэта з дэпутатамі, — адзначыла Дар'я Францікава. — Вельмі важна, што яны нам усё гэта паказваюць. У такія моманты разумееш, наколькі прыгожая і чароўная наша краіна і наколькі важна яе цаніць і берагчы, як гэта рабілі нашы мужныя прадзеды.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Магілёўскага гарсавета

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?