Вы тут

Цукразамяняльнікі: карысная альтэрнатыва, маркетынгавы ход ці шкода здароўю?


Заменнікі цукру б'юць рэкорды продажу. Попыт на салодкія двайнікі падаграваюць урачы, якія часта выступаюць супраць звычайнага цукру, называючы яго адным з галоўных ворагаў здароўя.


Вытворцы запэўніваюць, што цукразамяняльнік больш карысны за цукар, і спасылаюцца на Сусветную арганізацыю аховы здароўя, якая рэкамендуе памяншаць колькасць цукру ў рацыёне. Урачы не кажуць прама, што трэба пераходзіць на заменнікі і падсаладжальнікі, але, як пацвярджаюць фінансавыя справаздачы кампаній па вытворчасці заменнікаў цукру, чыстая выручка ад іх продажу дасягае 20 мільярдаў долараў. Гэта ўжо толькі ў два разы менш, чым ад продажу цукру, і разрыў імкліва скарачаецца.

Найбольшы ўклад уносіць самы папулярны ў свеце падсаладжальнік — аспартам, ён жа Е951, яго ж найбольш крытыкуюць, што і кідае цень на ўсе падобныя рэчывы. Першае, што насцярожвае, гэта тое, што вынайдзены аспартам быў памылкова — падчас хімічных доследаў амерыканскага навукоўца, які марыў адкрыць новыя лекі ад хвароб страўніка. Але пра свае добрыя намеры ён забыўся, калі аб аспартаме даведаліся харчовыя кампаніі-монстры. З тых часоў аспартам часцей за іншыя іранічна дадаюць у газіроўкі, жуйкі, чыпсы, соусы, ледзянцы — не самыя дружалюбныя для страўніка прадукты.

Аднак у 1990-я вакол аспартаму ўсё ж здарыўся скандал: СМІ ў адзін голас загаварылі, што падсаладжальнік смяротна небяспечны. Хімікі высветлілі, што, награваючыся ў арганізме, аспартам распадаецца на тры кампаненты, у тым ліку метанол, аднак у мікраскапічных дозах. Урачы з ЗША пасля шуміхі правялі маштабнае даследаванне аспартаму і па яго выніках прызналі падсаладжальнік абсалютна бяспечным.

На некаторых расійскіх заводах, дзе вырабляюць нізкакаларыйную газіроўку, вельмі выгадны аспартам, які зніжае сабекошт, не дадаюць менавіта з-за яго дрэннага іміджу, замяніўшы на іншы падсаладжальнік — Е952, або цыкламат натрыю. Гэта таксама ветэран на рынку салодкіх дабавак. Міністэрства аховы здароўя Злучаных Штатаў прызнала яго бяспечным і дазволіла ў канцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя, аднак праз 12 гадоў рэчыва ў тых жа ЗША забаранілі.

Зрэшты, амерыканскія даследаванні не пераканалі ўрачоў і чыноўнікаў з Еўропы, Канады, Аўстраліі, бо даследчыкі кармілі цыкламатам натрыю пацукоў, анатомія і метабалізм якіх моцна адрозніваюцца ад чалавечых. Прычым давалі жывёлінам штодня проста гіганцкую дозу цыкламату — столькі ж, колькі ў палове тысячы слоікаў дыетычнай газіроўкі. На рак у выніку захварэлі ўсяго толькі 8 паддоследных з 240, але непасрэднай сувязі з ужываннем цыкламату натрыю так і не ўстанавілі. Таму ва ўсіх развітых краінах, акрамя ЗША, цыкламат ніхто не забараняў, а непераканаўчае даследаванне аб яго шкодзе і «чарнуха» ў СМІ, як запэўніваюць некаторыя навукоўцы, — нішто іншае, як змова ад вытворцаў цукру.

Цыкламат натрыю трапіў пад забарону роўна ў той момант, калі выручка ад яго продажаў дасягнула мільярда долараў, а продажы цукру ўпершыню ў гісторыі замарудзіліся. Дадаваць яго ў напоі, выпечку стала нявыгадна не толькі з пункту гледжання маркетынгу, але і з прычыны банальнага разліку: нягледзячы на тое, што цыкламат натрыю ў дзесяць разоў даражэйшы за цукар, расход падсаладжальніка ў 50 разоў меншы. Гэта значыць, замест дзвюх шклянак цукру ў торт можна замяшаць чайную лыжку цыкламату.

Але цікава, што супраць яшчэ аднаго падсаладжальніка з нулявой каларыйнасцю — сукралозы — верхаводы цукровага бізнесу нічога супраць не маюць і ў СМІ яе не крытыкуюць, хоць сукралоза ў 600 разоў саладзейшая за цукар. А ўсё таму, што сукралозу робяць са звычайнага бураковага цукру. І хоць яго хларыруюць для гэтага, усё роўна баяцца няма чаго, запэўніваюць тэхнолагі. Апасацца, аказваецца, трэба іншага — таго, што замест сукралозы могуць насыпаць банальны цукар. І так робяць, бо сукралоза ў вытворчасці даражэйшая, а на смак і па колеры яна і цукар — адно пад адно.

Большасць прафесійных сродкаў па доглядзе за зубамі ўтрымлівае падсаладжальнік ксіліт. Гэты салодкі кампанент робяць з бярозы і кукурузы. Для чалавека ён бяспечны, а бактэрыі, здольныя выклікаць карыес, проста не могуць ксіліт ператравіць.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.