Вы тут

Што адбудзецца, калі ў тэрмін не аплаціць камунальныя паслугі?


Тры дні нагадвала сабе аплаціць жыроўку і ўсё не знаходзіла некалькіх хвілін, каб зайсці ў інтэрнэт-банкінг. У выніку, вядома, аплаціла, але... у пачатку першай ночы 26-га чысла. Ужо наступная жыроўка прыйшла з чырвоным штампам: «Тэрмінова пагасіце запазычанасць». Налічылі і пеню — 4 капейкі. Потым, мусіць, яшчэ з паўгода прыходзіў напамін аб гэтай даўно аплачанай пені. А што бывае з тымі, хто не плаціць за жыллёва-камунальныя паслугі і за карыстанне жылым памяшканнем больш за месяц?


З кожным днём даражэй

Жыроўку мы аплачваем не пазней за 25-ы дзень кожнага месяца за паслугі, атрыманыя ў мінулым месяцы. Прасцей гаворачы, у лістападзе будзем плаціць за тое, чым карысталіся ў кастрычніку. А хто не заплаціць, таму за кожны дзень пратэрміноўкі будзе налічвацца пеня ў памеры 0,3 % ад сумы доўгу.

Важны момант: пеня налічваецца аўтаматычна, і сума запазычанасці абнаўляецца кожны дзень. Напрыклад, запазычанасць складае 50 рублёў. У першы дзень пратэрмінаванага плацяжу пеня складзе 15 капеек, у другі дзень яна будзе разлічвацца па формуле: 50.15х0,3 % = 50.30. І так кожны дзень на ўсю суму, якая расце, будзе налічвацца пеня. Таму ў даўжнікоў з вялікім стажам сума пені перавышае суму запазычанасці.

Калі чалавек хутка пагасіць запазычанасць — гэта значыць, яшчэ да наступнага разліковага перыяду, то ніякіх непрыемнасцяў, як правіла, не здараецца.

А не заплаціце — адключым газ

Як толькі ўласнік ці наймальнік праігнаруе аплату ЖКП на працягу двух месяцаў запар, спецыялісты разлікова-даведачных цэнтраў пачынаюць яго турбаваць. Гэта могуць быць званкі на хатні тэлефон як спецыяліста, так і робата, пісьмовы напамін, а то і асабісты візіт. Калі ў сям'і неплацельшчыкаў ёсць дзеці-школьнікі, то можна чакаць візіту класнага кіраўніка, участковых інспектараў міліцыі.

Само сабой, «капае» і пеня. Калі ўсе гэтыя меры не прымусяць чалавека разлічыцца за ЖКП, яму накіроўваюць заказным лістом папярэджанне аб неабходнасці разлічыцца на працягу 5 дзён, інакш будзе прыпынена аказанне жыллёва-камунальных паслуг: вады, газу, электрычнасці. А раз няма электрычнасці, то дамафон не працуе, тэлевізар і інтэрнэт таксама адпачываюць.

Але на практыцы не так проста адключыць некаторыя паслугі, асабліва калі ў кватэры зарэгістраваныя дзеці ці інваліды. Ну ці, напрыклад, няма магчымасці закрыць для даўжніка доступ у ліфт. Так што некаторымі паслугамі ён усё роўна будзе карыстацца.

Трэба мець на ўвазе, што пасля адключэння аказанне паслуг аднаўляецца на працягу не больш як двух сутак пры ўмове, што аплачана не толькі запазычанасць, але і затраты, звязаныя з аднаўленнем аказання камунальных паслуг.

Праз тры месяцы ў дачыненні да неплацельшчыкаў падаюцца дакументы ў натарыяльную кантору, дзе афармляюць выканаўчыя прадпісанні на спагнанне доўгу ў парадку бясспрэчных патрабаванняў. Гэта значыць, што на пагашэнне запазычанасці будуць вылічвацца грошы з заробку, пенсіі і іншых даходаў. Калі ўласнік або наймальнік жылля не згодны з сумай доўгу, можна пісьмова звярнуцца ў арганізацыю, якая налічвае плату за ЖКП. У гэтым выпадку натарыяльнае прадпісанне атрымана не будзе, а рашэнне аб спагнанні запазычанасці і яе суме прымае суд.

Калі ў даўжніка няма ніякіх даходаў, суд можа накласці арышт на маёмасць. Таксама даўжнікам за ЖКП могуць забараніць выязджаць з краіны, карыстацца мабільнай сувяззю, кіраваць асабістым аўтамабілем. Трэба мець на ўвазе, што істотная запазычанасць за ЖКП адлюстроўваецца ў крэдытнай гісторыі. А вось аплаціць жыроўку, дарэчы, можна нават некаторымі картамі растэрміноўкі.

Пры ўмове выплаты асноўнага доўгу можа праводзіцца спісанне пені — па рашэннях гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў.

Ад перасялення да высялення

Ігнараванне аплаты за ЖКП больш за паўгода пагражае самымі сур'ёзнымі наступствамі. ЖРЭА падаюць у суд іскі на перасяленне, высяленне наймальнікаў-неплацельшчыкаў і прымушэнне да адчужэння жылога памяшкання, калі размова ідзе аб уласніках.

Цяпер у нас, акрамя ўласнікаў, ёсць дзве катэгорыі наймальнікаў жылля. Гэта, скажам так, наймальнікі з савецкім стажам, то-бок тыя, хто не прыватызаваў жыллё да 1 ліпеня 2016 года. Да іх Жыллёвы кодэкс больш лаяльны: гэтая катэгорыя неплацельшчыкаў падлягае высяленню ў судовым парадку з выдзяленнем ім іншага жылога памяшкання, якое па агульнай плошчы менш, чым займанае і/ або саступае яму па сваіх спажывецкіх якасцях. У такім выпадку жыллё могуць выдзеліць і за межамі населенага пункта, у якім пражываў неплацельшчык.

А вось даўжнікоў, якія пражываюць у дзяржаўных арэндных кватэрах, гэта значыць, уключаных у склад такога жылля пасля 1 ліпеня 2016 года, і інтэрнатах, высяляюць без выдзялення іншай жылплошчы.

А што з уласнікамі?

Уладальнікам уласных квадратных метраў даецца год на пагашэнне запазычанасці. Яны могуць проста разлічыцца ці прадаць сваю кватэру з наступнай аплатай пазыкі. Калі ж запазычанасць не пагашаецца, уступае ў дзеянне механізм прымусовага продажу з публічных таргоў у судовым парадку.

Факты высялення, напрыклад, з арэнднага жылля вядомыя. Уласнікі ж знаходзяць магчымасць разлічыцца. Некаторыя удала карыстаюцца свайго роду ахоўнымі граматамі — зарэгістраванымі ў кватэры непаўналетнімі або інвалідамі. Калі даўжнік пачынае хаця б часткова аплачваць рахункі, гэта таксама ставіць на паўзу пытанне аб прымусовым перасяленні.

Партрэт неплацельшчыка

Прынята думаць, што неплацельшчыкі за камуналку — маламаёмасныя, пенсіянеры, маргінальныя грамадзяне. Насамрэч гэта далёка не так. Самая вялікая катэгорыя неплацельшчыкаў — тыя, хто «закруціўся і забыўся», у іх запазычанасці больш, чым месяц-два, не бывае. Але, як той казаў, яны бяруць колькасцю, бо дзякуючы ім сума недаплат атрымліваецца вельмі вялікая.

Вядома, што ў Мінску ў новых дамах цэлыя пад'езды выкуплены замежнымі грамадзянамі. І хоць атрымаць жыроўку можна па электроннай пошце, а заплаціць анлайн, некаторыя з іх назапашваюць даўгі да чарговага візіту ў нашу сталіцу.

Асобна варта сказаць пра тых, хто памыляецца адносна сваіх абавязкаў па аплаце паслуг ЖКП. Часам спадчыннікі не плацяць, пакуль не аформяць свае долі нерухомасці. Пры гэтым забываюць пра тое, што яны маюць права аплачваць расходы па ўтрыманні маёмасці і такім чынам фактычна ўступаюць у права спадчыннікаў.

Некаторыя лічаць, што плаціць за ЖКП трэба, калі зарэгістраваўся і ўсяліўся ў кватэру, а пакуль у новабудоўлі ідзе рамонт, не трэба. Але плаціць за ЖКП неабходна з дня ўзнікнення права ўласнасці на нерухомую маёмасць, гэта значыць, з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі.

Для ўдзельнікаў долевага будаўніцтва, членаў арганізацый забудоўшчыкаў прадугледжаны свае правілы. Як і для членаў таварыства ўласнікаў, якія абавязаны плаціць членскія ўзносы ў парадку, устаноўленым агульным сходам. Ён жа прымае рашэнне па санкцыях у дачыненні да «непамятлівых» членаў таварыства ўласнікаў.

Якія ж высновы? Сёння амаль усе карыстаюцца інтэрнэт-банкінгам, мабільнымі дадаткамі. У іх ёсць опцыя «аўтааплата», якую можна настроіць так, што ў пэўны дзень да 25 чысла з карткі спішуць грошы за паслугі ЖКП. Менавіта так я і зрабіла пасля атрымання жыроўкі з чырвоным штампам.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.