Вы тут

Ужо скора ў Мінску адбудзецца Форум сельскіх жанчын


Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, які краіна адзначыць у найбліжэйшую нядзелю, у Мінску адбудзецца Форум сельскіх жанчын. У ім возьмуць удзел прадстаўніцы розных прафесій у сферы АПК з усіх рэгіёнаў — усяго больш за тысячу працаўніц. З некаторымі дэлегаткамі форуму пазнаёміліся карэспандэнты «Звязды».


Фота: БелТА.

«Праблем з жыллём на нашым прадпрыемстве няма зусім»

Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце акцыянернага таварыства «Жарабковічы» Алена Навалочка пачынала свой працоўны шлях на гэтым жа прадпрыемстве звычайнай даяркай. Тады гэта быў калгас «Беларусь», ферма «Сваяцічы». Сёння ферма ў складзе акцыянернага таварыства.

Алена Іванаўна ў адной гаспадарцы прапрацавала 30 гадоў. Пасля даяркі была заатэхнікам-селекцыянерам, затым — начальнікам комплексу па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы на працягу 13 гадоў. А з 2019 года дапамагае людзям у вырашэнні жыццёвых і вытворчых праблем. Гэты намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце павінен унікаць у любыя пытанні сваіх падначаленых, пачынаючы з жыллёва-бытавых праблем і заканчваючы арганізацыяй спартыўных і турыстычных мерапрыемстваў.

Як дэлегат першага форуму сельскіх жанчын Алена Навалочка асаблівую ўвагу надае жаночаму руху, ролі жанчыны ў сельскай гаспадарцы. Як правіла, праца на зямлі не з лёгкіх: даяркі, паляводы... А потым яшчэ — асабістая прысядзібная гаспадарка на сваім участку зямлі. Алена добра знаёмая з праблемамі маладых жанчын свайго прадпрыемства, якім трэба не толькі апрануць і накарміць сваіх дзяцей, але і правільна выхаваць, даць «пуцёўку» ў дарослае жыццё. А грань паміж гарадскім насельнікам і жыхаром вёскі, на думку Алены Навалочкі, паступова сціраецца. Сучасная працаўніца іх прадпрыемства наведвае манікюрныя кабінеты, цырульніцкія салоны, якія адкрываюцца ў райцэнтрах і аграгарадках.

Гаспадарка «Жарабковічы» — адна з найлепшых у Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Плошча яе сельгасугоддзяў — больш за 12 тысяч гектараў, маецца дзве школы і пяць вытворчых участкаў (былыя калгасы), усяго каля 600 работнікаў. У галоўнай гаспадарцы ёсць сталовая і дзве крамы.

Усе маці з маленькімі дзецьмі, якія працуюць тут, дакладна ведаюць, што ім дапамогуць на прадпрыемстве. Няма ў «Жарабковічах» праблем з дзіцячымі садкамі. У тых невялікіх вёсках, дзе яны адсутнічаюць, Ляхавіцкі аддзел адукацыі арганізуе падвоз дзяцей у бліжэйшыя садкі. У гаспадарцы 98 маладых работнікаў. А яшчэ 38 шматдзетных сем'яў.

Цікава, што на прадпрыемстве няма чаргі на атрыманне жылля. У свой час гаспадарка выкупіла ў насельніцтва дыхтоўныя індывідуальныя дамы, зрабіла там рамонт, рэканструкцыю (правяла водаправод і зрабіла каналізацыю), пасля чаго аддала сваім спецыялістам. На сёння ў «Жарабковічах» ў наяўнасці чатыры свабодныя такія кватэры. На прадпрыемстве спадзяюцца, што яны спатрэбяцца ў якасці прыемнага бонуса перспектыўным спецыялістам.

— У мяне ў жыцці ўсё добра, — кажа Алена Навалочка. — Я замужам, мая другая палавінка працуе начальнікам вытворчага ўчастка «Жарабковічы». Ужо дастаткова дарослы сын, які служыць капітанам ва Узброеных Сілах краіны, ён начальнік пагранзаставы. Ёсць унук, якому хутка будзе два гады.

Сяргей КУРКАЧ


Таматных спраў майстар

У ліку прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва на Рэспубліканскім форуме сельскіх жанчын ад Віцебскай вобласці — агародніца цяплічнага камбіната ўнітарнага прадпрыемства «Рудакова» Віцебскага раёна Алена Малах. Сакрэт вырошчвання самых смачных памідораў яна здабыла ў літаральным сэнсе сваімі рукамі, аддаўшы рабоце на камбінаце 25 гадоў.

Карэнная гарадская жыхарка трапіла на прадпрыемства пад Віцебскам выпадкова — без спецыяльнай адукацыі, але з вялікай ахвотай да раслінаводства. На першае месца работы, што, дарэчы, з'яўляецца адзіным у працоўнай кніжцы Алены Эдуардаўны, яе прывяла свякроў, якая даўно працавала ў цяпліцах. З таго часу, а канкрэтна з 1997 года, Алена Малах пачала асвойваць незнаёмую прафесію агародніка, і сёння з вышыні 25-гадовага працоўнага стажу яшчэ раз упэўніваецца, што абрала правільны занятак. «Галоўнае ў любой рабоце — ісці на яе з ахвотай, так і я ўжо 26-ы год дзень за днём расчыняю вялізныя дзверы ў неабдымны раслінны свет, спяшаюся да свайго калектыву аднадумцаў. Тут у адной брыгадзе мы працуем з найлепшай сяброўкай Наташай, з якой пазнаёміліся ў далёкім 1997 годзе і цяпер ідзём поруч», — расказвае жанчына.

У пачатку свайго працоўнага шляху ў «Рудакове» вырошчвала агуркі, а калі прадпрыемства пабудавала новыя цяпліцы, перайшла на памідоры. Ужо на працягу дванаццаці гадоў Алена Эдуардаўна стаіць на варце чырванабокай гародніны: з-пад яе рук насенне выходзіць саджанцамі, а потым і пладамі. Сёння дэлегатка форуму працуе ў пятай брыгадзе, якая складаецца з 13 чалавек. Пад доглядам жанчын знаходзіцца цэлы гектар пад шкляным купалам, але не зямлі ў яе прамым значэнні: памідоры тут вырошчваюць не ў чарназёме, а на мінеральнай ваце, памідорныя градкі павышаныя. Вырошчванне таматаў такім спосабам дае вышэйшую ўраджайнасць, захоўвае расліны ад інфекцый, што часта знаходзяцца ў зямлі.

Сёння ў цяпліцах вядуцца ўборачныя работы — брыгада вызваляе плошчу ад старых раслін, наводзіць парадкі на тэрыторыі. Але марыць аб адпачынку ранавата, бо ўжо 12-13 снежня пачынаецца новы пасяўны сезон: расаду вырошчваюць спачатку ў касетах, у сярэдзіне студзеня высаджваюць на гектары, пасля работнікі становяцца на свае «клеткі» — падзеленыя ўчасткі, за якімі даглядае пэўны агароднік. У красавіку пачынаецца збор першай свежай гародніны, у разгар сезона памідоры ўручную збіраюць тры разы на тыдзень. Акрамя таго, жанчыны падкручваюць і падцягваюць расліны, абрываюць пасынкі і лісце. За сезон агародніцы збіраюць каля 60 тон таматаў — гэта высокі прадукцыйны паказчык, за якім стаіць не толькі добрае надвор'е, але і захаванне тэхналогій вырошчвання на ўсіх этапах.

Сярод работнікаў камбіната ў канцы сезона падводзяцца вынікі на найлепшую ўраджайнасць гародніны, у асабістым заліку Алены Эдуардаўны ёсць дыпломы другой і трэцяй ступені. На прафесійнай ніве яе падтрымлівае муж Аляксандр, які працуе ў «Рудакове» кіроўцам. Па слядах бацькі пайшоў і старэйшы сын, дачка заканчвае медыцынскі каледж. А з нядаўняга часу Алена Эдуардаўна набыла статус маладой бабулі, чым вельмі ганарыцца і лічыць сваіх двух унукаў галоўным падарункам жыцця.

Сям'я жыве непадалёку ад камбіната ў сваім доме ў вёсцы Баронікі. Жанчына пасля цяжкага рабочага дня на нагах паспявае займацца «раслінатэрапіяй» і на асабістым падворку, таксама трымае курэй. На пытанне, ці вырошчвае яна памідоры дома, з усмешкай адказвае «вядома». «Паверце, за столькі гадоў памідоры мне не надакучылі. Муж любіць таматны сок, я кансервую розныя салаты. Гэта стэрэатып, што калі ты працуеш з якімі-небудзь прадуктамі, то па-за межамі работы на іх не хочацца глядзець. У мяне ўвогуле дзве цяпліцы з перцамі і памідорамі», — тлумачыць агародніца.

Атрымаць запрашэнне на рэспубліканскі форум, расказвае Алена Эдуардаўна, было вельмі прыемна. Гэта — яшчэ адно пацвярджэнне яе прафесійнага майстэрства, адточанага штодзённай ручной работай за два з паловай дзесяцігоддзі. І яшчэ адзін напамін аб тым, што галіна сельскай гаспадаркі заўсёды была і застаецца адной з самых важных і пачэсных прафесій.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара


Душачкіна — душа калектыву

Прафесія заатэхніка-селекцыянера не з лёгкіх. Гэта ведае кожны сельскі жыхар. Менавіта ад заатэхніка-селекцыянера залежыць прадукцыйнасць грамадскага статка. А значыць, і надоі, і прывагі жывёлы, і перспектывы развіцця жывёлагадоўчай галіны. Людзям гэтай прафесіі ўласцівы разважлівасць, вытрымка, уменне прымаць імгненнае рашэнне ў экстрэмальных сітуацыях. І, вядома, любоў да ўсяго жывога. Рабочы дзень заатэхніка-селекцыянера пачынаецца з самай раніцы. Неабходна зрабіць абход статка, праверыць, як адчуваюць сябе падапечныя, наведаць радзільнае аддзяленне, агледзець цялят.

Раіса Душачкіна практычна ўсё жыццё прысвяціла гэтай прафесіі. І невыпадкова. Яна нарадзілася ў Веткаўскім раёне ў простай сям'і. Маці ўсё жыццё працавала даяркай, бацька
лесасекам. Сям'я трымала вялікую гаспадарку. А як жа інакш, сужэнцы выхоўвалі шасцёра дзяцей. Сыны і дочкі раслі працавітымі, дапамагалі тату з маці ўпраўляцца з хатнімі справамі, у полі, на агародзе, даглядаць жывёлу. Таму з сельскай гаспадаркай, нялёгкай сялянскай працай, Раіса Анатольеўна была знаёмая з ранняга дзяцінства.

— Мне падабалася даглядаць жыўнасць, яшчэ ў школе ведала, што звяжу сваё жыццё з жывёлагадоўляй, — кажа дэлегатка Форуму сельскіх жанчын. — Спачатку вучылася ў Смаленскім сельскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы. Пасля заканчэння прыехала на малую радзіму, працавала лабарантам на ферме. Затым паступіла ў Рэчыцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, пасля вучобы працавала заатэхнікам-селекцыянерам у Веткаўскім раёне.

Пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі пераехала на Лагойшчыну, уладкавалася ў адкрытае акцыянернае таварыства «Косіна», гаспадарка выдзеліла спецыялісту дом.

Пэўны час Раісе Анатольеўне давялося папрацаваць і вядучым спецыялістам па Лагойскім раёне цэнтра інфармацыйных сістэм у жывёлагадоўлі, дзе адсочвала якасць сельскагаспадарчай прадукцыі, вяла ўлік жывёлы ад самага нараджэння. Заатэхнік-селекцыянер — не менш значная пасада. Менавіта ён адказвае за будучыню малочнай фермы, праводзіць кантроль за ўтрыманнем пагалоўя, у тым ліку за мікракліматам у памяшканнях, асвятленнем, выгулам, наяўнасцю посцілкі.

Раісе Душачкінай даводзіцца працаваць і з паперамі, дакументаабаротам. Але ўсё ж ёй больш па душы жывая практыка.

— Еду на ферму заўсёды з настроем, — прызналася суразмоўніца.

Але не толькі працай жыве Раіса Душачкіна. Жанчына выхавала двух дзяцей, якія заўсёды дапамагаюць ёй у хатніх справах, падтрымліваюць ва ўсім. Дзеці не звязалі сваё жыццё з сельскай гаспадаркай, працуюць у сталіцы. Як лічыць маці, кожны мае права на самастойны выбар прафесіі. Галоўнае, каб любілі абраную справу.

Радуюць бабулю і ўнукі, якія разам з бацькамі наведваюцца да яе.

— Калі вы даведаліся, што вас выбралі дэлегатам Рэспубліканскага форуму сельскіх жанчын? Што адчулі на той момант? — пацікавілася ў Раісы Анатольеўны.

— Шчыра скажу, для мяне гэта было неспадзявана. Расхвалявалася спачатку. Бясспрэчна, вельмі ганарова ўдзельнічаць у такім мерапрыем-
стве, — лічыць спецыяліст. — Мне будзе цікава паслухаць іншых жанчын, пазнаёміцца з новымі людзьмі, падзяліцца вопытам у кулуарах.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ


Як мара з Пецярбурга ў Хойнікі прывяла

У 1990-я, калі з-за наступстваў трагедыі на Чарнобыльскай АЭС многія пакідалі гарады і вёскі паўднёва-ўсходняга рэгіёна Беларусі, маладая ленінградка Алена Волкава прамяняла горад на Няве на беларускія Хойнікі. І вось ужо 30 гадоў не здраджвае свайму адзінаму месцу працы ў сельгаспрадпрыемстве «Судкова». Алена Віктараўна — адзіная жанчына ў Гомельскай вобласці, якая працуе трактарыстам-машыністам у гаспадарцы.

— Вучылася ў школе на «чатыры» і «пяць», але з самага дзяцінства марыла стаць толькі шафёрам. І дзякуй маёй маме, царства ёй нябеснае, за тое, што не адгаварыла мяне. У 1984 годзе здзейснілася мая мара: здала экзамен на язду на матацыкле. Пасля школы пайшла вучыцца на трактарыста-машыніста ў вучылішча. У групе быў 31 хлопец і я — адна дзяўчынка. На вытворчай практыцы ў Ленінградскай вобласці пачала працаваць у гаспадарцы на трактары. Адразу зразумела, што гэта маё, — расказвае пра сябе даўно ўжо сапраўдная зорка Хойнікаў Алена Волкава.

Грузавыя машыны, бульбаўборачны трактар, пагрузчык, прэс... У першыя гады працы Алена паспела асвоіць практычна ўсю лінейку цяжкай тэхнікі. Аказалася, у дзяўчыны сапраўдны дар кіраваць вялікімі машынамі. Напэўна, ён перадаўся ёй ад бацькі, які быў механізатарам. На жаль, гэта старонка яе жыцця сумная. Бацька не браў маленькую Лену з сабой на працу, не садзіў за руль камбайна. Кінуў сям'ю з чатырма дзецьмі.

— Маці працавала ў гаспадарцы і нас адна падымала. Але запал да тэхнікі ў крыві, што ад бацькі перадаўся, быў ва ўсіх дзяцей, — дзеліцца трактарыст-машыніст.

У складаныя 90-я Алена Віктараўна пачала будаваць сваё сямейнае шчасце. З мужам ужо выхоўвалі двое дзетак, калі знаёмая літаральна заразіла ідэяй пераехаць з Пецярбурга ў Беларусь — на поўдзень, у Хойнікі. Рашэнне дачкі і зяця падтрымала маці Алены, якая паехала ўслед. Калі ж дачка знайшла добрую працу ў мясцовай гаспадарцы, бабуля дома гадавала дзяцей. Ужо ў Хойніках Алена нарадзіла трэцяе дзіця.

— У мяне самая лепшая сям'я, я мама траіх ужо дарослых дзяцей і бабуля шасцярых унукаў, — не хавае свайго шчасця Алена Віктараўна. — У мяне чатыры ўнучкі і два ўнукі. Яны нават бабуляй мяне не завуць, уяўляеце, толькі «бабулечка, бабусечка», і кажуць, што заўжды будуць ганарыцца мною. Старэйшай унучцы 14 гадоў ужо. Кажа: «Бабуля, ты самая крутая і класная ва ўсім свеце!»

Ганарыцца сваёй мамай і бабуляй Волкавым з Хойнікаў ёсць за што. Алена Віктараўна — гонар калектыву гаспадаркі «Судкова». У 2004 годзе трактарыст-машыніст атрымала адрасны падарунак ад Прэзідэнта Беларусі — новенькі трактар з надпісам «Жанчыны зямлі беларускай».

— На ім адпрацавала сем гадоў. Я да гэтага часу з цеплынёй успамінаю тую цырымонію, дзе нас, работніц гаспадаркі, вітаў Прэзідэнт краіны, — узгадвае жанчына.

Алена Волкава з Хойніцкага раёна была прызнана «Чалавекам года — 2015» на Гомельшчыне ў намінацыі «Адкрыццё». У 2017 годзе на абласным фестывалі-
кірмашы «Дажынкі» работа Алены Віктараўны была адзначана падарункам ад кіраўніцтва Гомельшчыны. «Губернатарскі» трактар «МТЗ-82-1», за рулём якога Алена працуе і цяпер, да гэтага часу — проста «лялечка». Усю тэхніку, на якой працуе, трактарыст-машыніст абслугоўвае вельмі адказна.

— Я настолькі прывыкла да працы на трактары, што не разумею, як без яе жыць. З вясны і да позняй восені з шасці раніцы да васьмі вечара на змене, — кажа Алена Віктараўна.

Галоўнае пытанне ад мужчын звычайна: «Чым дапамагчы, можа?», ад жанчын: «Як вытрымліваеш такі рытм?»

— Мая сіла — у характары, сваіх прынцыпах у працы. Але самае галоўнае, што калектыў давярае, паважае. Цяпер мая праца ў асноўным за рулём прэса. Прэсую сена і салому падчас нарыхтоўкі кармоў. Працы вельмі шмат. Працую і на ўнясенні ўгнаенняў. Раней, калі наша гаспадарка саджала бульбу, працавала шмат і на саджалцы, і на бульбаўборачным камбайне, — пералічвае Алена.

На пытанне, як за столькі гадоў цяжкай напружанай працы яна не стамілася, адказвае, што сакрэту ніякага няма:

— Не ведаю, як растлумачыць, проста мне вельмі падабаецца мая праца. Ні разу не пашкадавала аб сваім выбары. А настрой на працу для работнікаў стварае кіраўніцтва. У нас з гэтым усё ў парадку.

Алена Волкава прызнаецца, што цяпер, калі сезон на сяле крыху запаволіў свой рытм, яна была вельмі рада запрашэнню на Форум сельскіх працаўніц Беларускага саюза жанчын. Да святочнага мерапрыемства работніца гаспадаркі з Хойнікаў старанна падрыхтавалася.

— А што, і сукенку сабе прыгожую купіла. Я не паеду ў вобразе трактарысткі. Абцасы, праўда, ужо не вытрываю, але новыя боцікі, нарэшце, выгуляю, — какетліва прызнаецца жанчына.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Наталлі Равякі


«Пра горад нават і не мару»

Дэлегатка з Касцюковіч пра тое, што ў сельскім жыцці плюсоў значна больш, чым у гарадскім

Анастасія Масюкевіч будзе прадстаўляць на Форуме сельскіх жанчын у Мінску калгас з красамоўнай беларускай назвай «Парыжская слабада» Касцюковіцкага раёна. Маладая жанчына працуе тут аператарам машыннага даення і лічыць, што ёй пашчасціла з прафесіяй.

Анастасіі 29 гадоў, нарадзілася ў Касцюковічах у сям'і сельскіх працаўнікоў. Маці была цялятніцай у калгасе, бацька — жывёлаводам. Уласная сям'я Анастасіі таксама звязана з сельскай гаспадаркай, яе муж — механізатар. Таксама, дарэчы, з сям'і аграрыяў. Толькі родам з Кіраўскага раёна. Пазнаёміліся сужэнцы даволі рамантычна. Мікалай памыліўся нумарам, разгаварыліся і вось ужо разам болей чым 11 гадоў. У жыцці шмат агульнага, тая ж сфера, у якой працуюць.

— Асабіста мне падабаецца ў нашай гаспадарцы таму, што тут усё проста, — кажа Анастасія. — Я атрымліваю задавальненне ад сваёй работы. Мяне зразумее той, хто паспрабуе: у маю прафесію ўлюбляешся хутка. Жывёлы напаўняюць цябе душэўнай цеплынёй, ад майго клопату залежыць іх жыццё і здароўе.

Анастасія працуе ў цэху раздою, праз яе рукі праходзяць і маладзенькія цялушкі, і дарослыя каровы. У кожнай свой характар. У сярэднім у зоне яе адказнасці каля 40 жывёл.

— Я са сваімі кароўкамі размаўляю, — усміхаецца Анастасія. — А яны са мной вітаюцца, паварочваюцца, калі падыходжу, ветліва мыкаюць. З імі забываеш пра асабістыя праблемы.

Першая прафесія суразмоўніцы — швачка, але зараз яна заканчвае завочнае аддзяленне Жыліцкага сельскагаспадарчага каледжа па спецыяльнасці «Аграном». Далей плануе атрымаць вышэйшую адукацыю па сельскагаспадарчым профілі. У калгас «Парыжская слабада» прыйшла працаваць звычайным рабочым на зерняток. Калі закончыўся сезон, запрасілі на ферму. Паспрабавала сябе ў розных спецыяльнасцях да таго, як стала аператарам. Практыкі даення кароў не было, вучылася ў дзяўчат. І стала цікава. Не адразу, але ўсё атрымалася.

Працоўны дзень пачынаецца ў Анастасіі а шостай гадзіне раніцы. Каб паспець на работу, трэба падымацца ў пяць, а то і раней. Дома — свая гаспадарка: куры, гусі, качкі, два парсючкі. Калі б не дапамога мужа, было б цяжка. Да таго ж дзеці пакуль малыя: старэйшаму Максіму 10 гадоў, малодшаму Ілье — 7.

Мужу на работу трэба прыходзіць крыху пазней, таму ён раніцай корміць свойскую жывёлу, збірае дзяцей у школу. Потым настае чарга Анастасіі займацца дамашнімі справамі.

— У мяне графік зручны, — кажа яна. — Тры дні працую, чацвёрты — выхадны. На рабоце з 6 раніцы да 11, потым перапынак да пяці вечара. Вячэрняя дойка заканчваецца каля 20.00. Так што часу хапае і на сябе, і на дом.

Гаспадарка выдзеліла сям'і арэнднае жыллё з выгодамі. Адзінае — ацяпленне не цэнтралізаванае, трэба нарыхтоўваць дровы і торф. Газ таксама не з агульнай трубы, а ў балонах. Але гэта не засмучае Анастасію.

Пытанне, чым адрозніваецца гарадская жанчына ад сельскай, ставіць яе ў тупік.

— Кожны займаецца сваёй справай, тым, што лепш атрымліваецца, — адказвае яна. — І ў горадзе працаваць трэба. У мяне лепш атрымліваецца ў вёсцы. Мяне гэта радуе, я гэтым жыву.

Думак, каб перабрацца ў горад, кажа, нават не ўзнікала.

— Гэта не маё, — упэўнена жанчына. — Мне нашы Касцюковічы падабаюцца. Выйшаў на вуліцу і адразу сабе занятак знайшоў. На агародзе заўсёды шмат спраў. Мы ўсё вырошчваем самі: і бульбу, і буракі, і капусту, і агуркі з памідорамі. Сёлета бульба добрая вырасла. Сабралі мяшкоў 30. Гэта акрамя таго, што летам капалі і елі.

Анастасія з дзяцінства прывыкла да працы. Маці шчыравала і ў сельскай гаспадарцы, і ў камунгасе, нярэдка Анастасія з братам ёй дапамагалі. Зімой, напрыклад, трэба было снег пачысціць, восенню лісце прыбраць.

— Мы і дзяцей сваіх вучым працаваць, — кажа маладая жанчына. — Сыны яшчэ малыя, але ўжо курэй могуць пакарміць, старэйшы бацьку дапамагае ўпраўляцца з тэхнікай — у нас свой матаблок. Малодшы — пакуль мой памочнік.

Па назіраннях Анастасіі, сёння дзяўчаты перавагу аддаюць больш спакойнаму сельскаму жыццю, чым гарадской мітусні. З яе сябровак, напрыклад, ніхто ў горад не рвецца. Ды і сама доўга там не знаходзіцца. Прыехала па справах і дадому. У горадзе шумна, шматпавярховікі засланяюць неба, а дома — прастора, цішыня, чароўныя краявіды.

Культурна адпачыць можна і ў Касцюковічах. У вольны час можна схадзіць з сяброўкамі ў боўлінг. Або ў дыскабар сем'ямі. Бабуля гатова паглядзець за малымі. Да другой бабулі ў Кіраўскі раён унукі ездзяць летам.

Калі Анастасіі прапанавалі ўдзельнічаць у Форуме сельскіх жанчын, зацікавілася. Там жа з усёй краіны сялянкі збяруцца. Будзе цікава даведацца, як яны жывуць.

— Не крыўдна, калі кажуць «сельская жыхарка»? — пытаюся ў суразмоўніцы.

— Ніколькі, — адказвае яна. — Сёння быць сялянкай не менш прэстыжна, чым гараджанкай. А наогул — дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Я не падзяляю людзей на гарадскіх і вясковых. Мне ўсе людзі цікавыя.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з сямейнага архіва Анастасіі МАСЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».