Вы тут

Лукашэнка: Мы і далей будзем працаваць з ПВТ і выкарыстоўваць яго на карысць краіны


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам дырэктара Парка высокіх тэхналогій Усевалада Янчэўскага. У цэнтры ўвагі кіраўніка дзяржавы — пытанне функцыянавання Парка высокіх тэхналогій, увогуле развіццё ІТ-сферы краіны.


Аднак перш чым абмеркаваць эканамічны блок пытанняў, Прэзідэнт звярнуўся да падзей 2020 года. На тым мецяжы, які быў навязаны нашаму народу, супрацоўнікі Парка высокіх тэхналогій праявілі сябе, мякка кажучы, не з лепшага боку. Атрымліваючы прыстойны даход, калі параўноўваць з сярэднім заробкам у Беларусі, некаторыя з іх аддалі перавагу вялікім грашам і выконвалі каманды сваіх замежных гаспадароў — часцей за ўсё, заакіянскіх. 

Негатыўная тэндэнцыя — ужо ў мінулым. Парк высокіх тэхналогій, як не хацелі б некаторыя заакіянскія гаспадары, працуе. Прычым даволі паспяхова і на карысць нашай краіны. 

Высокія тэхналогіі — у трэндзе

«На кожным прадпрыемстве — свой Парк высокіх тэхналогій: пачынаючы ад Акадэміі навук і заканчваючы МАЗам, БелАЗам і іншымі прадпрыемствамі, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — На кожным прадпрыемстве ў нас ёсць вельмі моцныя айцішнікі, якія не проста на заакіянцкага дзядзьку працуюць, а ствараюць канчатковы прадукт».

За прыкладам далёка хадзіць не трэба: яго прывёў сам кіраўнік дзяржавы. На адным з гігантаў айчыннай прамысловасці — БелАЗе —спецыялісты, якія ствараюць праграмнае забеспячэнне і ўжо гатовыя прадукты, займаюць цэлы шматпавярховы корпус. Па словах беларускага лідара, Парк высокіх тэхналогій адыграў у гэтым вельмі важную ролю. 

«Дзякуючы Парку, мы падштуркнулі і адукацыю ў гэтым кірунку, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — У мяне непакой выклікае, што ў нас ужо, напэўна, празмерны перакос у айцісферы, у падрыхтоўцы спецыялістаў у гэтым плане. Аднак гэтае пытанне рэгулюемае: не будзе попыту — не будзе і падрыхтоўкі. А раз ёсць попыт — значыць рыхтуюцца людзі. Маладыя людзі хочуць працаваць айцішнікамі. Таму, з якога боку не паглядзі, усё-такі Парк высокіх тэхналогій — фішка незалежнасці маладой дзяржавы. Ён павінен існаваць». 

Працаваць на краіну

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў красавіку гэтага года быў падпісаны Указ № 136 «Аб органе дзяржаўнага кіравання ў сферы лічбавага развіцця і пытаннях інфарматызацыі». Парку высокіх тэхналогій даручалася стварыць базу даных кампетэнцый рэзідэнтаў і вызначыць парадак іх прыцягнення да працэсаў лічбавізацыі галін эканомікі. Прэзідэнт пацікавіўся вынікамі гэтай работы. Таксама кіраўніка дзяржавы хвалюе, як працуе назіральны савет Парка высокіх тэхналогій, наколькі кантралюецца сітуацыя ў ПВТ і як далей будзе ажыццяўляцца яго работа. «Мы не павінны бачыць толькі станоўчае, мы павінны бачыць і недахопы — для таго, каб своечасова рэагаваць», — перакананы кіраўнік дзяржавы. 

Такая ўвага да Парка высокіх тэхналогій з боку беларускага лідара невыпадковая. Яго стварэнне — асабістая ініцыятыва Аляксандра Лукашэнкі. Увогуле тое, што айцісфера стала яшчэ адной візітнай карткай Беларусі, — у першую чаргу заслуга кіраўніка дзяржавы, які заўсёды падтрымліваў развіццё высокіх тэхналогій і працягвае гэта рабіць.

Гаворачы аб функцыянаванні ПВТ у цяперашніх умовах, Прэзідэнт быў шчыры: ён не чакаў, што за тры кварталы гэтага года экспарт Парка наблізіцца да двух мільярдаў долараў. «Гэта высокі ўзровень, — падкрэсліў ён. — Але гэта тры кварталы, а год — чатыры кварталы. Паглядзім, як вы спрацуеце ў чацвёртым квартале». 

Кіраўнік дзяржавы не хавае: не можа не радаваць, што тыя, хто рвануў за межы краіны пасля ўвядзення санкцый, пачалі вяртацца. «Вельмі многія вярнуліся назад, — заўважыў ён. — Пакаштавалі «заграніцу» на зуб, зразумелі, што ў краіне, дзе ты нарадзіўся, там ты і павінен спатрэбіцца. Гэта добрыя тэндэнцыі. Новыя рэзідэнты, ведаю, рэгіструюцца, свае айці-прадукты ствараюць, асвойваюць новыя рынкі. Усё ўціхамірыцца. Бізнес ёсць бізнес. Вайна вайной, а бізнес сваё месца знойдзе ў свеце». 

Прэзідэнт прапанаваў абмеркаваць праблемы, якія ёсць, а таксама меры рэагавання на іх. «Каб наша грамадства разумела, як мы ўсё-такі далей будзем працаваць з ПВТ і выкарыстоўваць яго на карысць краіны перш за ўсё, — патлумачыў беларускі лідар. — Настаў час, вопыт ёсць, добры вопыт, трэба ўсё-такі гэты Парк паварочваць, каб ён працаваў перш за ўсё на краіну, працаваў эфектыўна». 

Свой пункт гледжання на функцыянаванне ПВТ выказаў першы намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў, які прысутнічаў падчас рабочай сустрэчы. Па словах віцэ-прэм’ера, узрыўны рост за апошнія пяць гадоў — фактычна па экспарце Парк высокіх тэхналогій адпавядае экспарту калійных угнаенняў — гэта сур’ёзны ўклад у экспарт і сальда. «Акрамя таго, што гэта новая эканоміка, якая была створана вамі (Прэзідэнтам. — «Зв».) на маладой беларускай зямлі, яны рэальна напрацавалі кампетэнцыю, — удакладніў Мікалай Снапкоў. — Гэта рэальна значымая стуктура, якая здольна выконваць любыя задачы на сусветнай прасторы. Не толькі і не столькі ў Беларусі, хаця яны (ПВТ. — «Зв.») таксама з’яўляліся не тое што фундаментам, але па меншай меры драйверам, трыгерам таго, што ў нас адпаведныя кампетэнцыі развіваліся ў прамысловасці, у рэальным сектары эканомікі, ды і ўсюды». 


У тэму

На карысць беларускай эканомікі

У размове з журналістамі дырэктар Парка высокіх тэхналогій Усевалад ЯНЧЭЎСКІ заўважыў, што самы галоўны пасыл, які гучаў з вуснаў кіраўніка дзяржавы, — роўна такі ж, які ён быў на працягу шматлікіх гадоў. «Парк развіваўся менавіта таму, што былі стабільныя ўмовы яго існавання, — удакладніў ён. — Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз пацвердзіў сваю вельмі дакладную, простую і непарушную пазіцыю — Рэспубліка Беларусь заўсёды падтрымлівала новыя тэхналогіі, Парк высокіх тэхналогій, і гэта захоўваецца».

Яшчэ адзін важны пасыл, які агучыў Аляксандр Лукашэнка, — патрэбна абавязкова глядзець у будучыню, каб і праграмісты, і кампаніі маглі спакойна працаваць, ствараць, ісці наперад.

Па словах Усевалада Янчэўскага, Парк высокіх тэхналогій хавалі ўжо шмат разоў. «І што ўсе з’ехалі, і што няма кампаній, увогуле IT-галіны няма, — удакладніў ён. — Тым не менш, Парк высокіх тэхналогій па-ранейшаму ёсць і будзе. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, пераважная частка кампаній працуе ў Рэспубліцы Беларусь, рэгіструюцца новыя кампаніі».

Аб гэтам сведчаць і лічбы. Экспарт ПВТ у гэтым вельмі складаным годзе перавышае паказчыкі 2020 года. «За дзевяць месяцаў перавышае два мільярды долараў, — канкрэтызаваў дырэктар. — Да канца года будзе яшчэ больш». Па яго словах, у свеце ведаюць Беларусь і па IT-галіне. «Ведалі, ведаюць і будуць ведаць, — падкрэсліў Усевалад Янчэўскі. — Парк, створаны Прэзідэнтам, быў адным з гонараў нашай краіны, ён ім і застанецца і яшчэ парадуе краіну і здзівіць свет».

Як паведаміў намеснік дырэктара Парка высокіх тэхналогій Кірыл ЗАЛЕСКІ, рэжым функцыянавання Парка высокіх тэхналогій не мяняецца. «Мы сыходзім з таго, што адкрываем новае дыханне для нашага Парка, — заўважыў ён. — За апошнія два гады наш IT-сектар, нашы айцішнікі пабывалі ў розных сітуацыях, большасць шматтысячнай арміі айцішнікаў працавалі на эканамічны дабрабыт нашай краіны. Былі і тыя, хто праявіў сябе не з самага добрага боку. Сёння мы гэтую старонку перагортваем і працягваем працаваць на стварэнне, умацаванне эканамічнай магутнасці нашай дзяржавы. Сёння Парк высокіх тэхналогій сумесна з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі вядзе карпатлівую работу па ўкараненні беларускіх IT-распрацовак унутры краіны на карысць нашай эканомікі. У гэтым кірунку будзем свае намаганні толькі нарошчваць».

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».