Вы тут

Капітальныя рамонты, пытанні ЖКГ і падтрымка сем'яў з дзецьмі-інвалідамі


У Савеце Рэспублікі 17 лістапада Наталля Качанава правяла асабісты прыём грамадзян. Людзі звярталіся з праблемамі, звязанымі з нядобраякаснымі рамонтамі, пытаннямі выдзялення арэнднага і сацыяльнага жылля, налічэння пенсіі згодна са стажам, а таксама з дапамогай у працаўладкаванні і добраўпарадкаванні дзіцячых пляцовак.


Фота: БелТА.

Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што праблемы ЖКГ павінны вырашацца адразу на месцах:

— Я папярэджваю: калі праблемы, з якімі звярнуліся людзі, не будуць вырашаны, службовыя асобы, якія за гэта адказваюць, будуць прыцягнуты да адказнасці. Такія пытанні павінны вырашацца на месцах, — падкрэсліла Наталля Качанава.

На асабісты прыём таксама былі запрошаны прадстаўнікі гарвыканкамаў, кіраўнікі адміністрацый раёнаў і супрацоўнікі ЖКГ, каб пастаўленыя грамадзянамі пытанні вырашыліся ў найхутчэйшыя тэрміны.

Падчас прыёму мінчанка Алена Сяргееўна расказала, што капітальны рамонт яе дома не быў выкананы ў поўным аб'ёме — будынак здалі з парушэннямі. «У сувязі з тым, што капітальны рамонт увесь час адкладваўся, бягучага рамонту з дня засялення ніхто не рабіў», — паскардзілася жанчына. Звяртаючыся да намесніка кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна сталіцы, які прысутнічаў на прыёме, Наталля Качанава спыталася, што было зроблена для вырашэння праблемы і чаму рамонтныя работы выконваліся па няякаснай дакументацыі. І папярэдзіла:

— Калі аб'ектыўныя заўвагі жыхароў дома не будуць вырашаны, я буду ўносіць пытанне аб адпаведнасці займаемай пасадзе і кіраўніка адміністрацыі раёна, і вас. Навошта вы прымушаеце людзей судзіцца з вамі, чаму нельга вырашыць пытанне адразу? Дрэнны праект — не трэба яго рэалізоўваць, дрэнная падрадная арганізацыя — адхіляйце, — адзначыла старшыня Савета Рэспублікі.

Мінчанка Ганна Аляксееўна сутыкнулася з наступнай праблемай: яе кватэру ўжо некалькі разоў залівала гарачай вадой, якая цякла з тэхнічнага паверха. У выніку была пашкоджана мэбля, падлога, шпалеры, столь. Старшыня Савета Рэспублікі, звяртаючыся да намесніка кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёна, падкрэсліла, што пытанне павінна быць вырашана за тыдзень.

Яўген Якаўлевіч звярнуўся з просьбай дапамагчы ў падтрымцы фізічнага стану свайго ўнука, які мае дыягназ, звязаны з расстройствам аўтыстычнага спектру. Але да гэтага часу сям'я не можа знайсці спецыялістаў, якія б дапамаглі вырашыць праблему.

— Я падключу ўсіх каго трэба, — адрэагавала Наталля Качанава. — Сыходзячы з падобных зваротаў, быў створаны Кансультатыўны савет, у які ўваходзяць міністр адукацыі, міністр аховы здароўя, супрацоўнікі РНПЦ і медыкі. Якраз на мінулым тыдні мы правялі пасяджэнне савета менавіта па гэтай праблеме. Мы адправім вашага хлопчыка да лепшага спецыяліста.

Ірына Іосіфаўна папрасіла разабрацца з сітуацыяй зносу яе дома. Тэрыторыя, на якой знаходзіцца будынак, падлягае забудове. Але ўжо цягам года службы адкладваюць знос, а канкрэтных тэрмінаў не называюць. Намеснік кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна адзначыў, што пакуль не могуць знайсці забудоўшчыка.

— Навошта ўводзіць людзей у зман? Трэба было адразу адпрацаваць, ці будзе ў вас УКБ, — звярнулася да намесніка адміністрацыі раёна Наталля Качанава. — Пачынайце паэтапны знос згодна з генпланам, асвойвайце пляцоўкі і давайце людзям жыллё. Калі не можа прыняць якое-небудзь рашэнне адміністрацыя раёна — ёсць дэпутаты. І недапушчальна, калі ЖКГ ці адміністрацыі раёнаў накіроўваюць людзей у суды замест таго, каб вырашаць праблемы, — падсумавала старшыня Савета Рэспублікі.

Усе агучаныя падчас асабістага прыёму пытанні былі ўзяты на кантроль.

Арына КАРПОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?