Вы тут

Добры доктар, альбо Галоўнае — правільны дыягназ


Добры доктар, альбо Галоўнае — правільны дыягназ

...Тэлефон на ФАПе зазваніў зусім недарэчы — у пятніцу, пад самы канец рабочага дня, і нічога добрага абяцаць не мог. Але ж дакторка (назавём яе Святланай) зняла-ткі слухаўку. З таго канца проваду пачула слабы, але ж добра знаёмы голас: Іванаўна, кабета з суседняй вёскі, слёзна прасіла прыйсці, бо ёй, маўляў, вельмі і вельмі дрэнна.

Дакторка ні мінуты не сумнявалася ў тым, што гэта не так, што выклік (да бабкі не хадзі!) чарговы раз беспадстаўны, але ж... Абавязак...

На вуліцы ішоў дождж (прычым не першы дзень), дарога — усе два кіламетры да вёскі, дзе чакала Іванаўна — хутчэй за ўсё, патанала ў гразі. А таму Святлана звычна ўсунула ногі ў гумовікі, узяла парасон ды свой чамаданчык з неабходным медыцынскім наборам і рушыла на выклік.

...»Хворая» ляжала ў зале на канапе і ціха стагнала. Галава яе была абкручана хусткай, побач на табурэтцы ляжала горка нейкіх таблетак. Муж гаротніцы сядзеў непадалёк, пазіраў на абедзвюх жанчын ды цяжка ўздыхаў, чакаючы вердыкту.

А пакуль — дакторка дастала танометр і тэрмометр, памерала ціск і тэмпературу, палічыла пульс, паслухала сэрца і лёгкія, памацала жывот. Усе паказчыкі ў «хворай» былі ў норме, але ж сказаць пра гэта (нават самымі далікатнымі словамі) значыла ўбачыць у вачах Іванаўны горкія слёзы, пачуць ад яе, што цяперашнія дактары дрэнна разбіраюцца ў хваробах і лячыць не ўмеюць, што вось некалі...

Гэта Іванаўна ўжо казала і ў вочы, і за вочы.

Не жадаючы слухаць яшчэ раз, Святлана моўчкі дастала стэрылізатар і дзве ладныя ампулы дыстыляванай вады, якой разбаўлялі антыбіётыкі для ін'екцый, папрасіла «хворую» перавярнуцца — легчы на жывот (і заўважыць пры гэтым яе проста пераможны позірк на мужа!), каб асцярожна зрабіць укол.

Падчас яго твар жанчыны аж перакасіўся ад болю! Але ж ніякай шкоды прынесці не мог. Хіба карысць?

І сапраўды: цэлы месяц прайшоў, за ім другі і нават трэці — ад Іванаўны званкоў не было: не выклікала яна болей дакторку.

А вось муж яе па дарозе з горада аднойчы зайшоў, каб паціснуць руку, падзякаваць за лячэнне.

— Няўжо дапамагло? — спытала дакторка ў шчаслівага мужа.

— Яшчэ і як! — усклікнуў той. — Не паверыце: маёй Іванаўне больш нічога не баліць! Працуе гаспадынька, розныя прысмакі гатуе, дзяцей у госці прымае, нават унукаў на канікулы згадзілася ўзяць!.. А то ж (мужчына ў гэтым па сакрэце прызнаўся) ленавалася раней, не хацела перад выхаднымі ў хаце прыбіраць, есці на ўсіх гатаваць ды ў садзе-гародзе нешта разам рабіць. Значыць трэ было прычыну знайсці: залегчы, прытварыцца хворай. А вы, госцікі, самі тут гаспадарце, самі пра сябе клапаціцеся... Ды яшчэ і яе пашкадуйце!

— Цяпер вось гэтага зусім няма! — запэўніў Святлану муж. — Значыць, ты дакторка, малайчына: правільны дыягназ паставіла! І ўкол падабрала добры: акурат такі, як маёй і патрэбен быў!

...Святлана ў адказ толькі ўсміхнулася!

В. БАБКО-АЛЯШКЕЧ

Салігорскі раён.


Быль пра партрэт правадыра

І смех і грэх — кажуць пра тое, што смешна і ў той жа час сумна.

А яно і сапраўды: трагікамічнае часам жыццё — і ёсць, і...

— Пасля вайны было такое, —

Міхась аднойчы распачаў, —

Я —

дзіцятка тады малое:

Пад стол

без штонікаў гуляў.

Бацькі мае —

ужо ў калгасе —

Трымалі свінства і курэй.

Які дастатак па тым часе?!

Пад'еў крыху —

і весялей!

А сала, курак,

яек колькі

У краму бацечка насіў:

Здаваў, як людзі,

нарыхтоўкі.

Заместа гэтага прасіў

Касу, гаршчок, малым — кашуляў...

На куплю ж

грошай не было,

Бо зарабляла з макам дулю

Пасляваеннае сяло.

...Дык вось.

Субота. Яйкі ў кошык,

За тыдзень татка наш сабраў,

З паўсотні мо...

І з гэтай ношай

У краму зноў пашыбаваў.

Агледзеў крамнік нарыхтоўку,

Пералічыў і ацаніў.

Хусцінку —

маме на абноўку —

Узамен мой тата папрасіў.

Стаў аглядаць далей вітрыну,

Партрэт, як зданне, там стаіць:

Вусаты, з позіркам арліным

Генералісімус глядзіць.

Яго б дамоў...

Ды асцярожна

У крамніка дай бог спытаць:

— Скажы, браточак, а ці можна

За яйкі Сталіна ўзяць?

Партрэт

Імгненна ў газету

«Браточак» тату загарнуў:

Баяўся,

каб крамолы нейкай

Ніхто не ўбачыў, не пачуў,

Бо за падобныя размовы

Сустрэла б матухна-Сібір...

Ды ў хаце

з выглядам суровым

Вісеў нядоўга правадыр:

Была хрушчоўская адліга,

А следам —

брэжнеўскі застой...

Чыталі вы пра гэта ў кнігах.

А я —

партрэт запомніў той!

...Міхась закончыў успаміны.

Хто рагатаў, а хто маўчаў.

Пазней хіба чынілі кпіны:

«Як бацька Сталіна прыдбаў?»

Віктар САБАЛЕЎСКІ

г. Узда.


Дарагі падарунак

Сёлета мы з сястрой і нашымі мужчынамі (яе мужам і сынам ды маімі ўнукамі) зрабілі даволі добрую справу: нарыхтавалі і здалі ажно тры тоны яблыкаў! Вядома ж, не дарма: зарабілі на гэтым каля 600 рублёў і нават вырашылі, што ўсе гэтыя грошы аддадзім — хай на дробны, але ж рамонт хаты, якую некалі, на пачатку 60-х, дабудоўваў тата... Што цікава — якраз за яблыкі...

У нашых мясцінах, мусіць, заўжды казалі: у каго сад, у тога і грошы. Першае ў нас дакладна было. Наколькі ведаю, адзін з дзядоў, Іван, яшчэ да «абразання лішняй зямлі» (быў такі перыяд у нашай гісторыі), аддаў нам частку свайго надзелу і тры рады яблынь. Да іх, дзядулевых, наш тата насадзіў сваіх маладзенькіх і распачаў будаўніцтва дома.

Трэба сказаць, што ў тыя часы гэта рабілі многія — перацягвалі старыя хаты з хутароў, нават ставілі новыя. Прычым — немаведама за што, бо грошай у калгасе людзям не плацілі...

Але ж тады яблыкі былі ў цане, і нашы вяскоўцы ўжо ўмелі іх прадаваць. Адны — акурат як цяпер — здавалі перакупшчыкам, другія, можна сказаць, самі — вазілі свой тавар у розныя гарады. (Што, дарэчы, дрэнна паддаецца разуменню: як можна было без інтэрнэту і тэлефонаў недзе ў чорта на рагах знайсці і замовіць грузавую машыну? Потым тут, у вёсцы, загрузіць яе найболей антонаўкай — акуратна знятай і складзенай у спецыяльныя драўляныя скрынкі, адправіць іх у тую ж Маскву ці Піцер, следам на цягніку паехаць самім і неяк жа «адшукаць» у гэтых сталіцах свой тавар — прадаць яго, прычым з выгадай!

...У тую восень да такіх вось прадаўцоў далучыўся і наш тата.

Папярэдне ў ягонай цёплай суконнай бравэрцы мама прышыла адмысловую ўнутраную кішэнь (вяскоўцаў тады часта абіралі на кірмашах ды ў цягніках) і благаславіла ў дарогу.

Тата паехаў, а мы ўтраіх сталі даглядаць гаспадарку і чакаць, калі ж ён вернецца?!

...І вось тыдні праз два, увечары (як цяпер гэта чую) — стук у вакно! Мы з сястрычкай у крык:

— Татачка! Тата!

І бегма да дзвярэй!

Думаем, зараз жа, па чарзе ён падхопіць нас на рукі, абдыме, прытуліць...

Аж не!

Тата сапраўды стаяў на парозе, але кінуцца яму на шыю нам не выпадала, бо ў руках ён трымаў нешта вялікае, рагатае... Я нават не зразумела што, пакуль тата не апусціў, не паставіў рэч на падлогу.

Вось тады мне ўсё стала ясна: гэта быў... ровар!

— На яго, на цацку, усе грошы спусціў? — з недаверам спытала мама.

— Не, не ўсе, — усміхнуўся тата і з той самай унутранай кішэні дастаў аб'ёмны кашалёк.

Але ж нас з сястрычкай ён зусім не цікавіў, а вось ровар — жалезны, з трыма коламі, з тоўстымі надзьмутымі шынамі, з вялікім багажнікам, на які можна было пасадзіць некага з дзяцей, з месцам для нумарнога знака... Ён нават не блакітным быў, як дзіцячыя мары! «Ён, — сказаў наш татка, — акурат такі, як марскія хвалі».

...На той час у нашай вёсцы, у акрузе (а мо і ва ўсім раёне!), падобнага цуду не меў ніхто! Хіба мы з сястрычкай «рассякалі» на ім па новай і пустой яшчэ хаце.

Потым, калі прыйшла вясна, на нашым ровары гойсалі ці не ўсе тутэйшыя дзеці.

...Што цікава, аднойчы, успамінаючы ўжо нябожчыка тату, мама расказала, як ён тым разам дабіраўся з Масквы — цягніком, у агульным вагоне. Людзей, маўляў, у яго набілася шмат: рэчы паставіць не было дзе. Таму наш ровар тата ці нехта з мужчын ледзь не ўсю дарогу да Мінска (!) трымалі яго на руках, над галовамі іншых пасажыраў.

...І яшчэ. Праз гады з нашым роварам нічога такога не зрабілася. Ва ўсякім разе ў пачатку 90-х на ім (пасля лёгкага рамонту) яшчэ каталіся дзеці маёй сястры.

У яе сям'і гэта рэч захоўваецца і цяпер — у якасці рэліквіі.

...Вось такі падарунак зрабіў нам тата. Мы з сястрой помнім яго ўсё сваё жыццё! Дзеці і ўнукі, спадзяёмся, не забудуць таксама.

Таццяна НОВІК

г. Клецк.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».