Вы тут

Ад «трывалая» і «цярплівая»… Роздум да форуму сельскіх жанчын


Заўтра ў Мінску ўпершыню адбудзецца цікавае і важнае мерапрыемства — Форум сельскіх жанчын. Калі пра гэта было абвешчана, давялося ад некалькіх людзей пачуць скептычнае: маўляў, а калі тады будзе форум гарадскіх жанчын? І ўвогуле, навошта так дзяліць па прынцыпе месцазнаходжання? І вось тут я падумала, што трэба абавязкова пра гэта напісаць. Бо, на жаль, многія, асабліва маладзейшыя, зусім невялікае ўяўленне маюць (а то й не маюць зусім), што вясковая жанчына — гэта не паняцце месца пражывання. Гэта найперш стыль жыцця — абраны ці наканаваны. І само жыццё — зусім іншае, чым у горадзе. Па рытме, па насычанасці, па сэнсах і каштоўнасцях, у рэшце рэшт.


Гэта добра, што іх — найперш працаўніц сельскай гаспадаркі — збяруць перад прафесійным святам у сталіцы, у Вялікім тэатры. Гонар, пашана, усведамленне значнасці сваёй працы, магчымасць абнавіць прыгожую сукенку... Я ўпэўнена: за тых, хто трапіць на гэта свята, абавязкова парадуюцца астатнія. Асабліва вясковыя пенсіянеркі, якія прычакалі прызнання і падзякі хай сабе і праз час.

Яшмат іх ведаю асабіста — усе жанчыны з нашай вёскі, з суседніх. У іх спрацаваныя вялікія рукі, якія ніколі не зналі манікюру. Многія з іх і сёння прачынаюцца ў пяць гадзін раніцы, хоць і патрэбы асаблівай няма — з гаспадаркі толькі куры ды каты. Але вымушаная прывычка — уставаць на ранішнюю дойку, ці да цялят, ці да парасят, у іх засталася ўжо на ўсё жыццё. Яны могуць нямала расказаць пра свае калгасныя будні — і пра тое, як уручную раздойвалі па сорак кароў, і пра тое, як цягалі на плячах важкія мяшкі з камбікормам, як цяжка працавалі «на брыгадзе» ці на таку — гэта толькі ў кіно 50-х гераіні віламі ды лапатамі махаюць бы веерам...

Яшчэ гадоў дзесяць назад былі жывыя бабулі, якія працавалі ў калгасе за палачкі-працадні і сыходзілі пасля з гэтай працы на мінімальную савецкую пенсію — дваццаць восем рублёў. Іх расповеды для гарадской, дый нават і вясковай моладзі выглядалі як фантастычныя апавяданні. Напрыклад, бабуля расказвала, як ездзіла з залвіцай — дзве маладыя маленькія і худзенькія жанчыны — у лес на нарыхтоўку дроў. Спілаваныя елкі трэба было абсекчы ад сукоў і галін, пагрузіць на сані, прывезці. І так некалькі рэйсаў, у кароткі зімовы дзень, у дваццаціградусны мароз. Калі везлі апошнія сані, кіламетры за тры ад вёскі зламалася аглобля. Вельмі хутка стала цямнець, побач завылі ваўкі, конь пачаў станавіцца на дыбы... Нейкім цудам дабраліся да вёскі, дацягнулі сані, давезлі тыя няшчасныя дровы. Аб тым, каб кінуць усё і ратавацца самім — нават у думках не было. Чаму на такую работу мужчын не пасылалі? Маё пытанне, здавалася, бабка нават не зразумела. Пасля проста адказала: у мужчын іншая праца была, у нас — гэта, усім хапала.

Мая матуля, якая пасля школы выскачыла замуж, пайшла працаваць у калгас у няпоўныя васямнаццаць. Ёй, маладому дзеўчаняці, тут жа далі «пасільную» работу — цягаць мяшкі са збожжам на другі паверх млына... За што, уласна, яна дзякавала лёсу і чалавеку, які яе на гэту работу паставіў: маўляў, менавіта тады, з тым мяшком за плячыма, вырашыла, што трэба ісці вучыцца далей. Але з таго часу і ўсё жыццё яна насіла толькі шчыльныя панчохі — ад тых практыкаванняў на нагах павыпіралі вены, якія да таго ж пад старасць вельмі моцна балелі... У цёткі Марыі, якая ўсё жыццё працавала даяркай на ферме, ногі таксама балелі, але па іншай прычыне — нават у моцны мароз яна хадзіла ў гумовых ботах, бо на іхнім кароўніку ў аддаленай калгаснай брыгадзе скаціну падсцілалі нячаста — не было ні саломы, ні пілавіння... І пры гэтым яна з такой любоўю і пяшчотай ужо на глыбокай пенсіі згадвала пра сваіх каровак — некаторых нават памятала па характары і па імёнах...

А пагаварыце шчыра з нашай легендарнай трактарысткай Таццянай Уладзіміраўнай Захожай, якая працуе ў гэтай нежаночай прафесіі ўжо амаль паўстагоддзя. Яна вельмі любіць сваю работу, але ж як цяжка было, асабліва на пачатку, у 70-х. Пра яе, зямлячку, я пісала калісьці нарыс і, памятаю, вельмі радавалася, што акурат тады падгледзела ў кагосьці з пісьменнікаў новае для сябе слова — «трывушчая» — штосьці зборнае ад «трывалая» і «цярплівая». Гэта якраз пра яе. І пра іншых жанчын, якія па волі лёсу ці паводле ўласнага выбару засталіся працаваць у вёсцы.

Цяпер, канешне, многае змянілася. І тыя, хто прыедзе на форум, працуюць у зусім іншых умовах — на мадэрнізаваных фермах, у сучасных цяпліцах, на аўтаматызаваных збожжасховішчах... Але фізічную працу вельмі цяжка замяніць сучаснымі машынамі цалкам. Гэтаксама як немагчыма змяніць час ранішняй дойкі ці кармлення скаціны і патлумачыць тое карове. Як немагчыма жыць на зямлі і не трымаць агарод ці якое свінчо... Таму яны, хоць і з манікюрам, і з сучаснымі прычоскамі, і ў прыгожых сукенках — усё роўна асаблівая катэгорыя. Трывушчыя. Самая надзейная аснова і для сям'і, і для краіны.

Добра, што для іх прыдумалі ўрэшце гэта свята. Для іх усіх — зусім няважна, ці будуць яны на форуме. Пашана і прызнанне — вось што важна. Можа, гэта будзе першы крок і да Дня сельскай працаўніцы. Яны таго вартыя.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».