Вы тут

Што прапануюць у буціках з беларускімі брэндамі?


Пагадзіцеся, купляючы беларускае, усе мы трошкі ганарымся сабой. Хоць «ганарымся» — няправільнае слова. Хутчэй, гэта тое пачуццё, як у дзяцінстве, калі ведаеш, што робіш правільна і добра.


У многіх брэндаў ёсць свае аматары.

У дадзеным выпадку — падтрымліваеш айчыннага вытворцу. Але кола беларускага, якое традыцыйна купляе сярэднестатыстычны спажывец (гэтым разам — жанчына), акрэслена для многіх даволі выразна (гаворка не аб прадуктах харчавання, тут па большасці пазіцый беларускае купляецца з задавальненнем і ад душы). Гэта касметыка (у большай ступені «дэкаратыўка», чым сродкі догляду за скурай, і пераважна — асобныя правераныя пазіцыі). Гэта калготкі і бялізна. Зразумела, дзіцячае і падлеткавае адзенне для школы да кожнага навучальнага года. Гэта — часам абутак, часам — сумачкі-пальчаткі, а таксама нейкія базавыя прадметы гардэроба. Шукаць у айчыннага вытворцы нешта гэткае ўльтрамоднае або проста класнае, што стане ключавой рэччу сезона, у чым будзеш сабе падабацца, не заўсёды ўдзячны занятак. Ёсць брэнды, якія ствараюць сапраўды стыльныя рэчы (з ужо напрацаванай гісторыяй, у якіх ёсць прыхільнікі). Але рэчы ў іх, як правіла, нятанныя ад слова «зусім» — прасцей выбраць правераны часам мас-маркет, дзе і знайсці тое, што шукаеш, але больш танна.

Але так ці інакш, сёння ёсць прыгожыя крамы беларускага дызайнерскага адзення. Некалькі новых адкрылася ў Мінску гэтым летам. І, як пішуць тыя, хто там пабываў, цэны на многія пазіцыі ў іх супастаўляльныя з любімымі нашымі модніцамі Zara і Mango. Улічваючы, што дызайнерскае адзенне — звычайна дарагая гісторыя, бо плаціш за эксклюзіў. Акрамя таго, такія крамы, як правіла, арганізоўваюцца як прыгожая дызайнерская прастора з асаблівым настроем. Позняй беларускай восенню, калі цяпла чакаць не даводзіцца, а да Новага года яшчэ далёка — якраз тое, што трэба, каб настрой стаў лепшым, таму сходзім і паглядзім. І раскажам пра цэны.

Усё і адразу

Адно з галоўных модных адкрыццяў (у прамым і пераносным сэнсе) гэтага лета ў сталіцы размешчана ў гандлёвым цэнтры Dana Mall, першы паверх, уваход асобны. На прасторы We are brands — корнеры найбольш папулярных і вядомых беларускіх брэндаў: LSD, MUA, Murmur, 1unomas1uno, Mstefa, Toshe і іншыя. Брэндаў тут прапанавана некалькі дзясяткаў. Большую частку звычайны спажывец, хутчэй за ўсё, не ведае, хоць ёсць тыя, якія на слыху, нават калі вы ніколі не бывалі на модных паказах. Чаму сюды варта наведацца? Хоць бы для таго, каб проста ацаніць сітуацыю з беларускім дызайнам адзення і пазнаёміцца з айчыннымі брэндамі.

Тут можна выпіць кавы і набыць дызайнерскія ўпрыгажэнні — напрыклад з тысячагадовага дубу.

Трэба сказаць, сітуацыя годная — без усялякіх нацяжак. Калі вы выпадкова або наўмысна бачылі модныя паказы, магчыма, для вас стане адкрыццём, што айчынная мода стварае вопратку не толькі ў стылі «я мастак, я так бачу», якую наўрад ці можна надзець па-за подыумам, але і цалкам практычныя рэчы, якія можна насіць. І якасныя, абавязкова, — гэтага ў беларускага вытворцы не адняць. Дарэчы, цэны пры гэтым у некаторых брэндаў не нашмат вышэйшыя за мас-маркет.

Арганізавана ўсё прыгожа і разумна. Кожны куток мае сваіх кансультантаў — і аб брэндзе раскажуць, і падбяруць нешта прыдатнае менавіта да вашай фігуры. Лічыце, пабывалі ў стыліста.

— Працуем з лета: наша прастора адкрылася ў сярэдзіне жніўня. Усё — беларуская вытворчасць, і гэта вельмі крута. Добрая якасць і кошты больш-менш адэкватныя, — тлумачыць прадавец.

Чым дызайнерскае адзенне адрозніваецца ад мас-маркета?

— Тут шмат базавых мадэляў, якія ёсць і ў мас-маркеце, і ў нас. Але ёсць і дызайнерскія мадэлі — можна знайсці нешта цалкам эксклюзіўнае. У любога дызайнера ёсць такія рэчы, — кажа кансультант брэнда Allma. — Напрыклад, вось такіх жакетаў з норкай няма больш нідзе ў Мінску. Натуральная норка і твід. Мех пафарбаваны ў яркія адценні.

Дызайнераў у Беларусі шмат, яны таленавітыя, і ўбачыць усё і адразу — цікава: у We are можна хадзіць, як на экскурсію.

— Сюды шмат пастаянных кліентаў прыходзіць. Мы працуем са жніўня, але ў многіх брэндаў ёсць свае прыхільнікі. У нас брэнд запушчаны ўжо восем гадоў таму, — расказала кансультант брэнда MUA. — І ў яго ёсць уласныя кліенты.

Сярод пакупнікоў таксама шмат прыезжых, распавялі дзяўчаты. Цяпер часцей гэта расіяне. У асноўным у We are прапанаваныя мінскія дызайнеры. Ёсць брэсцкія: Брэст у Беларусі — модная сталіца, як без іх? Ёсць таксама брэнды з Віцебска. Цэны такія: фіялетавы (гэта адзін з трэндавых колераў сезона) касцюм ад Allma — пінжак і штаны — 450 рублёў, доўгае крэмавае эка-футра ад MUA — 399 (ёсць таксама ў мятным колеры, але пакупнікі аддаюць перавагу ўніверсальнаму «крэмаваму» варыянту). Засталіся толькі памеры з 46-га, маленькія — раскупілі.

— Такое футра вытрымлівае да мінус 20 градусаў, таму дзяўчаты гэты варыянт разглядаюць на зіму, — расказалі кансультанты.

Далей па цэнах: экафутра — у сярэднім 400-470, паліто ў самых розных вырашэннях ёсць амаль у кожнага брэнда, можна знайсці нават за 350 рублёў, хоць у асноўным 400-450. Трыкатажныя касцюмы — ад 200 да 300. Вельмі шмат касцюмаў са штанамі з пінжакамі — і двойкі, і тройкі, аверсайз, класіка і «з мужчынскага пляча» — якраз тое, што трэба, каб знайсці ўласны варыянт. Цэны розныя. У сярэднім спатрэбіцца мінімум 500 рублёў. Затое набытак універсальны.

Ёсць, вядома, варыянты больш дарагія. Затое відаць, за што плаціш. Напрыклад, касцюм-тройка ад The Suіtter улюбляе ў сябе адразу.

— Не абавязкова браць касцюм з жакетам аверсайз, вазьміце ў памер — і гэта набыццё надоўга, — раіць кансультант Надзея. — Апранулі ўніз блузку — і вось у вас дзелавы стыль. Надзелі кеды, футболку і камізэльку — і вы ў трэндзе. Надзелі абцасы і вадалазку — і вы ў класіцы.

А наогул, тлумачаць прадаўцы, на тым жа рэчавым рынку або ў інтэрнэт-крамах цэны, вядома, ніжэйшыя, але рэч хутка страціць вонкавы выгляд — прытым, што часта і першапачаткова яго, можна сказаць, не мела. А беларускае дызайнерскае адзенне пакуль адносна недарагое ў сваім сегменце.

Шмат класных сумак ад айчынных дызайнераў.

— Прапануецца дадаць не так шмат і хадзіць у рэчы, якая — адразу відаць — выглядае стыльна і якасна. І не страціць выгляд ў працэсе носкі. Дзе вы бачылі воўну такой апрацоўкі?

Гаворка — аб чорным паліто ад The Suіtter.

— Гэта не «шынель», не прымешкі — стапрацэнтная воўна добрай апрацоўкі. Пакратайце, яна ж, як шоўк! Гэта ж амаль Max Mara, а цана 430 рублёў! Сапраўдная якасць і добрае лякала па-асабліваму зрокава ўспрымаюцца... «Гэта паліто — мая любоў, — кажа суразмоўца. — Проста радуюся, калі яго хтосьці купляе. Яно лаканічнае, ідэальнай даўжыні, стрыманае, «з мужчынскага пляча» — упішацца ў любы стыль, і пад світшоты, і пад швэдры».

Дарэчы, аб швэдрах. Швэдры-аверсайз, адзін з галоўных трэндаў гэтай зімы, тут можна знайсці правільныя — пража і сілуэт не зробяць з вас «мядзведзяня», а падкрэсляць жаноцкасць і далікатнасць, як і мяркуе трэнд. Мадэлі ад MІA з высокім горлам абыдуцца ў 170 рублёў, без гарлавіны-стойкі — 150.

Яшчэ прастора прапануе шмат класных сумак з натуральнай скуры, ёсць дызайнерская біжутэрыя. Прадугледжана сістэма балаў, якімі ўжо з другой пакупкі можна аплачваць частку чэка. І ў цэлым, усё вельмі ярка, прыгожа і святочна — а гэта ж і ёсць галоўнае прызначэнне моды: упрыгожваць жыццё.

А калі больш багемна?

Але наогул, дызайнерская мода, напэўна, патрабуе невялікіх крамачак гэткага «багемнага фармату». Для паўнаты карціны пабываем і ў такіх. Напрыклад, «Vershy крама» таксама адкрылася не так даўно, і яна якраз такога фармату. Гэта не «партал» у свет дызайнерскай думкі для ўсіх і кожнага (як прастора ў Dana Mall), а, хутчэй, прадстаўнік таго напрамку, які падкрэслівае: мода — у першую чаргу мастацтва. Размешчана крама на нефармальнай Кастрычніцкай, і там ёй самае месца. Дызайн выглядае выдатна — вінтажная мэбля, стыльнае афармленне сцен. Уваход праз утульную аднайменную кавярню. Пакуль на продаж у Vershy store няшмат, у асноўным гэта ўпрыгажэнні. Такія дызайнерскія-дызайнерскія, акцэнтныя і вельмі «з характарам». Акрамя аксесуараў беларускіх мастакоў ёсць упрыгажэнні ад «калег па цэху» з іншых краін — Расіі, Грузіі, Украіны. З айчынных запомніліся вырабы з моранага дубу ад Label D з натуральным жэмчугам. Дуб да таго, як трапіць у рукі дызайнера, праляжаў у зямлі (ці ў вадзе?) тысячы гадоў, да кожнага вырабу аб гэтым прыкладзены сертыфікат. Запомніліся таксама стыльныя аксесуары з японскіх пацерак з напаўкаштоўнымі камянямі і перламутрам. І «базавы» супрэматызм у чорных і чырвоных тонах — кольцы і завушніцы. Каштуе ўсё дорага (у сярэднім трэба мець з сабой рублёў 150), але гэта ручная праца — для тых, хто разумее. Не разумееце? Тады вас правядуць уздоўж вітрын, раскажуць аб кожным вырабе, і нават калі нічога не купіце, будзе цікава. З «гасцей» засталіся ў памяці грузінскія мона-завушніцы ад Tatі York — выглядаюць пяшчотнымі і бязважкімі, але створаны з асабліва трывалага сплаву (як падшыпнікі на аўтамабілі, растлумачылі мне) — чым не сімвал сучаснай жанчыны?

Тут мы таксама пагаварылі з дызайнерам Ксеніяй пра тое, «чаму дызайнерскае — гэта заўсёды дорага».

— Напрыклад, калі гэта датычыцца адзення — лякала дызайнер стварае з нуля. На гэта спатрэбіцца шмат сіл і часу. Для ідэальнай кашулі трэба не адно лякала стварыць і не адзін раз выраб пашыць. Матэрыял — нават тая ж бавоўна — таксама бывае розны.

Дызайнерскія рэчы адрозніваюцца ад мас-маркета менавіта «пасадкай на фігуры» — быццам бы, фасоны падобныя, але ў адным вырабе вы будзеце выглядаць каралевай, а ў другім — «ну, так».

Выбар адзення ў Vershy store пакуль невялікі, але асартымент будзе пашырацца. Можна набыць капелюшы, сумачкі (нейлон, сталь, нікель і мерсерызаваная бавоўна), пальчаткі ручной работы. Акрамя таго, тут вам прапануюць кубачак кавы, па вечарах паказваюць кінакласіку, і наогул, прыходзіць сюды можна, як у госці да сяброў. Што позняй восенню асабліва каштоўна.

Калі вы не раз праязджалі міма Кальварыйскай, 21 і так ні разу туды і не зайшлі — самы час зрабіць гэта цяпер. Нейкія прамысловыя будынкі — ці то дэпо, ці то фабрыку — пару гадоў таму добраўпарадкавалі, і цяпер там, паблізу ад метро «Маладзёжная», насупраць «Кароны», стыльны квартал з назвай К-21. Да праезнай часткі звернута шыльда KFC, але акрамя банальнага фастфуду, там шмат цікавага. Напрыклад, веганскі бар, кітайская кухня, кавярні з прыгожымі і незвычайнымі інтэр'ерамі — калі хочацца пафатаграфавацца. З нядаўніх часоў — сімпатычны маленькі шоўрум дызайнерскага адзення Versіa. Гэта невялікая прастора, дзе прапанаваныя брэсцкія дызайнеры і некаторыя іншыя (у тым ліку маскоўскія). Настрой тут ужо навагодні — ёсць калекцыя сукенак са штучнага шоўку для вечарын. З цікавага — сумачкі ручной работы ад беларускага брэнда Yarmolov з натуральнай скуры, а коштам менш за 200 рублёў.

Такім чынам, калі вам хочацца купіць сабе абноўку або проста паглядзець на прыгожыя шмотачкі і мілыя штучкі ад беларускіх дызайнераў, то гэтае жаданне ёсць дзе рэалізаваць. І восень лаяць не трэба: праславутая «восеньская хандра» — выдатная нагода на законных падставах парадаваць сябе, пазбегнуўшы згрызот сумлення за неапраўданае транжырства.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?