Вы тут

У кнігарні «Светач» прайшла прэзентацыя рамана «Брестские врата»


Часты госць у Беларусі — вядомы расійскі пісьменнік Мікалай Чаркашын. Зусім нядаўна ў Выдавецкім доме «Звязда» пабачыла свет яго кніга — раман «Брестские врата». Гэтым творам распачаты выдавецкі праект, які складаецца з трох кніг. Ва ўсіх трох раманах — размова пра вогненныя падзеі 1941 года на тэрыторыі Беларусі.


Прыхільнікі таленту пісьменніка сабраліся на прэзентацыі новай кнігі Мікалая Чаркашына ў кнігарні «Светач» ААТ «Белкніга» у Мінску па праспекту Пераможацаў, 11. Расійскі пісьменнік, які, дарэчы, нарадзіўся ў Беларусі, на Гродзеншчыне, у Ваўкавыску, расказаў пра тое, як узнікла ідэя стварэння рамана. Пра дні, нават тыдні і месяцы, якія ён правёў у Брэсце, Брэсцкай крэпасці-героі, на Берасцейшчыне, збіраючы матэрыялы для свайго твора. Усё, што прысутнічае ў сюжэце рамана, яго персанажы, — літаральна ўсё заснавана на дакументальных матэрыялах. На сустрэчы згадвалася і роля лаўрэата Ленінскай прэміі, пісьменніка Сяргея СМІРНОВА як першаадкрывальніка тэмы гераізму абаронцаў Брэсцкай крэпасці ў 1941 году. Вядомы літаратар быў не толькі ўважлівым да падзей як пісьменнік, ён як чалавек, як грамадзянін, шмат зрабіў дзеля канкрэтнай дапамогі і тым абаронцам, якія выжылі, прайшлі праз самыя розныя драматычныя, жыццёвыя выпрабаванні і пасля Вялікай Айчыннай вайны. І разам з тым ветэран Узброеных сіл Ігар СУДЛЯНКОЎ, за плячыма ў якога і свой уласны досвед дакументальных росшукаў пра розныя забытыя ці малавядомыя альбо зусім невядомыя эпізоды вайны, заўважыў наступнае: «І яшчэ сёння ёсць дакументы, якія дагэтуль былі засакрэчаны, былі схаваны ў архівах...Як прыклад — нядаўна выдадзеная ў Расіі кніга з дакументальнымі сведчаннямі савецкіх і нямецкіх штабоў вайсковых злучэнняў. Мяне ў той кнізе ўразіў адзін дакумент — данясенне, адпраўленае ў германскі Генштаб праз восем гадзін пасля пачатку вайны. Нямецкі афіцэр піша пра тое, што рускія, савецкія салдаты вядуць сябе подла. Подла — таму, што не здаюцца ва ўмовах такога наступу ў палон, працягваюць абараняцца да самай смерці, чым наносяць, маўляў, асаблівую шкоду... Хіба гэта не цікавы погляд на вайну, на абаронцаў крэпасці.?!»

Старшыня Беларускага Саюза ваенных маракоў капітан другога рангу Валерый ХАЛАДЗІЛІН зазначыў, што аўтар кнігі, які сёлета выдаў у Беларусі адразу дзве кнігі (адна — у «Звяздзе»; другая — зборнік аповесцяў пра дзяцінства, юнацтва Мікалая Чаркашына ў невялікіх беларускіх гарадках: «Переходный возраст» — выйшла ў выдавецтве «Чатыры чвэрці»), з’яўляецца сябрам БСВМ. «Ваенныя маракі ведаюць Мікалая Андрэевіча як аўтара ўнікальных кніг пра флот, падводнікаў многія дзесяцігоддзі. Першая кніга Чаркашына — „Соль на пагонах“ — выйшла ў свет ажно ў 1980 годзе. І была адзначана адразу двума прэстыжнымі прэміямі — імя Мікалая Астроўскага і прэміяй Ленінскага камсамола... І капітан першага ранга Мікалай Чаркашын, які жыве ў Маскве, не шкадуе часу, прыязджае да нас, удзельнічае ў многіх нашых паездках па Беларусі, знаёміцца з адрасамі, адкуль у вялікі свет выйшлі сапраўдныя героі-маракі...»

Аўтар 107 (!) кніг, якія выдадзены ў розных гарадах і розных краінах, Мікалай Чаркашын шмат працуе як журналіст, публіцыст, яму да ўсяго ёсць справа. Ён удзельнічае ў раскопках парэшткаў абаронцаў Беларусі на Гродзеншчыне, разам з сябрамі па Саюзу маракоў удзельнічае ва ўрачыстасцях у Дуброўна на радзіме героя руска-турэцкай вайны, расійскага ваеннага марака Аляксандра Казарскага, сустракае 22 чэрвеня на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці-героя... Апантаны збіральнік памяці пра войны і іх герояў, абаронцаў Айчыны, найперш — пра герояў і падзеі Вялікай Айчыннай вайны, Мікалай Андрэевіч з’яўляецца сапраўдным прыкладам патрыятычнага стаўлення да лёсаў і дзеянняў нашых прашчураў.

Вёў сустрэчу ў кнігарні «Светач» старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь КАРЛЮКЕВІЧ.

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?