Вы тут

Новабудоўлі ў Мінску даражэюць? Проста прапаноў з мінімальным коштам квадратнага метра стала менш


Сталічны рынак новабудоўляў не губляе прыхільнікаў. Што б ні казалі «аматары» так званага «другаснага рынку», ахвотных уступіць у долевае будаўніцтва хапае заўсёды. І тут ролю адыгрывае не толькі магчымасць сэканоміць на кошце метра, але і выбраць прыдатную сабе кватэру, пакуль прапаноў яшчэ шмат. Спецыяльны партал па новабудоўлях прааналізаваў усе сталічныя прапановы і выявіў цікавае: калі з пачатку года новабудоўлі штомесяц гублялі ў кошце, то ўвосень сітуацыя нечакана змянілася.


Фота: pixabay.com

Максімум дамоў, добрых і розных

Колькасць новабудоўляў, якія прапануюць на продаж забудоўшчыкі Мінска, працягвае павялічвацца. На сёння адзначаецца іх абсалютны максімум (без уліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў) — 159 дамоў, з якіх у актыўнай продажы 136 будынкаў. У 23 дамах продаж кватэр па тых ці іншых прычынах прыпынены. Для параўнання: роўна год таму новабудоўляў было 153, а ў актыўным продажы — 125. У вялікай колькасці дамоў з прыпыненымі продажамі няма нічога незвычайнага, гэта практыка, калі, напрыклад, рэшткі кватэр прытрымліваюць для іх продажу пасля ўводу дома ў эксплуатацыю, але ўжо па больш высокіх цэнах.

Усе новабудоўлі сталіцы можна падзяліць на чатыры класы якасці: «Эканом», «Стандарт», «Камфорт» і «Прэстыж». Адрозненні праводзяцца па такіх характарыстыках, як матэрыял сцен (панэльныя дамы могуць быць толькі ў «Эканоме» і «Стандарце»), колькасць кватэр на паверсе і іх плошча, вышыня столяў, забяспечанасць парковачнымі месцамі, асяроддзе дома і іншае.

У апошнія гады большасць мінскіх новабудоўляў сканцэнтравана ў класе «Стандарт» (80 %), а менш за ўсё (каля 2 %) у класе «Эканом», хоць яшчэ ў канцы 2018 года на долю «Эканом» прыходзілася 26 %, а «Стандарт» займаў толькі 44 %.

Прычына такіх змен у тым, што за апошнія гады забудоўшчыкі значна мадэрнізавалі праекты дамоў, дадаўшы ў іх найбольш запатрабаваныя пакупнікамі новаўвядзенні, якія звязаны з камфортам, у выніку чаго чысты «Эканом-клас» памяншаецца, у той час як аб'ектаў «Стандарт-класа» становіцца ўсё больш. Звычайна такі працэс называецца развіццём рынку.

Асноўны пастаўшчык новабудоўляў у Мінску, як сёння, так і год таму, гэта «Мінск-Мір» — 59 дамоў у продажы. На другім месцы з вялікім адрывам знаходзіцца «Новая Баравая» з 11 дамамі. Варта адзначыць, што фармальна Баравая — гэта зусім не Мінск, а вёска Копішча, але для пакупнікоў гэты комплекс ужо даўно ўспрымаецца як працяг мікрараёна Уручча.

На трэцім месцы размяшчаецца «Левада» з сямю дамамі ў продажы: сёння гэта адзіны ў Мінску жылы комплекс, які мае вялікі патэнцыял па далейшым пашырэнні ўздоўж вуліцы Нававіленскай. Наступнае месца займае жылы комплекс «Парк Чалюскінцаў» з сямю дамамі ў продажы. І закрывае рэйтынг комплекс з цэнтра горада — «Дэпо» з чатырма дамамі. Прычым і ў мінулым годзе, і цяпер гэты жылы комплекс з'яўляецца самым дарагім рынкам новабудоўляў Мінска — больш за тры тысячы долараў па курсе за квадратны метр.

З'явіліся першыя выпадкі зніжэння цэн

Калі паглядзець, як цэны змяняліся з пачатку года, то наглядна відаць іх зніжэнне. Клас «Эканом» не ў разлік — там усяго два дамы, на якія павялічваўся кошт у выніку яго руху па стадыях будаўнічай гатоўнасці. У гэтым дачыненні найбольш паказальны клас «Стандарт». І гэты трэнд быў паніжальным да канца лета бягучага года. Але... У верасні ж мінус цаны быў адзначаны толькі па найбольш дарагіх прапановах двух- і трохпакаёвых кватэр у класах «Камфорт» і «Прэстыж». А ў кастрычніку невялікі мінус захаваўся толькі на трохпакаёвыя кватэры ў самым дарагім класе «Прэстыж».

А ў канцы кастрычніка — пачатку лістапада былі адзначаны першыя выпадкі ўзняцця цэн. Такія жылыя комплексы, як «Левада», «Новая Баравая», «Квартал на Грушаўцы» і «Гармонія», прыкладна на 20 долараў павысілі цану квадратнага метра.

Спецыялісты партала адзначаюць, што сярэдні ўзровень цэн у цяперашні час адпавядае таму, які назіраўся ў канцы 2017 года. А ў параўнанні з кастрычнікам мінулага года сітуацыя неадназначная. З аднаго боку, сярэдняя цана «квадрата» асела на 5 %, а з іншага — прапаноў з мінімальнай цаной квадратнага метра стала значна менш.

Дзіўна, але мінімальныя цэны за «квадрат» сёння характэрныя не для класа «Эканом», а для «Стандарту». Больш за тое, клас «Эканом» за кошт малой выбаркі дамоў па статыстыцы паказвае ўпэўнены рост цэн — як за год, так і за пяць гадоў. Каб знайсці мінімальную цану метра, сёння яе трэба шукаць у дамах класа «Стандарт», дзе яна стартуе з 900 долараў па курсе на трох- і чатырохпакаёвыя кватэры. Такое жыллё размяшчаецца на першым паверсе дома, тэрмін здачы ў эксплуатацыю якога намечаны на другое паўгоддзе наступнага года. Аднак гэта толькі адна прапанова ніжэй чым тысяча долараў за квадратны метр. У той час як год таму можна было знайсці прапановы ад 910 долараў у эквіваленце на двухпакаёвыя і ад 830 — на трохпакаёвыя кватэры.

Апошнім часам павялічылася плошча кватэр дамоў класа «Эканом». Сярэдняя плошча такога аднапакаёвага жылля дасягае 45 квадратных метраў, у той жа час у «Стандарце» гэты паказчык апусціўся да 37 «квадратаў». Нават у «Камфорце» і «Прэстыжы» ён не занадта максімальны — 44 і 48 квадратных метраў адпаведна.

Сярэдняя плошча двухпакаёвых кватэр у «Эканоме» і «Прэстыжы» зраўняліся і сёння складае 53 «квадраты». У «Камфорце» — 61 квадратны метр, а ў «Прэстыжы» —
81 квадрат.

Бюджэтнага жылля ўсё менш?

У якасці адной з прычын змяншэння колькасці бюджэтных прапаноў можна назваць распаўсюджаную тэндэнцыю да абавязковай куплі машына-месца ў паркінгу. Аналагічная сітуацыя назіраецца сёння нават у «Эканоме», дзе быццам бы цана за квадратны метр ніжэйшая за адну тысячу долараў, але з улікам машына-месца ўжо становіцца больш. Падобныя абавязацельствы прадугледжаны ў сямі дамах са 107, забяспечаных паркінгамі. Пры гэтым і тут ёсць цікавая асаблівасць: мінімальныя і максімальныя цэны характэрныя для дамоў класа «Стандарт», у той час як у «Эканоме» кошт машына-месца складае ад 4 тысяч да 6 тысяч долараў, а ў «Прэстыжы» — 15 тысяч долараў у эквіваленце.

Чым большая растэрміноўка, тым даражэйшы «квадрат»

Зараз мы прывядзём сярэднія цэны квадратных метраў у новабудоўлях Мінска за кастрычнік гэтага года. Такім чынам, метр у аднапакаёвай кватэры класа «Эканом» будзе роўны 1130 долараў у эквіваленце. Той жа метр у «Стандарце» будзе каштаваць 1220 долараў, у класе «Камфорт» — 1525 долараў, у класе «Прэстыж» — 1935 долараў. Квадратны метр у двухпакаёвай кватэры класа «Эканом» прапануецца спажыўцам за 1125 долараў, у «Стандарце» — 1185, у «Камфорце» — 1530, у «Прэстыжы» — за 1660 долараў за «квадрат».

На другасным рынку без рэальных вялікіх грошай рабіць няма чаго. Канкурэнтнай перавагай рынку новабудоўляў перад кватэрамі другаснага рынку — растэрміноўка аплаты. Характэрна, што тэрмін такіх «паблажак» вар'іруецца ад «да канца будаўніцтва» і аж да 5 гадоў.

Як пераканаліся на сваім вопыце забудоўшчыкі, без узаемадзеяння з банкамі (для пакупнікоў) прадаць сотні кватэр бывае праблематычна. Таму гэта не адзінкавыя прапановы, а растэрміноўка даступная ў 103 дамах са 136, якія знаходзяцца ў актыўным продажы. Аднак трэба быць гатовым, што ў пераважнай большасці выпадкаў пры растэрміноўцы цана метра павялічыцца.

Павелічэнне залежыць ад многіх фактараў. Па-першае, ад тэрміну растэрміноўкі і памеру першапачатковага ўзносу. Бываюць выпадкі, калі пры першым узносе ў памеры 20 % растэрміноўка на год павялічыць цану «квадрата» на 10 долараў, на два гады — 25, на тры гады — 30 долараў.

Каму не падабаецца растэрміноўка, таму можна падабраць спецыяльны крэдыт для дадзенага дома. Наогул, сёння крэдытныя праграмы распрацаваны і даступныя для 111 новабудоўляў. Працэнтная стаўка і тэрмін крэдытавання вар'іруюцца па большай частцы ў залежнасці ад будаўнічай гатоўнасці дома.

Сталіцы трэба больш грошай

Мінск па выніках 2022 года атрымае больш бюджэтных грошай на субсідыі для грамадзян па жыллёвых крэдытах, вынікае з афіцыйна апублікаванай на Нацыянальным інтэрнэт-партале пастановы Саўміна № 711.

Такім чынам, агульная сума субвенцый для рэгіёнаў і сталіцы засталася нязменнай — 476 мільёнаў рублёў. Але яе пераразмеркавалі. Напрыклад, Мінску выдзяляюць ужо не каля 39,9 мільёна, а амаль 50 мільёнаў рублёў.

Гэтыя грошы вылучаюцца на падставе Указа № 240 «Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў», у тым ліку для вырашэння кватэрнага пытання шматдзетных сем'яў.

Акрамя гэтай магчымасці, у нашай краіне не так даўно дазволілі ўкладваць у будаўніцтва жылля і сямейны капітал. Амаль палова яго атрымальнікаў вырашылі выкарыстоўваць гэтую опцыю.

Раней было вырашана, што шматдзетныя сем'і сталіцы змогуць пабудаваць кватэры з дзяржаўнай падтрымкай у некаторых камерцыйных дамах. Усяго абрана 29 аб'ектаў.

У цепланосьбіты Мінска дадалі фарбавальнік

Гэта адбываецца кожны год і кожны год выклікае хваляванне сярод гараджан: няўжо з майго асабістага крана пацячэ зялёная вада?

Днямі «Мінскэнерга» паведаміла, што ў сеткавую ваду трубаправодаў цеплавых сетак (у батарэі) дададуць спецыяльны фарбавальнік — флуарэсцэін. Ён уводзіцца ў сістэму для таго, каб аператыўна выяўляць уцечкі цепланосьбіта, яго нямэтавае выкарыстанне, а таксама «няшчыльнасці водападагравальнікаў».

«Увод флуарэсцэіну робіцца ў перыяд з 10 лістапада да завяршэння ацяпляльнага сезона. Прымяненне гэтага фарбавальніка дазволена органамі санэпіднагляду. Вядома, што ён не ўяўляе небяспекі для арганізма чалавека. Дазаванне фарбавальніка будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з санітарнымі нормамі, правіламі і гігіенічнымі нарматывамі.

Усіх, хто заўважыць у гарачым кране не той колер вады ці незапланаваныя «ўцечкі», энергетыкі просяць інфармаваць дыспетчара мінскіх цеплавых сетак.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Апошняя цыгарэта. Неасцярожнае абыходжанне з агнём пагражае сур'ёзнымі наступствамі

Апошняя цыгарэта. Неасцярожнае абыходжанне з агнём пагражае сур'ёзнымі наступствамі

Летась у краіне адбылося 5958 пажараў, на якіх загінулі 627 чалавек.

Здароўе

Мароз і сэрца: што такое халадовы інфаркт, каму ён пагражае і як яго пазбегнуць?

Мароз і сэрца: што такое халадовы інфаркт, каму ён пагражае і як яго пазбегнуць?

Расказала ўрач-тэрапеўт, загадчык аддзялення прафілактыкі 11-й гарадской паліклінікі Мінска Святлана ЯНУШКА.

Спорт

Алег Шэпель: Сусветны паралiмпiйскi рух многае страцiў ад нашай iзаляцыi

Алег Шэпель: Сусветны паралiмпiйскi рух многае страцiў ад нашай iзаляцыi

Гiсторыя паралiмпiйскага спорту — паказчык развiцця краiны.

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​