Вы тут

Як раней складаліся адносіны паміж уладай і творчай інтэлігенцыяй?


Здаўна маю асаблівыя адносіны да дакумента, да таго ці іншага рэальнага факта. Для мяне гэта галоўная прыкмета праўдзівасці альбо непраўдзівасці з’яў і падзей, што адбываліся. Па вялікім рахунку, гэта пераканаўчы доказ аб’ектыўнасці альбо суб’ектыўнасці стаўлення да таго жыцця, якое нязменна і няспынна аддаляецца ад нас, але на якім будуюцца наш сённяшні і заўтрашні дзень. Некалі пачуў і згадзіўся з адным цікавым выказваннем: напачатку быў факт, а пасля ўжо яго інтэрпрэтацыя. Што праўда, то праўда. Як толькі нехта адступаўся ад факта альбо ігнараваў яго, пачынаўся вольны і надзіва прыватызаваны ў сэнсе праўдзівасці выклад меркаванняў, звязаных з тым, што рэальна адбывалася ў той ці іншы перыяд нашага жыцця.


Гэтыя развагі выклікала ў мяне знаёмства з кнігай «Звяртаюся ў ЦК… Чытаючы архіўную пошту». Аўтары яе — дасведчаны (справядліва дадаць і яшчэ адно азначэнне: апантаны) краязнавец Алесь Карлюкевіч і прафесійна ангажаваны да дакладнасці факта і яго ацэнкі архівіст Вячаслаў Селяменеў. У кніжцы, што выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда», закранула мяне і тое, што прысвечана яна таксама нястомнаму краязнаўцу, кваліфікаванаму даследчыку, неабыякаваму архівісту Віталю Скалабану.

Як зазначаецца ў анатацыі, «дакументы, якія разглядаюцца на старонках кнігі, напісаны беларускімі пісьменнікамі, мастакамі, дзеячамі культуры, тымі вядомымі і меней вядомымі асобамі, плён чыёй працы ў розныя гады складаў беларускую нацыянальную культуру». Захоўваюцца дакументы ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, значыць, даступныя кожнаму жадаючаму.

Важна, што аналізуецца не непасрэдна створанае дзеячамі культуры і мастацтва, а менавіта дакументы адносна той ці іншай іх пазіцыі і задумы, творчасці. Бо, як вядома, культурнае жыццё найперш заснавана на эмоцыях, асабістых уражаннях і ацэнках, здараецца, памылковых. І калі не будуць вядомымі рэальныя факты, то і эмоцыі, уражанні, ацэнкі застануцца толькі асабістымі, цяжка будзе зразумець і прызнаць праўдзівасць і сапраўднасць тых дзеянняў, якія ажыццяўлялі і высокія дзяржаўна-партыйныя органы ў стасаванні з прадстаўнікамі сферы культуры і мастацтва, і самі дзеячы ў зносінах з гэтымі органамі. Таму надзвычай важна захаваць гістарычную памяць. А для гэтага найважнейшае значэнне маюць дакументы. Дакументаваная гісторыя — строгі, але справядлівы настаўнік, які арыентуе на захаванне і прымнажэнне карысных для грамадства традыцый. Час, які ахоплівае кніга, абмежаваны 1960—1980 гадамі. Але і гэтага дастаткова, каб зразумець сутнасць узаемаадносін. Пра іх распавядаецца ў 24-х матэрыялах. Тэматыка іх, як і зваротаў у ЦК КПБ, самая разнастайная. Ёсць тут аналітычныя запіскі, якія накіроўвалі супрацоўнікі ЦК свайму вышэйшаму начальству. У іх нямала неапраўдана крытычных заўваг, што сведчыць пра імкненне не выпускаць творчы працэс з-пад увагі і з рук партыйнага кіраўніцтва. Сустракаюцца як адмоўныя ацэнкі створанага асобнымі майстрамі слова, так і занадта ўзвышаныя словы ў дачыненні да некаторых не асабліва высокамастацкіх твораў, а таксама ацэнка дзейнасці самой творчай арганізацыі, якая павінна была «кіраваць, уплываць, накіроўваць, арганізоўваць і адказваць за творчую дзейнасць усяго калектыву і кожнага пісьменніка паасобку».

Бясспрэчна, што матэрыялы, прыведзеныя ў кнізе, дапамогуць глыбей зразумець сутнасць самой тагачаснай творчай працы, жыцця творчых саюзаў, абставін існавання дзеячаў літаратуры, культуры і мастацтва. Гэта сапраўды стане важкім дапаможнікам для тых даследчыкаў, якія займаюцца аналізам дзейнасці творчых саюзаў і асобных творцаў. Але ж гэта сведчыць аб агульным стане культурна-партыйных узаемаадносін, а значыць, з’яўляецца сцвярджэннем тагачаснай партыйнай палітыкі (лічы дзяржаўнай, бо партыйныя органы былі галоўнымі вызначальнікамі ўсіх нюансаў палітыкі любой рэспублікі Савецкага Саюза). У кнізе аналізуюцца звароты творцаў у той час, калі вышэйшы партыйны орган Беларусі ўзначальвалі П. М. Ма­шэраў, К. Т. Мазураў, М. М. Слюнькоў, Я. Я. Сакалоў.

Асаблівасць кнігі і ў тым, што аўтары не толькі прыводзяць самі дакументы — непасрэдна звароты, «рэзалюцыі, даведкі-каментарыі і іншыя дакументы, падрыхтаваныя супрацоўнікамі апарату ЦК КП Беларусі», але і даюць свае невялікія апісанні і ацэнкі тых ці іншых з’яў і падзей у сувязі з гэтым. Мне, як таму, хто крыху ведаў унутраныя правілы тагачаснай партыйнай кухні, часам бачыцца і адчуваецца пазадакументальная атмасфера разгляду ўзнятых пытанняў, прыхаваны сэнс прыняцця тых ці іншых рашэнняў. Многае на старонках кнігі выклікае цікавасць яшчэ таму, што з некаторымі творцамі быў добра знаёмы, меў неаднаразовыя сустрэчы і гутаркі, захоўваю іх лісты, віншаванні, аўтографы, іншыя дакументы. І параўнанне маіх ранейшых уражанняў і выкладзенага ў кнізе дазваляе больш пільна зірнуць на тыя ці іншыя тагачасныя падзеі і творчых асоб. Павінен прызнаць, што рэз­кіх разыходжанняў з выкладзеным у кнізе я не выявіў.

Адзін з прыкладаў — адносіны ў ЦК да просьбы Пімена Панчанкі, матэрыял «Пімен Панчанка: “Без калектыву я не магу…”». Гаворка пра зварот паэта да П. М. Машэрава, які, дарэчы, як адзначалі самі творцы, надзвычай паважліва і ўважліва ставіўся да праблем творчай інтэлігенцыі. Гэтым разам Пімен Емяльянавіч выказаў прось­бу атрымаць працоўную пасаду, бо знаходзіўся на творчай працы. Ён пісаў: «Дарагі Пётр Міронавіч! Без працы, без калектыву жыць я не магу. Дайце мне мажлівасць папрацаваць у “Полымі”. Са­мае горкае адчуванне, калі ты не патрэбны роднай партыі. Я хварэў. Цяпер здольны працаваць. З глыбокай павагай — Пімен Панчанка. 28.ІІ.72 г.»

Але не тое сталася, што жадалася. На яго, відаць, «мелі вока», а таму не дапусцілі да працы галоўным рэдактарам часопіса «Полымя», аб чым і распавя­даецца са спасылкамі на ўнутраныя партыйныя паперы. У кнізе задакументаваны розныя сітуацыі: калі пытанні, закранутыя ў зваротах, вырашаліся і станоўча, і адмоўна. Ёсць і выпадкі той нябачна-ненавочна-непублічнай гульні, якая таксама існавала ў адносінах паміж партыйнымі органамі і творцамі, калі кіраўнічыя структуры не хацелі браць на сябе адказнасць за станоўчае вырашэнне тых ці іншых пытанняў, што ўздымалі дзеячы культуры, але не хацелі і аспрэчваць іх намеры і памкненні публічна. Прыклад ігнаравання просьбы Пімена Панчанкі — сведчанне гэткай гульні. І ён не адзінкавы. Так, гэта было на самай справе. Але менавіта ў гэтым — у праўдзівасці выкладзенага — сапраўдная вартасць кнігі. Яна дазваляе адчуць настрой і дух той эпохі, дакументы з якой прыводзяцца. Дапамагае ўбачыць усю праўду, нават схаваную часам за непераадольнымі бюракра­тычнымі выкрутасамі. Каштоўнасці дадае тое, што да кожнай публікацыі маюцца фотаздымкі альбо саміх удзельнікаў двухбаковай справы, альбо іх твораў.

Адметнасць выкладзенага і ў тым, што яно разлічана на масавую аўдыторыю. Бо, як вядома, далёка не ўсё тое, што адбывалася ў вышэйшым партыйным органе з нагоды зваротаў, станавілася вядомым нават аўтарам звароту, у абсалютнай большасці не выходзіла за парог ЦК. Тут жа ўсе, нават унутраныя, дакументы становяцца даступнымі кожнаму зацікаўленаму.

Я мог бы яшчэ шмат разважаць на гэты конт, тым больш што выкладзенае ў кнізе дазваляе гэта, але хачу параіць: прачытайце яе, і вы многае зразумееце ў тагачасных адносінах кіруючых органаў і творчай інтэлігенцыі, здолееце адчуць праўду тагачаснага партыйна-творчага жыцця. Праўду, а не яе інтэрпрэтацыю.

Анатоль БУТЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Брэстчына адзначыла юбілей

Брэстчына адзначыла юбілей

Падарункі да свята і слаўная гісторыя.

Музыка

Святлана Агарвал: Музыка — гэта мая душа

Святлана Агарвал: Музыка — гэта мая душа

Спявачка апявае каларыт і шматграннасць беларускай і індыйскай культур.