Вы тут

Узгадваем творы найлепшых мастакоў «Асенняга салона»


Выстаўка-продаж работ маладых мастакоў Беларусі «Асенні салон» скончыла сваю работу месяц таму. Фіналам буйнога праекта стала абвяшчэнне пераможцаў і дэманстрацыя твораў найлепшых мастакоў гэтага года. Невялічкая экспазіцыя доўжылася літаральна пару дзён, што не дало магчымасці ахвотным асэнсаваць і, магчыма, ацаніць выбар болей як 20 тысяч гледачоў. А менавіта яны вызначалі пераможцаў «Асенняга салона». Наўздагон выстаўцы дзелімся некаторымі думкамі пра яе.


Фёдар Бажын «Шлях артыста», 2022 г.

Жывапіс, графіка, скульптура, інсталяцыя, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і фатаграфія — творы гэтых кірункаў былі прадстаўлены на фестывалі. Здаецца, сёлетнія трыумфатары наўрад ці могуць здзівіць тых, хто хоць крышачку сочыць за мастацкім працэсам у краіне. 

Аляксандр Шкаруба «Акно», 2020 г.

Па выніках галасавання гледачоў арганізатары назвалі імёны 32 пераможцаў. У «Жывапісе» перамогу атрымалі Наталля Неўмяржыцкая, Kate Shi, Андрэй Пічушкін, Вольга Мілюк і Аляксандр Даманаў. Намінацыю «Графіка» прадставілі пераможцы Лізавета Пастушэнка, Уладзіслаў Заяц, Кацярына Коўзусь, Марыя Сыракваш і Ганна Кохан. Сярод скульптараў гледачам прыйшліся даспадобы творы Фёдара Каштанава, Арцёма Мядзведзева, Ільі Гічана, Максіма Шчавеля і Яна Басалыгі. У секцыі «Інсталяцыя» пераможцамі сталі Надзея Хмыль, Ірына Котава, Юлія Качур, Паліна Корзун-Фомчанка і Мар’яна Карповіч. У намінацыі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» гледачы вылучылі работы Марыі Рудакоўскай, СВЕЧКІ, Юліі Цярэшкі, Анастасіі Каліноўскай і Юліі Дранец. Найбольш выдатнымі фатографамі наведвальнікі «Асенняга салона» палічылі Аляксандра Шкарубу, Ганну Мельнікаву, Bikimaksi, Ксенію Лакотку і Віталя Жыхарова. Многія з гэтых аўтараў невядомыя шырокаму колу гледачоў. У гэтым і фішка — быць заўважаным даецца шанс любому творцу, нават таму, хто толькі-толькі пачынае свой шлях у мастацтве. Хоць адсюль зразумелыя шматлікія негатыўныя водгукі, абурэнне і пытанні да мастацкай вартасці тых ці іншых работ пасля прагляду выстаўкі цалкам. Ці было б мэтазгодным у большай ступені абмяжоўваць ахвотных паўдзельнічаць (а патрабаванняў да якасці твораў, здаецца, і так дастаткова)? Натуральна, гэта не ў інтарэсах арганізатараў, якія штогод так ці інакш імкнуцца адлюстраваць актуальныя плыні ў сучасным айчынным мастацтве. 

Алеся Скарабагатая «Нараджэнне», 2022 г.

Самае цікавае, што абсалютнымі пераможцамі «Асенняга салона» сталі жывапісцы Алеся Скарабагатая і Фёдар Бажын. Работы Алесі Скарабагатай атрымліваюць самыя станоўчыя водгукі ад гледача не толькі беларускага, але і замежнага. Творчасць жа Фёдара Бажына, брэсцкага аўтара, які не мае спецыяльнай мастацкай адукацыі, унікальная па-свойму. Яго творы, недзе абстрактныя, але ў большасці канцэптуальныя, схіляюць да разважанняў аб шчасці і радасці, аб незаўважаных баках жыцця, якія дазваляюць адчуць задаваленне ад існавання на гэтай планеце. Здаецца, менавіта гэтым гледачоў прывабліваюць поўныя яркіх колераў няхітрыя карціны Фёдара Бажына. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.