Вы тут

Хто ажыўляе страхі. Расказваем пра новую кнігу Кацярыны Хадасевіч-Лісавой


Два жахліўчыкі і пасярэдзіне гульня — вандрульня — усё гэта змяшчаецца ў выданні Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, што нядаўна пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда» і ўяўляе сабой кніжку-пярэкрут: з аднаго яе боку змешчана страшылка пад назвай «Помста Змрочнага птаха», а з іншага — «Гаспадыня Ліловага цмока». Адметна, што галоўныя героі абедзвюх гісторый — дзеці з адной вёскі. Сустрэўшыся па заканчэнні навучальнага года, хлопчыкі і дзяўчынкі разбіваюцца на свае маленькія кампаніі і трапляюць у розныя / падобныя прыгоды. Прычым пачатак абодвух расповедаў аднолькавы — дзяўчынкі робяць сэлфі, а хлопчыкі з іх пакепліваюць, нагадваючы, што, маўляў, у тэлефона ніякай памяці не хопіць.


Далей іх «сцежкі» разыходзяцца: хлопчыкі апынаюцца замкнёнымі ў гаражы, а дзяўчынкі разам з трохгадовай малечай — у далёкім пакоі хаты гаспадыні, якая, паводле іх домыслаў, насамрэч не звычайная жанчына, а чорная вядзьмарка, і задумала звесці са свету, атруціць школьніц! І гэта — толькі завязка. Пасля пачынае адбывацца нешта містычнае, незразумелае і непрадказальнае: тут табе і прывіды, і цмокі, і певень, які выседжвае яйка, і нібыта прыхадзень з космасу, і вялізны павук, што да пары да часу хаваецца за шафай… Падзеі нагнятаюцца, дзеці спрабуюць не паддацца страху, які, быццам нешта гіпнатычнае, паралізуе волю і здольнасць мысліць і аналізаваць: кожная спроба лагічна патлумачыць здарэнні заканчваецца чарговым выхадам на «сцэну» прадстаўнікоў «палтэргейсту» і перакананне ў прысутнасці касмічна-тагасветнага складніка толькі паглыбляецца…

Адметнасцю гісторый з’яўляецца поўная адсутнасць канфліктаў, але ж яны і неабавязковыя для твораў падобнага жанру (нагадваем: пад вокладкамі пазначана «жахліўчык», то-бок, хорар для маленькіх). Хіба можа ў найлепшых узорах класікі жанру героі, акрамя таго, што шукаюць выйсце з заваленых падзямелляў, замкнёных лабірынтаў ці дрымучых лясоў, мімаходзь яшчэ і вырашаюць маральна-этычныя пытанні, перавыхоўваюцца, выратоўваюць свет ці хаця б адно аднаго. Зрэшты, ненапружлівае лёгкае чытанне кніжкі Кацярыны Хадасевіч-Лісавой прызначана наўпрост для прыемнага баўлення часу пасля нялёгкіх тыдняў засваення школьных прадметаў. Але і з яе вынікае ўрок, карысны для жыцця: не варта пужацца таго, што на першы позірк падаецца незразумелым. Насамрэч страхі нашы ажыўляем мы самі.

Марыя ЯРАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.