Вы тут

Як Гродна на некалькі дзён стаў Берлінам 80-х гадоў


Гродна стаў першым з гарадоў Беларусі, дзе запланаваны здымкі шматсерыйнага фільма «ГДР». Дзеянне адбываецца ў канцы 80-х гадоў ва Усходнім Берліне. Таму на вуліцах Гродна з’явіліся адпаведныя дэкарацыі — газетны кіёск, жоўтая тэлефонная будка, шыльды на нямецкай мове, тумбы з афішамі тых часоў.


Падобны антураж пачынае сустракацца ўжо напачатку пешай гістарычнай вуліцы Гродна. Самае ажыўленае месца — вуліца Замкавая. Тут захавалася шмат старажытных будынкаў, якія, на думку здымачнай групы, адпавядаюць патрэбнаму экстэр’еру фільма.

— Мы хочам трапіць у Берлін 80-х гадоў, таму шукалі штосьці такое, што нагадвае Еўропу. Да гэтага наша каманда была ў Берліне, потым мы прыляталі сюды, ацэньвалі і гэтыя прапановы былі зацверджаны, — распавёў карэспандэнту «Звязды» рэжысёр 2-га юніта Дзмітрый Харчук. — Гэта таксама важна, хаця ўвага гледача больш сканцэнтравана на героі, і найбольш яркіх сцэнах. Для гродзенцаў, вядома, будзе цікава ўбачыць свой горад у кадрах фільма.

«ГДР» — шпіёнская драма, фільм свайго роду гістарычны. У аснове сюжэта пакладзены час глабальных пераўтварэнняў у СССР — перабудова. У гэты перыяд адбываецца развал Савецкага Саюза. Галоўны герой Аляксандр Нечаеў — разведчык, які аказваецца ў цэнтры аперацыі, якую арганізавалі спецслужбы некалькіх краін. Ён знаходзіцца ў Берліне падчас падзення Бярлінскай сцяны. На вачах савецкага разведчыка мяняецца ўладкаваная сістэма, пры гэтым ён працягвае адстойваць інтарэсы сваёй краіны і шукаць «крата», які падасланы ў Савецкі Саюз спецслужбамі Германіі і ЗША.

Чаму аўтары фільма звярнуліся да гэтай тэмы? Адна з прычын — жаданне адлюстраваць недалёкае мінулае ў прыгодніцкай форме.

— Такія сюжэты заўсёды цікавыя. Па-другое, карціна, якая датычыць вызначанага часу, будзе мець попыт. Мы імкнёмся наблізіць гістарычны пасыл, калі гледача нібы тэлепартуюць у мінулае. Акрамя таго, многія сучаснікі жылі ў той час, і падзея, якая датычыць развалу Саюза, успрымаецца неадназначна. Мы хочам выдзяліць у фільме прафесіяналізм і работу ўсіх нашых спецслужбаў, а таксама паказаць новаму пакаленню, як гэта было ў часы іх бацькоў, — падкрэсліў субяседнік.

Галоўную ролю выконвае вядомы артыст Аляксандр Гарбатаў. У яго даволі значная фільматэка, ён вядомы па кінастужках «Застацца ў жывых», драме «Гадуноў», тэлесерыяле «Халодныя берагі» і іншых. Па словах Дзмітрыя Харчука, артыст лічыцца адной з узыходзячых зорак у кіно і ўдала прайшоў даволі вялікі кастынг, І на гэты раз у яго ўсё добра атрымліваецца. У здымачнай групе ўпэўнены, што рэйтынг акцёра, дзякуючы фільму «ГДР», яшчэ больш узрасце. Увогуле, задзейнічана даволі шмат акцёраў, у тым ліку ў эпізодах і масавых сцэнах. Напрыклад, у Гродне прыцягнута больш ста мясцовых жыхароў.

У Гродне здымаецца даволі складаная сцэна фільма, з трукамі, выбухамі. Было вырашана разбіць яе на тры здымачныя дні. Праўда, «кіношнікам» не пашанцавала. На трэці дзень здымкаў пайшоў снег, таму некаторыя эпізоды прыйшлося карэкціраваць,

— Напрыклад, напярэдадні была знята сцэна, калі з машыны выходзіць адзін з герояў, на вуліцы суха і сонца. На другі дзень плануем зняць, як машына пад’язджае, а тут ужо снег ляжыць. Прыйшлося выбіраць розныя ракурсы, па магчымасці зграбалі снег, — расказаў Дзмітрый. — Мы будзем урэзаць кадр, каб у яго не трапляў снег і карэкціраваць колер кадра. Каб усё выглядала ў адным тонусе. Таксама на вуліцы Ажэшкі не паспелі зняць, як машыны едуць па гораду. Калі будзем бачыць, што гэты кадр нам патрэбны, прыедзем яго здымаць вясной.

Самая яскравая сцэна, якая запомніцца тым, хто прыйшоў паназіраць за здымкамі, гэта, вядома, выбух аўтамабіля. Згодна з сюжэтам, тэрарысты прывязваюць ровар да стаўба, а ў сумцы, якая стаіць на багажніку, знаходзіцца бомба. Калі машына з важным дыпламатам праязджае міма, бомба выбухвае, і асколкі яго забіваюць. У гэтай сцэне выкарыстаны два ідэнтычных аўтамабіля, якія рыхтаваліся на спецыяльным аўтасэрвісе. Адна з машын унутры пустая, другая таксама каскадзёрская

— Мы здымалі, як акцёра выцягваюць, у яго паранена горла, спрабуюць спыніць крывацёк, па сцэнарыю ён памірае. Напачатку мы знялі кадр, калі абгарэлая машына ўжо перакулена. У наступны дзень — непасрэдна сам выбух. Для гэтага задзейнічалі спецыяльную ўстаноўку з тросам. У аўтамабілі ў гэты момант былі лялькі. Потым на «Масфільме» машыну загоняць у спецыяльны «атракцыён», каб паказаць, як акцёры круцяцца ў аўтамабілі, — падзяліўся сакрэтамі работы субяседнік.

Увогуле, тэхнічны парк задзейнічаны даволі значны. Кожны дзень — да трох дзясяткаў аўтамабіляў — легкавых і спецыяльных. Прыцягвае ўвагу жоўты аўтамабіль хуткай дапамогі з надпісам па-нямецку. Па словах Дзмітрыя, аўтамабілі прадастаўляе дэпартамент рэквізіта, гэта спецыяльныя аўто, якія адаптаваныя пад усялякія трукі, ёсць машыны-двайнікі, адну з якіх разбіваюць ці выбухваюць. Таксама ёсць так званыя фонавыя, якія проста стаяць на вуліцы як звычайна прыпаркаваны аўтамабіль.

Усяго ў Гродне знята сем сцэн будучага фільма, якія меркавана ўвайдуць у чацвёртую серыю дэтэктыва. Усе гродзенскія эпізоды — экстэр’ерныя, гэта значыць, вулічныя. Было цікава даведацца, колькі экраннага часу займе «гродзенскі» этап здымкаў. Аказалася, вельмі мала — усяго да двух хвілін!

— Гэта не так і мала, — запэўніў Дзмітрый. — Да прыезду ў Гродна мы шэсць дзён здымалі пагоню ў Выбаргу. Дык вось яна ў фільме будзе доўжыцца максімум тры хвіліны. Усяго мяркуем зняць 12 серый, па 50 хвілін кожная.

Наступны этап работы над фільмам — у Мінску, дзе будзе задзейнічаны Прайм Хол і канцэртная зала «Мінск». Тут адбудзецца вялікае прадстаўленне з удзелам 300 чалавек масоўкі. У Прайм Холе здымуць грымёрку для танцоўшчыцы, якая будзе танцаваць у канцэртнай зале. Яшчэ будуць здымкі за горадам у выдуманым моргу і кацельнай. На работу ў беларускай сталіцы здымачная група адводзіць тыдзень. Затым двухдзённыя экстэр’ерныя здымкі ў Брэсце. Потым работа над фільмам будзе працягнута ў расійскіх гарадах. А завершацца здымкі летам наступнага года. Фільм «ГДР» выйдзе на тэлеканале НТВ вясной 2024 года.

Стваральнікі серыяла — «Сусветныя рускія студыі» пры ўдзеле тэлекампаніі НТВ, анлайн кінатэатра Wink і НМГ Студыі. Рэжысёр Сяргей Папоў. У дэтэктыве зняліся Аляксандр Гарбатаў, Аляксандр Голубеў, Яўген Харытонаў, Дар’я Урсуляк, Таццяна Лютаева, Вадзім Андрэеў і іншыя.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара і grodnonews

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».