Вы тут

У новай кнізе Сафіі Шах, паэтка засведчыла новы этап дзейнасці


Імя Соф’і Шах добра вядома айчыннаму літаратуразнаўству і шырокаму колу чытачоў. У шматколернай паэзіі яна прыгожа, пераканаўча і творча ўзнёсла раскрывае сусвет. Народная глеба, на якой прарасла творчая індывідуальнасць паэтэсы, прадказала ёй не толькі немалыя перспектывы, але і вялікую адказнасць перад чытачом, крытыкам. 


У шэрагу творчых прац паэтэса неаднойчы выказвае вернасць дарагім мясцінам, дзе жывуць простыя, адкрытыя людзі, з якімі яна расла, сталела характарам, рада-валася жыццю і навакольнаму асяроддзю. Таленавітая спявачка малой радзімы аздобіла многія паэтычныя радкі сваіх твораў выразна падкрэсленай жаночай душэўнасцю, грамадзянскай адказнасцю і нават дзіцячай шчырасцю і адкрытасцю. У адным са сваіх першых вершаў Соф’я Шах напісала: 

Захавай жа, мой лёс, вышыню!
Мне імкнуцца, імкнуцца адчайна
да яе чысціні незвычайнай,
прад якой лепш памру, чым зманю.

Соф’я Шах — аўтар шэрагу зборнікаў вянкоў і вянкоў вянкоў санетаў «На мяжы сутоння» (1993), «Адухаўленне» (2000), «Прысвячэнне» (2001), «Прызначэнне» (2002), «На ўсё дабро ў адказ» (2003), «Увасабленне» (2003), «Спасціжэнне» (2004), «Кругаспеў» (2006), «Азарычы» (2007), «Малітваспеў» (2010), «Кнігалюбка» (2012), «Каб тое выказаць» (2015), «Мару стаць я мастаком» (2015). Іх змест прасякнуты душэўнай шчырасцю, любоўю да роднай зямлі і людзей. 

Апошнім часам паэтэса ў асноўным звяртаецца да так званых цвёрдых форм, галоўнай з якіх з’яўляецца санет. Вось і ў чарговым творы, які ўбачыў свет у выдавецтве «Беларуская навука» пад назвай «Дыядэмная споведзь», таленавітая паэтка засведчыла новы этап прафесійнай дзейнасці. 

Перад намі — вянок вянкоў вянкоў санетаў (дыядэма), агульнавядомых прыкладаў якога ў славянскай літаратуры не значыцца. Прыгадаем, што класічная форма санета не надта распаўсюджана ў сучаснай літаратуры ў цэлым і ў беларускай у прыватнасці. Яна вяртае чытача да паэзіі Дантэ Аліг’еры, Франчэска Пятраркі, Хуана Боскана, Уільяма Шэкспіра. Разам з тым культура згаданага твора не выключае пошуку «новага» ў слове, стымулюе прадстаўнікоў вербальнага мастацтва да ўдасканалення ўласнай лексічнай базы, пашырэння вобразнага дыяпазону тэксту.

Народжаная сусветным слоўным мастацтвам форма санета вядома ў Беларусі з лёгкай рукі Мялеція Сматрыцкага, а пазней — Адама Міцкевіча (у перакладных і аўтарскіх творах выкарыстоўвалася лацінская і польская мовы). Як сведчаць гісторыкі літаратуры, беларускае гучанне санет набыў дзякуючы айчынным літаратарам — Максіму Багдановічу і Янку Купалу. Эпізадычна да згаданай формы звярталіся Рыгор Барадулін, Сяргей Грахоўскі, Уладзімір Жылка, Якуб Колас, Язэп Пушча, Максім Танк, Паўлюк Трус, Анатоль Сербантовіч... «Санетарый» айчыннага прыгожага пісьменства на сучасным этапе папаўняецца і намаганнямі паэтэсы з Гомельшчыны — Соф’і Шах. 

Унутрана рухомая, а па фармальных прыкметах даволі строгая форма верша заўсёды актывізавала вакол сябе выкарыстанне сярэднявечных тэматычных клішэ (каханне, жаночая прыгажосць і інш.). Разам з тым некаторыя беларускія даследчыкі настойваюць на выразнай адметнасці мастацкай манеры Соф’і Шах у кантэксце ўсёй беларускай жаночай літаратуры. Відавочных падстаў не пагадзіцца з калегамі не маю. Аднак падкрэслю яшчэ адну рысу ў такога роду лірыцы: паэтэса часта эксперыментуе ў галіне формы, што здавалася б немагчымым з улікам рэгламентаванай, нават «матэматычнай» зададзенасці канона. Перавернутыя, зблытаныя, змешаныя — якіх толькі вянкоў творца не напісала! Паэтычныя радкі прасякнуты верай у дабрыню, справядлівасць, шчырасць. Хочацца ім верыць — і верыш, у рэшце рэшт. А яшчэ ўпэўніваешся, што айчынная словатворчасць, хоць храналагічна і адстае ад вядучых нацыянальных літаратур, усё ж не саступае ім у сваім жаданні сцвердзіцца, выказацца, персаніфікавацца.

Па словах Ізяслава Катлярова, кожны вянок Соф’і Шах успрымаецца «як санетная паэма, а кожны вя-нок вянкоў — як санетная аповесць». Не варта забываць і пра ўздзеянне на адрасата: «гульня» з чытацкім спадзяваннем прадвызначана самой формай санета — то настройвае на разважлівае, павольнае разгортванне думкі, то перарываецца новай ніткай паведамлення, вабіць, зачароўвае. 

Аляксандр КАВАЛЕНЯ,акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».