Вы тут

Агляды часопісаў-2022: «Маладосць». Кастрычніцкі нумар


Моладзь, літаратурную — асабліва, часта папікаюць: маўляў, адарваліся ад жыцця, знаходзіцеся ў свеце фантазій... Чытаючы кастрычніцкі нумар літаратурна-мастацкага часопіса «Маладосць» за 2022 год, пераконваешся, што аўтары гэтага выдання аднолькава добра пачуваюцца ў розных фарматах існавання, бачаць рэальнае жыццё і не чужыя фантазійным памкненням. 


Празаік з Беразіно Алесь Бычкоўскі выступае з аповесцю «Зачараваная шафа». Аўтар запрашае чытача наведаць плоскасць Мёбіуса. Адкрывайце часопіс і спяшайцеся следам. Мне здаецца, што не пашкадуеце. «Маладосць» працягвае друкаваць цыкл фантастычных апавяданняў Сяргея Белаяра з Брэста — «Трыбунальная Інстыгаторыя». Аўтар вядомы, друкуецца не толькі ў «Маладосці». У 2019 годзе быў адзначаны за сваю творчасць Літаратурнай прэміяй Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта імя Уладзіміра Калесніка. Сяргей Белаяр — аўтар кніг «Шчыт Персея» і «Расследаванні інспектара Сарвы». 

Паэзія ў «Маладосці» носіць болей рэалістычны характар. Гэта пацвярджаюць падборкі ўрача-ангіяхірурга з Мінска Зміцера Крэса («Я пуціны свае не кідаю...»), бібліятэкара з Салігоршчыны Ірыны Крывашлыкавай («Там жыве маладая вясна...»), дацэнта кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання факультэта журналістыкі БДУ Пятра Жаўняровіча («Шчасце табе адгукнецца»), настаўніка беларускай мовы і літаратуры з Полацка Іны МАРОЗ («Карункавы рукапіс»). 

Асобна ў кастрычніцкім нумары вылучаецца падборка твораў студэнтаў, якія займаюцца мастацкай літаратурай, — «БрамаМар». Пачатак гэтай падборкі быў у папярэднім нумары. У кастрычніцкім выступаюць са сваімі творамі Іван Мелаў, Вераніка Гормаш, Віталь Мінкоўскі. Усе яны выступаюць з празаічнымі тэкстамі. 

У раздзеле «Пераклады» — апавяданні англійскага пісьменніка Фрэдэрыка Джозэфа Марыета (1792 — 1848) у перакладзе студэнткі 5 курса Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Настассі Заяц. Дапамагала ёй рыхтаваць пераклады да друку кандыдат філалагічных навук, дацэнт Марына Макарыч

Кастрычніцкі нумар прапануе чытачу тэксты пра выяўленчае мастацтва і музыку, а таксама анкету «Калі б я быў галоўным рэдактарам...» Цікавым падаецца артыкул Лады Алейнік «Рамантык-ідэаліст», прысвечаны зборніку прозы Алеся Бадака «Ідэальны чытач». 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.