Вы тут

Стабільнасць, харчовая бяспека і кадравы патэнцыял


Менавіта так вызначыў складнікі поспеху свайго раёна яго кіраўнік Андрэй Санько. На гэтай пасадзе Андрэй Антонавіч працуе толькі другі год, але праца кіраўніка для яго не новая. Доўгі час ён узначальваў адну з самых паспяховых сельгаспадарак раёна — закрытае акцыянернае таварыства «Гудзевічы». Напрацоўкі ў сферы АПК новы старшыня імкнецца ўвасобіць і ў раённым маштабе. У першую чаргу, робіць акцэнт на развіцці аграпрамысловага комплексу. Сваім бачаннем АПК Андрэй Санько падзяліўся ў інтэрв’ю «Звяздзе» напярэдадні прафесійнага свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.


Фота  Мастоўскі райвыканкам.

— Андрэй Антонавіч, Мастоўскі раён можна назваць сельскагаспадарчым?

— Мастоўстоўшчына — сапраўды аграпрамысловы раён з развітой інфраструктурай. У нас сем сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Флагманы нашага раёна — ЗАТ «Гудзевічы» і ААТ «Чарлёна». Асноўныя напрамкі дзейнасці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў — раслінаводства і жывёлагадоўля. Сёлетні год можна назваць паспяховаым у рабоце гэтых галін.

— Абласныя «Дажынкі» на Гродзеншчыне звычайна прымяркоўваюцца да дня работнікаў сельскай гаспадаркі. Вы задаволены тым, як выглядаў раён на абласных «Дажынках», якія сёлета прайшлі ў Бераставіцы?

— Усе, вядома, чакалі свята. Аграрыі добра спрацавалі і заслужылі, каб іх ушанавалі. Добры вынік паказаў і Мастоўскі раён. Па ўраджайнасці ў нас пятае месца ў вобласці сярод сямнаццаці раёнаў. Мы бачым, куды рухацца і над чым працаваць.

— Я ведаю, што свята хлебаробаў было прыемным і для вас асабіста…

— Гэтыя «Дажынкі» былі асаблівыя. На фестывалі мне ўручылі медаль «За працоўныя заслугі». Указ быў падпісаны паўтара года таму, яшчэ падчас работы на пасадзе кіраўніка сельгасгаспадаркі. Але з-за хваробы тады не змог прысутнічаць на цырымоніі. Было вельмі прыемна атрымаць гэту ўзнагароду на такім агульным абласным форуме. Медаль уручыў Максім Рыжанкоў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Для мяне гэта вялікі гонар. Прыемна, калі твая праца не застаецца без увагі.

— Быць кіраўніком і гаспадаркі, і цяпер раёна, — складаная місія і абавязак…

— Работа няпростая. Працавітасць, дысцыпліна і прафесіяналізм, адказнасць і ўмела арганізаваная праца — усё гэта дасць станоўчы выйнік. Але трэба ўлічваць і тое, што працуеш з людзьмі. Кіраўнік дзяржавы дае такі пасыл: «Не трэба крыўдзіць людзей». Толькі пры такім раскладзе можна гаварыць пра зладжанасць. Людзям трэба ўдзяляць больш увагі.

— Кіраўнік краіны надае вялікае значэнне сельскай гаспадарцы. Як раён гэта адчувае?

— Сапраўды, гэты сектар эканомікі Прэзідэнт заўсёды трымае ў полі зроку. Адным з самых маштабных праектаў лічу будаўніцтва сучасных жывёлагадоўчых комплексаў. Калі б мы гадоў дзесяць таму не пайшлі па гэтым шляху, не развівалі гэты кірунак, не мелі б і такой магутнай перапрацоўкі. Сёння беларуская перапрацоўка — на сусветным узроўні. Якасць нашай прадукцыі прызнана ўсюды. І беларускі рынак — на любы густ.

Калі пачаўся санкцыйны ціск, у раёне гэта таксама адчулі. Бо мы завозім з Еўропы насенне кукурузы, цукровых буракоў, зерневых. Была некаторая рызыка, але паступова ўсё ўдалося ўладзіць. Пасяўная кампанія прайшла своечасова і ў поўным аб’ёме. Цяпер мы займаемся падрыхтоўкай да будучага года.

— Дзяржава падтрымлівае сельгасвытворцаў?

— Ідзе падтрымка ў плане набыцця паліва, мінеральных угнаенняў. Дзяржава дае аванс сельгаспрадпрыемствам. Пасля завяршэння ўборкі мы аддаём гэтыя сродкі, якія атрымалі авансам напярэдадні пасяўной. Да новага года мы павінны разлічыцца з дзяржавай.

Ёсць датацыі на вытворчасць прадукцыі. Для сельскай гаспадаркі характэрна сезоннасць, гэта не той канвеер, які стабільна працуе. Дзяржава дапамагае ўрэгуляваць затраты, каб яны не назапашваліся ў адным месцы. Добра працуюць лізінгавыя напрамкі, што дазваляе зрабіць закупку тэхнікі.

— Наколькі поспехі ў вытворчасці сельскай гаспадаркі можна звязаць з тэмай адраджэння сяла?

— Я ў сельскай гаспадарцы амаль 20 гадоў і бачу, як мяняецца сельская мясцовасць. Зрухі, безумоўна, ёсць. Яны звязаны з аспектам як вытворчым, так і з сацыяльным. У гаспадаркі прыходзіць тэхналагічнае абсталяванне, машыны. Будуюцца дамы і кватэры для работнікаў. Значны плюс многія работнікі бачаць у сацыяльным забеспячэнні, напрыклад, медыцынскае страхаванне. Вядома, тут таксама павінны быць нейкія ўмовы, напрыклад, стаж працы. Затое чалавек ведае, што ён зможа карыстацца платнымі медыцынскімі паслугамі, якія неабходна атрымаць. Гэта клопат кіраўніка, яшчэ — сацыяльныя пакеты. І гаспадаркі ідуць па гэтым шляху.

Між тым варта звярнуць увагу на праблему кадраў для сельскай гаспадаркі. Іх не хапае, хаця і зарплаты ў сельскай гаспадарцы пастаянна растуць.

— Я ведаю, што ў вас ёсць свой падыход да вырашэння кадравай праблемы. Будзеце распаўсюджваць гэты вопыт?

— Калі працаваў дырэктарам сельгаспрадпрыемства, часта бываў у мясцовай школе. Кіраўніцтва гаспадаркі цікавілася школьным жыццём, нам было важна, каб моладзь не пакідала малую радзіму. І зараз прадстаўнікі гаспадарак прысутнічаюць на школьных лінейках як на пачатку, так і ў канцы навучальнага года. Тых, хто прымаў удзел ва ўборачнай кампаніі, заахвочваюць прэміямі. Напрыканцы года выдатнікам вучобы, актывістам, спартсменам, удзельнікам алімпіяд таксама ўручаюцца грашовыя прэміі.

Важна дабіцца, каб у сельгаспрадпрыемствы раёна працаваць прыходзілі свае, мясцовыя. Для гэтага кіраўнікам трэба кантактаваць са школай, з сярэднімі і вышэйшымі навучальнымі ўстановамі сельскагаспадарчага профілю. Не проста зрабіць заяўку і чакаць, пакуль сюды прыедзе малады спецыяліст.

У раёне мы стварылі кадравую базу. На працягу пяці гадоў адсочваем сваіх выпускнікоў, куды яны паступілі. Гэта такая дапамога кіраўнікам, каб арыентавацца ў падборы кадраў. Яны бачаць, напрыклад, калі іх мастоўскі выпускнік завяршае вучобу. За год-два яму можна прапанаваць практыку, пазнаёміць з гаспадаркай. Тады ёсць верагоднасць, што будучы спецыяліст вернецца працаваць у свой раён.

Таксама мы робім стаўку на аграрныя класы. Гэты сегмент паціху раскручваецца. Зараз шчыльна займаемся гэтым кірункам. У раёне ў аграрных класах 37 чалавек. Лічу, што дзеці павінны знаеміцца з прадпрыемствамі раёна, каб зацікавіцца ў атрыманні накіравання для паступлення ў сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы.

— У раёне працуе заслужаны работнік сельскай гаспадаркі фермер Генрых Мыслівец. Як раён узаемадзейнічае з ім і як наогул развіваецца ў раёне гэты сектар?

— Гэта, на мой погляд, прагрэсіўны сектар. У Мастоўскім раёне зарэгістравана 22 фермерскія гаспадаркі. Нашы фермеры прымаюць удзел у семінарах, дзеляцца вопытам. Напэўна, няма ў Мастоўскім раёне таго чалавека, які б не ведаў Генрыха Валяр’янавіча Мысліўца, кіраўніка фермерскай гаспадаркі «Гарызонт», дэпутата Мастоўскага раённага і Гродзенскага абласнога Саветаў дэпутатаў, мецэната, сапраўднага чалавека ад зямлі — працавітага, шчодрага, па-сялянску мудрага і незвычайна сціплага.

Толькі сёлета ў нас было тры выязныя семінары ў фермерскую гаспадарку Генрыха Мысліўца. Нядаўна ён дзяліўся вопытам вырошчвання сланечніка: пакуль гэта новая культура ў раёне.

Зараз у яго амаль тры тысячы гектараў плошчы. Генрых Валяр’янавіч, разважаючы аб сакрэтах паспяховага фермерства, любіць гаворыць словамі Прэзідэнта, што ўсё залежыць ад нас саміх, самім трэба працаваць — тады і вынік будзе. Гэта яго прынцыповая пазіцыя, не раз пацверджаная жыццём.

Мы не супраць таго, каб перадаць землі фермерам. Галоўнае, каб яны не пуставалі, каб там не расло пустазелле. У цэлым фермеры нядрэнна працуюць, гэты сектар папаўняецца новымі фермерскімі гаспадаркамі. Я ўдзячны і фермерам, і кіраўнікам сельгасгаспадарак, якія імкнуцца развіваць свае прадпрыемствы, ісці наперад. Зараз час ідэй і іх рэалізацый. Мы можам самарэалізавацца на зямлі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.