Вы тут

Якія ваенныя спецыялісты дыктуюць правілы на полі бою


Днямі вайскоўцы адзначылі прафесійнае свята — Дзень ракетных войск і артылерыі. І калі артылерыя ўжо больш як 600 гадоў з'яўляецца надзейным шчытом любой арміі, то ракетныя войскі, здольныя наносіць удар разбуральнай сілы, вядуць сваё летазлічэнне з сярэдзіны мінулага стагоддзя. Без гэтага віду ўзбраення ўжо немагчыма ўявіць сучасную армію, якая клапоціцца аб суверэнітэце і тэрытарыяльнай цэласнасці. Сёння ракетныя войскі і артылерыя — неад'емная частка Узброеных Сіл Беларусі, адзін з асноўных гарантаў нацыянальнай бяспекі.


Начальнік факультэта ракетных войск і артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраення Ваеннай акадэміі палкоўнік Вадзім Рабаконь.

У чым перавага ракетнага і артылерыйскага ўзбраення як сродку баявога паражэння, якімі кампетэнцыямі павінны валодаць спецыялісты, што кіруюць высокадакладнай зброяй, і як адбываецца працэс навучання будучых ракетчыкаў і артылерыстаў — аб гэтым мы пагаварылі з начальнікам факультэта ракетных войск і артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраення Ваеннай акадэміі палкоўнікам Вадзімам Рабаконем..

— Вадзім Віктаравіч, артылерыю называюць богам вайны. Наколькі гэта красамоўнае параўнанне актуальнае сёння, у сувязі з ваеннымі канфліктамі сучаснасці?

— Роля артылерыі на сучасным этапе вельмі вялікая. Гэта дэманструе і спецыяльная ваенная аперацыя, якую праводзіць Расія, прыбіраючы пагрозу нацызму на Украіне. Мы бачым, што ракетныя войскі і артылерыя выконваюць да 70 % задач па агнявым паражэнні праціўніка, якія стаяць перад войскамі.

— Атрымліваецца, прафесія артылерыста як ніколі запатрабаваная?

— Запатрабавана ўвогуле прафесія афіцэра. Мы бачым, што ваеннаслужачаму па-ранейшаму ўласцівыя такія якасці, як абавязак, гонар, беззапаветнае служэнне сваёй Айчыне, здольнасць да самаахвяравання. І няважна, артылерыст ён, разведчык або інжынер. Прафесія афіцэра недзялімая. У арміі патрэбныя ўсе спецыялісты. І артылерысты — не выключэнне. Запатрабаванасць прафесіі дыктуюць рэаліі нашага жыцця. Аналіз ваенных канфліктаў мінулых гадоў паказвае, што ўсюды выкарыстоўвалася артылерыя. Тую ж спецыяльную ваенную аперацыю ва Украіне называюць вайной артылерыі: вялікая колькасць артылерыйскіх сістэм прымяняецца як з аднаго боку, так і з другога.

— Якія перавагі ў артылерыі на полі бою?

— Перш за ўсё гэта хуткасць і далёкасць агнявога паражэння. Натуральна, гэта і дакладнасць. Высокадакладная зброя ў сучасных ваенных канфліктах вельмі запатрабаваная, і для таго, каб звесці да мінімуму страты грамадзянскага насельніцтва, максімальна прымяняюць артылерыю. Гэта можна назіраць і на прыкладзе спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне.

— Ракетныя войскі заўсёды з'яўляліся стрымліваючым фактарам для праціўніка. Сёння іх функцыя па стрымліванні магчымай узброенай агрэсіі як ніколі навідавоку. Чаму, на ваш погляд, любая сучасная армія павінна валодаць гэтай зброяй?

— Функцыю стрымлівання выконваюць стратэгічныя ракеты ядзернага паражэння. У нас ядзернай зброі няма. Аднак у нас ёсць сістэмы, якія валодаюць значнымі характарыстыкамі і могуць выконваць задачы на істотнай адлегласці. На далёкасці 300 кіламетраў ажыццяўляе пускі рэактыўная сістэма залпавага агню «Паланэз», на далёкасці 120 кіламетраў — «Точка-У». Безумоўна, гэта стрымліваючы фактар. У выпадку нападзення на нашу тэрыторыю мы не будзем сядзець, а выкарыстаем усе віды ўзбраення для таго, каб гэты канфлікт скончыць. Не кожная армія можа сабе дазволіць мець такую зброю.

— Адпаведна, валодаць такімі высокадакладнымі ўстаноўкамі і сістэмамі можа і не кожны ваеннаслужачы. Гэтых вузкіх спецыялістаў рыхтуе менавіта ваш факультэт. Ці кожны курсант здольны асвоіць суперсучасную тэхніку?

— Падчас паступлення на факультэт ракетных войск і артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраення маладыя людзі здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне па адной з дзяржаўных моў, па матэматыцы і фізіцы. Улічваецца і сярэдні бал атэстата. Акрамя таго, нашы курсанты праходзяць прафесійны адбор, які выяўляе пэўныя схільнасці маладога чалавека да таго ці іншага віду дзейнасці. Каб паглядзець, на што яшчэ здольны абітурыент, праводзім і фізічныя выпрабаванні. Кожны малады чалавек здольны асвоіць нашы спецыяльнасці, якіх дзве: кіраванне падраздзяленнямі ракетных войск і артылерыі, а таксама эксплуатацыя радыётэхнічных сістэм (артылерыі). Адбываецца навучанне і па спецыяльнасці «Эксплуатацыя наземных сістэм узбраення». Такім чынам, акрамя таго, што мы рыхтуем спецыялістаў, якія непасрэдна прымяняюць гэтую зброю, ажыццяўляем і навучанне будучых афіцэраў, якія арганізоўваюць рамонт не толькі нашага, а і ўсяго ўзбраення беларускай арміі.

У цэлым артылерысту, каб асвоіць суперсучасную тэхніку, неабходна валодаць матэматычным складам розуму, умець хутка прымаць рашэнні. Ракетнага ўзбраення становіцца ўсё больш. Курсант не ў стане будзе вывучыць і артылерыйскія, і ракетныя ўзоры зброі. Таму мэтазгодна, што ў наступным годзе адна спецыяльнасць — «Кіраванне падраздзяленнямі ракетных войск і артылерыі» — будзе мець дзве прафілізацыі. Адны будуць вывучаць ракетную тэматыку, другія — артылерыю. На агульных прадметах курсанты будуць навучацца разам. Увогуле, артылерыя — калектыўная зброя. Калі адзін замарудзіўся або памыліўся, то, натуральна, снарад паляціць не туды. Ёсць такое паняцце, як узаемазамяняльнасць. Курсантаў навучаюць так, каб у выпадку выпадзення кагосьці з разліку, за выключэннем механіка-кіроўцы, яго маглі замяніць.

— Каб авалодаць любой прафесіяй, неабходна практыка. Наколькі навучанне на факультэце практыкаарыентаванае?

— Першая наша спецыяльнасць — камандная. Яна больш як на 70 % нясе практычную скіраванасць. Безумоўна, навучанне на факультэце пачынаецца з тэарэтычных заняткаў. У выніку лекцыйныя заняткі пераходзяць у практычную частку. У нас ёсць свае імітацыйныя сродкі, якія замяняюць рэальную стральбу боепрыпасамі. Двойчы на год мы выязджаем трэніравацца на Асіповіцкі палігон 51-й артылерыйскай брыгады, дзе з рэальных гармат, мінамётаў выконваем баявыя задачы. Аднак перш чым выехаць на вялікія палігоны і прадэманстраваць свае ўменні на сапраўдным узбраенні, курсанты трэніруюцца на імітацыйных сродках на малых артылерыйскіх палігонах. Для курсантаў, якія асвойваюць камандную спецыяльнасць, усе практыкі і стажыроўкі праводзяцца ў войсках. Практычна чатыры месяцы з дзесяці яны знаходзяцца ў баявых падраздзяленнях. Курсанты, якія навучаюцца па спецыяльнасці «эксплуатацыя радыётэхнічных сістэм артылерыі», практычным заняткам удзяляюць каля 60 % навучальнага часу.

— Наша армія не стаіць на месцы. У тым ліку развіваюцца ракетныя войскі і артылерыя. Наколькі хутка ў навучальны працэс укараняюцца кампетэнцыі, запатрабаваныя ў войсках?

— У нагу з часам мы ідзём і робім гэта вельмі дынамічна. Дапусцім, прыняты на ўзбраенне мінамёт 2Б24. Яго толькі прынялі, а мы ўжо аформілі заяўку для таго, каб яго атрымаць і пачынаць навучанне. Не даюць стаяць на месцы і ваенныя канфлікты сучаснасці. Баявыя дзеянні ў Сірыі, спецыяльная ваенная аперацыя ва Украіне — ёсць цікавыя тэндэнцыі з тактычнага пункту гледжання, з пункту гледжання кіравання агнём. У прыватнасці, спецыяльная ваенная аперацыя паказвае, што ў сучасных баявых дзеяннях вельмі запатрабаваныя беспілотныя лятальныя апараты: яны валодаюць той інфармацыяй, якая неабходная для нанясення паражэння праціўніку. Нашы выкладчыкі ўжо прайшлі навучанне на беспілотных лятальных апаратах верталётнага тыпу і ўжо выконвалі задачы па выкарыстанні квадракоптараў як сродку для засечкі цэлі, назірання вынікаў агнявога паражэння і карэкціроўкі агню. Спецыяльная ваенная аперацыя ўнесла пэўныя карэктывы ў навучанне артылерыстаў і ракетчыкаў. Усе сучасныя тэндэнцыі вядзення бою ўкараняюцца ў навучальную праграму

— А як ідзе асваенне курсантамі «жамчужыны» айчыннага ваенпрама — рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Паланэз»?

— Вывучаюць тэорыю тут, у сценах Ваеннай акадэміі, а на практычныя заняткі выязджаюць туды, дзе стаяць сістэмы залпавага агню. Гэта не проста разавы занятак, а двух-трохтыднёвае навучанне. Асвойваючы «Паланэз», там жа яны вывучаюць і рэактыўную сістэму залпавага агню «Смерч», і тактычны ракетны комплекс «Точка-У», хоць гэтыя віды ўзбраення знаходзяцца і ў нас. Аднак абмен вопытам дзеючых афіцэраў з выкладчыкамі акадэміі нішто не заменіць. Навучанне ідзе ў тых воінскіх часцях, дзе стаяць на ўзбраенні нашы сістэмы.

— Ці здольныя іх засвоіць дзяўчаты?

— Дзвюх дзяўчат мы ўпершыню набралі на факультэт сёлета. Праўда, на спецыяльнасць, звязаную з эксплуатацыяй наземных сістэм узбраення. Дагэтуль дзяўчаты ў нас не навучаліся. Спецыфіка нашай прафесіі — артылерыста або ракетчыка — не прадугледжвае жаночай рукі. Калі жанчына-сувязістка — гэта больш прывычна, то артылерыстка або ракетчыца — ужо незвычайна. Можа быць, мы памыляемся.

— Магчымасці артылерыі і ракетных войск красамоўна адказваюць на меркаванні некаторых заходніх і заакіянскіх экспертаў, якія любяць разважаць на тэму, ці будзе трэцяя сусветная вайна...

— Напружанасць, якая цяпер прысутнічае ў свеце, магчыма, нават больш сур'ёзная, чым у часы халоднай вайны. Усе добра разумеюць: тое, што адбываецца на тэрыторыі нашай паўднёвай суседкі, — гэта, па сутнасці, вайна супраць Расіі не проста Украіны, а вайна блоку НАТА. Іх выказванне — ваяваць да апошняга ўкраінца — абсалютна праўдападобнае. Аднак, націснуўшы кнопку ядзернай зброі ў адной краіне, адбудзецца неадкладны адказ з іншага боку. І гэта будзе крах нашай цывілізацыі. Хочацца спадзявацца, што розум зможа пераважыць і трэцяй сусветнай вайны не будзе.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.