«У гэтых караваях сямі палёў пшаніца, сямі вадзіц крыніца. На шчырасці замешаны і на сяброўстве печаны», — з такімі словамі жанчыны з аматарскага аб'яднання «Чараўніцы-каравайніцы» знаёмілі са сваімі гасцявымі і кулінарнымі традыцыямі на рэспубліканскай выстаўцы па нематэрыяльнай спадчыне, якая ладзілася ў Музеі гісторыі горада Мінска. Жанчынам даручылі сустрэць удзельнікаў міжнароднага семінара «Захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны краін СНД у кантэксце глабальных выклікаў».
Такая маштабная, агульнарэспубліканская выстаўка, падчас якой на адной плошчы была прадстаўлена інфармацыя, якая датычыцца захавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны, у Беларусі праходзіць упершыню. Звычаі, святы, традыцыі, веды і навыкі, рамёствы прадстаўлялі носьбіты, удзельнікі народных калектываў і дамоў культуры, народныя майстры, музейныя супрацоўнікі. Яны распавядалі пра элементы, уключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных нематэрыяльных каштоўнасцяў Беларусі. Дарэчы, сёння ў яго ўнесена 164 аб'екты, за якімі стаіць больш за тысячу носьбітаў.
Кожная вобласць старалася максімальна разнастайна паказаць свае народныя скарбы. Толькі Гродзеншчына прадставіла 18 элементаў нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці. Сярод іх сапоцкінскія пісанкі — адметная традыцыя распісвання велікодных яек з чорна-белым узорам. Фарба на працягу трох месяцаў настойваецца на кары дубу і жалезных цвіках. Па-свойму, пры дапамозе сухіх кветак, на Гродзеншчыне ўпрыгожвалі галінкі вярбы. Мастоўскі раён прадставіў падвойнае ткацтва. У гэтай тэхніцы выконваюцца нават сучасныя габелены з выявамі архітэктурных помнікаў. Спецыяліст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Дыдышка збірала матэрыял, які тычыцца традыцый, пакінутых нам продкамі, і аднавіла вясельныя касцюмы. Простае двухнітовае ткацтва, якое зберагаецца ў Ваўкавыску, дае ўяўленне аб тым, з якой тканіны яшчэ нашы бабулі і дзядулі рабілі адзенне...
На выстаўцы адбываліся і майстар-класы. Так, можна было паспрабаваць разам з народным майстрам Наталляй Клімко з Навагрудчыны зрабіць выбіванку — незвычайную выцінанку, якая не выразаецца нажнічкамі, а менавіта выбіваецца пры дапамозе малаточка і долата. Майстры з Дрыбіншчыны вучылі плесці лапці з лыка. Гаспадыні з Маларыты спецыяльна для выстаўкі прывезлі грачаны хлеб. Традыцыя яго выпякання ў Дзяржаўным спісе нематэрыяльных каштоўнасцяў замацавана ў 2020 годзе. Без грачанікаў у Маларыцкім раёне не абыходзіцца ніводная ўрачыстасць. Іх пякуць на вяселлі і юбілеі. А ў гады вайны менавіта рэцэпт бабуль дапамог мясцовым жыхарам выжыць, бо іншага зерня ў той час не хапала. Першая ж згадка пра выпяканне з грэчневай мукі адносіцца да ХVІІІ стагоддзя!
Са сваім хлебам на выстаўку прыбылі і госці з Любаншчыны. Традыцыя выпякання тут не перарывалася ніколі. Нават у савецкія часы, калі ржаную муку (а, па мясцовых рэцэптах, яна абавязкова дадаецца ў цеста), немагчыма было здабыць, жанчыны куплялі жытні хлеб, размочвалі яго, змешвалі з цестам і перапякалі на свой густ. Сёння традыцыя выпякання хатняга хлеба захоўваецца ў вёсках Кузмічы і Жораўка Любанскага раёна, але паступова рэцэпты пераймаюць гаспадыні і з іншых населеных пунктаў. Ужо гараджане спрабуюць яго выпякаць дома і нават кладуць у духоўку маленькія кавалачкі цэглы — каб дадаць хоць крыху «пячнога» паху.
Выстаўка была багатай на цікавыя сустрэчы. Так, абрад «Калядныя цары», унесены ў сусветны спіс нематэрыяльнай спадчына ЮНЕСКА, прыехалі прадстаўляць былыя «цары» Максіміліян і Мамай, дакладней, мужчыны, якія выконвалі іх ролі, калі ў 1996 годзе абрад пачаў аднаўляцца. З якой радасцю і ўдзячнасцю яны віталі сваю «хросную маці» Таццяну Кухаронак. Менавіта дзякуючы дапамозе гэтай вучонай з Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі ўнікальны абрад Міншчыны быў адроджаны і прызнаны на міжнародным узроўні. Семежава славіцца і сваімі ткацкімі традыцыямі. Так, адвеку тут рабілі чырвона-белыя ручнікі ў тэхніцы закладнога ткацтва. Асноўны ўзор закладаўся так званымі матрушкамі — наматанымі ніткамі, а белае палатно ткалася ў шахі (асаблівае перапляценне). Кожны ўзор меў сваю назву (сёння вядома каля 20): «арол», «дзяды», «арловы ножкі», «белая зорка», «парогі», «бярозавы лісток», «грабяні», «лупач».
У экспазіцыі можна было пабачыць копію абраза з Будслава, мотальскі вясельны каравай, жлоб — адметную батлейку з Віцебшчыны, саламяны і ганчарныя вырабы, выцінанкі, даведацца пра абрады, рамёствы і практыкі, у тым ліку пра тэхніку вырабу прыпяцкага чаўна, якая ў гэтым годзе ўвайшла ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
Дарэчы, выстаўка ладзілася ўжо напрыканцы міжнароднага навукова-практычнага семінара, прысвечанага захаванню нематэрыяльнай культурнай спадчыны, арганізатарам якога выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД. Госці з Арменіі, Казахстана, Кыргызіі, Узбекістана, Таджыкістана не хавалі эмоцый, казалі што яны «патанулі» ў гэтым моры любові да нацыянальных традыцый і ведаў; пазначалі для сябе цікавыя падыходы па ахове спадчыны, прыкмячалі, чым падобныя і чым розняцца народныя традыцыі.
Шмат адкрыццяў госці зрабілі і падчас канцэрта «Традыцыі і пераемнікі», які напярэдадні прайшоў на базе аднаго з арганізатараў мерапрыемства — Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, куды прыехалі аўтэнтычныя і дзіцячыя ды маладзёжныя калектывы з розных рэгіёнаў краіны. Дарэчы, такая прэзентацыя спеўнай, танцавальнай і абрадавай спадчыны ў Беларусі зноў-такі ладзілася ўпершыню. Народны фальклорны ансамбль «Галасы Спадчыны» з Полацкага раёна прадставіў характэрнае толькі для іх рэгіёна выкананне купальскіх і жнівеньскіх песень у перахлёст. Фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Таняжанка» выканаў народную заклінальную песню, запісаную ў Лельчыцкім раёне ад жанчыны 1911 года нараджэння. Носьбітамі нематэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці — абраду «Правідэмо зіму» — з'яўляюцца жыхары вёскі Пінкавічы.
А яшчэ ўдзельнікі канцэрта пазнаёмілі гасцей з абрадам «Провады русалкі» і «Куры» (у апошнім на Каляды ўдзельнічалі дзяўчынкі да 14 гадоў, якія з песнямі абходзілі вясковыя двары і жадалі дабрабыту гаспадарам). Беларускія песні і танцы разам з народнымі калектывамі прадстаўлялі студэнты ўніверсітэта культуры.
Галоўныя задачы семінара, які сабраў даследчыкаў у галіне аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны краін СНД, — пошук шляхоў захавання здабыткаў, якія стагоддзямі назапашваліся народам, пашырэнне рэгіянальнага супрацоўніцтва ў галіне іх захавання і папулярызацыі, што будзе спрыяць падтрымцы культурнай разнастайнасці і развіццю міжкультурнага дыялогу.
Беларускія ўдзельнікі семінара адзначылі, што сёння ў краіне шмат робіцца для захавання, фіксацыі, вывучэння, перадачы, а таксама прымнажэння гісторыка-культурных каштоўнасцяў і традыцый, якія з'яўляюцца сімвалам нацыянальнай ідэнтычнасці, своесаблівым кодам беларускай нацыі. І тут справа не абмяжоўваецца толькі падтрымкай носьбітаў, важную ролю пачынае адыгрываць адукацыя. Важна як перадаваць дзецям веды ў цэнтрах дадатковай адукацыі, так і інтэграваць у вучэбныя праграмы навучальных устаноў. Пашырэнне традыцыйных ведаў адбываецца і дзякуючы фестывалям народнай творчасці, стварэнню нацыянальна-культурных брэндаў, распрацоўцы новых экскурсійных маршрутаў. І, тым не менш, у галіне аховы нематэрыяльнай спадчыны яшчэ багата праблем.
«Урбанізацыя, старэнне насельніцтва альбо суб'ектыўныя, неабдуманыя рашэнні нясуць пэўную небяспеку і рызыку, што можа пагражаць захаванасці альбо пераемнасці традыцый, ведаў, навыкаў і ўменняў», — заўважыў кансультант аддзела арганізацыі аховы і ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцяў упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры РБ Генадзь Ходар.
Загадчыца аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Таццяна Валодзіна прывяла прыклад, як няведанне пэўных абрадаў можа пагражаць іх знікненню. Напрыклад, такая пагроза ўзніла ў дачыненні ўшанавання «каменных дзевачак». Спрадвеку ў некаторых беларускіх вёсках было прынята апранаць каменныя крыжы, у выніку чаго тыя нагадвалі жаночыя фігуры. Калі раней пры царкве служылі людзі, знаёмыя з мясцовымі традыцыямі і паданнямі, якія спакойна ставіліся да падобных народных практык, то сёння новыя святары, якія арыентуюцца выключна на ўласныя царкоўныя веды, спрабуюць спыніць абрады, якія ім падаюцца паганскімі, загадваюць прыбіраць убранні з камянёў. Насамрэч за кожным абрадам стаіць гісторыя пэўнага рэгіёна, уклад жыцця, гісторыі і мары розных пакаленняў, павага да спадчыны, якая перадавалася ад дзядоў, пошук самаідэнтыфікацыі жыхароў менавіта гэтай мясцовасці. Таму так важна папярэджваць падобныя канфлікты.
Сур'ёзнай праблемай для захавання пэўных абрадаў з'яўляецца памяншэнне вясковага насельніцтва. Нематэрыяльная спадчына можа знікаць, калі адыходзяць носьбіты. Часам і празмерная ўвага да абрадаў таксама можа несці пагрозу. Важна, каб рэканструктары не прыпісвалі аб'ектам сэнсаў, якіх раней не было, не ладзілі касцюмаваных шоу і канцэртаў у мясцінах, якія продкі ўшаноўвалі, лічылі святымі. Натоўпы турыстаў могуць прынесці шкоду і прыродзе.
Сёння ў Беларусі вялікая ўвага ўдзяляецца перадачы ведаў, навыкаў і ўменняў дзецям. Але як завабіць малых на заняткі, напрыклад, саломапляценнем, калі існуе столькі навамодных сучасных гурткоў накшталт ІТ і робатэхнікі? Уключэнне ў ахоўны спіс таксама можа спрыяць росту цікавасці да традыцыйных заняткаў. Так, сёння малым можна сказаць, што яны робяць з саломкі аб'екты нематэрыяльнай спадчыны, а не проста саламяных павукоў ці лялек. Традыцыі саломапляцення на Беларусі, якія ўжо ўваходзяць у дзяржаўны ахоўны спіс, пададзены для ўключэння ў спіс сусветнай культурнай спадчыны, і ў найбліжэйшы час гэта заяўка будзе разглядацца на 17-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
«Залатая падаплёка крылаў... »
АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.