Вы тут

Аб аспектах сваей работы расказала парламентарый Валянціна Бегеба


Як вядома, вялікая частка работы парламентарыя праходзіць у яго акрузе. Сёння менавіта пра гэта размова з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Пінскай сельскай выбарчай акрузе №15 Валянцінай Бегебай.


— У Год гістарычнай памяці асаблівая ўвага надаецца памятным, ваенна-патрыятычным мерапрыемствам. Якія вы наведалі апошнім часам, што робіцца ў акрузе па захаванні памяці?

— У кастрычніку мы ўсе смуткавалі з прычыны 80-годдзя знішчэння Пінскага гета. На мітынгу сабралася шмат людзей, што і нядзіўна. Пінская зямля шчодра паліта крывёй абаронцаў Айчыны ў розныя перыяды гісторыі. Але яшчэ больш наша зямля прыняла праху пакутнікаў ваеннага ліхалецця. Гэта мірныя, ні ў чым не павінныя ахвяры вайны, якіх пазбавілі права жыць і працягваць свой род. Самыя страшныя падзеі адбываліся на Піншчыне падчас Другой сусветнай вайны, калі наш край аказаўся пад акупацыяй нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яны ўчынілі сапраўдны тэрор мірнага насельніцтва і генацыд біблейскіх маштабаў. Дастаткова сказаць, што на Піншчыне было забіта больш людзей, чым пражывала ў горадзе да вайны. Паводле найноўшых даследаванняў, у рэгіёне карнікамі забіта каля 72 тысяч людзей розных нацыянальнасцяў, у тым ліку ваеннапалонных.

Тыя калектыўныя жахі і асабістыя трагедыі, якія адбываліся ва ўрочышчы Добрая Воля, сёння цяжка ўявіць чалавеку, які жыве пад мірным небам Беларусі. Вывучэннем усяленскай трагедыі, якую захопнікі цынічна называлі аперацыяй па ліквідацыі Пінскага гета, займаліся вучоныя і даследчыкі розных краін і пакаленняў. Але сёння гэтаму ваеннаму злачынству беларускай дзяржавай удзяляецца асаблівая ўвага. Гэта не толькі выклік часу, але і запыт беларускага грамадства. Наш агульны абавязак — не дазволіць сцерці памяць пра загінулых ды нявінна забітых і не дапусціць паўтору чорных старонак гісторыі мінулага.

— Што ж, на ваш погляд, трэба рабіць у першую чаргу для захавання памяці?

— Трэба гаварыць з моладдзю, паказваць на прыкладах з гісторыі, што такое фашызм, нацызм, што рабілася на нашай зямлі ў 40-х гадах мінулага стагоддзя. У гэтым сэнсе асаблівую ролю бачу ў рабоце музеяў, клубаў, грамадскіх арганізацый. Летась, напрыклад, на базе ДТСААФ у Пінску быў арганізаваны клуб «Палескі салдат». Яго арганізатар, сапраўдны энтузіяст гісторыі свайго краю Аляксандр Антаноўскі зрабіў цікавую экспазіцыю артэфактаў, якія знойдзены на тэрыторыі раёна. Сярод іх, напрыклад, каска байца Чырвонай арміі перыяду Вялікай Айчыннай вайны, прадметы часоў Першай сусветнай. Вывучэнне гісторыі кіраўнік клуба наладзіў з моладдзю менавіта вакол такіх вось экспанатаў. І падлеткі цягнуцца сюды, захапляюцца гісторыяй, вывучаюць яе не фармальна, а з цікавасцю, з энтузіязмам, якім дзеліцца з імі кіраўнік ваенна-гістарычнага клуба.

— Вы наведваеце моладзевыя аб'яднанні, грамадскія арганізацыі, працуеце з насельніцтвам у розных формах. А на прыёмах аб чым людзі гавораць з дэпутатам, на што скардзяцца ці больш прапануюць?

— За перыяд маёй работы ў акрузе было праведзена каля трох дзясяткаў асабістых прыёмаў, на якія прыйшло 460 грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб. Разгледжана таксама 135 зваротаў грамадзян, у тым ліку пісьмовых, вусных, электронных. Пытанні ўздымаюць вельмі розныя — ад змяненняў у заканадаўстве да работы таго ці іншага ўчастка камунальнай гаспадаркі. Напрыклад, на апошнім прыёме, які адбыўся 14 лістапада, таксама прагучала прапанова па змяненнях у дзеючае заканадаўства. Таксама былі просьбы па шэрагу бытавых пытанняў. Усім грамадзянам дадзены адпаведныя адказы. Такія прамыя кантакты з выбаршчыкамі вельмі важныя, людзі прыходзяць з тым, што хвалюе. Калі падчас прыёму вымалёўваецца праблема, вырашаць яе стараемся сумесна з выканаўчымі органамі ўлады.

— Такім чынам, можна зрабіць выснову, што ў акрузе вы працуеце ў цесным кантакце з выканаўчымі органамі ўлады...

— А таксама з Саветамі ўсіх узроўняў, грамадскімі арганізацыямі, кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый. Гэта дазваляе бачыць, ацэньваць, вызначаць дзейснасць прынятых заканадаўчых актаў, іх уздзеянне на развіццё тэрыторыі і паляпшэнне жыцця людзей, а таксама вырашаць актуальныя праблемы, якія агучваюць людзі на прыёмах. Таму я заўсёды, калі ёсць магчымасць, бываю на пасяджэннях райвыканкама. Скажам, на пасяджэнні 14 лістапада гаварылі пра меліярацыю земляў.

Пінскі раён, дарэчы, мае самы высокі ўзровень меліярацыі ў краіне. У раёне разумеюць, што меліярацыя сёння — адна з задач дзяржаўнай важнасці. Каб падтрымліваць высокі ўзровень урадлівасці земляў, трэба ўтрымліваць іх у парадку за кошт своечасовага і дакладнага правядзення культуртэхнічных работ. Таму планавыя меліяратыўныя работы ў раёне заўсёды пад жорсткім кантролем выканаўчай улады. У тым ліку і адсюль — вялікая аддача, добрыя паказчыкі.

— Наколькі мне вядома, вы, Валянціна Канстанцінаўна, цёпла павіншавалі землякоў-аграрыяў з прафесійным святам. Што асабліва радуе ў сельскай гаспадарцы акругі?

— Заўсёды нагадваю словы нашага Прэзідэнта пра тое, што збожжа ў цяперашніх умовах — гэта сусветнае золата. Апошняе датычыцца і нашага раёна, які ўносіць значны ўклад у агульную скарбніцу. Сельская гаспадарка — вядучая галіна эканомікі раёна. 19 сельгаспрадпрыемстваў і 102 фермерскія (сялянскія) гаспадаркі вырошчваюць хлеб, іншыя сельгаскультуры, пастаўляюць дзяржаве малако і мяса. Аграрны сектар увесь час развіваецца. Толькі сёлета завершана будаўніцтва сучасных высокапрадуктыўных ферм ў гаспадарках «Ахова» і «Лагішын», завяршаецца рэканструкцыя малочна-таварнай фермы ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Пачапава». Сёння Пінскі раён лідзіруе ў Беларусі па вырошчванні буйной рагатай жывёлы. Агульнае яе пагалоўе набліжаецца да ста тысяч. У Пінскім раёне працуе самы высокапрадукцыйны свінакомплекс краіны. Гэта комплекс «Бакінічы», які за дзесяць месяцаў сёлета выпусціў без малога чатыры тысячы тон прадукцыі. Другі такі комплекс узводзіцца ў раёне вёскі Вялікія Дзіковічы.

Збожжа сабралі таксама дастойны ўраджай, яго вал перавысіў 106 тысяч тон. У Пінскім раёне знаходзіцца самая вялікая ў Еўропе плантацыя журавін, закладзены новыя фруктовыя сады. Так што, наш рэгіён не толькі забяспечвае суайчыннікаў, шмат чаго можа прапанаваць на экспарт.

— А наладжванню міжнародных сувязяў спрыяе ў тым ліку і Палата прадстаўнікоў. Вы ўдзельнічалі ў рабоце з дэлегацыяй з Ніжняга Ноўгарада. Ці можна гаварыць пра пэўныя вынікі?

— Такая работа зараз надзвычай актуальная. Па ініцыятыве Палаты прадстаўнікоў адбыўся візіт у нашу краіну дэлегацыі ўрада Ніжагародскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Названая дэлегацыя 26 кастрычніка наведала Пінск. Асноўнай мэтай візіту было наладжванне ўзаемавыгадных сувязаў. Расійскія госці наведалі Пінскае сельскагаспадарчае аддзяленне прадпрыемства «Белкаапфутра», Пінскі вінаробчы завод, «Завод Белмедінструменты», сельгасарганізацыі «Пачапава» і «Палескія журавіны».

У нашай гутарцы за круглым сталом пасля наведванняў аб'ектаў кіраўнік дэлегацыі Андрэй Дудкін адзначыў, што пасля гэтага азнаямленчага візіту сюды прыедуць бізнесмены з Ніжагародскай вобласці і правядуць камерцыйныя перамовы. Запыт у бізнес-супольнасці ёсць. А беларускую прадукцыю — мясную, малочную, кандытарскую — у Расіі ведаюць і любяць. І вось 16 лістапада адбыўся другі візіт прадстаўнікоў Ніжагародскай вобласці. Значыць, работа атрымала добры імпульс і рухаецца ў патрэбным накірунку.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.