Вы тут

Палац Рэспублікі і Прэзідэнцкі аркестр адзначаюць юбілеі


Сёлета сваё 25-годдзе адзначае дзяржаўная ўстанова «Палац Рэспублікі», і 20 гадоў спаўняецца Прэзідэнцкаму аркестру Рэспублікі Беларусь. Дзве юбілейныя даты адзначаць 25 лістапада вялікай канцэртнай праграмай з удзелам вядомых артыстаў. А вось пра адметныя старонкі сучаснага існавання двух калектываў іх прадстаўнікі расказалі на сённяшняй сустрэчы ў Нацыянальным прэс-цэнтры.


На сённяшні дзень Палац Рэспублікі — шматпрофільная структура, якая не толькі прадастаўляе магчымасці Вялікай і Малой залаў, але гэта яшчэ і адно з буйнейшых канцэртных агенцтваў, якое праводзіць мерапрыемствы ўласнай вытворчасці. Тут працуе каля 400 чалавек і, як адзначае дырэктар канцэртнай установы, усіх іх аб’ядноўвае любоў да месца, у якім працуюць.

— Юбілейныя даты былі ў нас і раней, але на гэты раз мы вырашылі дадаць крыху сімвалізму і адзначыць іх 25 лістапада. Святкаванне будзе яркім. Дзвюхгадзінны канцэрт з удзелам зорак, маладых выканаўцаў. Вельмі прыемна, што на наша запрашэнне адгукнуліся ў тым ліку і расійскія артысты, з якімі ў нас сяброўскія адносіны. Некаторыя нават змянілі свае гастрольныя графікі, каб прыехаць і быць разам з намі ў такі дзень, — дзеліцца дырэктар ДУ «Палац Рэспублікі» Максім Прыхадоўскі. — Некалі мы пачыналі з невялікіх мерапрыемстваў, якія праходзілі ў Малой зале. І вось на працягу свайго дынамічнага развіцця Палац Рэспублікі стаў адным са значных арганізатараў мерапрыемстваў не толькі на пляцоўках нашай установы, але і ў Мінск-Арэне, Палацы спорту і іншых, прычым як у нашай краіне, так і за яе межамі. Палац Рэспублікі за чвэрць стагоддзя ні на імгненне не спыніў сваю дзейнасць. Мы супрацоўнічаем не толькі з замежнымі артыстамі, але актыўна працуем і з беларускімі. Увогуле наша філасофія — стварэнне камерцыйна цікавага прадукту шоу-бізнеса для нашага гледача.

Аднак асаблівы гонар для канцэртнай установы — тое, што ў іх штаце сёння працуе Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь. Прычым, як адзначыў суразмоўца, гэты заслужаны калектыў — сёння адзіны пратакольны аркестр у свеце (да гэтага быў Лонданскі сімфанічны аркестр, што лічыўся каралеўскім і вёў пратакольныя мерапрыемствы), які таксама займаецца арганізацыяй і правядзеннем канцэртных мерапрыемстваў, не звязаных з пратаколам.

— Гэта вельмі важны нюанс, бо кожнаму музыканту хочацца развівацца. І ў аркестры мы пачалі ствараць той музычны прадукт, які сёння запатрабаваны на рынку. Рознажанравыя праграмы прадстаўляем у Вялікай зале. Ёсць нават пастаянныя наведвальнікі, хто ходзіць непасрэдна на Прэзідэнцкі аркестр. У пэўнай меры — гэта і вынік нашай зваротнай сувязі праз сацыяльныя сеткі, рэпутацыя, што напрацоўвалася за працяглы час, — зазначае Максім Анатольевіч.

Што датычыцца тэхнічнага складніка, то ў Палацы Рэспублікі на сённяшні дзень гэта больш 400 кв. м. светадыёдных экранаў, навейшая тэхнічная база, якая дазваляе быць пляцоўкай як для спецыяльных дзяржаўных мерапрыемстваў, так і месцам для правядзення канцэртаў артыстаў самых розных узроўняў. Вядома, з улікам пандэміі канцэртаў замежных артыстаў стала менш, але працу ў гэтым напрамку ўсё роўна працягваюць. Аднак усё ж найбольшы акцэнт робіцца сёння тут на супрацоўніцтва з беларускімі артыстамі. У прыватнасці, што тычыцца моладзі, то даволі гучна і паспяхова зарэкамендаваў сябе праект «Новае імя». У рамках яго прайшлі канцэрты Ганны Трубяцкой і Мікіты Бялько, вядомых шырокай публіцы па ўдзеле ў розных вакальных спаборніцтвах. Чакаецца тут і працяг, але ж пакуль імя артыста, чый канцэрт стане трэцім у гісторыі праекту, арганізатары не называюць, толькі адзначаюць, што пройдзе ён у вялікай зале. Актыўную працу Палац Рэспублікі вядзе і з топавымі беларускімі артыстамі, у ліку якіх Алена Ланская, Ірына Дарафеева, ансамбль «Песняры» і многія іншыя. І тая акалічнасць, што выступленні адбываюцца ў суправаджэнні заслужанага калектыву — адзнака якасці кожнага з іх.

— Я прыйшоў у гэты калектыў трэцім патокам. І назіраючы за тым, што робіць кіраўнік дзяржавы, які падпісаў распараджэнне аб стварэнні Прэзідэнцкага аркестра, я разумеў, што нам, маладым артыстам, музыкантам, выпускнікам вядучых ВНУ, якія вытрымалі конкурс у аркестр, выпаў вялікі гонар і вялікая адказнасць — нам дасталася самая галоўная музычная пляцоўка — залы Палаца Рэспублікі, дзе мы паспяхова выступаем ужо дваццаць гадоў, — адзначае галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь Віталь Кульбакоў. — Дзякуючы гэтай падтрымцы мы, маладыя беларускія музыканты, атрымалі каласальны вопыт, працуючы з артыстамі як замежнай, так і беларускай эстрады. Сёння заслужаны калектыў здольны выканаць любую музычную мастацкую задачу. Яму падуладныя ўсе стылі і жанры. І тое стала магчымым, дзякуючы нашай працы з такімі майстрамі, як Эніа Марыконэ, Дзмітрый Хварастоўскі, Мішэль Легран і іншымі. Працуючы з такімі вялікімі музыкантамі, мы ўбіралі ў сябе ўсё тое найлепшае, што яны нам аддавалі.

У планах калектыву працягваць рэалізоўвацца ў розных напрамках, але ў прыярытэце, вядома, праца, якая дазваляе падтрымліваць сваё, беларускае музычнае мастацтва і артыстаў, а таксама стварэнне канцэртных праграм, якія будуць цікавыя іх аўдыторыі. Напрыклад, ёсць жаданне працягваць лінейку рокавых канцэртаў, сканцэнтраваўшыся менавіта на расійскім яго сегменце.

Сіламі канцэртнай установы і Прэзідэнцкага аркестра сёння вядзецца праца ў розных напрамках. Прычым як на ўласнай тэрыторыі, так і ў фармаце «мерапрыемства пад ключ». Дні беларускага пісьменства, юбілейныя даты міністэрстваў і ведамстваў — тут здольныя любую падзею зрабіць запамінальнай для кожнага гасця. Але кіраўніцтва Палаца Рэспублікі пераканана, што нічога б не было і не мела б такога поспеху, калі б не дзяржаўная падтрымка. Менавіта адчуванне «моцнага пляча» з боку дзяржавы дазваляе ўтрымліваць вялікі калектыў прафесіяналаў, дзе кожны нацэлены на агульны паспяховы вынік. І ў адказ тут робяць усё ад іх залежнае, каб кожны наведвальнік адчуваў сябе як дома і сыходзіў з добрым настроем.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».