Вы тут

Азербайджанскі перакладчык Уладзіміра Караткевіча


Калі сувязі разбураюцца, рушацца многія традыцыйныя масты сяброўства і ў галіне літаратурных кантактаў. Тады, несумненна, кожнае новае імя перакладчыка ўспрымаецца як асаблівае доўгачаканае адкрыццё... 


Алі ЭЛЬБЕЙ, які на той час працаваў у міністэрстве культуры Азербайджана, і адказваў у тым ліку за кнігавыдавецкую справу, быў мне вядомы з даўняга часу. Сустракаліся на кніжных выстаўках у Мінску, Маскве, ды і ў самім Баку. Малады чалавек, ён імкнуўся рабіць усё магчымае, каб прасоўваць азербайджанскую нацыянальную літаратуру ў свеце. Стараўся пры гэтым і цікавіцца нашымі, беларускімі, клопатамі, распытваў, каго, чые творы варта перакласці на беларускую мову. Так мы знаёміліся з рознымі перакладчыкамі, пісьменнікамі, кнігавыдаўцамі... 

Недзе ў сярэдзіне 2019 года Алі Эльбей пазнаёміў нас з паважаным аксакалам азербайджанскага літаратуразнаўства, спецыялістам у галіне дзіцячай літаратуры, а яшчэ — і перакладчыкам Фізулі Фейрузам аглу АСКЕРЛІ. І літаральна адразу з перакладчыкам з Баку мы выйшлі ў нашым ліставанні на тэму выдання ў Азербайджане ў перакладзе на азербайджансакую мову калектыўнай кнігі беларускай дзіцячай літаратуры. Разам з Алесем БАДАКОМ, яго паплечнікамі па «Мастацкай літаратуры», мы даволі хутка сабралі тэксты твораў беларускіх літаратараў ў перакладзе на рускую мову і адправілі ў Баку. Фізулі вельмі аператыўна ўключыўся ў працу, штосьці распытваў, удакладняў. І выказаў асаблівую асалоду, што сярод іншых твораў пераклаў і казку класіка беларускай літаратуры Уладзіміра КАРАТКЕВІЧА «Чортаў скарб». 

Так склалася, што праз некаторы час лісты ад азербайджанскага перакладчыка пачалі прыходзіць усё радзей. А кніга ж усё ж такі выйшла. Яе перадаў у Беларусь Алі ЭЛЬБЕЙ. Мы з Беларусі адрасавалі паважанаму і аўтарытэтнаму перакладчыку словы вялікай удзячнасці. А ў студзені 2021-га мне даслаў кароткі электронны ліст яго сын — Джавід АСКЕРЛІ. І паведаміў, што яго бацька памёр у бальніцы 17 студзеня 2021 ў выніку захворвання кавідам... «... Ён заўсёды спрабаваў праз свае пераклады і кнігі данесці да сваіх чытачоў усю сусветную дзіцячую літаратуру, у тым ліку і беларускую. На жаль, ён не паспеў зрабіць усё, што планаваў...» — напісаў сын пра свайго бацьку.

Захаваем жа ў нас, на Беларусі, біяграфію перакладчыка, чулага да беларускага мастацкага свету творцы... АСКЕРЛІ Фізулі Фейруз аглу нарадзіўся 18 сакавіка 1945 года ў вёсцы Чахырлы Масалінскага раёна Азербайджанскай ССР, зараз — Рэспубліка Азербайджан. А памёр 17 студзеня 2021 года ў Баку. Азербайджанскі літаратуразнаўца, крытык, доктар філасофіі ў галіне філалогіі. Закончыў Азербайджанскі дзяржаўны педагагічны інстытут. 

Абараніў дысертацыю на тэму «Праблемы перакладу рускай дзіячай прозы на азербайджанскую мову (1950-1980-я гг.)». Працаваў дацэнтам кафедры «Выкладанне і тэхналогія літаратуры» Азербайджанскага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта. Аўтар падручніка для вышэйшай школы «Дзіцячая літаратура» (2007; 3-е выд. — 2011), вучэбных дапаможнікаў «Азербайджанская дзіцячая літаратура» (2012) і «Сусветная дзіцячая літаратура» (2012), манаграфій «Дзіцячы свет мастака» (2003), «Літаратурнае мышленне» (2004), «Паэтапнае развіццё дзіцячай літаратуры ў Азербайджане» (2009), «Слова жыцця, жыццё слова» (2008), «Прынцыпы мастацкага перакладу» (2009), «Дзіцячая літаратура: крыніцы ўзаемнай творчасці» (2010), «Літаратурны аналіз і літаратурная крытыка» (2010), «Архітэктар чарадзейнага свету» (2012), зборніка артыкулаў «Творчы свет Західа Халіла». Пераклаў на азербайджанскую мову творы А. Талстога, Ю. Алешы, К. Найманбаева, Б. Худайназарава, Ф. Міронава і інш. І як адзін з апошніх ці амаль апошніх творчых праектаў — укладанне і пераклад на азербайджанскую мову зборніка «Анталогія беларускай дзіцячай літаратуры» (Баку, 2019). 

І што надзвычай важна, Аскерлі з’яўляецца перакладчыкам казкі Уладзіміра Караткевіча «Чортаў скарб», якая і надрукавана ў «Анталогіі беларускай дзіцячай літаратуры». Многія азербайджанскія хлопчыкі і дзяўчынкі спрычыніліся і яшчэ спрычыняцца да адкрыцця творчасці нашага класіка праз пераклад глыбокапаважанага Фізулі Фейруза аглу Аскерлі... 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.