Таварыства сцвярджальнікаў новага мастацтва аўтар «Чорнага квадрата» Казімір МАЛЕВІЧ заснаваў у Віцебску. Шагал, Малевіч, Векслер, Чэрвінка, Чашнік...
У Віцебску сфарміравалася, выспела кагорта цікавых мастакоў... Маніфест гэтай творчай арганізацыі яе «бацька» надрукаваў у віцебскім часопісе «Искусство» у 1921 годзе... Сярод кагорты прыхільнікаў «новага мастацтва» была і Вера Міхайлаўна Ермалаева. Ураджэнка Саратаўскай губерні (нарадзілася 2 лістапада 1893 года ў вёсцы Ключы Пятроўскага павета), яна ў 1919 годзе па накіраванню Аддзела выяўленчага мастацтва Народнага камісарыята асветы прыехала ў Віцебск выкладчыкам Народнага мастацкага вучылішча, якое з часам становіцца інстытута. У 1921 годзе Веру Міхайлаўну прызначаюць рэктарам Віцебскага мастацка-практычнага інстытута, які дагэтуль узначальваў Марк Шагал.
Ермалаева запрашае ў Віцебск выкладчыкам Казіміра Малевіча... Разам з Малевічам Ермалаева і ўдзельнічае ў арганізацыі таварыства «УНОВИС», якое пазіцыяніравала сябе як даследчая лабараторыя, дзе вывучаюцца праблемы развіцця мастацтва і мастацкай формы. І ці не галоўнае месца ў гэтым даследніцкім асяродку займаюць пытанні прапаганды ідэі супрэмацізма. Члены таварыства не хацелі быць «вечнымі носьбітамі магільнай мудрасці прашчураў», а хацелі быць «стваральнікамі самога жыцця», «носьбітамі і выказнікамі новага мастацтва як сённяшняй свядомасці сучаснага чалавека, быць вынаходнікамі сусветнай падзеі, быць вешчунамі мастацтва як уласнага свету».
Тры гады адпрацавала Ермалаева ў Віцебску. У 1922 годзе мастачка вярнулася ў Петраград. І была прынята на пасаду кіраўніка лабараторыі колеру ў Дзяржаўным інстытуце мастацкай культуры. З Петраградам — Ленінградам Веру Міхайлаўну звязваюць два адрасы — Баскаў завулак, дом 10, кватэра 20; а таксама — 10-я лінія Васільеўскага вострава, дом 13, кватэра 2. Улічваючы «віцебскую далучанасць» да Беларусі Веры Ермалаевай, можна смела лічыць іх «беларускімі мастацкімі адрасамі».
У горадзе на Няве Ермалаева прадоўжыла заняткі жывапісам, кніжнай графікай. Дарэчы, «супрэматыстка» аформіла такія кнігі, як «Топ-топ-топ» Мікалая Асеева, «Шмат звяроў» і «Рыбакі» Аляксандра Вядзенскага, «Цягнік» Яўгена Шварца, «Іван Іванавіч Самавар» Даніілы Хармса, праілюстравала байкі І. С. Крылова. Супрацоўнічала з часопісамі «Ёж», «Воробей», іншымі перыядычнымі выданнямі. Займалася выкладчыцкай працай. З 1931 года мастачка М. Казанская пачала браць прыватныя ўрокі ў Веры Ермалаевай. Свой адбітак на жыццядзейнасць гэтага таленавітага чалавека накладвала і тое, што, атрымаўшы ў падлеткавым узросце складаную траўму, яна ўвесь час хадзіла на мыліцах.
... У 1929 годзе з групай прыхільнікаў Ермалаева стварыла «групу жывапісна-пластычнага рэалізма». На кватэры Веры Міхайлаўны праходзілі творчыя «аўторкі» гэтых мастакоў, «кватэрныя» выстаўкі. Канешне ж, працы калег досыць востра абмяркоўваліся. Ішлі гарачыя дыскусіі. Выставачная дзейнасць стала нагодай для даноса ў адпаведныя інстанцыі. 25 снежня Вера Ермалаева была арыштавана. Адначасова з Нінай Коган, якая таксама выкладала ў свой час у Віцебску. У сакавіку 1935 года Веру Ермалаеву выпусцілі. А ўжо 29 сакавіка ізноў арыштавалі. Выслалі згодна прысуду на тры гады ў Карагандзінскі выпраўленча-працоўны лагер. Паўторна асудзілі 20 верасня 1937 года. І 26 верасня 1937 года расстралялі. Рэабілітавалі мастачку толькі ў 1989 годзе. Праз паўстагоддзя «з хвосцікам»...
У Маскве зараз існуе Фонд Веры Ермалаевай, які ставіць перад сабою мэту падтрымкі жаночых інціыятыў у сучасным мастацтве.
Кастусь ЛАДУЦЬКА
Прэв’ю: gorodvitebsk.by
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.