Вы тут

Удмурцкія сцяжынкі


Рэй у сустрэчы вялі намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алена РАДЧАНКА і міністр нацыянальнай палітыкі Удмурцкай Рэспублікі Эдуард ПЯТРОЎ. Эдуард Сцяпанавіч падрабязна распавёў пра прыярытэты ў правядзенні нацыянальнай палітыкі ў рэгіёне Расійскай Федэрацыі, звярнуў асаблівую ўвагу на дзейнасць Рэспубліканскай грамадскай арганізацыі «Таварыства беларускай культуры ва Удмурцкай Рэспубліцы «Бацькаўшчына». 


Болей падрабязна пра жыццё нашых суайчыннікаў ва Удмурціі расказаў старшыня «Бацькаўшчыны» Мікалай УКРАІНЕЦ. Ён, у прыватнасці, зазначыў, што у рэспубліцы пражывае 2313 беларусаў. Дарэчы, да жыццядзейнасці беларускага таварыства прыцягваюцца і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, якім цікавая беларуская нацыянальная культура, якія з асаблівым захапленнем звртаюцца да вывучэння гісторыі Беларусі. Удмурцкія беларусы ладзяць многія мерапрыемствы культурна-асветніцкага характару. У Іжэўску і Воткінску нават у дзіцячых садках ёсць беларускія групы. Беларускія мастацкія калектывы створаны і ў музычных школах. Дзеці вывучаюць беларускі фальклор, старэйшыя вучні пішуць даследванні па фальклору, этнаграфіі беларусаў. Мікалай Дзмітрыевіч, які звязаны з Удмурціяй дзесяцігоддзямі, — член Саюза пісьменнікаў Расіі, ганаровы будаўнік Расіі, заслужаны будаўнік Удмурцкай Рэспублікі, ганаровы грамадзянін горада Іжэўска, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Удмурцкай Рэспублікі, заслужаны работнік дзяржаўнай і муніцыпальнай службы Удмурцкай Рэспублікі. Нарадзіўся Мікалай Украінец на Берасцейшчыне, у Столінскім раёне, часта бывае ў Беларусі. Як пісьменнік даследуе повязі Беларусі і Удмурціі, піша пра ваенную гісторыю Берасцейшчыны. 

Гісторык Юрый БАЖЭНАЎ расказаў пра даўнія памкненні ўдмуртаў Беларусі стварыць зямляцтва. Ён звярнуў увагу на тое, што многія з удмуртаў ваявалі ў Беларусі, абаранялі і вызвалялі рэспубліку ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яркі прыклад — удмурцкі паэт, празаік, камандзір стралковай роты Піліп КЕДРАЎ, які загінуў на Віцебшчыне. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені. У 1999 годзе ў Іжэўску выйшла ў свет кніга П. Кедрава «Песня не памрэ» — на ўдмурцкай і рускай мовах. У Смалявічах, на Міншчыне, загінула снайпер і тэлефаністка Герой Савецкага Саюза (высокім званнем адзначана пасмяротна) Таццяна БАРАМЗІНА. 1 ліпеня 1988 года Пекалінскай СШ Смалявіцкага раёна пастановай беларускага ўрада было прысвоена імя Таццяны Барамзіной. 

Пра беларуска-удмурцкія літаратурныя і культурныя сувязі на сустрэчы распавёў дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда», старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь КАРЛЮКЕВІЧ: «На тэрыторыі Беларусі ваяваў народны пісьменнік Удмурціі Міхаіл ЛЯМІН. Пра Віцебшчыну перыяду Вялікай Айчыннай вайны ён расказаў у сваёй кнізе „Чатыры гады ў шынялі“. Гасцяваў на Міншчыне, у гераічным Барысаве, на Чэрвеньшчыне і Пухавіччыне, удмурцкі паэт, празаік, перакладчык Вячаслаў АР-СЯРГІ. У серыі „Сябрына: паэзія народаў Расіі“ на беларускай мове пабачыла свет яго кніга „Ранішні вецер у акне“. Перакладчыкам вершаў удмурцкага паэта выступіў таленавіты беларускі перакладчык Віктар ГАРДЗЕЙ...» Ішла размова на сустрэчы і пра неабходнасць заключэння дамовы пра супрацоўніцтва паміж пісьменніцкімі арганізацыямі Беларусі і Удмурцкай Рэспублікі. Варта было б, відаць, улічваючы такі аўтарытэт беларускай «Бацькаўшчыны» у Іжэўску, правесці Дні беларускай літаратуры ва Удмурціі... 

Удзел у рабочай сустрэчы прынялі і мастацкі кіраўнік «Гродзенскай капэлы», заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір БОРМАТАЎ, ваенны лётчык, пенсіянер Алег ГЛАВАЦКІХ, ураджэнец Удмурціі, які зараз жыве ў Гомелі, педагог Міхаіл ВОЗІСАЎ, загадчык сектарам па справах нацыянальнасцяў Апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алена БЯЗРУЧКА. Суразмоўцы выклалі сваё гледжанне на ідэю стварэння ўдмурцкага зямляцтва ў Беларусі. Між іншым, па выніках перапісу 2019 года ў нашай краіне пражывае 246 удмуртаў. Болей усяго ў Гомелі, на Гомельшчыне — 56 чалавек. Удзельнікі рабочай сустрэчы выклалі меркаванне, што таварыства такога характару можна ствараць, у адпаведнасці, зразумела, з беларускім заканадаўствам. Пытанне будзе і надалей прапрацоўвацца. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.