Вы тут

Лясны салдат


Каля трох тысяч замежных грамадзян змагаліся са зброяй у руках супраць фашыстаў падчас Вялікай Айчыннай вайны. І гэта толькі тыя, што ўдзельнічалі ў партызанскім руху на тэрыторыі, акупаванай БССР.


Сустрэча на Пухавіцкай зямлі, 1980-я гг.

Сярод іх і немец Ганс Кулес, які ваяваў у партызанскім атрадзе імя М. І. Калініна, што базіраваўся ў сучасным Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Ганс нарадзіўся ў 1921 годзе ў Германіі, працаваў муляром. Яго бацька прымаў удзел у Першай сусветнай вайне, трапіў у рускі палон. Вядома, што ён быў пацыфістам. І калі ў выніку татальнай мабілізацыі, аб'яўленай Гітлерам, сына забралі на фронт, бацька сказаў, каб ён пры першай магчымасці пераходзіў на бок Саветаў.

Ганс Кулес служыў у воінскай часці ў Мінску ў гаспадарчым фарміраванні. Ён разам з вадзіцелем вазіў ваеннапалонных высякаць лес. Такім чынам гітлераўцы спрабавалі засцерагчы сябе ад нападу партызан. Паступова паміж Кулесам і савецкімі палоннымі завязаліся добрыя адносіны, і яны дамовіліся збегчы да народных мсціўцаў.

У сваіх мемуарах камандзір атрада імя Калініна Анатоль Алейнік успамінаў, што ў адзін з кастрычніцкіх дзён 1943-га партызаны заўважылі слупы пылу на аўтадарозе Мінск — Слуцк, па якой рухаліся дзве машыны. Партызаны паехалі ў той бок і наладзілі засаду. З машын выйшлі чатыры чалавекі, адзетыя ў цывільнае. Сярод іх выдзяляўся ўзброены аўтаматам высокі хлопец. Была чутна руская і нямецкая мовы. Народныя мсціўцы акружылі незнаёмцаў. Зразумеўшы, хто перад імі, тыя радасна прывіталі лясных змагароў.

У партызанскім атрадзе Ганса Кулеса залічылі ў гаспадарчы ўзвод. Ён пёк хлеб, працаваў на кухні і ў аддзяленні па прыгатаванні недатыкальнага запасу — сушыў сухары, рабіў каўбасу на выпадак нямецкай блакады. Затым за Гансам замацавалі лазню і пральню. Ён ірваўся ў бой, але напачатку яму не давяралі, неабходна было праверыць, так бы мовіць, «чым ён дыхае».

Аднойчы конная разведка далажыла, што ў партызанскую зону з боку Старых Дарог уварваліся два варожыя батальёны, падпалілі вёску Обча. Адтуль чуўся плач жанчын і дзяцей. Партызаны паспяшаліся туды. Прабіраліся ў населены пункт па балоцістай мясцовасці, зарослай хмызняком. Наперадзе на кані ехаў камісар атрада Пётр Сачак. Немцы ўдарылі па кані з кулямёта, конь упаў і прыдушыў Пятра Аляксандравіча. І раптам, адкуль ні вазьміся, да яго кінуўся Кулес, выцягнуў камісара з-пад каня і адцягнуў яго ў бяспечнае месца. Партызаны ўступілі ў бой з акупантамі, з'явіліся раненыя. І тады Ганс Кулес узяў у аднаго з іх вінтоўку і пачаў страляць па гітлераўцах. Партызаны адолелі акупантаў і ўвайшлі ў вёску. За адвагу і ініцыятыву на полі бою Гансу Кулесу была аб'яўлена падзяка. Яго перавялі ў разведвальны ўзвод. 7 лістапада 1943-га ў вёсцы Селішча байцы атрада прынялі прысягу. Сярод іх быў і Кулес. Паступова партызан авалодваў рускай мовай, і яму нават даручылі пераклад тэксту звароту да акупантаў на нямецкай мове.

Цікавая гісторыя адбылася з машынамі, якія прыгнаў да партызан Ганс Кулес. На адной з іх абсталявалі млын, які забяспечваў мукой не толькі атрад імя Калініна. Малолі тут збожжа таксама і іншыя партызанскія фарміраванні.

Сваю адвагу Ганс Кулес даказваў неаднойчы. Быў і такі выпадак.

У пачатку чэрвеня 1944 года фашысты кінулі на партызан жывую сілу, танкі, самалёты на лініі Мінск — Бабруйск — Слуцк. У народных мсціўцаў закончыліся снарады для гармат. Нехта сказаў, што яны ёсць у вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна. Трох чалавек, у тым ліку і Ганса, паслалі ў разведку. А тым часам Чырвоная Армія прарвала абарону ворага і пайшла ў наступленне. Але адважныя байцы гэтага не ведалі. Таварышы Ганса засталіся на ўскрайку лесу, а ён прабраўся на тэрыторыю фашысцкага гарнізона. І раптам на вуліцах з'явілася савецкая баявая тэхніка, гітлераўцы былі акружаны, пачалі здавацца ў палон. Выйшаў з паднятымі рукамі і Ганс Кулес. Ён спрабаваў даказаць, што быў партызанам, але яму не паверылі, у калоне ваеннапалонных павялі ў Мінск. З палону яго выручылі таварышы па зброі.

16 ліпеня 1944-га Ганс Кулес прымаў удзел у партызанскім парадзе ў Мінску. З горда ўзнятай галавой ён ішоў у калоне, якую замыкала прыгнаная ім машына, пераабсталяваная ў млын.

— Пасля парада брыгаду расфарміравалі. Гансу выдалі дакумент, што ён з'яўляўся партызанам і ваяваў супраць фашыстаў, і накіравалі ва Уручча пад Мінскам, дзе ствараўся антыфашысцкі атрад. Пасля невялікай падрыхтоўкі эшалон памчаў байцоў на фронт, але ў Каўнасе Кулес захварэў і трапіў у бальніцу. У яго ўкралі харчовыя карткі, пасведчанне партызана, узнагародны ліст. Ён не змог даказаць, што сапраўды ваяваў у партызанах. Ганса Кулеса адправілі на вольнае пасяленне ў Іркуцкую вобласць, — расказаў дырэктар Пухавіцкага гісторыка-краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч.

Былы партызан жыў у бараку, сямнаццаць гадоў працаваў на шахце. У выніку выбуху доўга ляжаў у бальніцы, страціў здароўе. Пра яго геройскія ўчынкі ўсе забылі, а мясцовыя жыхары ставіліся варожа. Гэта і зразумела, у многіх на фронце ад рук гітлераўцаў загінулі сыны, бацькі, сваякі. Нарэшце пасля некалькіх гадоў ён дабіўся справядлівасці, і яму выдалі пашпарт грамадзяніна СССР. У 1947 годзе Ганс Кулес ажаніўся з бураткай Клаўдзіяй, якая нарадзіла яму восем дзяцей. Яго шукалі таварышы па зброі з партызанскага атрада імя Калініна, падключылі прэсу, тэлебачанне. Завязалася перапіска. І толькі ў 1981 годзе Ганс Кулес змог прыехаць у Беларусь разам з сярэднім сынам Аляксеем. На чыгуначным вакзале Мінска яго сустракалі баявыя таварышы.

— За мужнасць і доблесць, праяўленыя ў барацьбе з захопнікамі, Ганс Кулес адзначаны высокай узнагародай — медалём «Партызану Айчыннай вайны» 2-й ступені. Ён пражыў нялёгкае жыццё, пахаваў сына, які загінуў у аўтакатастрофе, падарваў здароўе. Але, нягледзячы на перыпетыі лёсу, пражыў амаль 81 год. Перад смерцю з'ездзіў на радзіму ў Германію, — кажа Аляксандр Прановіч.

Зразумела, ніхто там яго не чакаў — бацькі даўно памерлі. Як склаўся лёс дзяцей, таксама невядома. У Мар'інай Горцы берагуць памяць пра гэтага чалавека. У гісторыка-краязнаўчым музеі захоўваюцца дакументы, фота, якія перадаў камандзір партызанскага атрада Анатоль Алейнік. У мастацкай галерэі — малюнак Кулеса, які зрабіў у партызанскім атрадзе Генрых Бржазоўскі, будучы член Саюза мастакоў СССР, а ў гады вайны разведчык, як і Ганс Кулес. Частку сваіх работ Бржазоўскі падарыў гораду Мар'іна Горка і Пухавіцкаму музею. Гэты край ён лічыў сваёй малой радзімай.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота з фондаў Пухавіцкага гісторыка-краязнаўчага музея

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​