Вы тут

«БелДжы» выпускае 15 машын за гадзіну


Роўна пяць гадоў таму ў Барысаўскім раёне пачаў абкатку новы завод — «БелДжы». Выйсці на рынак легкавога аўтапрама ў адзіночку і не прагарэць — задача не з простых. Беларусь заручылася падтрымкай кітайскіх партнёраў. Тэхналогіі з гэтай краіны, а зборка наша. Як аказалася, такая звязка — гарантыя на поспех. Напярэдадні 5-годдзя прадпрыемства спецыялісты «БелДжы» расказалі пра тое, што чакае айчынны аўтапрам і аўтарынак у цэлым на фоне эканамічных санкцый, магчымага лакдаўна ў Кітаі і іншых фактараў, з якімі сустракаюцца сёння нашы грамадзяне і пакупнікі з суседняй Расіі.


Гэта ўжо сур'ёзны брэнд

Як адзначыў генеральны дырэктар прадпрыемства Генадзь Свідзерскі, у канцы лістапада 2017 года Прэзідэнт даў старт вытворчасці. Падводзячы вынікі працы за гэты час, можна сказаць, што завод выйшаў на вытворчыя магутнасці, якія былі запланаваны. «Мы сёння працуем у рэжыме 15 машын за гадзіну. Цяпер плануем нашу працу, зыходзячы з заказаў, што забяспечваюць стабільную работу завода».

Гаворачы аб мадэльным шэрагу завода, Генадзь Свідзерскі падкрэсліў, што за пяць гадоў не толькі нарошчваліся аб'ёмы вытворчасці, але і асвойваліся новыя мадэлі.

Пяць гадоў таму кампанія пачынала з флагманскай мадэлі Atlas, а ўжо ў 2022 годзе мае ў мадэльным радзе шэсць аўтамабіляў. Рынак патрабаваў, каб мы пастаянна абнаўлялі вытворчую лінейку. Atlas Pro і Coolray цяпер складаюць аснову плана вытворчасці і рэалізацыі.

Звяртаючы ўвагу на работу завода, ён адзначыў, што прадпрыемства па выніках дзесяці месяцаў мае рэнтабельнасць 5,9 %.

— У нас склалася суадносіны: 80 працэнтаў — экспарт, 20 працэнтаў — айчынны рынак. Мы падрыхтаваліся і будзем рабіць усё магчымае, каб у нашых салонах быў поўны мадэльны рад аўтамабіляў. У нас за гады працы з'явілася 10 салонаў па краіне, 17 аўтарызаваных сэрвісных цэнтраў. Такім чынам, створана дастатковая інфраструктура, каб камфортна выкарыстоўваць нашу тэхніку.

У канцы года работа «кіпіць»

Гэты год для аўтапрама быў складаным, лічыць гендырэктар. Нягледзячы на гэта, на прадпрыемстве з пачатку года выраблена і рэалізавана 17 тысяч аўтамабіляў (з іх 14 тысяч прададзена ў Расіі). А ўсяго да канца года мы плануем рэалізаваць 25 тысяч аўто. «Так што, лістапад і снежань для нас гарачыя месяцы, мы павінны вырабляць практычна ў два разы больш, чым летам», — сказаў Генадзь Свідзерскі.

«Рэжым работы завода цяпер пераведзены на 7-дзённы тыдзень і 12 гадзін на дзень. Зыходзім з патрэбы і існуючых магчымасцяў паставак», — дадаў гендырэктар прадпрыемства.

Мінус Літва, плюс — Уладзівасток

«Праблемы, над вырашэннем якіх мы зараз працуем, — гэта і лагістыка, і дэфіцыт чыпаў, які па-ранейшаму суправаджае аўтамабільную вытворчасць. Акрамя таго, гэта і лакдаўны, якія аб'яўляюцца час ад часу ў Кітаі з-за пандэміі. Але ў гэтым і складаецца задача, каб знайсці шлях ўстойлівага развіцця ў новых умовах», — адзначыў Генадзь Свідзерскі.

Ён звярнуў увагу, што наладзіць пастаўкі камплектуючых у сённяшніх умовах было няпростай справай. «Яшчэ не ўсе цяжкасці пераадоленыя. Прыйшлося цалкам памяняць усе лагістычныя ланцужкі. Калі мы раней ішлі праз Літву, то зараз ідзём праз Казахстан, Расію, гэта значыць — больш выкарыстоўваем парты Уладзівастока, чыгунку. Каб наладзіць гэтыя патокі, спатрэбіўся час. Цяпер у нас рытмічныя пастаўкі», — падкрэсліў гендырэктар. Пры гэтым ён адзначыў, што наладзіць пастаўкі камплектуючых было няпроста.

Гаворачы аб пытанні выплат па прыцягнутых крэдытах на будаўніцтва завода, ён адзначыў, што практычна палова сумы ўжо вернутая ва ўстаноўленыя тэрміны.

Цэны рэгулююцца попытам і прапановай

«Чым большым будзе напаўненне рынку, тым меншым будзе кошт. Таксама важныя эфектыўныя і зразумелыя лагістычныя схемы пастаўкі, таму што гэта адбіваецца на тэрмінах і цэнах. А яны выстройваюцца па-новаму, што патрабуе часу і падрыхтоўкі. Цяпер адбываецца адладка гэтых працэсаў», — сказаў Генадзь Свідзерскі.

«Наша задача — насыціць рынак, тады цэны пойдуць уніз. Адначасова трэба адладзіць і ланцужкі выдаткаў. Адна справа — вырабляць 1 тысячу машын за месяц, другая — 4 тысячы, як мы зрабілі ў гэтым месяцы. Той жа калектыў, але ўжо ў чатыры разы больш тавару», — адзначыў гендырэктар прадпрыемства.

Ён таксама звярнуў увагу, што завод па асноўных мадэлях уводзіў летнія зніжкі, якія падоўжаныя да канца года. «Я б нават сказаў, што не проста працягнулі, а фіналізавалі ў кошце гэтых аўтамабіляў. Таму мы не плануем павышэння цэнаў. Будзем да канца года іх захоўваць. Што тычыцца наступнага года, цяпер у нас вядуцца перамовы з кампаніяй Geely, мы вызначаем мадэльны рад, аб'ёмы, вышэйшыя за ўзровень гэтага года. Цэны на наступны год мы будзем гатовыя назваць у снежні, зыходзячы з зацверджанага плана вытворчасці і продажаў і мэтавых паказчыкаў, якія зацвердзяць акцыянеры», — дадаў Генадзь Свідзерскі.

У той жа час старшыня праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА) Сяргей Варывода лічыць, што сёлета аўтамабільны рынак Беларусі знаходзіцца пад моцным ціскам як з боку фактараў попыту, так і з боку фактараў прапановы.

«Мы назіраем «ідэальны шторм». У той жа час «БелДжы» моцна трымае ўдар. Нягледзячы на тыя выклікі, з якімі сутыкнуўся аўтамабільны рынак, з чэрвеня гэтага года марка Geely — абсалютны лідар продажаў у сегменце новых легкавых аўтамабіляў і нарошчвае сваю перавагу», — сказаў Сяргей Варывода.

«Не буду ўтойваць, у свой час у многіх спецыялістаў дамінаваў пункт гледжання, што наяўнасць уласнага вытворцы будзе ўдарам па інтарэсах імпарцёрскай сеткі, ушчамленнем інтарэсаў аўтадылераў. На мой погляд, гэтага не адбылося. Нас сёння больш аб'ядноўвае, чым падзяляе. «БелДжы» з'яўляецца паўнавартасным членам аўтамабільнай асацыяцыі. Мы стаім плячом да пляча, супрацьстаім выклікам часам нядобрасумленнай канкурэнцыі. У нас агульныя падыходы па большасці пытанняў. Мяркую, прыход на рынак «БелДжы» прывёў да таго, што змяняецца ментальнасць беларускага спажыўца», — адзначыў старшыня БАА.

Закранаючы пытанне перспектыў развіцця аўтарынка, прадстаўнік асацыяцыі адзначыў, што беларусы сталі больш лаяльна ставіцца да аўтамабіляў кітайскай вытворчасці. Колькасць машын з гэтай краіны на беларускім рынку пастаянна павялічваецца, пашыраецца мадэльны рад. Доля кітайскіх машын на беларускім рынку ў кастрычніку гэтага года перавысіла 60 %, заўважыў Сяргей Варывода. Ён таксама адзначыў, што беларускія дылеры ўжо прайшлі «дно продажаў « і цяпер паступова выраўноўваюць паказчыкі. «Паўнавартаснае аднаўленне беларускага аўтарынку пачнецца прыкладна з сярэдзіны вясны наступнага года».

Гарадскі седан Geely Еmgrand 7 NEW — у лінейку наступнага года

«Мы звярнулі ўвагу на тое, што ў класе красовераў нам удалося заняць годнае месца на айчынным рынку. Але ёсць седаны, якія мы пакуль не прапаноўвалі рынку. Таму ўвазе прапанаваны абноўлены седан — Geely Еmgrand 7 NEW. Гэта аўтамабіль 4-га пакалення, які, на мой погляд, вельмі выгадна адрозніваецца ад папярэдніх мадэляў і павінен спадабацца нашым спажыўцам. Мы вядзём работу над гэтым аўтамабілем, хочам, каб ён увайшоў у лінейку наступнага года», — сказаў генеральны дырэктар кампаніі.

Гэты гарадскі седан вызначаецца кузавам у стылі флагманскага Geely Preface. Аўтамабіль абсталяваны атмасферным бензінавым рухавіком унутранага згарання JC — 4g15b аб'ёмам 1,5 л і пяціступеньчатай механічнай каробкай перадач або варыятарам.

Гендырэктар прадпрыемства адзначыў, што цяпер праводзяцца тэхнічныя работы і праверкі. А цана на новую мадэль пакуль не ўстаноўлена. «Але яна будзе канкурэнтнай ў сегменце седанаў. Мы ўбачылі, што гэты сегмент развіваецца, ён самы масавы і патрабуе абнаўлення», — падкрэсліў ён.

«Што тычыцца красовераў, плануецца, што ў наступным годзе мы працягнем вырабляць і рэалізоўваць Geely Coolray і Geely Atlas Pro. Мы бачым, што яны вельмі добра ўспрымаюцца і айчынным, і расійскім рынкам. І ёсць новы красовер Geely Monjaro, які ўжо прайшоў сертыфікацыю ў Расіі. Таксама прапрацоўваем пытанне, каб ён увайшоў у лінейку, даступную для нашых спажыўцоў», — дадаў Генадзь Свідзерскі.

Уласны электракар: пакуль распрацоўка вузлоў

Гаворачы аб сусветнай тэндэнцыі, Генадзь Свідзерскі звярнуў увагу, што дынамічней за ўсё цяпер развіваецца электратранспарт.

«Паводле звестак за тры кварталы года, у свеце выраблена 4,72 мільёна электрамабіляў. Да канца года, чакаецца, іх вытворчасць дасягне 6,5 мільёна такіх аўто. Акрамя таго, апошнія два месяцы ў аб'ёме продажаў легкавых аўтамабіляў 10 % устойліва займаюць менавіта электракары. Так, у Беларусі ёсць усе шанцы далучыцца да гэтай дынамікі пры лінейнай вытворчасці і эксплуатацыі электрамабіляў. Працягласць нашых дарог адносна невялікая, а якасць добрая. Да таго ж, на гэты момант у нас створана добрая інфраструктура для зарадных станцый», — адзначыў спецыяліст.

Паводле яго слоў, Беларусь мае ўсе магчымасці стаць пілотным праектам і забяспечваць вялікую дынаміку прымянення электрамабіляў як у эксплуатацыі, так і ў вытворчасці. Аднак, кажучы аб вытворчых магчымасцях, дадаў, што тут ёсць некаторыя стрымліваючыя фактары. «За 5 гадоў нам прыйшлося цалкам абнавіць мадэльны рад, а новыя мадэлі для любога завода — гэта выдаткі, якія неабходна акупляць. Таму мы не можам так хутка прасоўвацца наперад».

А пакуль... «БелДжы» летась выпусціў на беларускі рынак электрамабіль Geely Geometry С. Да канца года плануецца паставіць дадатковую колькасць гэтых машын дылерскім цэнтрам. «Па далейшым развіцці электрамабіляў мы вядзём перамовы, у тым ліку і з расійскімі калегамі. Я двойчы выязджаў на завод «АўтаВАЗ», там таксама вядуцца работы па электрамабілях. Была ідэя зрабіць электрамабіль, больш выкарыстоўваючы айчынныя напрацоўкі. Яны ёсць у Акадэміі навук. Хацелася б, каб гэтая кампетэнцыя больш развівалася ў нас у краіне і ў рамках Саюзнай дзяржавы», — сказаў Генадзь Свідзерскі.

«Пакуль ёсць дамоўленасці аб распрацоўцы шэрагу вузлоў і іх выкарыстанні нашымі расійскімі калегамі. Глабальных дамоўленасцяў аб саюзным электрамабілі пакуль няма. Але па павышэнні кампетэнцый у гэтай галіне мы таксама будзем прыкладаць намаганні ў наступным годзе. Такая задача стаіць, і мы над ёй будзем працаваць», — падкрэсліў гендырэктар прадпрыемства.

У 2023 годзе — 35 тысяч машын

«У прадпрыемства «БелДжы» сёлета былі пэўныя складанасці. Аднак усе пытанні вырашаны. У кастрычніку завод вырабіў 3,1 тысячы легкавых аўтамабіляў, задача на лістапад — выпусціць крыху больш за 4 тысячы машын. А ў снежні ў планах вырабіць 5 тысяч аўто. Такім чынам, сумарна па годзе атрымаецца крыху больш за 25 тысяч. Па колькасці гэта крыху менш, чым летась, калі было выпушчана 29,4 тысячы аўтамабіляў. З улікам таго, што структура змянілася, і мы пачалі вырабляць больш складаныя і дарагія па кошце аўто, то сума ў грашовым выражэнні будзе на ўзроўні 2021 года — больш за 500 мільёнаў долараў», — сказаў намеснік прэм'ер-міністра краіны Пётр Пархомчык у інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1».

Віцэ-прэм'ер адзначыў, што ў планах на наступны год вырабіць як мінімум 35 тысяч аўтамабіляў. Хоць перад заводам стаіць прамая задача, пастаўленая Прэзідэнтам, выйсці на праектную магутнасць 60 тысяч машын за год. Цяпер важна разабрацца, ці зможам мы такую колькасць аўтамабіляў прадаць на беларускім рынку і на рынку Расійскай Федэрацыі. Калі гэтыя лічбы будуць пацвярджацца, гэта значыць рынак будзе гатовы спажыць такую колькасць аўтамабіляў, то, адпаведна, мы будзем выбудоўваць сваю працу і планы, каб выканаць пастаўленую задачу», — падкрэсліў ён.

Сяргей КУРКАЧ

Фота: kolesa.ru

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.