Вы тут

Стараста вёскі робіць малую радзіму прыгажэйшай і больш утульнай


З Генадзем Быцаем я ўпершыню сустрэлася падчас прыёму, які праводзіла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Ніжэвіч у Дзешчанскім сельвыканкаме Уздзенскага раёна. Генадзь Іванавіч агучыў актуальныя для аграгарадка Дзешчанка пытанні. Стараста Дзешчанкі — вельмі нераўнадушны чалавек, якому да ўсяго ёсць справа.


Сярод клопатаў Генадзя Іванавіча —  адкрыццё ў Дзешчанцы царкоўнага прыходу.

У прыватнасці, Генадзь Быцай распавёў, што на аўтобусным прыпынку, які знаходзіцца на ажыўленай Слуцкай трасе, не гарыць вулічнае асвятленне. Гэта стварае небяспеку для людзей, якія вяртаюцца з работы ў прыцемках вечарам. Цяпер ліхтары на прыпынку гараць.

Акрамя таго, стараста звярнуў увагу на тое, што ў Дзешчанцы выстаўлены на продаж гандлёвы цэнтр, які належыць райспажыўсаюзу. Гандлёвы пункт карыстаецца попытам у пенсіянераў, таму што тут цэны ніжэйшыя, чым у прыватных крамах, больш шырокі асартымент, а пажылым людзям даюць 10-працэнтную скідку на сацыяльна значныя тавары.

Пасля звароту пытанне вырашылася. Паліцы крамы напоўнілі разнастайнай прадукцыяй. Няма адбою ад пакупнікоў. Вельмі задаволеная і сама прадаўшчыца — выручка ад рэалізацыі тавараў значна вырасла.

— Вось такі нястомны, неўтаймоўны наш Генадзь Іванавіч, — кажа старшыня Дзешчанскага сельвыканкама Уладзімір Балцянкоў. 

— Я ведаю яго дваццаць гадоў. А працуем ў цесным кантакце з ім ужо пяць гадоў, з таго часу як Генадзя Іванавіча выбралі старастам вёскі. У яго вялікі працоўны стаж. Прайшоў шлях ад загадчыка фермы да кіраўніка гаспадаркі. Шмат увагі аддаваў жывёлагадоўлі. На малочнатаварных фермах сельгасарганізацыі, якую ўзначальваў, заўсёды быў узорны парадак. Генадзя Іванавіча кіраўніцтва раёна, вобласці заўсёды ставілі ў прыклад іншым. Ён вельмі неабыякавы да праблем малой радзімы чалавек і абавязковы. Напрыклад, едзе па вёсцы — бачыць непарадак, спыніцца, зробіць заўвагу старасту, а затым вернецца, каб праверыць, ці выправілі недапрацоўкі.

Вось і ў мінулыя выхадныя патэлефанавалі жыхары вёскі Рабінаўка: прапала вада. Уладзімір Балцянкоў звязаўся з Генадзем Быцаем, папрасіў выехаць на месца, разабрацца ў сітуацыі. Аказалася, што жыхары самі спрабавалі адрамантаваць водаправод, але не было неабходных інструментаў. Старшыня сельвыканкама выклікаў спецыялістаў «Водаканала», якія аднавілі падачу вады.

— У мяне ёсць актывісты, якія дапамагаюць вырашаць пытанні жыццядзейнасці жыхароў сельсавета. Але, бадай, галоўны памочнік — Генадзь Іванавіч Быцай, — падкрэслівае Уладзімір Мікалаевіч.

Пры садзейнічанні вясковага старасты ўладкаваны дзіцячы комплекс з сімволікай службы 101 у зоне адпачынку аграгарадка Дзешчанка. Непадалёку размешчаны пост пажарнай службы, таму з тэматыкай вызначыліся хутка.

Вельмі эмацыйным, радасным, урачыстым стала адкрыццё пляцоўкі. Калі была перарэзаная чырвоная стужка, перад малымі выступіў Генадзь Іванавіч, або як яго называюць хлопчыкі і дзяўчынкі, дзядзька Гена. Ён нагадаў, што гэтыя атракцыёны трэба берагчы, каб праслужылі як мага больш, паколькі яны — агульны набытак. Акрамя таго, трэба усім захоўваць тэхніку бяспекі, а старэйшым дзецям клапаціцца пра самых маленькіх.

Генадзь Быцай ініцыіраваў сход прадстаўнікоў грамадскасці і мясцовай улады аб адкрыцці царкоўнага прыходу ў Дзешчанцы. Пакуль абмежаваліся адным пакоем, дзе праходзяць малебны. Кожную нядзелю на богаслужэнне збіраюцца дзясяткі людзей з усяго наваколля.

— Мяркую, вясной пачнём будаўніцтва святыні — спонсараў знайшлі. Гэта будзе вялікі велічны храм, які зможа прыняць шмат вернікаў, — лічыць стараста.

На рахунку Генадзя Быцая многа добрых спраў. Узяць хаця б добраўпарадкаванне грамадскіх могілак у вёсцы Целякова. Ачысцілі ад хмызняку, спілавалі старыя аварыйныя дрэвы. З тэхнікай дапамаглі кіраўнікі эксперыментальнай базы імя Катоўскага, Целякоўскага лясніцтва, а мясцовыя жыхары вывозілі і палілі адходы. Тэрыторыя могілак пасля агульных намаганняў стала светлай, адкрытай, непазнавальнай.

— Чаму вы, стараста Дзешчанкі, выбралі менавіта Целякова? — пацікавілася ў Генадзя Іванавіча.

— Гэта мая малая радзіма. Тут я нарадзіўся, рос у простай сялянскай сям'і, маці ўсё жыццё працавала даяркай, цяпер ёй 93 гады. Мае бацькі выхоўвалі шасцёра дзяцей, на жаль, брат і сястра ўжо пайшлі з жыцця. Родны сэрцу куток мы павінны праслаўляць добрымі справамі, — прагучала ў адказ.

Генадзь Іванавіч напрыканцы прызнаўся, што за ўсё жыццё ні разу не быў за мяжой, у адпачынку, толькі адзін раз наведалі з жонкай, сваёй вернай сяброўкай, Алушту. Ніколі сужэнцаў не цягнула на заморскія курорты, мілейшага і прыгажэйшага за родны куток, дзе нарадзіўся, жаніўся, вырасціў дзяцей, нічога ў свеце няма.

У суткі я сплю вельмі мала, — кажа мой суразмоўнік. — Думаю, як, што зрабіць, каб мае землякі жылі лепш, больш заможна і камфортна. Няма невырашальных праблем. Пры жаданні, настойлівасці можна зрабіць шмат. Галоўнае — не апускаць рукі, і ўсё атрымаецца.

Планаў у Генадзя Іванавіча шмат. І хочацца пажадаць яму ўдачы ў ажыццяўленні задум. Мяркую, разам з мясцовымі ўладамі, жыхарамі ўсё ў яго атрымаецца. Галоўнае, што тут працуюць разам, талакой.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота zorkanews.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​