Вы тут

Змяненні заканадаўства аб палітычных партыях і грамадскіх аб’яднаннях


Абноўленая Канстытуцыя і прыняцце Закона «Аб Усебеларускім народным сходзе» патрабуе карэкціроўкі многіх заканадаўчых актаў. Не сталі выключэннем і Законы «Аб палітычных партыях» і «Аб грамадскіх аб'яднаннях». Якія прынцыпова новыя моманты закрануць дзейнасць палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў і наколькі яны адпавядаюць сучасным рэаліям, а самае галоўнае, ці разлічаны на будучыню, парламентарыі, прадстаўнікі грамадскасці, палітолагі і навукоўцы абмеркавалі падчас круглага стала «Роля грамадскіх аб'яднанняў у палітычнай сістэме Рэспублікі Беларусь. Заканадаўства і шляхі яго ўдасканалення», які адбыўся па ініцыятыве Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі і рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь».


Удасканаленне заканадаўства

Як расказаў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Генадзь Давыдзька, неабходна навесці парадак у той сферы, якую мы называем грамадзянскай супольнасцю і ўвогуле палітычным плюралізмам, даць большую свабоду для палітычнага волевыяўлення людзей. «Мы пераканаліся на не такіх ужо даўніх падзеях, што лепш не на плошчах высвятляць адносіны, а на полі палітычных партый, дыскусій, на аснове круглых сталоў, абмену меркаваннямі», — заўважыў ён.

У камісію наконт законапраекта аб палітычных партыях і грамадскіх аб'яднаннях прыходзіць нямала зваротаў і прапаноў. Людзей хвалюе некалькі пазіцый: колькасць членаў палітычных партый, якія патрэбна зарэгістраваць, іх рэгіянальная прысутнасць, справаздачнасць партый і грамадскіх аб'яднанняў перад Міністэрствам юстыцыі, адкрытасць і галоснасць існавання грамадскіх аб'яднанняў і партый.

Па словах Генадзя Давыдзькі, прымаць законапраект неабходна ўзважана, скрупулёзна, выслухаць меркаванні ўдзельнікаў гэтага палітычнага працэсу. «Размова ідзе аб стабільнасці нашай палітычнай будучыні, магчымасці свабоднага волевыяўлення ў прававым полі грамадзян, — акцэнтаваў увагу парламентарый. — Гэта вельмі важна. У той час як увесь свет страчвае бачнасць дэмакратыі, мы, наадварот, нарошчваем гэтыя інстытуты».

Актыўнасць — на карысць краіне

Свае прапановы аб змяненні заканадаўства аб палітычных партыях і грамадскіх аб'яднаннях унесла і рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Белая Русь». Як расказаў яго старшыня, член Савета Рэспублікі Алег Раманаў, яны датычацца неабходнасці павышэння мінімальнай колькасці членаў палітычнай партыі, іх больш поўнай прадстаўленасці ў рэгіёнах нашай краіны — для таго, каб палітычныя партыі былі рэальнымі палітычнымі сіламі, якія, па-першае, атрымліваюць падтрымку вялікіх сацыяльных груп, а па-другое, могуць уплываць на палітычныя працэсы.

Па словах Алега Раманава, тое, што палітычныя партыі пры ўсіх сваіх ідэалагічных разыходжаннях павінны стаяць на канструктыўнай, стваральнай, прадзяржаўнай і пранароднай пазіцыі, знайшло адлюстраванне ў законапраекце аб палітычных партыях і грамадскіх аб'яднаннях. «Непарушнай з'яўляецца ідэя аб тым, што арыенцір Рэспублікі Беларусь безумоўны, ніхто не мае права пасягаць на тэрытарыяльную цэласнасць, незалежнасць беларускай дзяржавы, і палітычныя партыі павінны забяспечваць гэтыя найвышэйшыя каштоўнасці беларускай дзяржавы і грамадства», — падкрэсліў ён.

Па перакананні старшыні РГА «Белая Русь», грамадзянская супольнасць Беларусі мае патрэбу ў грамадскіх аб'яднаннях, палітычных партыях, якія маглі б накіроўваць стваральную энергію грамадзян, падтрымліваць канструктыўныя ініцыятывы, выказваць інтарэсы людзей. «І мы, працуючы з людзьмі ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны, з усімі сацыяльнымі групамі, бачым, што грамадства зацікаўлена ў супольнасцях, групах адзінства, якія будуць выказваць нацыянальныя інтарэсы, — заўважыў Алег Раманаў. — «Белая Русь» цалкам рэалізоўвае гэтую задачу і накіроўвае энергію людзей, іх стваральную актыўнасць на карысць Рэспублікі Беларусь, яе росквіт».

Узмацненне ролі грамадзян

Аб некаторых новаўвядзеннях праекта Закона «Аб змяненнях законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў» расказаў намеснік міністра юстыцыі Алег Кот. Ён звярнуў увагу на тое, што палажэнні, якія ўтрымліваюцца ў праекце закона, паслядоўна працягваюць падтрыманую народам на рэферэндуме па Канстытуцыі ідэю аб выбудоўванні ў Беларусі прававой асновы для развіцця грамадзянскай супольнасці і партыйнай сістэмы, што адпавядаюць нацыянальным інтарэсам, накіраваныя на стабільнасць. «Вынікам заканадаўчых мер, якія прапаноўваюцца, павінна стаць узмацненне ролі грамадзян у палітычным жыцці краіны, выбудоўванне зразумелых для ўсіх канфігурацый грамадзянскай супольнасці, — падкрэсліў Алег Кот. — Разумеючы, што грамадзянская супольнасць — гэта сістэма, якая пастаянна мяняецца, дзяржаўная ўлада павінна адпавядаць ёй на кожным новым этапе развіцця».

У прыватнасці, праектам закона прапаноўваецца замацаваць універсальныя агульныя мэты і задачы, якія павінны быць адлюстраваны ў статутах палітычных партый. Палітычная партыя, якая вядзе тэрарыстычную і іншую забароненую заканадаўствам дзейнасць або тую, якая наносіць шкоду дзяржаве, падлягае ліквідацыі. Асновай для ліквідацыі можа стаць і атрыманне грашовых сродкаў або маёмасці з замежных крыніц. Прапануецца, што заснавальнікамі і членамі партый могуць быць не толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь — яны павінны яшчэ і пастаянна пражываць у нашай краіне. «Дадзенае дапаўненне абумоўлена тым, што гэтыя грамадзяне здольныя больш свядома ацэньваць палітычную сітуацыю ў дзяржаве, — удакладніў намеснік міністра юстыцыі. — Норма, якая прапаноўваецца, у пэўнай ступені таксама дазволіць пазбегнуць знешняга ўплыву на дзейнасць партый».

На працягу трох месяцаў з дня ўступлення ў сілу закона партыям неабходна будзе забяспечыць прадстаўленне ў Міністэрства юстыцыі дакументаў для перарэгістрацыі з улікам новых патрабаванняў або прыняць рашэнне аб ліквідацыі. У шасцімесячны тэрмін з дня ўступлення ў сілу закона партыі павінны прайсці перарэгістрацыю. У іншым выпадку, паводле рашэння Вярхоўнага суда, яны спыняць сваю дзейнасць.

Што датычыцца новаўвядзенняў па пытанні дзейнасці грамадскіх аб'яднанняў, Алег Кот расказаў, што законапраектам змяняецца вызначэнне грамадскага аб'яднання. «Устанаўліваецца, што ім з'яўляецца добраахвотнае аб'яднанне грамадзян, якія ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку аб'ядналіся на аснове агульнасці інтарэсаў для ажыццяўлення сацыяльных, эканамічных, культурных і іншых інтарэсаў, — удакладніў ён. — Прадугледжваецца пашырэнне тэрытарыяльнай прысутнасці для рэспубліканскіх грамадскіх аб'яднанняў. Для міжнародных грамадскіх аб'яднанняў устанаўліваецца неабходнасць мець структуры не толькі за мяжой, але і на тэрыторыі Беларусі».

Будзе спрошчаны парадак атрымання юрыдычнага адраса грамадскімі аб'яднаннямі і іх структурамі. Грамадскія аб'яднанні, мяркуецца, будуць мець права ўдзельнічаць у рабоце грамадскіх кансультатыўных саветаў, якія ствараюцца пры дзяржаўных органах. «Прапанаваныя заканадаўчыя падыходы, з аднаго боку, дазволяць вывесці на больш высокі ўзровень развіццё партыйнага будаўніцтва і грамадзянскай супольнасці ў нашай краіне, з другога — актывізуюць работу аб'яднанняў, павысяць эфектыўнасць і канструктыўнасць узаемадзеяння з органамі дзяржаўнай улады, — перакананы намеснік міністра. — Усе суб'екты грамадзянскай супольнасці павінны разумець сваю долю адказнасці і дзейнічаць у межах закона».

Як адзначыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Алег Гайдукевіч, палітычная партыя павінна стаць палітычнай сілай. «Мы павінны людзям патлумачыць, чаму вядзём размову аб павелічэнні колькасці членаў палітычнай партыі, — заўважыў дэпутат. — Не таму, што мы не хочам дэмакратызаваць палітычны працэс і не таму, што баімся палітычнай канкурэнцыі. Калі партыя прайшла перарэгістрацыю або зарэгістравалася па новым заканадаўстве — гэта сапраўды палітычная сіла, якая з сябе нешта ўяўляе».

Па словах Алега Гайдукевіча, неабходна дакладна раздзяляць заканадаўства аб палітычных партыях і грамадскіх арганізацыях. «Для палітычнай партыі патрабаванні павінны быць больш жорсткія, — лічыць парламентарый. — Чаму? Палітычная партыя змагаецца за ўладу. І раз так — будзьце ласкавы выконваць больш жорсткія патрабаванні заканадаўства».

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?