Вы тут

«Такі "дагаварняк", што далей няма куды»


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што інцыдэнт з падзеннем ракеты на тэрыторыі Польшчы падобны на «дагаварняк». Гэту тэму ён закрануў падчас сустрэчы з кіраўніком Удмурцкай Рэспублікі Аляксандрам Брачалавым.


Фота: pixabay.com

Пытанні без адказу

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ніхто не задаецца і не дае адказу на шэраг пытанняў. «Трэба на элементарныя пытанні адказаць. Чаму менавіта ў час саміту «дваццаткі» раптам атакавалі натаўскую дзяржаву, як гэта было першапачаткова прадстаўлена. Ведаеце, я баюся рабіць высновы, але падобна на такі «дагаварняк», што далей няма куды. Але крыху не разлічылі — людзі загінулі. Кіраўніцтву Польшчы трэба адказаць перад палякамі, як магло так здарыцца, чаму білі па тэрыторыі Польшчы, хто дамовіўся, чаму ракета раптам з усходу на захад завярнула і паляцела і чаму ў той момант стралялі, калі ў паветры не было расійскіх ракет. Вось на гэтыя пытанні трэба адказаць, і ўсё стане зразумела», — адзначыў беларускі лідар.

У сувязі з гэтай сітуацыяй ён у станоўчым ключы адзначыў рэакцыю Прэзідэнта ЗША Джо Байдэна: «Малайчына. Джо Байдэн. Яму трэба аддаць належнае, што ён сумленна сказаў: «Выбачайце, не расійская». «Цяпер супраць нас ідзе жорсткая вайна, схватка. І вось гэты прыклад паказвае. Апякліся і хуценька спрабуюць закрыць гэту тэму. Ужо яна на Захадзе амаль і не абмяркоўваецца. Ну, значыць, гэта толькі пачатак. І яны шкадуюць, палякі і ўкраінцы, што гэта не расійская ракета, якая ляцела. Ім трэба нас справакаваць, патрэбна эскалацыя», — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Аб'ектыўныя даныя

Прэзідэнт Беларусі паставіў абсалютна слушныя пытанні, адзначыў палітычны аналітык Аляксандр Шпакоўскі ў эфіры «Альфа Радыё». «Як толькі з'явілася інфармацыя аб бамбардзіроўцы Польшчы, першапачаткова адна з версій ваенных экспертаў і палітычных аналітыкаў заключалася ў тым, што гэта была самадзейнасць спецслужбаў Украіны — правакацыя, загадзя абумоўленая з іх польскімі калегамі з мэтай пашырэння геаграфіі канфлікту і ўцягвання ў яго НАТА», — заўважыў Аляксандр Шпакоўскі.

Аналітык звярнуў увагу на той факт, што «многія краіны Паўночнаатлантычнага альянсу не хочуць удзельнічаць у гэтым канфлікце і ўсяляк спрабуюць адмежавацца ад яго нават пад ціскам амерыканцаў».

— Сапраўды, шмат што паказвае на тое, што гэта магла быць нейкая дамоўленасць. Акрамя таго, трэба сказаць, што Прэзідэнт жа абапіраўся не проста на нейкія гіпотэзы. Кіраўнік дзяржавы абапіраўся на аб'ектыўныя даныя кантролю паветранай прасторы, які ажыццяўляе наша сістэма СПА, — падкрэсліў Аляксандр Шпакоўскі. — Мы ведаем, што ў рамках Саюзнай дзяржавы менавіта Беларусь адказвае за напрамак паўночнага захаду, наша СПА кантралюе і неба над Беларуссю, і пэўную прастору за яе межамі — мы можам бачыць яго, ёсць даныя. Гэтай інфармацыяй падзяліліся з расійскімі калегамі, пры неабходнасці яе абнародуюць. Таму Прэзідэнт дакладна ведае, што гэта была ўкраінская ракета. У прынцыпе, у гэтым ніхто зараз у свеце не сумняваецца.

Цікавыя моманты

У сітуацыі з ракетай, якая ўпала на тэрыторыі Польшчы, зараз пытанняў больш, чым адказаў. Такі пункт гледжання БелТА выказаў ваенны аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй Чарнабай. «Падобна, што мы насамрэч з'явіліся сведкамі спробы стварэння штучнага крызісу, вынікам якога павінна была стаць эскалацыя напружанасці ў зоне канфлікту і нават, магчыма, пашырэнне самой гэтай зоны, уцягванне ва ўзброенае супрацьстаянне новых краін, аж да прамога сутыкнення Расіі з блокам НАТА. «Добра, што розум над эмоцыямі на гэты раз перамог і эскалацыі ўдалося пазбегнуць», — адзначыў аналітык, каментуючы заявы Прэзідэнта Беларусі. Каб паспрабаваць адказаць на ўзніклыя пытанні, у тым ліку вызначыць, каму гэта было больш за ўсіх выгадна, трэба ўважліва ацаніць абстаноўку, на фоне якой адбыўся інцыдэнт, лічыць Андрэй Чарнабай. Паводле яго слоў, справа не толькі ў правядзенні саміту G20 на Балі, фармат якога змяніўся і стаў накіраваны на чарговае асуджэнне Расіі.

Эксперт звярнуў увагу і на іншыя цікавыя моманты. Напрыклад, на тое, што на наступны дзень пасля падзення ракеты ў планавым парадку праводзілася чарговае пасяджэнне кантактнай групы па абароне Украіны пад старшынствам міністра абароны ЗША Лойда Осціна і з удзелам генеральнага сакратара НАТА Енса Столтэнберга. Прадстаўнікі некалькіх дзясяткаў краін вырашалі, якое ўзбраенне неабходна паставіць Кіеву ў найбліжэйшы час у першачарговым парадку. Самае характэрнае, на думку Андрэя Чарнабоя, тут тое, што Украіна даўно запытвала дадатковыя сродкі супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны і гэтыя просьбы на пасяджэнні былі задаволены.

Таксама аналітык БІСД адзначыў, што літаральна за месяц да інцыдэнту, 13 кастрычніка, падчас сустрэчы міністраў абароны НАТА ў Бруселі была вылучана ініцыятыва па стварэнні «Еўрапейскага нябеснага шчыта», якая прадугледжвае сумесную закупку перадавых сістэм супрацьпаветранай абароны, якія змаглі б абараніць тэрыторыю еўрапейскіх краін ад магчымых ракетных нападаў. Ініцыятыва была падтрымана 14 дзяржавамі — членамі НАТА, а таксама Фінляндыяй. У гэтую групу, апроч шэрагу цэнтральнаеўрапейскіх, увайшлі практычна ўсе краіны, размешчаныя на ўсходнім флангу Паўночнаатлантычнага альянсу, — Эстонія, Латвія, Літва, Чэхія, Славакія, Венгрыя, Славенія, Румынія і Балгарыя. Адмовілася толькі Польшча, якая была пераканана ў эфектыўнасці ўласнай сістэмы супрацьпаветранай абароны.

Андрэй Чарнабай задаўся пытаннем, навошта да расследавання інцыдэнту трэба прыцягваць краіны, якіх дадзенае здарэнне абсалютна не закранула, напрыклад, краіны Балтыі. Эксперт падкрэсліў, што, верагодна, пройдзе яшчэ нямала часу, перш чым тэма з ракетай, якая ўпала на тэрыторыю Польшчы, перастане абмяркоўвацца на міжнародных форумах і сыдзе з першых палос СМІ. «Значыць, і інфармацыйная хваля таксама мае свайго беніфіцыяра», — лічыць Андрэй Чарнабай.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.