Вы тут

Лекі зімовага саду. Аб карысці гарбаты з парасткаў пладовых


Падчас падрыхтоўцы да зімы дрэвы і кусты назапашваюць у кары, пупышках, парастках велізарную колькасць карысных рэчываў, у тым ліку крухмалу, цукроў, тлушчаў і бялкоў, якімі мы можам скарыстацца.


Што там для нас?

Адным з бялкоў-крыяпратэктараў, якія дрэва ўтварае пры прамарожванні, з'яўляецца пралін. Той самы, які ў людзей дапамагае выпрацоўцы калагену, паляпшае структуру скуры, умацоўвае сардэчную мышцу, забяспечвае нармальнае функцыянаванне печані, нырак, сасудаў. Розныя расліны назапашваюць яго па-рознаму, але ў любым выпадку ў кары і пупышках пасля ўздзеяння нізкіх тэмператур яго колькасць значна павялічваецца.

Падчас падрыхтоўкі да зімы адбываецца адзеравяненне маладых парасткаў. Гэта значыць, у клеткавых сценках адкладаецца лігнін. Не менш карысны, чым пралін, толькі ў іншай вобласці, пераважна страўнікава-кішэчнай. Толькі гэта не бялок, а складанае палімернае злучэнне, якое змацоўвае ў драўніне валокны цэлюлозы.

Антацыяны таксама назапашваюцца да зімы ў кары і аднагадовых галінах, іх утрыманне пачынае падаць з пацяпленнем. Рэчывы іграюць прыкметную ролю ў барацьбе з дыябетам і атлусценнем, у прафілактыцы і лячэнні сардэчна-сасудзістых і запаленчых захворванняў. Па большай частцы канцэнтруюцца яны ў кары дрэў (а грызуны-та ведаюць!).

Акрамя гэтага, дрэвы і кусты назапашваюць на зіму ў парастках фенольныя злучэнні, у прыватнасці, кацехіны, якія валодаюць моцнай антыаксідантнай актыўнасцю. Гэта значыць, упарастках, вядома, не адны кацехіны, а цэлы спектр фенольных злучэнняў. І набор карысных уласцівасцяў у іх вельмі шырокі: ад супрацьзапаленчых да рэгулючых функцыю залоз унутранай сакрэцыі.

Што будзем ужываць і як?

Кару нам абгрызаць не давядзецца. Будзем піць гарбату з парасткаў.

Спачатку пажадана гаспадарскім вокам агледзець свае багацці і прыкінуць, што спатрэбіцца выразаць у канцы зімы. У любым выпадку трэба будзе прыбіраць лішняе — паламанае, загушчальнае. Вось з гэтага лішняга і можна рэзаць маладыя парасткі. Далей трэба ўзброіцца секатарам, узяць пакуначкі і маркер. Маркер — абавязкова, таму што з кучы пакуначкаў з галінкамі выбраць без маркіроўкі неабходны зможа толькі вельмі дасведчаны садоўнік.

Зрэзаныя галінкі не варта пакідаць у цяпле, лепш іх проста ў пакуначках змясціць у халадзільнік і там захоўваць. А па вечарах піць карысную гарбату. Для гэтага раніцай нарэзаць галінкі больш мелка і заварыць кіпенем у тэрмасе ў суадносінах прыкладна 5 ст. л на літр вады. Да вечара якраз настаяцца. Можна дадаваць мёд, але лепш спачатку ацаніць натуральны смак і палюбавацца колерам гарбаты з галінак, ён прыгожы.

Настой вішнёвых парасткаў умацоўвае сасуды, нармалізуе ціск, разрэджвае кроў, дапамагае пры запаленні поласці рота, жанчынам рэкамендуецца пры міёме, цыстыце.

Слівавы настой дапаможа зняць стрэс і супакоіцца, суняць галаўны боль.

Чорная парэчка cтымулюе імунітэт, паляпшае абмен рэчываў, дапамагае пры хваробах нырак, цыстыце, малакроўі і нервовым знясіленні, пры паніжанай кіслотнасці. А вось калі яна павышаная, лепш заварыць галінкі чырвонай ці белай парэчкі.

Настой грушавых парасткаў спрыяе вываду соляў, нармалізуе сардэчны рытм, здымае запаленні суставаў. Мужчынам дапамагае пры прастатыце.

Яблыневы чай добра выкарыстоўваць пры анеміі, атэрасклерозе, варыкозным пашырэнні вен, дапамагае ён пры пахудзенні і хранічнай стомленасці. Смак гарбаты вельмі залежыць ад сорту яблынь, таму можна наразаць галінкі з розных яблынь і параўноўваць.

Настой парасткаў ароніі ўжываецца пры авітамінозе, дрэннай згусальнасці крыві, паніжаным ціску, цукровым дыябеце, хваробах страўніка і печані.

Галінкі бружмелі добра выкарыстоўваць у якасці мачагоннага сродку, пры калітах, панкрэатыце, запаленні тоўстага кішэчніка.

На ноч ад бяссонніцы і для заспакаення нерваў нядрэнна выпіць настой парасткаў каліны.

Калі на ўчастку расце ляшчына або фундук, можна і з іх парасткаў нарэзаць. Арэхавы чай валодае супрацьзапаленчымі ўласцівасцямі, дапаможа пры прастудзе, варыкозным пашырэнні вен. А калі пакінуць крыху настою на раніцу, прымочкі знімуць прыпухласць і пачырваненне павекаў.

Лімоннік і абляпіха — полівітамінныя лідары.

Тыя, хто ад прагнасці нарэзаў занадта шмат галінак, могуць выкарыстоўваць лішкі некалькі інакш: паставіць іх у халодную ваду, змясціць у прахалоднае цёмнае месца і дачакацца набракання пупышак — набраклыя яшчэ больш карысныя! Галінкі парэчкі, вішні, слівы, бружмелі можна пакінуць і на ганку — удыхнуць зімой глыточак вясны.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Новыя тэхналогіі супраць раку. Анколагі расказалі, як лечаць пацыентаў, якія раней лічыліся неперспектыўнымі

Новыя тэхналогіі супраць раку. Анколагі расказалі, як лечаць пацыентаў, якія раней лічыліся неперспектыўнымі

Вядучыя анколагі расказалі пра новыя метады лячэння, якія яшчэ нядаўна былі недаступныя, а сёння выратоўваюць жыцці пацыентам.

Грамадства

Як жывуць і каго чакаюць у госці жыхары адрэзанай вадой Палянаўкі

Як жывуць і каго чакаюць у госці жыхары адрэзанай вадой Палянаўкі

Працягваем сачыць за развіццём паводкавай сітуацыі.

Калейдаскоп

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

Леанід Дзмітрыевіч стаў сапраўдным класікам беларускага жывапісу.