Вы тут

Пра мужчын, жанчын і іншыя акалічнасці


Вяртанне блуднага мужа


Крыўдна, балюча і непрыемна, калі цябе пакідаюць, пражыўшы з табою не год і не два.

— Дрэнь!.. Нягоднік!.. Пачвара! — сяброўка спыняецца ўсяго на некалькі секунд, каб перавесці дух і набраць у лёгкія чарговую порцыю паветра. Мабільны тэлефон распаляецца не на жарт, ад яго ва ўсе бакі разлятаюцца нябачныя іскры.

Аказваецца, нягоднік усё жыццё хадзіў налева. І пастаянна заглядаўся на чужых жанчын. І выпіць быў мастак. І скнара аказаўся яшчэ той — адчытвайся яму за кожны патрачаны рубель. І зануда. І лайдак. Ды і ў ложку, мякка кажучы, асаблівага геройства не праяўляў... І вось, ведаючы пра ўсе свае заганы, ён набраўся яшчэ большага нахабства і кінуў яе, бедную, дажываць жыццё ў адзіноце (дарослыя дзеці не лічацца).

...Яна тэлефануе мне і на наступны дзень, і праз дзень, і праз тыдзень. Здаецца, мы перамылі косці не толькі самому мярзотніку, але і ўсім яго родным, сваякам і знаёмым. Я ўжо падрабязна азнаёмлена з яго кулінарнымі перавагамі і сексуальнымі прыярытэтамі. Ведаю, якой брытвай ён голіцца, якой пастай чысціць зубы і якога колеру бялізну бярэ з сабой у камандзіроўку. Сярод ночы разбудзі — раскажу, як ён абводзіць вакол пальца свайго шэфа і падстаўляе сяброў. Здаецца, не існуе таго, што б я яшчэ не ведала пра чужога, па сутнасці, для мяне мужчыну. Як не існуе заганаў і недахопаў, якімі б не надзяліў гэтага свінтуса Усявышні.

Пасля чарговага вячэрняга «наезду» не вытрымліваю і, абдумаўшы сітуацыю як след, раніцай тэлефаную сяброўцы.

— Ведаеш, — кажу без усялякага ўступу, — трэба з гэтым нешта рабіць. Калі ўсё так катастрафічна, калі ў яго сур'ёзны раман — падавай на развод, разменьвай кватэру. Хопіць рваць нервы яму і сабе.
У рэшце рэшт, ён усё адно жыве ўжо на іншай жылплошчы... Так?

— Не, не так! — заяўляе яна мне, а ў голасе — загадкавасць і таямнічасць. І радасць непрыхаваная. — Даруй, не магу цяпер гаварыць. Вось адпраўлю мужа на працу — тады...

Ну, нарэшце ўсё стала на свае месцы — мярзотнік вярнуўся дадому!..

Хто ж яго не хоча?

А што такое, уласна кажучы, каханне? Калі ты не можаш без некага жыць? Хлусня. Жывеш жа — і не паміраеш. Тады што? Калі прачынаешся раніцай з думкамі пра яго і на працягу дня не можаш выкінуць гэтыя думкі з галавы? Нават калі твая галава паралельна пракручвае, прапускае праз сябе яшчэ некалькі дзясяткаў жыццёвых сюжэтаў? Таксама не тое. Не каханне гэта, а хутчэй закаханасць.

Таня, напрыклад, не зведала яшчэ ні аднаго, ні другога. Ёй хацелася, ёй вельмі хацелася, каб было хоць нешта — у глыбіні душы, а не на паверхні. Тое, ад чаго пачашчаецца пульс і некуды правальваецца сэрца... Але яно не правальвалася, хоць ты трэсні.

Прыемна, канешне, што Арцём запрасіў яе ў кафэ, што прыйшоў з кветкамі, і кветкі гэтыя адміністратар паставіла ў вазачку на столік. Непрыемна, што потым, пасля заканчэння вячэры, ён прапанаваў ёй паехаць у госці да сябра, у якога бацькі з'ехалі за мяжу, а таму іх кватэра выкарыстоўвалася на поўную катушку.

З іншага боку, вяртацца ў інтэрнат хацелася яшчэ менш. Ды і рана было класціся спаць. А Арцём ёй падабаўся. Сімпатычны аднакурснік, начытаны, з прыстойнымі манерамі. Чаму б і не?

— Добра, паехалі!

Зараз яны прыедуць, нешта вып'юць, закусяць... Ён асцярожна возьме яе руку ў сваю і будзе гаварыць агульнавядомыя, але такія прыемныя словы... Таню заўсёды прыцягваў пачатак адносін, адчуванне ўладарнасці над чужымі жаданнямі і ўчынкамі. Хацелася прывабліваць, падпарадкоўваць сабе, прымушаць лепятаць усялякае глупства, а далей — няхай будзе што будзе.

...Пасля чарговай чаркі Арцём папрасіў дазволу выйсці ў суседні пакой — крыху адпачыць. Аднак ні праз паўгадзіны, ні праз гадзіну ён не вярнуўся. Таня, глянуўшы на гадзіннік, зазбіралася ў інтэрнат.

— Ды кінь ты глупства! — нечакана запярэчыў гаспадар кватэры Сяргей. — Які інтэрнат? Позна ўжо. Зараз гарэлачку дап'ём, за жыццё пагаворым... А Арцём няхай адпачывае, куды яму спяшацца?

Таня паднялася, каб выйсці ў прыхожую. Але гаспадар перакрыў выхад з пакоя — проста стаў у дзвярах, ні абысці, ні пераскочыць. — Безумоўна, — паабяцаў, — ты адсюль выйдзеш. Але пры адной умове... Ну што, сонейка, хочаш вялікага і светлага кахання?..

Вялікай душы чалавек

Адзін мужчына, не пазбаўлены інтэлекту (слесар-сантэхнік па спецыяльнасці), любіў усім дапамагаць. Так што жыхары пад'езда гэтым актыўна карысталіся, увесь час падкідваючы яму «пазаштатную» работу: то шланг у іх пацёк, то пракладка паляцела, то кран зламаўся... І хадзіў Паша безадмоўна па кожным выкліку, не шкадуючы ні сіл, ні часу. Натуральна, гэта не вельмі падабалася яго жонцы, але паколькі са сваіх паходаў муж ніколі не вяртаўся з пустымі рукамі, яна асабліва не пярэчыла. Да таго часу, пакуль да іх не завітала суседка з першага паверха — адзінокая жанчына, якой, аднак, адзінота не перашкодзіла нарадзіць траіх дзяцей. «Міхалыч, выручай, у ванным пакоі вады па калена!..»

Вярнуўся ён ад суседкі не так хутка, як, па меркаванні жонкі, павінен быў. І што найбольш уразіла — прыйшоў з пустымі рукамі. «Як так? — абурылася яна. — Няўжо нічога не прапанавала?» — «Ды прапаноўвала, — адказаў муж. — Але я пасаромеўся браць. Усё ж трое малых дзяцей...»

Праз некалькі дзён гісторыя паўтарылася. Суседка, нават не зайшоўшы ў кватэру, з парога паклікала Пашу паглядзець, што адбываецца з кранам. Ён паслухмяна ўстаў з канапы і пайшоў ці, як падалося жонцы, пабег. І зноў вярнуўся без узнагароды. Тут ужо яна ўстала на дыбы: ты, што, падрадзіўся працаваць задарма? Ці яна разлічваецца чымсьці іншым?

Двух тыдняў не прайшло — зноў званок у дзверы, і зноў суседка на парозе. Але і жонка тут як тут: «Гэта табе не ЖЭС і не дабрачынная арганізацыя! Прывыкла тут... на халяву!» Госця ціхенька, бачком прасунулася да тумбачкі, што стаяла ў прыхожай, і паклала на яе дваццаць рублёў. «Вось, прынесла за два разы... Выбачайце». І бягом з кватэры. Паша грошы схапіў — і за ёю...

Потым ужо жонка па яго хадзіла, на першы паверх. Прасіла вярнуцца. А Міхалыч адказваў у сваёй звычайнай манеры: «Пацячэ кран — тэлефануй, зайду».

Таму што каралева

Тут мяне нядаўна на юбілей адной дамы запрасілі. Юбілей — гэта вам не трыццаць і нават не сорак. Лічба была паважаная, і госці падабраліся ў адпаведнасці з датай. Са «стажам», з багажом... Насупраць мяне пасадзілі мужчыну. Гэткую ўмерана непрывабную мужчынскую персону, злёгку сутулаватую і лысаватую. Утойваць не буду, я была расчараваная — але толькі першыя пятнаццаць хвілін, пакуль мой візаві ўжываўся ў незнаёмую абстаноўку.
Потым ён адкрыў рот і... вакол яго адразу ж пачалася неймаверная дзея. Ён быццам градусаў да ста разагрэў гэта нетаропкае, заціснутае ў рамкі гасцявой прыстойнасці асяроддзе. Мужчына нават не блішчэў — ён зіхацеў усімі гранямі свайго вострага, раскаванага розуму. Хутка перахапіўшы ўвагу прысутных дам, ён ужо не адпускаў іх ні на хвіліну — раздаваў сябе шчодра і шырока, напавал забіваючы іскрамётнымі жартамі і заваёўваючы незамыленымі кампліментамі. Пры гэтым ні адна з жанчын не адчувала сябе абдзеленай увагай.

Я была ўражана! І лавіла сябе на думцы, што гатовая слухаць незвычайнага госця зноў і зноў.

«Божа мой, — выдыхнула жанчына, што сядзела побач са мной. — Як яму ўдаецца захоўваць такую яснасць розуму і прагу да жыцця? У свае 75?!»

«Няўжо?.. Як?.. — пранеслася ў галаве. — Не можа быць!» Стоп. А чаму не можа? Ён і не выглядаў маладзейшым за гэты ўзрост. Не выглядаў — але быў!

Самае цікавае заключалася ў тым, што яго жонка сядзела побач з ім. Усміхалася і падначвала яго, калі занадта разыходзіўся. Тады ён нахіляўся да яе і нешта шаптаў на вушка, накрываючы сваёй вялікай далонню яе маленькую ручку, падкрэсліваючы гэтым выключнасць сваёй жанчыны: «Ты адзіная, ты каралева, а ўсе астатнія — гэта проста прыемнае асяроддзе, якому ў гэты момант патрэбна крышачку, зусім няшмат маёй увагі».

Далібог, у яго можна было закахацца. Калі не з першага погляду, дык з другога — дакладна.

Потым мне «па вялікім сакрэце» расказалі, што яго жонцы да гэтага часу тэлефануюць «добразычліўцы» — дакладваюць, дзе і з кім у дадзены момант бачылі яе мужа. Яна ўсё гэта спакойна выслухоўвае і гэтак жа спакойна адказвае: «Не дачакаецеся!» І мужу, калі дадому прыходзіць, ніякіх допытаў не ўчыняе. Таму што — каралева. Ці проста вельмі разумная жанчына. Паболей бы такіх...

Заплаці за праезд!

Два гады таму Гена ледзь не ажаніўся... Нічога асаблівага ў ёй не было, але чымсьці яна яго зачапіла. Пачаў прыглядацца, адзін раз запрасіў у тэатр, потым у кафэ, патраціўся на яе, як казаў сябрам, па поўнай праграме. Ну ўсё, падумаў: хопіць заляцацца, трэба пераходзіць да рашучых дзеянняў...

У яго была свая аднапакаёўка, але прыводзіць туды амаль незнаёмую жанчыну, афішаваць свае халасцяцкія звычкі не вельмі хацелася. Думаў-думаў і рашыўся зняць кватэру на суткі. Палез у інтэрнэт на адпаведны сайт — а там такія цэны! Можна як мінімум разоў пяць з мужыкамі на піва схадзіць. І ўсе хочуць грошы наперад атрымаць. А як заплаціць наперад, калі невядома, пагодзіцца яна з табой туды паехаць ці не? З іншага боку, а раптам пагодзіцца? Трэба тады, каб кватэра была падрыхтаваная... Рабіць няма чаго — праплаціў «апартаменты» загадзя, вырашыўшы сэканоміць на іншым. Некаторы час нават не карыстаўся сваім аўтамабілем, каб не траціцца на бензін. Ездзіў у тралейбусах і аўтобусах, аднак талончыкі не прабіваў. Неяк шанцавала з кантралёрамі, дакладней з іх адсутнасцю...

У азначаны дзень Генадзь запрасіў сваю знаёмую на спатканне і выклаў усё як ёсць — паказаў ключы ад кватэры і прапанаваў туды наведацца. Яна не аднеквалася, пагадзілася адразу. Ды і ехаць было ўсяго нічога, некалькі прыпынкаў. І вось заходзяць яны ў аўтобус, а там, як на злосць, кантра-
лёры. Давялося Генадзю схлусіць, што забыў праязны ў кішэні іншай курткі. Але цёткі трапіліся настырныя: плаці штраф — або выклічам міліцыю. Гену быццам нейкая муха ўкусіла: калі ў мяне, кажа, ёсць праязны, чаму я павінен плаціць штраф? Так яны стаялі, спрачаліся... Тым часам аўтобус пад'ехаў да чарговага прыпынку, на якім... спадарожніца Генадзя нечакана выйшла, нават не развітаўшыся і нічога яму не растлумачыўшы.

Пасля ён, вядома, тэлефанаваў — яна не адказвала на званкі. Потым тэлефанаваць перастаў. Падумаеш, краля, сама не ведае, чаго хоча. А нядаўна зусім выпадкова сутыкнуўся з ёй на вуліцы. Пастаялі хвілін пяць, пагаварылі і разышліся — кожны ў свой бок. Праўда, наўздагон Гена ўсё ж даслаў ёй эсэмэску: маўляў, калі ўжо сустрэліся, можа, успомнім былое? Адказ атрымаў адразу: «За праезд трэба плаціць!»

Доўга думаў, што гэта магло азначаць. Потым выдаліў яе нумар з тэлефоннай памяці. У мэтах эканоміі, напэўна.

Наталля УЛАДЗІМІРАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».