Вы тут

Рыжскі сіндром. Чаму Латвія губляе прывабнасць?


Латвія можа пазбавіцца амаль чвэрці (23,5 працэнта) карэннага насельніцтва ўжо да 2050 года, разам з тым пасля распаду СССР з краіны ўжо выехала амаль 30 працэнтаў латышоў. Аб гэтым піша The Guardіan, спасылаючыся на меркаванні экспертаў. Няцяжка падлічыць агульныя страты латышоў. «Для нас гэта экзістэнцыяльная праблема. Кожная нацыя павінна абнаўляцца. Мы не павінны застацца Латвіяй без дастатковай колькасці латышоў», — растлумачыў саветнік латвійскага ўрада па дэмаграфіі Імантс Парадніекс. Паводле звестак Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення Латвіі, летась смяротнасць сярод насельніцтва ўдвая перавысіла нараджальнасць. Каэфіцыент апошняй склаў 1,57, дадзены стратэгічны паказчык вельмі саступае падобнай статыстыцы ў савецкі перыяд. Больш за тое, пачынаючы з лютага 2022-га, штомесяц рэгіструецца найменшая нараджальнасць за апошняе стогаддзе, з жахам згадаў навінавы партал bb.lv. Чаму ж Латвія губляе прывабнасць?


Жахлівыя перспектывы

Паводле даных дэмаграфічнага даследавання еўрапейскага Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення (ЦСУ), у пачатку года сярод 27 дзяржаў — членаў Еўрапейскага саюза самае хуткае змяншэнне жыхароў назіралася менавіта ў Латвіі. Пры гэтым у перыяд з 2001-га да пачатку 2022-га колькасць насельніцтва 27 дзяржаў — членаў ЕС павялічылася на чатыры працэнты — з 429 млн да 447 млн чалавек. А самае хуткае скарачэнне колькасці на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў назіралася зноў-ткі ў Латвіі. За гэты час колькасць насельніцтва прыбалтыйскай краіны скарацілася на 20,5 працэнта. Да таго ж, як сведчаць даныя дэмаграфічнага даследавання, і сем'і тут не моцныя. У Латвіі найвышэйшая колькасць разводаў у Еўропе: паводле статыстыкі за 2020 год, 2,7 на тысячу жыхароў.

«Сказаць, што дэмаграфічная сітуацыя ў нашай краіне дрэнная, — нічога не сказаць. Мы, вобразна кажучы, не нараджаемся, але актыўна паміраем», — заўважыў bb.lv. Толькі за дзевяць месяцаў бягучага года нараджальнасць у параўнанні з тым жа перыядам мінулага знізілася яшчэ на 8,2 працэнта — на свет з'явілася 12 221 немаўля. Смяротнасць амаль удвая перавышае нараджальнасць — 22 498 памерлых.

У 1935 годзе насельніцтва Латвіі, паводле перапісу, складала каля 1,9 мільёна чалавек. У 1959-м, праз 14 гадоў пасля кровапралітнай вайны, у рэспубліцы налічвалася ўжо больш чым два мільёны жыхароў. У 1980-м колькасць насельніцтва перавышала 2,5 мільёна чалавек, а ў пачатку 1990-х — 2,65 млн. Насамрэч у Латвіі сёння дэ-факта пражывае менш, чым пазначаныя афіцыйна 1 млн 876 тысяч жыхароў, адзначыў bb.lv. Але нават калі абапірацца на тыя звесткі, то колькасць насельніцтва скарацілася амаль на 800 тысяч чалавек.

Самае ж сумнае — няма ніякіх перадумоў для паляпшэння сітуацыі, заўважыў bb.lv. Пачынаючы з 2016 года, колькасць нованароджаных толькі скарачаецца, пры гэтым не расце і «каэфіцыент узнаўлення» — ён вагаецца ў сярэднім на ўзроўні 1,55-1,57 дзіцяці на адну жанчыну. Латвійскія дэмографы падлічылі, што для ўзнаўлення насельніцтва неабходна, каб на адну жанчыну прыпадала мінімум 2,2-2,4 дзіцяці.

Грашовая дзірка

Усё гэта — вынік сістэмных праблем, якія ўтварыліся, у тым ліку, у выніку неэфектыўнага кіравання. «Гандлёвы баланс — грашовая дзірка ў эканоміцы», — піша Dіenas Bіzness. Газета звяртае ўвагу на тую акалічнасць, што «з 1995 года да сёння латвійскі экспартна-імпартны баланс нязменна быў негатыўным і сумарна ўтвараў 64,2 мільярда еўра». Дзелавы штотыднёвік папярэджвае: «Хутчэй за ўсё, прыйшоў бы крытычны момант, калі трэба было б казаць аб неплацежаздольнасці дзяржавы. Фактычна, такая сітуацыя ў Латвіі ўзнікае кожны раз, калі трэба перакрэдытаваць нейкую з вялікіх пазык, бо грошай, каб аддаць, няма. У кастрычніку гэтага года дзяржаўная каса была вымушана перакрэдытаваць 850 мільёнаў еўра. Хутчэй за ўсё, што ў канцы года будуць неабходныя дадатковыя пазыкі, бо, нягледзячы на прагнозы Банка Латвіі, рэцэсія пачалася хутчэй».

Вельмі яскрава праблемы латвійскай эканомікі выяўляюцца ў вытворчасці прадуктаў харчавання. Паводле даных Dіenas Bіzness, да пандэміі краіна вывозіла штодня 891 тону свежага малака. Аднак цяпер «у імпарту малочных прадуктаў ёсць тэндэнцыя росту, і ў выніку цяпер большую частку нават свежага малака, якое прадаецца ў Латвіі, купляем з літоўскімі або эстонскімі брэндамі».

Ва ўмовах інфляцыі і спажыўцы, і вытворцы прадуктаў харчавання шукаюць спосабы сэканоміць. Пакупнікі шукаюць тавары недарагія, а вытворцы тым часам усімі сіламі зніжаюць сабекошт прадукцыі — шукаюць больш танныя віды энергіі, выпускаюць менш найменняў прадукцыі, змяняюць рэцэпты і ўпакоўку, распавяла Службе навін Латвійскага радыё — 4 кіраўнік Федэрацыі прадпрыемстваў харчовай прамысловасці Латвіі Інара Шурэ. Латвійскія спажыўцы ўсё часцей сутыкаюцца з «інавацыйнымі прадуктамі» на паліцах гастраномаў — напрыклад, вэнджанай каўбасой з выкарыстаннем крухмалу і харчовых дабавак, паведаміў bb.lv.

Па ацэнцы Інары Шурэ, прадпрымальнікі імкнуцца па магчымасці скараціць выдаткі, а таксама адкладваюць інвестыцыйныя праекты, каб перажыць неспрыяльны час. Але ў выніку скарачаецца выбар на паліцах крамаў. Вытворцы, «як той казаў, бы яшчаркі, скідваюць хвост. Калі, напрыклад, фірма вырабляе 100 розных тавараў, то яна ацэньвае, якія тавары больш патрэбныя, і застаецца, напрыклад, 80 тавараў. Апошняе аптымізуе вытворчыя выдаткі, паколькі пераход на іншы прадукт на лініі па-ранейшаму патрабуе часу, што неэфектыўна. Рытэйлеры таксама скарачаюць асартымент тавараў, і робяць тое разам з вытворцамі, у выніку чаго выбар прадуктаў становіцца больш аднастайным», — адзначыла Інара Шурэ.

Урад не для народа

Паводле ацэнкі эканамістаў, ва ўмовах крызісу Латвія па ўзроўні пакупніцкай здольнасці адкацілася на дзесяцігоддзе назад, паведамляў lsm.lv. Спажывецкія цэны працягваюць паскораны рост. У кастрычніку гэтага года ў параўнанні з вераснем яны ўзраслі на 0,8 працэнта. Найбольшы ўплыў на змяненне сярэдняга ўзроўню інфляцыі аказаў рост цэн на тавары і паслугі, звязаныя з жыллём, прадукты харчавання і безалкагольныя напіткі, а таксама транспартныя тавары і паслугі. У групе прадуктаў харчавання і безалкагольных напіткаў цэны ўзраслі на 29,5 працэнта. Найбольш істотны ўплыў на рост сярэдняга ўзроўню цэн у групе аказала падаражанне хлеба (на 36,6 працэнта), кандытарскіх вырабаў (на 27,2 працэнта), мукі і іншых збожжавых прадуктаў (на 63,9 працэнта), макаронных вырабаў (на 35,4 працэнта), рысу (на 41,7 працэнта). «На жаль, сітуацыя ў бліжэйшы час захаваецца нявызначанай, — адзначыў bb.lv эканаміст Дайніс Гашпуйціс. — Найбольшы ціск жыхары адчуюць з-за росту цэн на прадукты харчавання». Як заўважыў эканаміст Петэрыс Страўтыньш, «узровень цэн больш чым утрая перавышае гістарычны сярэдні паказчык у гэтым сезоне, энергія па-ранейшаму вельмі дарагая».

Паводле дадзеных Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення, падзенне ўзроўню жыцця латвійцаў, якія атрымліваюць мінімальную зарплату, гэтай восенню склала каля 22 працэнтаў. Мінімалка не павышалася са студзеня мінулага года, а паказчык інфляцыі апошнія месяцы перавышае 20 працэнтаў. Людзям, якія атрымліваюць мінімальныя і нізкія заробкі, гэтай зімой давядзецца рэзка скараціць усе выдаткі, не звязаныя з выжываннем, і адмовіцца ад ранейшай структуры харчавання. Улічваючы дынаміку цэн на прадукты харчавання, давядзецца скараціць ужыванне мяса, павялічыць спажыванне гародніны і зрабіць бульбу асноўнай крыніцай калорый. Гэта азначае зніжэнне і ўзроўню, і якасці жыцця. Фундаментальныя змены ў структуры пакупак і спажывання закрануць большасць насельніцтва.

Усе гэтыя негатыўныя тэндэнцыі «вельмі шкодныя для ментальнага здароўя», адзначыў Latvіjas Avīze псіхатэрапеўт Ніл Канстанцінаў. Эксперт канстатуе нарастанне напружанасці ў грамадстве: «Мяркую, што цяга да гэтай канфрантацыі расла ўжо доўгія гады, зараз толькі яна стала праяўляцца больш ярка». На яго думку, утвараюцца два вельмі расслоеныя бакі, якія не выслухоўваюць меркаванне іншага, але спрабуюць яго толькі перамагчы, выкрасліць».

«Мяне палохае, як хутка пашыраецца раскол паміж рознымі часткамі латвійскага грамадства, і падзел праходзіць не толькі па нацыянальнай прыкмеце», — з горыччу заўважыў мэр горада Рэзекне (дзе нядаўна знеслі манумент савецкаму салдату, які неафіцыйна насіў назву «Алёша») Аляксандр Барташэвіч.

Імкліва зніжаецца ўзровень даверу латвійскага грамадства органам дзяржаўнай улады. «Насамрэч давер — гэта і пытанне бяспекі. Сацыяльнай, эканамічнай, палітычнай, — адзначыў Латвійскаму радыё 4 старшыня праўлення Латвійскага саюза бізнесу Эдуард Філіпаў. — Грамадства паведамляе палітыкам: мы не верым, што нашы сігналы, нават нашу нязгоду ўвогуле чуюць! Гэта вельмі важна, і я думаю, гэта сігнал палітыкам». Член савета Дзяржкантролю Латвіі Мая Абаліня лічыць, што ключ да разумення гэтай тэндэнцыі — у прыярытэтах, паведаміў lsm.lv. Яны ва ўрада і грамадства адрозніваюцца.

Запаветная мара

Нядзіўна, што ў латвійскім грамадстве, па прызнанні экспертаў, актыўна пашыраюцца мігранцкія настроі — людзі імкнуцца збегчы ад рыжскага сіндрому. Многія імкнуцца трапіць у суседнюю Беларусь. Як паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце, па бязвізе нашу краіну наведалі ўжо каля 95 тысяч жыхароў Латвіі. Асобныя атрымалі грамадзянства Беларусі.

Адметная гісторыя Ільі Карозы — латвійскага школьніка, які ў час «Славянскага базару ў Віцебску» ўзяў інтэрв'ю ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і з-за ганенняў на радзіме пераехаў у нашу краіну. Разам з сям'ёй яны атрымалі пашпарты грамадзян Беларусі. Мама Ільі, Наталля, падзякавала ўсім беларусам, якія так моцна за іх перажывалі, Прэзідэнту — за яго вялікае бацькоўскае сэрца і ўсім, хто прыняў удзел у лёсе гнанай на радзіме сям'і. Яна падкрэсліла, што зробіць усё магчымае, каб яе дзеці сталі дастойнымі грамадзянамі Беларусі. Ілья Кароза таксама выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто мае дачыненне да яго лёсу. Галоўнае, сказаў новы грамадзянін Беларусі, гэта аказацца ў патрэбным месцы і ў патрэбны час. «Я ўдзячны Богу за тое, што сустрэўся з сапраўдным чалавекам — Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. У Беларусі кожны чалавек знойдзе дапамогу і не будзе кінуты», — падкрэсліў малады чалавек.

Нядаўна Ілья прынёс клятву кадэта ў ліку навабранцаў Віцебскага кадэцкага вучылішча. Паступіць у кадэцкае вучылішча было запаветнай марай маладога чалавека. Ён дадаў, што калектыў яго прыняў як роднага. Настаўнікі заўсёды тлумачаць, калі нечага не зразумеў. З мясцовымі хлопцамі мае зносіны па-сяброўску, ды і сяброў з Латвіі не забывае, стэлефаноўваецца з імі па відэачаце, распавядае, як яму ў кадэцкім вучылішчы. Рыжскія прыяцелі за яго вельмі рады, бо ён здзейсніў сваю мару і ўліўся ў шэрагі навучэнцаў кадэцкага вучылішча. «Гэта пераходны, стартавы момант у ваеннай кар'еры. Пасля заканчэння вучылішча буду паступаць у Ваенную акадэмію на факультэт разведкі, каб абараняць сваю новую радзіму», — падкрэсліў Ілья.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як жывуць і каго чакаюць у госці жыхары адрэзанай вадой Палянаўкі

Як жывуць і каго чакаюць у госці жыхары адрэзанай вадой Палянаўкі

Працягваем сачыць за развіццём паводкавай сітуацыі.

Калейдаскоп

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

Леанід Дзмітрыевіч стаў сапраўдным класікам беларускага жывапісу.