Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. Ідэальная чужая музыка


Час каціўся падобна абветранай глыбе, якая адкалолася ад скалы. Шпіталь, кропельніцы і дактары ў скафандрах. За некалькі дзён да шпіталя ў доме пачало ўсё ламацца. Халадзільнік, тэлевізар, мэбля, праводка ў ваннай... рэчаў не было шкада, але пасля кожнай паломкі ахопліваў першабытны страх.


Пасля шпіталя Рыма доўга не магла аднавіцца. Ціск ашалела скакаў, «хуткія» штодня. Муж супакойваў, сядзеў каля яе. Да ўсяго гэтага — неміласэрна спякотнае лета. Пажары і паводкі як з ланцуга сарваліся. Муж, кот, сябры — усе млявыя, сонныя, нават камары лётаюць млявыя, іх спакойна можна прыстукваць. Вышэйшыя сілы караюць людзей? Рыма спрабуе ўзгадаць, што яна зрабіла насуперак сумлення. Не «зарывалася», не крыўдзіла нікога. Магчыма, у яе і Светабудовы рознае разуменне дабра.

Сяброўкі тэлефануюць, спачуваюць, даюць парады, але ніхто не наведвае. «Усё ламаецца, і ты захварэла. Падобна на ўмяшанне тонкага свету», — разважае сяброўка Ніна. «Магчыма, у рэчаў выйшаў тэрмін», — пярэчыць Рыма і тут жа ўспамінае, што зламаліся і новыя рэчы. «Асвяці кватэру, — раіць Ніна. — Я табе тэлефон майго брата Алега скіну. І дамавіку малачка ў сподачку пастаў на ноч, цукерак пакладзі». Увечары Рыма паставіла на стол сподачак з малаком, цукеркі, але нічога не змянілася. Тады яна патэлефанавала Алегу.

Алег — святар. У яго чорная барада і маладыя блакітныя вочы. Прыехаў у расе, з кадзілам. Доўга з ёй размаўляў, чытаў малітвы і асвяціў кватэру. Жанчына стамілася, апошнія словы Алега гучалі ўжо дзесьці далёка. Ён гэта заўважыў і развітаўся. Рыма прылягла, а праз нейкі час адчула пах дыму. Асвячаючы пакой, Алег насыпаў у чатыры кубкі збожжа і паставіў у іх запаленыя свечкі. У адным з кубкаў задымілася зерне. Яна сунула кубак пад кран і адкрыла акно насцеж.

Так і спаць лягла, з адкрытым акном. Муж пайшоў у залу глядзець тэлевізар і, каб не разбудзіць жонку, застаўся спаць на канапе. А Рыма доўга глядзела ў акно на зоркі. І раптам убачыла сябе ў вялікім будынку разам з Нінай. Яны хадзілі па змрочных калідорах, спускаліся і падымаліся па лесвіцах, зазіралі ў адкрытыя дзверы, але не маглі знайсці выхад. А потым...

Яна стаяла на беразе мора. Вакол ні душы, ні сцяжынкі, толькі мора і пустыня да гарызонту. Сонца высока, але не горача, хоць у пустыні апрыёры павінна быць спякота. І мора адлівае халоднай сталлю, як паўночнае. Наперадзе бархан. Ёй трэба зазірнуць за яго. Ёй абавязкова трэба ўбачыць, што там, і тады яна вырашыць, што рабіць далей.

Амаль цытрынавае сонца ў зеніце. Жанчына пайшла ўздоўж мора. Ні травінкі, ні птушкі, ні яшчаркі — нікога. Мора спакойнае, але жадання ўвайсці ў ваду няма. Спынілася ля падножжа бархана. Нібыта нядоўга ішла, а сонца ўжо на гарызонце. Ззаду — абрысы горада. Над морам, уздоўж гарызонту, як іншаземнае войска, выстраіліся ў лінію аблокі. Увязаючы ў пяску, Рыма стала ўзбірацца на бархан, ён апынуўся больш стромкім, чым здаваўся здалёк. Раптам яна пачула музыку. Спынілася і стала шукаць крыніцу гуку. Музыка зыходзіла зверху, як бы апускалася коламі і расцякалася.

Ніколі жанчына не чула такой мелодыі. Ні адзін з музычных інструментаў, якія яна ведала, не мог выдаваць падобныя гукі. Не рэзкія, не шумныя, не звонкія, не глухія — гэта былі цудоўныя, ідэальныя, але чужыя гукі. Яны не выклікалі эмоцый. «Гэта незямная музыка!» — працяла думка. Ужо не шэрагі светлых аблокаў, а чорныя хмары зачынялі гарызонт. Толькі з невялікай праталінкі вызіралі сонечныя прамяні. Ад гарызонту паміж хмарамі і морам рухалася да берага смуга белага святла.

Цяпер мора было хутчэй варожым, чым безуважным. Да вяршыні бархана заставаўся крок. Рыма ўжо прадчувала, як акіне позіркам раскінутую да гарызонту пустыню. А можа, за барханам горад, людзі, сады? І раптам яе як нешта штурхнула, як пстрыкнула ў галаве: «З таго боку прорва. Яшчэ крок, і разам з пяском паваліш уніз». Страху не было, але і падаць туды не хацелася. Сілуэт цёмнага горада яшчэ відаць, яшчэ можна вярнуцца. Змярканне хутка згушчалася. Музыка ўзмацнілася і стала гучнейшай.

Рыма паспешліва спускалася назад. Хутка будзе зусім цёмна, прыйдзецца ісці амаль навобмацак. Прыкінула: «Да цемры хвілін пятнаццаць, трэба бегчы, пакуль відаць, а потым як прыйдзецца». Нешта падказала: «У моры не вада, там іншае, амаль кіслата». «Нічога, — вырашыла Рыма. — У цемры буду ісці па вільготным пяску. Калі звярну ў пустыню, адчую, бо сухі пясок стане засыпацца ў басаножкі». А дзе мора — яна вызначыць па шуму хваль.

Яна прачнулася, калі была напаўдарозе да горада... побач стаялі дактары і спалоханы муж. Музыка яшчэ гучала ў вушах. «Вярнулася», — сказаў доктар. Тое ж падумала і Рыма. Некалькі дзён усё ўспамінала бачанне і вырашыла-такі патэлефанаваць Алегу. «Цябе нават туды пусцілі? — здзівіўся мужчына. А потым паправіўся: — Царква не разгадвае сны».

Усё праходзіць і забываецца, але гэтая музыка ў яе памяці. І ў гэтым свеце няма такіх інструментаў, на якіх можна яе агучыць.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Фота: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».