Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. «Галоўнае — не здавацца!»


Галоўнае — не здавацца! І ўсё будзе добра

Не так даўно мне прапанавалі прачытаць колькі лекцый па сучасных інфармацыйных тэхналогіях. Я, вядома ж, згадзілася, бо, па-першае, прадмет гэты ведаю і студэнтаў люблю, па-другое, у маім залатым узросце не зашкодзіць ні лішняя капейка, ні «прафілактычная пілюля» ад дэменцыі, якой палохаюць цяпер не толькі СМІ... А таму я з самага ранку прыбралася-прычасалася, узяла флэшку з гатовай прэзентацыяй і рушыла дзяліцца ведамі.


Фота: pixabay.com

У паточнай аўдыторыі (я прыйшла туды загадзя, каб успомніць маладосць, асвоіцца, уключыць абсталяванне...) мяне парадаваў сучасны і, відаць, дарагі рамонт, адпаведная мэбля...

Уражанне, агульную карціну, псавала хіба старэнькая кафедра-трыбуна, якая беднай сваячкай прыляпілася да стала выкладчыка, і такая ж доўгая драўляная ўказка.

Думаць, навошта яна тут, пакуль не выпадала: я «палезла» ў трыбуну, каб уключыць сістэмны блок.

Ды не тут тое было! Сістэмнік, як малы ўнук, «закапрызіў» — не паслухаўся мяне. «Фу-ты! Гэта ж рубільнік не ўключаны», — уголас здагадалася я, куляй выскачыла з трыбуны і тут жа пачула спалоханае:

— Ой-ёй-ёй!

З-за валтузні з сістэмнікам я і не заўважыла, што ў памяшканне зайшоў студэнт.

Ён (замежнік... на твары «напісана»), відаць, таксама не чакаў, што нехта (а тым больш выкладчыца) «вынырне» з трыбуны...

Каб згладзіць нечаканае ўражанне, я прыветна ўзняла руку, сказала хлопцу:

— Усё нармальна!

— Хаясо! — паправіў ён, але вачэй ад мяне адводзіць не стаў — працягваў назіраць.

«Ну і няхай», — падумала я і ўзялася «сканаваць» сцяну ў пошуках рубільніка. Аказалася, што размешчаны ён ля самых уваходных дзвярэй, але ж, як той казаў, бачыць вока, а дастаць далёка, бо на вышыні трох метраў. Не менш!

— І дзе ж шукаць Гулівера?! — усклікнула я.

З-за спіны тут жа пачуўся знаёмы голас:

— Сецяс уклюцю.

Побач стаяў той самы студэнт. Ростам ён быў такі ж, як я, але больш здагадлівы, бо ўзяў вілку, якая боўталася на канцы электрычнага проваду (астатні — аж да рубільніка — быў схаваны ў пластмасавы кораб), уставіў у разетку і яшчэ раз падбадзёрыў, сказаў мне:

— Всё хаясо!

— Куфрык проста адчыняўся! — усміхнулася я і прашмыгнула назад у трыбуну, дзе «хаваўся» капрызны сістэмнік.

Праз імгненне той прыветна зашумеў, але ж радавацца гэтаму пакуль не выпадала, бо перада мной паўстала новая задача: знайсці пульт, каб уключыць праектар. Ні ў шуфлядзе стала, ні ў нетрах кафедры яго не было...

Аўдыторыю тым часам сталі запаўняць студэнты.

«Баразніць з імі найноўшыя інфармацыйныя прасторы без прэзентацыі— гэта правал», — пранеслася ў маёй галаве і...

— Усё хаясо, — зноў пачулася з-за спіны.

Той студэнт-выратавальнік ужо ўзяў са стала доўгую драўляную ўказку і спрытна тыцнуў ёй у кнопку на праектары. «Ура!.. Жыву!» — ледзь не зляцела ў мяне з языка. Але ж, як выкладчык, я мусіла сказаць зусім іншае:

— Нельга такім чынам уключаць праектар. Гэта небяспечна.

— Зато быста, — усміхнуўся ён, паклаў указку на стол і вярнуўся на месца.

Я падключыла флэшку, загрузіла прэзентацыю і пачала свой маналог аб развіцці камп'ютарных інфармацыйных тэхналогій.

...Як дазналася пазней, адказнасць за ўсё мультымедыйнае абсталяванне ў той ВНУ ўсклалі на аднаго з супрацоўнікаў. Пульт ад праектара ён трымаў у сябе. Можна было схадзіць і ўзяць (калі заспееш на месцы), а можна (што выкладчыкі і рабілі) скарыстацца той самай дзедаўскай указкай.

І тым самым перадаць студэнтам не толькі веды, але і «пасыл», што ў складаных сітуацыях не трэба губляцца, а шукаць і знаходзіць выйсце.

Наталля ШАСТАКОВА

г. Гомель


Даўгі нашы цяжкія...

У нядзелю на рынку мы з мужам сустрэлі маю былую супрацоўніцу і проста рэдкую майстрыху. Трохі пастаялі, пагаварылі. Я ўзгадала, што яе прыхопачкай вельмі зручна здымаць з пліты гарачае, спытала, ці вяжа яна нешта яшчэ? Галя толькі ўздыхнула: маўляў, закінула ўжо і пруткі, і шыдэлак. Зрок падводзіць: катаракта, аперацыю трэба рабіць.

Мы з мужам сталі расказваць пра знаёмых, якія праз гэта паспяхова прайшлі, сталі даводзіць, што не варта баяцца... «Але ж грошы, — зноў уздыхнула Галіна. — Я на пенсіі, у дзяцей свае дзеці, крэдыты на жыллё...» — «Дык тэлефануй, калі што... Выручу!», — паабяцала я. (Муж штурхануў мяне пад локаць і ўсміхнуўся: нагадаў, што нядаўна я ўжо выручала...)

Раскажу, як гэта было.

Гады тры таму мне пазваніў наш аднакурснік (мы з мужам разам вучыліся) і сказаў, што яго сусед Максім нагледзеў сабе машыну. Загарэўся купіць, але абышоў і «абабраў» усіх сваіх блізкіх, а грошай усё роўна не хапае, прычым крыху...

Далей быў усхваляваны маналог таго самага Максіма пра тое, што машына ў выдатным стане, што яна — проста пазарэз яму патрэбная, што яе, калі сёння ён грошай не знойдзе, заўтра прададуць некаму іншаму… «І таму, — прасіў чалавек, — на два месяцы, колькі зможаце... З распіскай, пад любыя працэнты...»

— Вось пра гэта — не трэба, — абарвала я Максіма. — Вы — сусед і сябра нашага сябра, а значыць, можа, і наш?

Недзе праз гадзінку мужчына з'явіўся на парозе, паўтарыў словы пра два месяцы і «кроў з носу аддам»... Слова «працэнты» болей не гучала. «Распіска» чамусьці таксама. «Не да іх чалавеку», — падумалі мы. І, на жаль, досыць хутка ўбачылі, што яму і... не да нас, бо грошай ён назбіраў, машыну купіў, а даўгі аддаць ніяк не выпадала, прычым ні праз пяць месяцаў, ні праз дзесяць.

— Можа, ты забыўся, што нам вінаваты? — сутыкнуўшыся на запраўцы, спытаў мой муж у Максіма.

— Не, я помню... Палову хоць зараз аддам!

Ён і сапраўды дастаў кашалёк, адлічыў палавіну сумы. Ды яшчэ і павучыў, што грошы не павінны ляжаць мёртвым грузам, што іх, нават невялікія, трэба пускаць у справу, пракручваць.

— Ты ўжо накруціў? — падкалоў яго муж. — Дык аддай даўгі!

Максім яшчэ раз паабяцаў і прызначыў дзень.

Я стала прыкідваць, што б такое спячы, бо чужы ж чалавек, прыедзе, напэўна ж, з цукеркамі, з каньяком.

Муж з мяне толькі пасмяяўся:

— Хто? Гэты круцель? Іду ў заклад: ён нават шакаладку табе не купіць!

Чакаць вось такога ад чалавека, якому хоць трохі, але мы дапамаглі, ад сябры (хоць і былога...) нашага сябры, неяк не выпадала... Мы з мужам, што называецца, ударылі па руках, і я прайграла!

...Нехта можа спытаць, дзе ж тут смяяцца, бо вясёлага тут і праўда няшмат? А вось павучальнага...

Асобным людзям, далібог, зусім не лішне паглядзець на сябе збоку.

А. САВЕЛЬЕВА

г. Мінск


Не такі страшны звер...

Школа, дзе некалі я працавала, славілася сваімі вучнямі. З года ў год яны выходзілі пераможцамі ці не ва ўсіх алімпіядах: прадметных, спартыўных, раённых, абласных... А калі так, калі недзе ёсць вопыт у рабоце педагогаў, дык трэба ж яго вывучаць!

Для гэтага ў нашу школу зачасцілі работнікі райана, аблана, інстытута ўдасканалення настаўнікаў... Што, здавалася б, добра — з аднаго боку. А з другога... Людзі трапляліся розныя.

Памятаю, адзін інспектар (у мінулым, казалі, дрэнны настаўнік матэматыкі) прыехаў правяраць ідэйна-патрыятычнае выхаванне. І, думаеце, пайшоў на ўрокі гісторыі? Не! Папрасіўся ў пяты клас на ўрок біялогіі. І потым зрабіў шэраг заўваг: маўляў, дзеці шмат карыснага пачулі пра бактэрыі, але нічога, на жаль, пра ідэйнае выхаванне...

Вось і думай настаўнікам, чаго чакаць ад такіх інспектараў, ад праверак ды правяраючых? Лепш бы спакойна працаваць і не баяцца іх, але ж...

У той раз наш завуч школы прывёз з райана чарговае «Едуць!..»: дзве жанчыны з Віцебска. Сёння, маўляў, яны працуюць у Глыбокім, заўтра будуць у нас. Таму просьба: усім як след падрыхтавацца і быць на вышыні.

Быць дык быць.

Я ў той дзень працавала ў другую змену. Наталля — мая каляжанка і прыяцелька — у першую. Значыць, раніцай, у дзевяць гадзін, яна ўжо зможа патэлефанаваць мне і расказаць, хто прыехаў, што пытаюцца, наколькі строга і г. д.

І вось я дома чакаю, потым, пачуўшы званок, хапаю слухаўку, з нецярпеннем пытаю:

— Ну што — з'явіліся?!

— А як жа! — чую ў адказ.

— Дзве?

— Так, дзве!

— І ты што — радуешся? — не разумею я, бо голас у Наталлі нейкі падазрона бадзёранькі!

— Дык жа ноч не спала, але дачакалася! — тарабарыць жанчына. — Ты не паверыш: цялушачка ў Маліны і цялушачка ў Лысухі! Калі хочаш, прыходзь паглядзі.

Толькі цяпер, пасля слоў пра цялят, да мяне пачынае даходзіць, што гэта не каляжанка, не Наталля, што гэта Ірына, даярка з недалёкай фермы. Яна ўжо не раз са сваімі званкамі трапляла да нас — памылялася, а можа, проста сувязь падводзіла...

Так ці іначай на работу ў той дзень (ды і потым) я крочыла з шырокай усмешкай: дзве цялушачкі — гэта ж лепш, чым дзве правяральшчыцы!

Ды і яны не здаваліся болей нейкімі страшнымі.

Зоя НАВАЕНКА

Глыбоцкі раён


Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж напамін, што конкурс на найлепшую «вясёлую і праўдзівую гісторыю», надрукаваную ў 2022-м, на жаль, завяршаецца: чатыры-пяць снежаньскіх пятніц — і ўсё.

Аднак шанс паспець — і надрукавацца, і нават перамагчы! — яшчэ застаецца. Пішыце! І, вядома ж, выпісвайце найстарэйшую і адзіную (са штодзённых) «родную газету на роднай мове».

Калі не вы, то хто?

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.