Вы тут

Эмацыянальны дзённік стану Маргарыты Шчамялёвай


Персанальная выстаўка тэкстылю Маргарыты Шчамялёвай «ЛІЧБЫ», прысвечаная юбілею творцы, працуе ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва. Праект падрыхтаваны сумесна з Беларускім саюзам мастакоў у рамках V Трыенале дэкаратыўнага мастацтва «Дэкарт-22».


«Свята», 1978 г.

Маргарыта Шчамялёва — дацэнт кафедры касцюма і тэкстылю Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, займаецца мастацкім ткацтвам, працуе ва ўнікальнай і складанай тэхніцы ручнога перапляцення нітак на спецыяльнай драўлянай раме, сумяшчае выкладчыцкую працу з плённай мастацкай дзейнасцю. За гады творчасці Маргарыта Леанідаўна стварыла дзясяткі яркіх, арыгінальных работ. Яна сапраўдная прадаўжальніца творчай дынастыі: яе бацька — народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў, маці — Галіна Іванаўна — была выкладчыкам музыкі па класе акардэона і баяна. Займаюцца ма¬стацтвам і сястра Маргарыты Шчамялёвай Людміла Леанідаўна, і дачка Ганна Шчамялёва-Канаваленка. Аднойчы гераіня гэтага матэрыялу заўважыла: «Нам прыходзіцца нялёгка, бо расцем у цені вялікага дрэва з багатай кронай. З аднаго боку, ганарымся гэтым, з другога — трэба прыкладаць больш намаганняў, каб адпавядаць высокаму ўзроўню Шчамялёва-старэйшага». 

Выстаўку аўтарскага тэкстылю «ЛІЧБЫ» лічаць спробай мастака адрэфлексаваць адначасовую страту траіх блізкіх людзей (Маргарыта Леанідаўна за кароткі прамежак часу страціла бацьку, маці і мужа), перажыць надзвычай складаны перыяд, зафіксаваць моманты шчасця і гора, а таксама страху перад жыццём без любімых людзей. «Кожная работа — эмацыянальны дзённік стану і шчырая падзяка самой сабе», — зазначаюць арганізатары. 

«Папараць-кветка», 2022 г.

Назва выстаўкі — найперш адсылка да важных дат. 1952-і — год нараджэння мастачкі, 2021-ы — страт і болю, 70 — юбілейная дата. «ЛІЧБЫ» прадстаўляюць больш за 20 работ Маргарыты Шчамялёвай. На працягу ўсяго творчага жыцця яна эксперыментуе з формай, колерам, фактурай, выкарыстоўвае розныя матэрыялы, што відаць па экспазіцыі, дзе прадстаўлены тэкстыль розных перыядаў. Адным з найяскравейшых твораў падаецца «Свята» (1978) — першая спроба, дыпломная работа мастачкі, у якой адлюстравана шчырая радасць і захапленне людзей адзін адным, выказана ўяўленне аб народным шчасці. Гэта традыцыйны манументаль¬ны твор; у той перыяд на прыхільнасці аўтара ўплываў народны мастак Беларусі Аляксандр Кішчанка. Пазней Маргарыта Шчамялёва адышла ад буйных памераў. Яна імкнецца да малых выяўленчых форм, якія дапамагаюць лепей выявіць цёплыя пачуцці, станоўчыя эмоцыі, дарагія сэрцу ўспаміны. 

Любімыя тэмы мастачкі — беларуская прырода («Антонаўка», 2020; «Валошкавы вечар», 2022), гісторыя («Купальская ноч», 2002; «Замак Міндоўга», 2002), а таксама сюжэты паўсядзённасці («Пані трошкі ў гадах», 2013; «Чаканне», 2003). Яркія кантрасты і плаўныя пераходы ствараюць канкрэтныя выявы і абстрактныя кампазіцыі, асаблівасці матэрыялаў (часцей выкарыстоўваецца воўна) уплываюць на мілагучнасць мелодый твораў, гульня колераў і адценняў спараджае эмацыянальную насычанасць выказанага. Гэта ўсё тое, за што цэніцца тэкстыль Маргарыты Шчамялёвай. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».