Вы тут

Участковыя міліцыянеры Віцебскай вобласці сёмы раз былі прызнаны найлепшымі ў краіне


Па выніках рэспубліканскага агляду-конкурсу ўчастковыя міліцыянеры Віцебскай вобласці сёмы раз былі прызнаны найлепшымі ў краіне. Старшы ўчастковы інспектар міліцыі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Наваполацкага ГАУС Вадзім Марковіч вярнуўся дадому з дзвюма перамогамі — агульнакаманднай і серабром у асабістым заліку.


Каманда УУС Віцебскага аблвыканкама ў Мінску.

На конкурсе, які праходзіў у Мінску, віцебскія міліцыянеры на высокім узроўні праявілі сябе ў праграме, якая была насычанай: страявая і агнявая падрыхтоўка, тактычныя стрэльбы, прамоўніцкае мастацтва, медыцынская, фізічная і тактыка-спецыяльная падрыхтоўка. Гэтыя выпрабаванні сталі яшчэ адным прафесійным экзаменам, які аператыўнікі паўночнага рэгіёна здалі выдатна. А маёр міліцыі Вадзім Марковіч заняў другое месца сярод 30 канкурсантаў у асабістым заліку, але гэта далёка не першая перамога ў жыццёвым летапісе мужчыны.

Аб запаветных пагонах з бліскучымі зоркамі Вадзім марыў яшчэ з дзяцінства, асабліва хлопчыка ўразіў сямейны выпадак, калі ў складанай сітуацыі на дапамогу яму і яго бабулі прыйшоў міліцыянер. Марковіч яшчэ тады паабяцаў сабе, што будзе таксама дапамагаць людзям, і слова сваё стрымаў.

Маёр родам з Докшыцкага раёна, пасля школы адвучыўся на настаўніка фізічнай культуры і спорту і збіраўся звязаць жыццё са службай у аўтаінспекцыі, але лёс прапанаваў юнаку іншую службу — у арміі. Хутка праляцелі месяцы ў паветрана-дэсантных войсках. Дарэчы, там і былі закладзеныя якасці, якім павінен валодаць кожны міліцыянер — сіла, мужнасць і адвага. Пісаць працоўную біяграфію пачаў з 2011 года ў Наваполацкім гарадскім аддзеле ўнутраных спраў на пасадзе ўчастковага, а пасля даслужыўся да звання старшага ўчастковага інспектара міліцыі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі.

«Участковы міліцыянер — такі чалавек, які адказвае абсалютна за ўсе здарэнні на ўчастку: ад непаладак паміж суседзямі да катоў і сабак, якія парушаюць грамадскі спакой. І добра, калі апошняе ў некаторых жыхароў мікрараёна з'яўляецца галоўнай праблемай, бо выпадкі, у якіх даводзіцца рызыкаваць сваім жыццём, здараюцца таксама», — расказвае Вадзім Іванавіч.

Такія гісторыі ёсць і ў біяграфіі маёра. Некалькі гадоў таму Марковіч выйшаў на след мужчыны, які знаходзіўся ў міжнародным вышуку за цяжкія цялесныя пашкоджанні. На кватэры, дзе пражывала адна з былых жонак злачынца, за сталом з трыма гранёнымі стаканамі сядзелі толькі двое. Следчыя навыкі прымусілі Вадзіма Іванавіча праверыць усе памяшканні, і за дзвярыма душавой участковага «чакаў» ён... з металічнай пральнай дошкай, занесенай над міліцыянерам. Але ўсё скончылася добра, злачынца арыштавалі. Пасля такіх гісторый з нялёгкай прафесійнай нівы радкі знакамітай песні «Наша служба и опасна, и трудна» набываюць асаблівы сэнс.

На конкурсах прафесійнага майстэрства сярод участковых міліцыянераў Марковіч не навічок, а ўжо вопытны аператыўнік: у скарбонцы ўзнагарод ёсць прызавыя месцы са спаборніцтваў па рукапашным баі, стральбе і лёгкай атлетыцы. У 2017 годзе Вадзім Іванавіч на ХІІІ Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе заслужыў званне найлепшага ўчастковага інспектара міліцыі, за што, акрамя дыплома, атрымаў ключы ад новага службовага аўтамабіля. А ў 2020-м маёр у ліку чатырох навапалачан быў удастоены звання «Чалавек года Віцебшчыны».

З чарговай перамогай дома Вадзіма вітала сям'я: жонка Ганна і трое сыноў. Так, старшы ўчастковы інспектар — шматдзетны бацька, чым вельмі ганарыцца. Пасля складанага працоўнага дня, які ў Марковіча пачынаецца з шасці гадзін раніцы і афіцыйна працягваецца да сямі гадзін вечара, ён як на крылах спяшаецца да сваіх радасцяў жыцця. Часам даводзіцца ехаць на выклікі і ноччу, але дзіцячая мара і адданасць абранай прафесіі мацнейшыя за асабісты спакой. У вольны час, якога бывае не так і шмат, Вадзім Іванавіч са старэйшым сынам займаюцца плаваннем і лёгкай атлетыкай, а яшчэ захапляюцца рыбалкай. Сярэдні і малодшы «кветачкі жыцця» вельмі любяць з бацькамі наведваць атракцыёны і забаўныя паркі.

«Самае галоўнае ў маёй рабоце — гэта адданасць службе і Радзіме, а яшчэ — уменне не разгубіць чалавечыя якасці пад уплывам складаных сітуацый. Трэба цвёрда стаяць на сваім і на варце грамадскага спакою, тады кожны міліцыянер у вачах грамадзян будзе надзейным сябрам, а не ворагам», — падкрэсліў Вадзім Марковіч.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота з архіва Вадзіма МАРКОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».