Вы тут

Праект новага Выбарчага кодэкса хутка паступіць у парламент


Навацыі ў выбарчым заканадаўстве абмеркавалі на сустрэчы старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігара Карпенкі з калектывам найбуйнейшага лагістычнага аператара Беларусі РУП «Белмытсэрвіс». Кіраўнік ЦВК расказаў пра законапраекты «Аб Усебеларускім народным сходзе» і «Аб змяненні Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь».


Нягледзячы на тое, што грамадскае абмеркаванне гэтых законапраектаў завяршылася 2 лістапада, Цэнтрвыбаркам працягвае сустракацца з працоўнымі калектывамі і тлумачыць выбаршчыкам змены ў заканадаўстве і адказваць на іх пытанні. Абмеркаванне законапраектаў, якія будуць мяняцца ў сувязі з прынятай новай рэдакцыяй Канстытуцыі, выклікае вялікую актыўнасць грамадзян. Па Выбарчым кодэксе было атрымана каля 70 канструктыўных заўваг, шэраг з іх быў улічаны і прапрацаваны.

— Сустрэчы з людзьмі, тлумачэнне некаторых пазіцый — нармальная практыка дзейнай улады, а для ЦВК — паказчык, што электаральная кампанія будзе паспяховай з пункту погляду яўкі выбаршчыкаў, — адзначыў Ігар Карпенка.

Ён дадаў, што Выбарчы кодэкс у найбліжэйшы час будзе ўнесены ў парламент і пачнецца сумесная работа над яго падрыхтоўкай да першага і другога чытання. У наступным годзе, пачынаючы з верасня, стартуе актыўная фаза падрыхтоўкі Адзінага дня галасавання.

Падчас сустрэчы з працоўным калектывам «Белмытсэрвісу» Ігар Карпенка расказаў, што ў новым Выбарчым кодэксе знайшлі адлюстраванне тры асноўныя блокі пытанняў. Першы — навацыі, якія звязаны непасрэдна са змяненнямі ў Канстытуцыі. У прыватнасці, парадак фарміравання Цэнтральнай выбарчай камісіі. Цяпер яна будзе абірацца Усебеларускім народным сходам.

Растлумачыў ён і новыя патрабаванні да кандыдатаў у прэзідэнты, што таксама знайшлі сваё адлюстраванне ў заканадаўстве. Гэта новыя ўзроставыя рамкі (ад 40 гадоў), толькі два тэрміны, на якія можа выбірацца прэзідэнт, і цэнз аседласці ў 20 гадоў (столькі павінен пражыць у Беларусі кандыдат).

— Апошняе патрабаванне — тая пазіцыя, якая дазволіць захаваць суверэнітэт і незалежнасць краіны. Часта ў нашых найбліжэйшых суседзяў кандыдаты ў прэзідэнты ўсё жыццё правялі ў Амерыцы, там вучыліся, жылі, назапасілі капітал, прыехалі і абраліся. І без указкі зверху не могуць выпрацаваць самастойныя рашэнні. Таму вельмі важна, каб прэзідэнт краіны быў падсправаздачны выключна свайму народу, — падкрэсліў Ігар Карпенка.

Акрамя таго, для будучых кандыдатаў у прэзідэнта закладзена норма выбірацца, нават калі яны знаходзяцца пад следствам, але ў адносінах да іх не прынята рашэнне суда.

— Па сутнасці, у нас застаецца толькі дзве катэгорыі грамадзян, якія не маюць права выбірацца. Гэта людзі, якія прызнаны судом недзеяздольнымі, і асобы, якія па прыгаворы суда ўтрымліваюцца ў месцах пазбаўлення волі, — дадаў старшыня Цэнтрвыбаркама.

Самая галоўная навацыя — Адзіны дзень галасавання. У 2024 годзе ён прызначаны на 25 лютага. У гэты дзень будуць выбіраць дэпутацкі корпус усіх узроўняў. У прыватнасці, выбіраць дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы дэпутатаў.

— Нічога звышасаблівага не будзе: гэтак жа, як і раней, будуць фарміравацца камісіі, працаваць выбарчыя ўчасткі. У Мінску выбаршчыкі атрымаюць два бюлетэні. Адзін — па выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў, другі — па выбары дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў. А, напрыклад, жыхары сельскага Савета могуць атрымаць і чатыры бюлетэні: ім трэба будзе прагаласаваць за дэпутата Палаты прадстаўнікоў, дэпутата абласнога, раённага і пасялковага Саветаў. Адзіны дзень галасавання дазваляе аптымізаваць падыходы да арганізацыі электаральнай кампаніі, бо, калі мы разводзілі выбары па розных узроўнях, атрымлівалася, што мы пастаянна знаходзіліся ў стане выбараў, — растлумачыў Ігар Карпенка.

У Адзіны дзень галасавання не будуць выбіраць членаў Савета Рэспублікі і дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. Яны вылучаюцца пасля. Членаў Савета Рэспублікі, як і раней, будзе выбіраць дэпутацкі корпус на сесіях абласных і Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў у той жа колькасці.

У гэты ж перыяд будзе праходзіць і вылучэнне ў дэлегаты Усебеларускага народнага сходу. Іх 1200. Трэць складуць прадстаўнікі мясцовых органаў улады, урад, Прэзідэнт, усе 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і 64 члены Савета Рэспублікі. Яшчэ адна трэць — дэлегаты дэпутацкага корпуса ад сельскіх да абласнога ўзроўняў (яшчэ 350 чалавек). І апошняя трэць — дэпутаты ад структур грамадзянскай супольнасці. Яны павінны мець свае абласныя і мінскую гарадскую структуры і налічваць у сваіх шэрагах не менш за 100 тысяч грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам.

— Часта пытаюць: а як жа прадставіць інтарэсы народа на УНС? Па-першае, працоўныя калектывы маюць права вылучаць сваіх прадстаўнікоў у дэпутаты і падтрымліваць іх. Па-другое, структуры грамадзянскай супольнасці — гэта і Федэрацыя прафсаюзаў, дзе больш за чатыры мільёны чалавек. Іх пярвічкі ёсць у большасці працоўных калектываў. Дзе няма — будзе стымул іх стварыць, — удакладніў Ігар Карпенка.

Акрамя таго, дадаў старшыня ЦВК, пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу не будзе закрытым мерапрыемствам: на яго могуць быць запрошаны прадстаўнікі розных структур і працоўных калектываў, якія змогуць запісацца і выступіць перад дэлегатамі.

Алена КРАВЕЦ

Фота: ТГ-канал ЦВК Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?