Вы тут

Лукашэнка расказаў аб ролі Беларусі ў СВА і мірныя перагаворы


Пасля рэзанансных заяў падчас пасяджэння сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, якая адбылася ў Ерэване, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні расійскіх журналістаў. Прадстаўнікі медыясупольнасці пацікавіліся ў беларускага лідара, ці абмяркоўвалася на палях саміту магчымасць заключэння мірнага дагавора з Украінай. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэтае пытанне закраналася, аднак яно не было прыярытэтным.


Фота: БелТА.

Пазіцыя наконт Украіны ў Прэзідэнта Беларусі адназначная: трэба садзіцца за стол мірных перагавораў. Яе ён агучыў і журналістам. «Усё цяпер у руках Украіны, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Калі яны не хочуць гібелі, прытым вялікай колькасці людзей, трэба спыніцца, трэба гэта спыніць, бо далей будзе поўнае знішчэнне Украіны. Гэта не тое, што Пуцін казаў неяк задоўга да аперацыі, што гэта будзе пагражаць стратай дзяржаўнасці Украіны. Гэта будзе знішчэнне Украіны. Трэба спыніцца».

Беларускі лідар перакананы: з часам адносіны паміж народамі абавязкова адновяцца, як гэта адбывалася неаднойчы ў гісторыі. Нават пасля шматгадовых цяжкіх канфліктаў, у тым ліку пасля Другой сусветнай вайны. «Мы з фашысцкай Германіяй як ваявалі? — звярнуўся да гісторыі Прэзідэнт. — 30 мільёнаў загінула. Хто сёння аб гэтым згадвае? У Беларусі і Расіі крыху, і ўсё? Гэта значыць, раны зарубцаваліся. Гатовы не проста размаўляць — супрацоўнічаць, сябраваць. Так і тут. Мы справімся, мы ўсё гэта загладзім. Мы, напэўна, зможам патлумачыць, нават цяпер наша пакаленне, украінскаму народу, што адбылося. Таму куды ні кінь — усюды мірныя перагаворы. Мір, мір і яшчэ раз мір!»

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сёння ўжо насельніцтва Украіны, нягледзячы на тое, што яны ненавідзяць Расію, а часткова і Беларусь, пачынае свайму кіраўніцтву прад'яўляць прэтэнзіі. «Калі ў людзей паесці няма чаго, калі халадэча ў хаце, калі знішчана ўся інфраструктура практычна — простыя людзі пакутуюць, — канстатаваў беларускі лідар. — А тут альтэрнатыва. Хлопцы (улады Украіны. — «Зв.»), ідзіце садзіцеся за перагаворы. Зяленскаму, можа, і добра. Выйшаў там у маечцы, яшчэ ў чымсьці, у гэтай нямытай кофтачцы доўгі час (складваецца такое ўражанне), прывітаў, камусьці руку паціснуў. Яны яму на дзвесце мільёнаў долараў падкінулі «Хаймарсы» або яшчэ нейкія «Джэвеліны». Яму прасцей: ён сыты, ён накормлены, ён, напэўна, не пакутуе без электрычнасці і іншае. А мільёны ўкраінцаў пакутуюць. І тое, што канфлікт, вайна — на яго тэрыторыі... Паглядзіце, праз год-два народ яго будзе абвінавачваць. Чаму ты зрабіў так, што вайна гэтая пачалася? Тут пытанне не ў тым, хто мае рацыю, хто вінаваты. Чаму ў цябе на тэрыторыі ідзе вайна?»

Па словах кіраўніка дзяржавы, гэтая сітуацыя будзе штурхаць кіраўніцтва Украіны, калі яно разумнае, да таго, каб сесці за стол перагавораў. «Трэба размаўляць, — яшчэ раз агучыў сваю пазіцыю Аляксандр Лукашэнка. — Еўропа працверазела. Калі еўрапейскія кіраўнікі не зразумеюць сітуацыю — ім навошта гэтая вайна, у іх хаце, на парозе? — яны змятуць і Шольца, і Макрона. Таму з усіх бакоў (што на знешніх контурах, што ўнутры Украіны) гэтая тэндэнцыя — садзіцеся, дамаўляйцеся. Усе гэтыя сілы антываенныя, а іх усё больш і больш, штурхаюць кіраўніцтва Украіны да перагавораў».

Інфармацыйныя ўкіды амерыканскіх СМІ наконт таго, што нашы Узброеныя Сілы могуць увайсці на тэрыторыю Украіны, якія агучыў адзін з журналістаў, Аляксандр Лукашэнка назваў поўным глупствам. «Калі мы непасрэдна Узброенымі Сіламі, жывой сілай, увяжамся ў гэты канфлікт, мы нічога да гэтага не дабавім, а зробім, наадварот, горш, — перакананы кіраўнік дзяржавы. — Гэта не роля Беларусі ў гэтым канфлікце. Хаця я ніколі не адмаўляўся, што мы не прымаем удзелу ў спецыяльнай ваеннай аперацыі. Па многіх кірунках. Але мы не ўвязваемся, нікога не забіваем, жывую сілу туды не ўводзім, бо ў гэтым няма неабходнасці. Нашы Узброеныя Сілы не вырашаць праблему. Сёння не гэты трэнд. Трэба дамаўляцца. Дамаўляцца разумна і казаць аб міры. Трэба выставіць Украіну і палякаў і амерыканцаў, якія за ёй стаяць, у тым выглядзе, у якім яны павінны быць разгорнуты і паказаны ўсяму свету. Яны не хочуць ніякіх мірных перагавораў. У іх, амерыканцаў (яны там руляць праз палякаў), небяспека адна — ядзерны канфлікт, ядзерная зброя. Чаму? Бо ў іх ужо будзе горача. Вось іх падыход».

Паводле прэс-службы Прэзідэнта

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».