Вы тут

Як чытаць? Што чытаць? Навошта чытаць?


Пленум па пытаннях сучаснай дзіцячай літаратуры Саюз пісьменнікаў Беларусі правядзе 20 снежня бягучага года ў Доме літаратара ў Мінску.


Чым выкліканы клопат творчага Саюза аб развіцці гэтага напрамку літаратурнай дзейнасці? Як кніга ўплывае на станаўленне асобы? Хто ён —чалавек будучыні? Як чытанне звязана з развіццём краіны?

Пытанняў больш чым дастаткова, каб праводзіць мерапрыемства рэспубліканскага маштабу, далучаць да яго не толькі саміх літаратараў, але і спецыялістаў розных сфер, так званых «кніжнікаў».

Для тых, хто спрабуе азірнуцца ў глыб стагоддзяў, відавочна, як з часоў першадрукара Францыска Скарыны кніга змяніла чалавека і як назапашаная ў кнігах мудрасць дапамагла чалавеку здзівіць свет новымі дасягненнямі і адкрыццямі. Пра сучасны ўзровень развіцця цывілізацыі мы гаворым як пра лічбавае грамадства. І разумеем, што гэта кнігі навучылі чалавека думаць, аналізаваць, дазволілі пашырыць і паглыбіць веды пра Сусвет, зрабіць жыццё больш змястоўным, камфортным. Так будзе і надалей — кнігі не страчваюць сваёй каштоўнасці, наадварот, чалавек, чытаючы, становіцца больш разумным, інтэлігентным, дасведчаным.

Разам з тым, рухаючыся наперад, чалавецтва сутыкнулася з глабальнай праблемай: паўсюдная даступнасць электронных аўдыявізуальных сродкаў масавай інфармацыі, развіццё экраннай культуры, сацыяльных сетак, індустрыі забаў — гэтыя фактары сталі выцясняць чытанне як незаменную раней крыніцу сацыяльна значнай інфармацыі, уплываць на зніжэнне яго культурнага прэстыжу. Да гэтай праблемы сярод першых звярнуліся самі літаратары.

Як вядома, пісьменнікаў, якія любяць зазірнуць у будучыню, прынята называць фантастамі. Але жыццё ўжо неаднойчы даказвала праўдзівасць іх самых неверагодных гіпотэз. Рэй Брэдберы лічыцца мэтрам фантастыкі. Яго раман-утопія «451 градус па Фарынгейту» насцярожвае наступствамі для свету, пазбаўленага літаратурных твораў. Знішчыўшы кнігі, чалавецтва згубіла сваю гістарычную памяць, развучылася думаць, спасцігаць сутнасць рэчаў. Замену літаратурным творам знайшлі ў тэлеперадачах, прысвечаных высвятленню стасункаў паміж сваякамі. Людзі і самі не зразумелі, як ператварыліся ў «бяз­мозглых» істот, бо іх розум прызвычаіўся да лёгкай інфармацыі. Страціўшы кнігі, чалавецтва дазволіла кіраваць сабой.

Будзем спадзявацца, што такая перспектыва далейшага існавання застанецца толькі мастацкім увасабленнем аўтара. У многіх краінах свету зараз самым сур’ёзным чынам ставяцца да падтрымкі дзіцячай літаратуры. Развіццё дзіцячага і падлеткавага чытання разглядаецца як прыярытэтны напрамак у культурнай і адукацыйнай палітыцы дзяржавы, які мае найважнейшае значэнне для будучыні краіны.

Пэўны вопыт у вырашэнні гэтага пытання ёсць і ў Беларусі. Таму спрыяюць, безумоўна, самі дзіцячыя пісьменнікі, якіх значна пабольшала на айчынным літаратурным полі. Між іншым, членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі з’яўляюцца больш за 100 аўтараў, чыя творчасць скіравана на дзіцячую аўдыторыю. 35 з іх жывуць і працуюць у сталіцы.

Новыя творчыя сілы далі штуршок выдавецтвам актыўней выпускаць кнігі для дзяцей, бібліятэкарам — разнастаіць палітру цікавостак далучэння да чытання сваіх наведвальнікаў.

І разам з тым гэтая праблема патрабуе больш грунтоўнага асэнсавання яе значнасці як фактару сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны з улікам сілы ўздзеяння літаратуры і чытання на адукацыю, светапогляд і лад жыцця падрастаючага пакалення. А гэта азначае, што і дакументы, якія прымаюцца на ўзроўні дзяржавы ў галіне стратэгічнага планавання і інавацыйнага развіцця краіны, павінны ўлічваць такую актуальную патрэбу, што цесна звязана з культурай, адукацыяй, выхаваннем, сямейнай палітыкай, інфармацыйнай бяспекай.

Таму і на племуме СПБ пойдзе рознабаковая размова аб сутнасці праблемы і пошуках шляхоў яе вырашэння. Для абмеркавання абраны тэмы: «Дзіцячая літаратура як культурная з’ява грамадства. Набыткі і праблемы», «Тэндэнцыі развіцця сучаснай дзіцячай беларускай літаратуры», «Асэнсаванае чытанне як аснова чытацкай адукаванасці вучняў», «Прынцыпы і крытэрыі адбору твораў для ўключэння ў вучэбную праграму па літаратуры», «Бібліятэка як развіццёвы асяродак дзіцячага чытання», «Кніжныя магазіны як фактар развіцця інфраструктуры чытання», «Дызайн дзіцячай кнігі», «Крэатыўныя ідэі па распаўсюджванні кнігі і чытання», «Сямейнае чытанне: каштоўнасці, інтарэсы, перспектывы», «Новыя мадэлі кнігавыдання для дзяцей». Гаворку павядуць як самі пісьменнікі, так і прадстаўнікі міністэрстваў, Нацыянальнага інстытута адукацыі, дзіцячых бібліятэк, сістэмы ААТ «Белкніга», іншыя спецыялісты.

Пленум стане своеасаблівым аглядам творчых сіл і вызначэннем момантаў агульнага ўзаемадзеяння розных структур на карысць далучэння як дзяцей, так і іх бацькоў да чытання, умацавання за нашай краінай іміджу чытаючай краіны. Гэта становіцца абавязковай умовай фарміравання новага пакалення беларусаў, здольных на высокім інтэлектуальным узроўні адказаць на выклікі сучаснасці.

Акрамя таго, 20 снежня па ўсёй краіне пройдзе Рэспубліканская акцыя «Разам з кнігай мы расцём!». Дзіцячыя пісьменнікі сустрэнуцца з чытачамі ў роз­ных гарадах Беларусі, а некаторыя з іх правядуць майстар-класы ў дзіцячых бібліятэках г. Мінска.

Алена СТЭЛЬМАХ, старшыня секцыі дзіцячай літаратуры СПБ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.