Вы тут

«Яе па-сапраўднаму цікавіла толькі сутнасць, глыбіня...» Да 100-годдзя Ефрасінні Бондаравай


25 лістапада споўнілася сто гадоў з дня нараджэння Ефрасінні Бондаравай, знакамітага крытыка, кіназнаўца, доктара філалагічных навук, прафеса¬ра, аўтара шматлікіх манаграфій і вучэбных дапаможнікаў па мастацтве кіно, уладальніка медаля «За выдатныя заслугі ў беларускім кінематографе», таленавітай выкладчыцы і, акрамя ўсяго, адной з заснавальніц кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ, з калектывам якой рэдакцыю «ЛіМа» звязваюць трывалыя партнёрскія сувязі. З гэтай нагоды мы сустрэліся з «апошнім студэнтам» Ефрасінні Бондаравай — Арцёмам Кавалеўскім, паэтам, перакладчыкам, старшым выкладчыкам кафедры.


2002 г. Фота Кастуся Дробава.

— Арцём Мікалаевіч, чаму вас называюць апошнім студэнтам Ефрасінні Леанідаўны? 

— Я б удакладніў: не «апоші студэнт» прафесара Бондаравай, а апошні яе вучань... Факультэт журналістыкі я скончыў у 2001 годзе і неўзабаве паступіў у аспірантуру на кафедру літаратурна-мастацкай крытыкі. Навуковым кіраўніком дысертацыі была прызначана прафесар Бондарава. Атрымліваецца, я быў яе апошнім аспірантам. Пасля аспірантуры стаў выкладаць спачатку беларускую літаратуру, а пазней і літаратурна-мастацкую крытыку. Аднойчы прафесар сказа¬ла: «Завяшчаю табе гэты курс». Было вельмі кранальна чуць такое з яе вуснаў, але так і адбылося. 

Студэнты факультэта журналістыкі пасля кожнага года навучання праходзяць практыку. Па заканчэнні першага курса гэта азнаямляльная практыка, на якую я, зялёны першакурснік са спецыяльнасці «Газетная журналістыка» (цяпер яна называецца «Друкаваныя СМІ»), напрасіўся ў салідны літаратурны часопіс «Нёман». Першае асабістае знаёмства з Ефрасінняй Леанідаўнай адбылося якраз на абмеркаванні практыкі на кафедры перыядычнага друку. Я хваляваўся, бо ведаў, што прафесар ужо азнаёмілася з тэкстам маёй нявыдадзенай рэцэнзіі і справаздачай. 

Хваляваўся недарэмна: Ефрасіння Леанідаўна, неяк недаверліва зірнуўшы на мяне, досыць нізкім, з хрыпатцою, голасам прамовіла: «Ну, сядай, пагутарым». І адразу ж пачала абурацца маім выбарам: маўляў, пасля першага курса — і адразу ў «Нёман»! Як гэта толькі смеласці хапіла, ганарлівасці?! Ну, я і расказаў пра свой першы досвед працы ў тоўстым літаратурным часопісе. Прафесар доўга яшчэ нешта бурчала, прасіла патлумачыць ёй незразумелыя моманты ў маім тэксце, разважала... І ўрэшце, шчыра ўсміхнуўшыся, залічыла мне практыку, прамовіўшы пры гэтым сваё сакраментальнае: «Каб заахвоціць, каб заахвоціць» (увушшу так выразна гучыць незабыўнае кантральта Бондаравай). 

Ефрасіння Леанідаўна сапраўды ўвесь час заахвочвала студэнтаў да творчасці, да адданасці прафесіі, каб тыя не баяліся быць незразуметымі, адстойваць і бараніць сваё «я». І гэта ёй удавалася. Але каб набыць вагу ў вачах Бондаравай, трэба было стаць не проста шчырым вучнем, але і надзвычай працалюбівым і цвёрдым на шляху прафесійнага са¬маўдасканалення. 

Рэгулярна сустракацца з прафесарам я пачаў з мая 1998 года, калі была створана кафедра літаратурна-мастацкай крытыкі. Гэта стала сапраўды вялікай падзеяй у жыцці факультэта: нарэшце калегі-аднадумцы, паплечнікі, спецыялісты ў галіне асвятлення культуры і мастацтва аб’ядналіся ў адну сям’ю. Так, гэта была падзея, якая злучыла блізкіх па духу людзей, гатовых сваімі намаганнямі спрыяць выхаванню культурна падрыхтаваных, высокаадукаваных журналістаў, неабыякавых, тых, якія тонка адчуваюць прыгажосць. Узначаліла кафедру дацэнт, кандыдат філалагічных навук, кінакрытык Людміла Пятроўна Саянкова. Старэйшым жа супрацоўнікам была прафесар Бондарава. 

— Як называлі Бондараву студэнты? Ці ведаеце вы, адкуль пайшла мянушка Фруза? 

— Фруза — гэта не мянушка, а памяншальная народная форма імя Ефрасіння, асабліва распаўсюджаная ў паўночным і заходнім рэгіёнах Беларусі, а Бондарава менавіта адтуль, з Лёзненшчыны. Дарэчы, старэйшыя яе калегі і сябры, прадстаўнікі пасляваеннага пакалення, так яе і называлі — Фруза. Асабліва часта гэта можна было пачуць з вуснаў прафесара Міхаіла Цікоцкага і дацэнта Ніны Сніцаравай, з якой Ефрасіння Леанідаўна сябравала і падарожнічала па розных кутках былой вялікай краіны. 

З калегамі. Фота з сайта websmi.by

Прыгадваецца гісторыя пра тое, як яны разам ездзілі ў Ленінград. Падчас вандроўкі Ніна Аляксандраўна раптам кудысьці надоўга знікла. Бондарава вельмі непакоілася, а калі сяброўка гэтак жа раптоўна з’явілася, Ефрасіння Леанідаўна доўга і сварліва дакарала яе сваім рыпучым голасам: «Ніна, ну як ты магла? Куды знікла? Чаму не папярэдзіла?» Ды праз хвіліну дастала аднекуль прыхаваны для сяброўкі сняданак (а мо абед?): «Бяры вось, падсілкуйся...» Такі яна мела характар: цвёрды, але адыходлівы. 

Што да мянушкі... Студэнты не аднаго пакалення называлі прафесара Бондараву бабай Фросяй. І ў гэтым не было ані ценю знявагі або прыніжальнай канатацыі. Відаць, мянушка прыжылася з прычыны саліднага ўзросту і своеасаблівай манеры апранацца: жанчына невысокага росту насіла карычневыя нагавіцы, дзівакаваты паўпалітон, нібыта пазычаны з касцюмернага тэатральнага цэху, і нейкі недарэчны картуз даўно мінулых, здавалася, дзён. 

— Якой выкладчыцай была Ефрасіння Леанідаўна? 

— Ніколі не бачыў, каб Бондарава кудысьці спяшалася. Заўсёды спакойным, мерным крокам яна ўваходзіла ў аўдыторыю № 53 альбо № 58 у будынку па вуліцы Маскоўскай, дзе ў тыя часы месціўся журфак. Дагэтуль памятаю яе вязаную камізэльку з прычэпленым значком Саюза кінематаграфістаў СССР, якім яна вельмі даражыла. 

Бондарава віталася са студэнтамі, кожны раз прыдумляючы нейкія новыя саркастычна-трапныя звароты, сядала за стол і пачынала адзначаць прысутных (дагэтуль захоўваю яе табелі з «плюсікамі» і «мінусікамі»). Студэнцкія спісы, складзеныя ўдвая, яна захоўвала ў цэлафанавых пакетах, а гэтыя пакеты ўкладала ў скураную вокладку для кніг, якую выкарыстоўвала як папку. 

Бондарава выкладала ў нас курс літаратурна-мастацкай крытыкі. Яна ніколі не чытала лекцыі з паперы, усе цытаты прыводзіла па памяці, але самае каштоўнае — гэта яе аповеды з асабістага шматгадовага вопыту крытыка. А пачынала яна свой творчы шлях адразу пасля вайны, працуючы ў Міністэрстве кінематаграфіі БССР на пасадзе рэдактара-кансультанта. Пасля аб’яднання гэтай установы з Міністэрствам культуры Ефрасіння Леанідаўна атрымала пасаду галоўнага рэдактара па вытворчасці фільмаў. 

Ёй сапраўды было што расказаць цікавага і карыснага, у першую чаргу для будучых журналістаўпрактыкаў, бо пра ўсе вартасці, недахопы і хібы ў прафесіі, пра яе падводныя камяні Бондарава ведала не па чутках. 

— Як падыходзяць да ўшанавання памяці Ефрасінні Леанідаўны на журфаку? Ці ведаюць гэтае імя новыя генерацыі студэнтаў? 

— На факультэце ёсць імянная аўдыторыя прафесара Бондаравай (№ 320). Гэта адначасова і вучэбная пляцоўка, і маленькі музей, дзе можна на ўласныя вочы пабачыць фотаздымкі, дакументы і нават асабістыя рэчы Ефрасінні Леанідаўны. Да 100-годдзя выбітнага выкладчыка супрацоўнікі кафедры аднавілі экспазіцыю, само сабой, захаваўшы прадстаўленыя ў ёй рарытэты. Да таго ж на кафедры плануюцца святочныя ўрачыстасці, удзел у якіх возьмуць калегі і былыя вучні, цяпер ужо вядомыя кінакрытыкі, журналісты, пісьменнікі. 

На вялікі жаль, маладое пакаленне студэнтаў мала ўвагі надае класічнай літаратурна-мастацкай крытыцы. Да навуковай і публіцыстычнай спадчыны Бондаравай звяртаюцца ўсё радзей... Безумоўна, час дыктуе новыя трэнды і ўмовы існавання крытычнай творчасці, але я ўпэўнены, што без спадкаемства, пераймання традыцый не магчымы паўнавартасныя аналіз і інтэрпрэтацыя сучаснага мастацтва і культуры наогул. Не трэба баяцца ісці наперад, засвойваючы новыя практыкі мастацкага прачытання, але і забывацца на досвед папярэднікаў, асабліва такіх славутых і непахісных, як прафесар Бондарава, канешне ж, таксама не трэба. 

— Кім яна паўставала ў першую чаргу: выкладчыкам, навукоўцам альбо крытыкам (чытай: «аўтарам, творцай»)? 

— Ефрасіння Леанідаўна ўвасабляла ў сабе ўсе тры гэтыя іпастасі, прычым вельмі арганічна. Але перш за ўсё яна была практыкам, шчырым і адданым адэптам кінематографа, які любіла на працягу ўсяго жыцця. Калісьці яна дала клятву свайму брату, студэнту Ленінградскага інстытута кінаінжынераў, які трагічна загінуў на самым пачатку Вялікай Айчын¬най вайны, што абавязкова, у памяць аб ім, звяжа сваё жыццё з кіно. 

Са студэнтамі. Фота з сайта websmi.by

Мяне заўсёды здзіўляла шырыня яе кінематаграфічных ведаў і разнастайнасць мастацкіх прэферэнцый. Пішучы пра савецкія фільмы (найперш беларускія, вядома), яна знаходзіла час глядзець і замежныя: як еўрапейскія, так і нееўрапейскія. Часта запрашала студэнтаў у Дом кіно на так званыя закрытыя прагляды, знаёміла моладзь са стужкамі, недаступнымі для шырокай аўдыторыі. Памятаю, яна дала мне вучэбнае заданне зрабіць агляд рэцэнзій у беларускай прэсе на фільмы Ірана і Афганістана 60-х гадоў. Дык вось, амаль усе матэрыялы па гэтай тэматыцы належалі пяру Ефрасінні Леанідаўны. Падумаць толькі! 

— Калі паспрабаваць узнавіць маўленчы партрэт Ефрасінні Бондаравай... Якія фразы і словы вы б прыгадалі адразу і што за імі хаваецца? 

— Часам катэгарычнасць і пэўная кансерватыўнасць Ефрасінні Леанідаўны адносна тых ці іншых бакоў творчасці выклікалі актыўнае непаразуменне ў студэнтаў, але прафесар з лёгкасцю ўмела асадзіць неўтаймаваны студэнцкі мяцеж. Бывала, гэта прымала кур’ёзныя і нават дзёрзкія формы. Памятаю, ад¬нойчы, не дачакаўшыся адказу ад студэнта, Бондарава выпаліла: «Ну, ты і тормаз!» Запанаваў неверагодны рогат. Уціхамірваць смех аўдыторыі прафесар не стала. Дый навошта? А вось яшчэ адно экстравагантнае выказванне Ефрасінні Леанідаўны наконт вельмі доўгага студэнцкага рукапісу. Гартаючы яго, прафесар зрабіла выснову: «Гэта літаратурны ананізм». Між іншым, цяжка было не згадзіцца... 

Разам з тым згадваюцца шматлікія творчыя сустрэчы з беларускімі літаратарамі, кінематаграфістамі, журналістамі. Гэтыя сустрэчы ладзіліся намаганнямі Бондаравай. Незалежна ад статусу госця, Ефрасіння Леанідаўна заўсёды ўмела разняволіць аўдыторыю, у тым ліку і сваімі слушнымі пытанняміразвагамі, якімі яна нібы падбухторвала прысутных. Ну і, вядома, яе незабыўнае паблажліва-апякунскае «каб заахвоціць»... 

— У чым, на вашу думку, найвялікшая заслуга Ефрасінні Бондаравай як асобы пасіянарнай? Які ўплыў на акружэнне мела яе дзейнасць? 

— Яе заўсёды цікавіла нутро, а не абалонка. Глыбіня сутнасці для яе заўжды ўзвышалася над бляскам дэкарацый. Часам яе нервавалі і раздражнялі нават уласныя рукапісы. «Іра! Што я тут напісала?!» — бывала, вельмі імпульсіўна кідала чарнавік Ефрасіння Леанідаўна нашай лабарантцы. Так, яе па-сапраўднаму цікавіла толькі сутнасць, глыбіня рэчаў, з’яў, падзей і людзей... Яна ніколі блізка не падпускала да сябе чалавека, ад якога патыхала фальшам. У людзях яна цаніла Асобу. 

Гутарыў Мікіта ШЧАРБАКОЎ, выпускнік кафедры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».